(НЕ)Час для інклюзіі! Прэзентацыя зборніка рэкамендацый прайшла ў Вільні (рэпартаж)

ІнклюзіяПадзеі
5
(3)

Прэзентацыя рэкамендацый для арганізатараў_ак мерапрыемстваў і дыскусія прайшлі 22 лютага ў Вільні пад назвай (НЕ)Час для інклюзіі! Сумленная размова пра прыярытэты. Рэкамендацыі можна спампаваць на беларускай і рускай мовах.

Тэксты, парады і чэк-лісты на 70 старонках

Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства? Рэкамендацыі для арганізатарак­­_аў на дзвюх мовах выпусціла ў лютым беларуская моладзевая арганізацыя «ІншыЯ». На 70 старонках сабраныя парады, тэксты, чэк-лісты і крытэры для тых, хто хоча ўключаць у сваю працу больш шырокую і разнастайную аўдыторыю.

Рэкамендацыі структураваныя па раздзелах:

  • Як  рыхтаваць мерапрыемства, праводзіць і што рабіць пасля яго?
  • Чым адрозніваюцца рэкамендацыі для анлайн, афлайн і гібрыднага фармату?
  • Як працаваць з рознымі мэтавымі групамі ― бацькамі з маленькімі дзецьмі, людзьмі старэйшага ўзросту, людзьмі з інваліднасцю?      
  • І іншае.

«Для нас вельмі важна было зрабіць гэтыя рэкамендацыі практычна карыснымі для арганізатараў_ак мерапрыемстваў, а таксама для ўладальнікаў_іц публічных прастораў», ― кажа сузаснавальнік «Іншых» Зміцер Радзіеўскі.

Рэкамендацыі складзеныя на аснове вопыту каманды арганізацыі, а таксама іншых людзей і НДА, якія працуюць у сферы інклюзіі.

«У нас не было адзінай крыніцы і мэты вынаходзіць усё з нуля. Таму мы намагаліся звязацца з рознымі экспертамі_камі і арганізацыямі, потым пераказаць [іх вопыт] больш простай мовай», ― кажа Зміцер Радзіеўскі.

Зараз рэкамендацыі існуюць у электронным выглядзе, а заяўку на папяровую версію можна запоўніць па спасылцы.

Пра інклюзію варта размаўляць падчас рэпрэсій і вайны

У гэтага мерапрыемства амаль пяцігадовая гісторыя, тлумачыць сузаснавальніца «Іншых» Марына Штрахава. Гісторыя пачалася ў 2018 годзе, калі «Жывая бібліятэка» зрабіла маніторынг даступнасці публічных прастораў Мінска.

«Мы размаўлялі з рознымі бакамі, і ў іх быў запыт, каб інфармацыя была сабраная ў адным месцы. Каб быў спіс з 10 пунктамі, [з якімі можна зверыцца], каб усё было інклюзіўна», ― кажа Марына Штрахава.

Каманда не знайшла дапаможніка ці кароткіх парадаў у беларуска-, руска- і англамоўнай прасторы (хаця ў апошняй матэрыялаў нашмат больш). Прайшоў час, у 2021 годзе не стала самой арганізацыі ― але частка каманды стварыла новую пад назвай «ІншыЯ». Скразнымі каштоўнасцямі «Іншых» зрабіліся правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і экапрыязнасць.

«У 2020 мы, нягледзячы ні на што, пісалі праект і былі гатовыя запускаць яго ў пачатку 2021 года, ― кажа Марына Штрахава. ― Мы лічылі, што гэта суперактуальна, бо перамога літаральна заўтра, мы прасунем у розныя міністэрствы крутыя рэкамендацыі і зробім іх стандартам».

Але склалася іначай, і прэзентацыя адбылася ў 2023 годзе ў Вільні. Зараз, тлумачыць Марына, яе каманда і калегі ды каляжанкі з іншых НДА часта чуюць, што інклюзіяй займацца неактуальна.

«Праблемы называюць самыя розныя: не толькі вайну і рэпрэсіі. Але таксама пераезд у іншую краіну, страту сувязі з мэтавай аўдыторыяй. Для нас гэтая дыскусія ― першая з 2020 года магчымасць публічна пагаварыць пра гэта», ― кажа сузаснавальніца «Іншых».

Сведкі гвалту і ахвяры катаванняў ― новыя ўразлівыя групы

Паняцце інклюзіі трансфармуецца цягам апошніх некалькі год, пачынаючы з 2020-га. Праз рэпрэсіі, эміграцыю і вайну з’яўляюцца новыя ўразлівыя групы, мяркуюць удзельнікі_цы дыскусіі.

«На асабістым вопыце я адчуваю, што займела новыя ідэнтычнасці, ― кажа Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях у Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі.

― Апошні раз я адчула сябе выключанай у сувязі з тым, што падалася на міжнародную абарону. Абвяшчаюць колы і запрашаюць на мерапрыемствы ― а ў цябе няма пашпарту, ты невыязная».

Яна склала свой  спіс новых уразлівых груп , сярод якіх:

  • Людзі, што прайшлі праз катаванні ў жніўні 2020 года. На мерапрыемства могуць прыйсці тыя, хто мае такі вопыт, і гэта можа патрабаваць асобных мераў па выбары памяшкання, фармаце, суправаджаючых людзей у камандзе, у якіх будзе вопыт рэагавання ў трыгернай сітуацыі, лічыць Вольга Гарбунова.
  • Сведкі гвалту на вуліцы ― пра гэта вельмі рэдка гавораць, але шмат хто імі стаў. Гэта шэрая зона.
  • Палітзняволеныя ці іх сем’і. «Нават зараз людзі часта кажуць, што яны выходзіць са зняволення, адчуваюць сябе дэзарыентаванымі, адзінокімі. Для мяне гэта яшчэ маячкі, што яны адчуваюць сябе выключанымі», ― кажа Вольга.
  • Дабравольцы, якія прыехалі на рэабілітацыю і лекаванне ― пра іх мала гавораць.
  • Эмігранты_кі, людзі з вопытам бяздомнасці ці ўцякацтва ― цяпер гэта многія з беларусаў_ак.

«Мне здаецца, яшчэ некалькі год таму, абмяркоўваючы інклюзію, у грамадстве думалі [больш] пра людзей з інваліднасцю, ці пра дзіцячы пакой пры планаванні мерапрыемстваў», ― кажа Вольга Гарбунова.

Не хапае ведаў пра працу з посттраўматычным сіндромам

 Новыя ўразлівыя групы з’явіліся ў сувязі з вайной і эвакуацыяй,  лічыць Лізавета Шалай, каардынатарка праектаў у CreateCulture Group ― арганізацыі, якая робіць культурніцкія праекты і мае фізічную прастору ў Вільні.

«Эвакуявацца складана, а яшчэ складаней ― вывезці людзей, якія не могуць выехаць самі», ― тлумачыць Лізавета Шалай.

У сувязі з вайной у дзейнасць трэба ўключаць новую групу ― украінцаў і ўкраінак, якія пераязджаюць у Вільню, лічыць Зміцер Лойша, праектны мэнэджар у арганізацыі «Актыўнымі быць файна». АБФ-Беларусь займаецца культурай і адукацыяй па прынцыпу роўны навучае роўнага і мае дзве фізічныя прасторы ў Вільні.

Але гэта выкрывае новую праблему ―  недахоп ведаў пра тое, як працаваць з людзьмі з посттраўматычным сіндромам,  лічыць Зміцер Лойша.

«Мы з гэтым сутыкаліся: дзеці, якія прыехалі з Украіны, вельмі моцна рэагуюць на нейкія дзеянні, і мы не разумеем як з гэтым працаваць. Гэта велізарны выклік», ― тлумачыць Зміцер Лойша.

Праца з людзьмі ўнутры Беларусі ― пад пытаннем

Яшчэ адзін новы аспект інклюзіі звязаны з балансам між бяспекай і выключэннем з дзейнасці НДА людзей, што жывуць у Беларусі.

«Мы працуем з беларускай аўдыторыяй ― хто зараз у Беларусі і хто з’ехаў, кажа Лізавета Шалай. Яна разважае, што трэба бяспечна падключаць людзей да дзейнасці. ― Бо мы ведаем кейсы, калі трансляцыя ў Zoom робіцца небяспечнай, і людзей затрымліваюць пасля ці падчас трансляцыі».

Адзін з удзельнікаў дыскусіі ананімна даў каментар з прыкладам таго, што ён лічыць дыскрымінацыяй. Гаворка пра абставіны, калі арганізацыі рэлакуюцца за мяжу і закрываюць доступ да інфармацыі супрацоўнікам у Беларусі.

«Гэта нібыта дыскрымінацыя. Выбраўшы жыць там, ты ўжо абмежаваны. А абмежаванні з’яўляюцца і з гэтага, скажам, дэмакратычнага боку. Мне асабіста не закрывалі доступ, але ў такой сітуацыі была мая знаёмая. Па сутнасці, так чалавек пазбаўляецца працы. Менавіта праз закрыццё доступу яна пераехала ў Вільню», ― кажа суразмоўца.

Ці вычэрпваецца бяспека тэхнічнымі мерамі?

 Бяспека не супярэчыць таму, каб арганізацыя была інклюзіўнай,  гэтае пытанне ― тэхнічнае і вырашальнае, упэўнены Аляксей Канстанцінаў, каардынатар праектаў у цэнтры Леванія. Цэнтр спецыялізуецца на інклюзіўнай адукацыі дзяцей і кансультацый бацькоў дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

«Як з гэтым працаваць? Як з усім іншым ― улічваць у сваіх практыках. Мы ва ўдалай сітуацыі ― знаходзімся ў развітых краінах, дзе развіты пратакол працы з лічбавай бяспекай. Нам трэба проста гэта сабраць і актуалізаваць пад беларускія сцэнары. Пытанне пра бяспеку для мяне самае простае з усяго ў беларускай павестцы», ― кажа ён.

Пытанне бяспекі варта разглядаць не толькі як тэхнічнае, упэўненая Ганна Герасімава, кансультантка па арганізацыйным развіцці, раней дырэктарка «Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава» у Вільні.

«Ёсць тэхнічныя сродкі, але як забяспечыць бяспеку людзей у Беларусі? Ок, канферэнцыі ў Zoom, там удзельнікі пад падробнымі імёнамі, без відэа. Але хто яны? Як толькі мы пачнём ананімізаваць працэсы, то перастанем разумець, хто ў іх уцягваецца. Гэта нелінейнае пытанне», ― кажа яна.

 Інклюзія толькі частка пытання пра бяспеку, і складана зразумець, што з гэтага з’яўляецца больш шырокім пытаннем,  упэўненая Ганна Герасімава.

Міжнародныя стандарты даступнасці ― тое, без чаго нельга

Іншы аспект ― традыцыйныя пытанні даступнасці і тое, ці можна ісці ў іх на кампраміс. Напрыклад, ці адкрываць прастору ў будынку, хоць ён не самы дасяжны, але на арэнду хопіць грошай ― альбо не адкрываць увогуле?

«Для мяне інклюзія ― гэта набор прынцыпаў. Мне здаецца, што з нагоды прынцыпаў нельга мець кампраміс», ― кажа Аляксей Канстанцінаў. Ён упэўнены, што правільней называць гэта не кампрамісам, а ўмовамі дзейнасці.

Але ён называе палавінчатай пазіцыю, калі інклюзіяй называюць толькі ўмоўныя пандус ці шрыфт Брайля і не звяртаюць увагу на адносіны між суб’ектамі.

«Свае намаганні нам важна абмяркоўваць з гэтай [уразлівай] групай, чаго ім хочацца. А не ставіцца па-патэрналісцку. Калі дыялогу няма ― гэта не інклюзіўная практыка» ― кажа Аляксей і зазначае, што вельмі важна не пераўтвараць інклюзіўнасць у фармальнасць.

Тым не менш, без даступнага асяроддзя людзям з інваліднасцю цяжка рабіць тыя ж рэчы, якія робяць усе астатнія. Сітуацыю апісвае ўдзельнік прэзентацыі, Гіціс з арганізацыі ForumCiv.

«У мяне быў аднакласнік-вазочнік. Ён мой блізкі сябар, і заўсёды калі мы едзем у бар або на спортпляцоўку, узнікае пытанне, ці зможа ён туды трапіць. Калі ты хочаш сесці на аўтобус з Вільні да Клайпеды ― то павінен глядзець у раскладзе, ці прыедзе той аўтобус, дзе ёсць пляцоўка для каляскі. А гэта павінна быць па змаўчанні», ― дзеліцца суразмоўца ў каментары.

 Стандарты даступнасці ― гэта аснова,  тлумачыць іншы спікер:

«На мой вялікі жаль, сёння інклюзіяй называюць усе добрае супраць усяго кепскага, ― кажа Сяргей Драздоўскі, дырэктар ліквідаванага ў Беларусі Офіса па правах людзей з інваліднасцю. ― Але ёсць стандарты даступнасці, міжнародныя стандарты ― фізічнай, камунікацыйнай. Без даступнасці далей размаўляць няма пра што».

А далей, тлумачыць, ён, гаворка мусіць ісці пра тое, аб чым казаў Аляксей як у даступнай прасторы выбудаваць інклюзіўны працэс. «Гэта ўжо больш складана», кажа Сяргей Драздоўскі.

Ён дадае: вельмі важна, каб у працэс былі ўцягнутыя абодва бакі. Ёсць галіна, дзе інклюзія існуе ўжо 2000 год медыцына, тлумачыць Сяргей Драздоўскі. «І стары, і малады, і зняволены ідуць да медыка. І вылекавацца атрымаецца толькі калі ўключаныя абодва бакі», кажа ён.

Калі ўсё супердрэнна час будаваць новае

«Мне здаецца, зараз не толькі час, але і месца для інклюзіі, прывіцця яе разумення. Прывяду прыклад: мы ў межах вялікага праекта здымалі з моладдзю з пяці краін цікток-серыял па інклюзіі. Ведаеце як зайшло! [З важнымі тэмамі], мне здаецца, трэба ісці самім на пляцоўкі, дзе нашая будучыня, і паказваць у максімальна даступным фармаце».

Для працы з інклюзіяй не трэба чакаць падзення рэжыму, лічыць Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях у Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі.

 У перыяд зменаў і анлайн-камунікацыі ёсць месца для дыскусіі аб інклюзіі , упэўнены Васіль Ядчанка з арганізацыі «Журналісты за талерантнасць».

«Калі мы ўпусцім гэты час і будзем чакаць падзення рэжыму, як мы вернемся і пачнем адбудоўваць парушанае… Калі мы зробім гэта, не правёўшы працы, то вернемся і паставім усё на ранейшыя рэйкі, мы будзем збірацца і абмяркоўваць, ці час для інклюзіі», кажа яна.

Вольга нагадвае: зараз ёсць магчымасць для дыялогу з прадстаўнікамі_цамі дэмакратычных сіл, якія працуюць над стратэгіяй пераходнага перыяду і стварэннем рэформаў, у тым ліку сацыяльных.  «Зараз абсалютна час для інклюзіі» лічыць яна.

«У такія моманты нам добра было б быць праактыўнымі і заяўляць пра свае патрэбы,» лічыць Лізавета Шалай. Яна прыгадвае, як раней прадстаўнікі НДА абмяркоўвалі, ці варта ім працаваць над сваімі мэтамі, альбо лепш дамагацца разам змен.

«…Каб мы жылі ў дэмакратычнай краіне. А потым гэтыя каштоўнасці быццам самі прыйдуць. Але яно так не адбудзецца. Калі ўсё супердрэнна гэта той момант, калі трэба пачынаць будаваць тое, што нам здаецца важным, кажа яна. ― Мне здаецца, што  няма такога часу, калі не час для інклюзіі, даступнасці і іншых форм, якія мы сёння падымалі»


Тэкст: Ганна Валынец

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць