Як стаўленне грамадства перашкаджае людзям з залежнасцямі ісці на папраўку — што было раней і што цяпер

Інклюзія
5
(3)

Людзі з залежнасцямі — адна з самых дыскрымінаваных груп у беларускім грамадстве. Згодна з даследаваннямі, да людзей, якія рэгулярна спажываюць псіхаактыўныя рэчывы (ПАР), негатыўна ставіцца большасць беларуса_к. Шмат хто ў Беларусі сутыкаліся з негатыўным досведам, звязаным са спажыўцамі ПАР. Напрыклад, маюць блізкага чалавека, які/якая «пачынае буяніць, калі нап’ецца», або зазнавалі гвалт ад людзей, што былі ў змененым стане свядомасці. Відавочна, што не ўсе людзі, якія спажываюць ПАР, — аўтар_кі гвалту. Гэтак жа сама, як і не ўсе аўтар_кі гвалту спажываюць ПАР. Адна з карэнных прычын рэзка адмоўнага стаўлення да людзей з залежнасцямі — панаванне стэрэатыпаў і стыгмы датычна іх. Хаця ў некаторых постсавецкіх краінах пераважае перакананне, што публічная ганьба можа паўплываць на асобу, каб яна перастала весці сябе пэўным чынам або нешта спажываць, эфект — роўна адваротны. Разбіраемся, як стыгматызацыя ўплывае на людзей з залежнасцямі ад ПАР і чаму не спрыяе змяншэнню спажывання. 

Чым «псіхаактыўныя рэчывы» адрозніваюцца ад «наркотыкаў»? 

Для пачатку разбяромся з тэрмінамі. Псіхаактыўныя рэчывы — гэта такія рэчывы, якія ўплываюць на функцыі цэнтральнай нервовай сістэмы і прыводзяць да змены псіхічнага стану. Гэта не толькі алкаголь і тыя рэчывы, якія забароненыя да распаўсюду па законе. Кафеін — гэта таксама псіхаактыўнае рэчыва. Пэўна, вы чулі, што ў некаторых праз выпіты кубак кавы ўзнікае трывога і ажытацыя*. Гэта і ёсць змена псіхічнага стану. 

* Ажытацыя – гэта стан моцнага ўзбуджэння, трывожнасці і турботы. Звычайна ажытацыя суправаджаецца такімі прыкметамі, як падвышаная рухальная актыўнасць, дакучлівыя рухі, хуткія і хаатычныя выказванні, часам агрэсія ці раздражненне.

У юрыдычнай літаратуры тыя рэчывы, якія згодна з заканадаўствам нельга распаўсюджваць, часта называюць «наркотыкамі». Тым часам Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) называе наркотыкамі толькі тыя субстанцыі, якія выклікаюць неадчувальнасць да болю ці кому. Звычайна, гэта апіяты і апіёіды. 

Актывіст_кі, якія працуюць у падыходзе зніжэння шкоды, заклікаюць не ўжываць тэрмін «наркотык» датычна рэчываў, якія не адносяцца да апіятаў і апіёідаў, а выкарыстоўваць менавіта панятак «ПАР». Прынамсі таму, што наркотыкамі ў розных краінах называюць розныя рэчывы. Напрыклад, у краінах, дзе дазволены абарот канабіноідаў, іх, вядома, ніхто не называе наркотыкамі.

Тэрміналагічная блытаніна ў медычным і юрыдычным разуменні спрыяе стыгматызацыі людзей, якія спажываюць псіхаактыўныя рэчывы. У грамадскай свядомасці асоба, якая зрэдку курыць каноплі, трапляе ў адну групу з асобай, якая мае залежнасць ад спажывання какаіну. Усе яны называюцца слюрам «наркаманы» і праз гэта зазнаюць дыскрымінацыйнае стаўленне.  

Увогуле, не ўсе людзі, якія рэгулярна спажываюць тыя ці іншыя псіхаактыўныя рэчывы, маюць залежнасць. Напрыклад, Міжнародная класіфікацыя хвароб 11-га перагляду (МКХ-11) азначае залежнасць як разлад, пры якім чалавек губляе здольнасць кантраляваць спажыванне і стала імкнецца да яго. Суб’ектыўна нам можа падавацца, што нехта спажывае вельмі часта і вельмі шмат, але калі чалавек не імкнецца да гэтага спажывання і можа яго кантраляваць, дыягназ «залежнасць» не ставяць. 

Прычым згодна з МКХ-11, алкагольная залежнасць, а таксама залежнасць ад розных груп псіхаактыўных рэчываў (напрыклад, залежнасць ад канабісу, залежнасць ад сінтэтычных канабіноідаў, залежнасць ад апіёідаў і г.д.), — розныя дыягназы. Адпаведна, яны патрабуюць розных падыходаў да лячэння. Яшчэ адзін аргумент на карысць таго, каб не маркіраваць усіх людзей, якія спажываюць нейкія ПАР, супольным цэтлікам.

Акрамя таго, залежнасць можа быць выкліканая не толькі спажываннем. У МКХ-11 ёсць раздзел «Разлады з прычыны адыктыўных паводзін». Там апісваюцца разлады, выкліканыя прыхільнасцю да камп’ютарных і азартных гульняў. Як мы разумеем, людзі, якія сутыкаюцца з такімі разладамі, могуць увогуле ніколі не каштаваць якія-кольвек псіхаактыўныя рэчывы. 

Сусветная практыка і падыход аўтрыч

У 2009 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя разам з ААН распрацавалі Глабальную праграму па лячэнні і клопаце за людзьмі з залежнасцямі. Акцэнт у праграме рабіўся на наркатычнай залежнасці, але падыходы, якія там апісваюцца, — даволі ўніверсальныя. 

Аўтар_кі праграмы кажуць, што лячэнне мусіць спрыяць зніжэнню цягі да ПАР, спрыяць паляпшэнню фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага стану пацыент_кі і зніжэнню пагроз ад спажывання для здароўя і сацыяльнага становішча. 

Таксама аўтар_кі ўзгадваюць, што

шмат у якіх краінах залежнасць разглядаецца не як хвароба, а як злачынныя паводзіны. Такі падыход яны лічаць неэфектыўным: ён ані паляпшае здароўе людзей з залежнасцямі, ані вырашае сацыяльныя праблемы, якія могуць быць звязаныя са спажываннем ПАР. 

Адзін з падыходаў, якія СААЗ прапануе выкарыстоўваць для працы з людзьмі, што маюць залежнасць ад ПАР, — аўтрыч (ад англ. outreach — «працягваць руку», «дасягаць»). Гэта такі падыход, пры якім спецыяліст_кі працуюць з уразлівымі групамі за межамі традыцыйных інстытутаў. Праз стыгму, брак ведаў і рэсурсаў часта прадстаўні_цы маргіналізаваных груп не могуць звярнуцца ў паліклінікі ці іншыя фармалізаваныя ўстановы. Тады спецыяліст_кі аўтрыч-падыходу звяртаюцца да мэтавай аўдыторыі непасрэдна. Напрыклад, праводзяць кансультацыі проста на вуліцы, бескаштоўна раздаюць аднаразовыя шпрыцы, інфармуюць пра тое, дзе можна шукаць дапамогу. 

Што датычыцца лячэння ў фармальных установах, то СААЗ настойвае, каб лекар_кі былі цярпімыя да сваіх пацыента_к, не займаліся маралізатарствам і не ціснулі на пачуццё віны. І, канешне, недапушчальна парушаць правы чалавека ў такога кшталту ўстановах і рабіць нейкія маніпуляцыі з пацыент_камі без іх інфармаванай згоды. Напрыклад, прымушаць прымаць лекі без тлумачэння, якія гэта лекі і навошта яны патрэбныя. 

На жаль, рэкамендацыі СААЗ выконваюць толькі ў некаторых краінах свету. Але і гэта пэўны прагрэс, бо доўгі час у гісторыі чалавецтва залежнасці ўвогуле не лічыліся хваробай. 

Як людзі ставіліся да псіхаактыўных рэчываў у розныя часы 

На працягу амаль усёй сваёй гісторыі людзі ўжывалі псіхаактыўныя рэчывы. Даследчы_цы мяркуюць, што яшчэ ў дзясятым тысячагоддзі да нашай эры опіум выкарыстоўвалі ў Старажытнай Грэцыі. Тады яго ўжывалі і з медычнымі мэтамі, і ў якасці духоўнай практыкі змены свядомасці. Тым часам віно, напрыклад, узгадваецца ў Бібліі каля дзвюх тысяч разоў.

Стаўленне да псіхаактыўных рэчываў было розным у розных культурах. У еўрапейскай хрысціянскай культуры злоўжыванне якімі-кольвек рэчывамі лічылася грахом. Напрыклад, у Вялікім Княстве Літоўскім, а пазней — у Рэчы Паспалітай алкагалізм успрымаўся ў асноўным як маральная слабасць. 

Сацыяльныя праблемы, якія звязаныя са спажываннем алкаголю, занепакоілі шляхту ВКЛ яшчэ ў XVI стагоддзі. На сойме 1551 года шляхта прасіла вялікага князя Жыгімонта I Старога забараніць прадаваць алкаголь у гарадскіх корчмах па начах. Або прынамсі абавязаць карчмароў, каб яны не выпускалі наведвальнікаў на вуліцу да раніцы. Вялікі князь адмовіў шляхце. Маўляў, шляхцічы самі мусяць сачыць, каб іхныя слугі не чынілі гвалту і не знішчалі маёмасць пад уздзеяннем алкаголю. 

Праз нейкі час Жыгімонт мусіў усё ж звярнуць увагу на гэтую праблему. Тады яна пачала датычыцца абаронцаў гарадскіх замкаў. У 1569 годзе князь загадаў ротмістру Полацка, каб вайскоўцы, якія мусілі бараніць полацкі замак, «пілі памяркоўна». То-бок пілі прынамсі не з раніцы, а толькі ў абед і вечарам. 

Тым часам пасол ВКЛ у Крымскім ханстве Міхалон Літвін напісаў трактат «Аб норавах татар, літоўцаў і масквіцян». Там у жудасных карцінах паказаная краіна, дзе алкаголь спажываюць усе: мужчыны, жанчыны і юнакі. П’юць на вуліцах, плошчах і нават на дарогах. Аднак гісторык Захар Шыбека лічыць, што Літвін значна «згушчаў фарбы» ў сваім трактаце, каб паўплываць на вялікага князя з тым, каб хоць неяк пачаць рэгуляваць спажыванне і распаўсюд спіртнога.

Стаўленне да залежнасцяў не толькі як да сацыяльнай праблемы, але і як да індывідуальных праблем са здароўем пачало ўзнікаць толькі ў XIX стагоддзі.

У Злучаных Штатах тады з’явіліся першыя арганізацыі, скіраваныя на «барацьбу з алкагалізмам». З’явіліся дамы і прытулкі для людзей з залежнасцямі. Таксама «лячэнне» адбывалася ў рэлігійных установах. У тыя часы яшчэ не было доказных метадаў лячэння, супрацоўні_цы такіх устаноў часта дзейнічалі інтуітыўна, таму давер да такіх устаноў быў невысокі. 

У той жа час прытулкі для людзей з залежнасцямі з’явіліся ў Францыі, Нямеччыне і Брытаніі. У Заходняй Еўропе пачалі распрацоўваць разнастайныя сістэмы дапамогі з псіхалагічным і фізічным кампанентам. 

У XIX стагоддзі ўся дзейнасць такога кшталту ўстаноў была скіраваная хутчэй на сацыяльную ізаляцыю людзей з залежнасцямі. Тыя падыходы, якія зараз падтрымлівае доказная медыцына, — першыя адмысловыя праграмы, амбулаторныя клінікі і тэрапеўтычныя супольнасці — з’явіліся толькі ў другой палове XX стагоддзя. Вялікім штуршком для развіцця гэтай галіны медычнай дапамогі стала з’яўленне супольнасці «Ананімных алкаголікаў» у Злучаных Штатах. 

У 1935 годзе Уільям Уілсан, які доўгі час пакутаваў ад алкагольнай залежнасці, разам з лекарам Робертам Смітам распрацавалі праграму самадапамогі «12 крокаў». Тады ж яны заснавалі супольнасць «Ананімных алкаголікаў». Удзельні_цы супольнасці, якія мелі залежнасць, рэгулярна наведвалі групы падтрымкі, дзяліліся сваім досведам выздараўлення і дапамагалі адно аднаму. 

Хаця праграма «12 крокаў» перыядычна крытыкуецца за нізкія паказчыкі поспеху — толькі невялікі працэнт тых, хто прыходзяць на праграму, адмаўляецца ад спажывання рэчываў — Стэнфардскі ўніверсітэт называе «12 крокаў» самым эфектыўным спосабам лячэння ад залежнасці з тых, што існуюць на дадзены момант. 

Савецкая спадчына

Тым часам, калі ў ЗША з’яўляліся праграмы, заснаваныя на псіхатэрапеўтычных падыходах, у СССР была зусім іншая практыка

Пасля Другой сусветнай вайны алкагольная залежнасць была адной з буйных сацыяльных праблем. Але праз савецкую ідэалогію да залежнасці ставіліся як да хібаў характару асобных людзей і «хваробы грамадства», але не як да хваробы асобных персон.

Ад пачатку тое, як ставіліся да людзей з залежнасцямі, можна было назваць, хутчэй, карай, чым лячэннем. Людзей з залежнасцю прымусова накіроўвалі ў ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілакторыі), якія па сутнасці былі працоўнымі лагерамі. Лячэнне, як правіла, абмяжоўвалася дэтаксікацыяй і карэкцыяй паводзін. Ні пра які комплексны медычны падыход гаворка не вялася. Акцэнт рабіўся на тым, каб «перавыхаваць» пацыента_к. 

У 1950-х і 1960-х гадах савецкія медыкі пачалі лічыць залежнасці хранічнымі захворваннямі, якія патрабуюць сістэматычнага медычнага ўмяшання. Аднак уключыць залежнасці ў спіс псіхічных хвароб і аддаць іх псіхіятар_кам савецкі ўрад не мог сабе дазволіць зноў жа праз ідэалогію і прапагандысцкія наратывы аб тым, што людзі з залежнасцямі — проста гультаі, якія шкодзяць супольнай працы і пабудове камунізму. Так, у СССР узнікла асобная галіна медыцыны, якой не было нідзе больш у свеце, — наркалогія. Наркалогія была галіной псіхіятрыі, скіраванай менавіта на лячэнне залежнасці, пры тым з моцным ідэалагічным уплывам і акцэнтам на працоўна-выхаваўчы падыход.

У 1975 годзе з’явілася першая наркалагічная служба ў структуры Міністэрства аховы здароўя СССР. Яна стала займацца дыягностыкай, лячэннем і прафілактыкай залежнасцяў. Наркалогія стала асобнай дысцыплінай у медычных універсітэтах, у буйных гарадах сталі адкрываць наркалагічныя дыспансеры. Спецыяліст_кі гэтага профілю пачалі ўжываць псіха- і фармакатэрапію для працы з пацыент_камі. 

Аднак паралельна з гэтым працягвалі сваё існаванне ЛПП. Савецкая прапаганда ціснула на тое, што «алкагалізм» (алкагольную залежнасць тады называлі выключна так) — гэта амаральна і шкодзіць грамадскаму жыццю. Спажыванне ж іншых псіхаактыўных рэчываў амаль не абмяркоўвалася ў публічнай прасторы. 

Акрамя таго, і некаторыя фармакалагічныя і псіхалагічныя метады, якія ўжывалі лекар_кі ў аддзяленнях наркалогіі, былі неэфектыўнымі і нават шкоднымі для пацыента_к. 

Напрыклад, у СССР актыўна ўжывалі метад інсулінакаматознай тэрапіі. Сутнасць метаду была ў тым, каб штучна выклікаць у пацыент_кі гіпаглікемічную кому праз увядзенне вялікіх доз інсуліну. Лічылася, што такі метад дапамагае выводзіць людзей з псіхатычных станаў і пераадольваць залежнасць ад ПАР. Цяпер у большасці краін свету адмовіліся ад гэтага метаду, паколькі ён неэфектыўны і рызыкоўны для жыцця і здароўя.

Напачатку 1980-х гадоў папулярнасць пачаў набіраць метад Даўжэнкі, яшчэ вядомы як метад кадавання. Сутнасць метаду была ў тым, каб прымусіць чалавека адчуваць агіду да алкаголю. Па сутнасці, гэта быў метад прамога пераканання, калі пацыента_к прымушалі паверыць, што з імі здарыцца нешта страшнае, калі яны працягнуць спажываць алкаголь. Каб прадэманстраваць гэта «страшнае», пацыент_кам рабілі ін’екцыю нікатынавай кіслаты і давалі выпіць спіртное. Праз нікатынавую кіслату чалавеку рабілася дрэнна. Лекар_кі пераконвалі, што кепскае самаадчуванне — праз прыём алкаголю. Хаця насамрэч гэта проста кароткатэрміновы эфект ад нікатынавай кіслаты.

Метад Даўжэнкі лічыцца псеўданавуковым. Псіхіятры і псіхіятаркі, якія прытрымліваюцца метадаў доказнай медыцыны, не ўжываюць кадавання ў сваёй працы. 

У беларускіх шпіталях кадаванне ўжываюць дагэтуль.

А што цяпер?

Беларускі падыход да лячэння людзей з залежнасцямі шмат у чым падобны на тое, што было ў Савецкім Саюзе. У Беларусі ўсё яшчэ існуюць ЛПП. Праваабаронцы лічаць іх «узаконенай формай рабства», бо людзей, якія часта не здзейснілі большага злачынства, чым публічнае піццё спіртнога, адсылаюць на прымусовыя працы ў лагер. У лагеры створаныя такія ўмовы, што зняволеных проста пазбаўляюць базавых чалавечых правоў. Па беларускіх законах асобу, як_ая здзейсніла тры правапарушэнні ў стане «алкагольнага ці наркатычнага ап’янення», па рашэнні суда накіроўваюць у ЛПП. Аніякай тэрапіі залежнасці там не праводзіцца.  

Беларускія дзяржаўныя СМІ ўсё яшчэ выкарыстоўваюць такія састарэлыя назвы, як «алкаголік», «наркаман» і «п’яніца». У той час як падобнага кшталту тэрміны — папросту мова нянавісці, якая вядзе да дэгуманізацыі асоб, пра якіх вядзецца размова. 

Калі хворыя на залежнасць людзі чуюць пра сябе такія выразы, гэта прыніжае іх чалавечую годнасць, але ніяк не спрыяе выздараўленню. Даволі часта людзі з залежнасцямі пераймаюць сацыяльную стыгму як уласныя перакананні і не намагаюцца нават звярнуцца па дапамогу, бо лічаць сябе неахайнымі, слабымі і не вартымі падтрымкі. 

Да таго ж грамадства больш схільнае заплюшчваць вочы на парушэнні правоў людзей з залежнасцямі, маўляў, так ім і трэба.

Стэрэатыпы пра людзей з залежасцямі распаўсюджваюцца на ўсё грамадства. У тым ліку, напрыклад, на людзей, якія адказныя за найманне супрацоўні_ц. Іх стаўленне да асоб з залежнасцямі наўпрост уплывае на прафесійную рэалізацыю і фінансавыя магчымасці апошніх. Медычныя супрацоўні_цы, асабліва тыя, якія не маюць кваліфікацыі ў псіхіятрыі, таксама схільныя з пагардай ставіцца да людзей з залежнасцямі. Не кажучы ўжо пра тое, што супрацоўні_цы сілавых структур схільныя бачыць у чалавеку, які спажывае ПАР, злачынца. У выніку гэта ставіць дабрабыт, здароўе і нават жыццё людзей з залежнасцямі пад пагрозу. 

На жаль, у Беларусі ўсё яшчэ пануе архаічнае стаўленне да залежнасці хутчэй як да хібы характару, злачыннага нораву і разбэшчанасці. Змяніць сітуацыю можна праз актыўнасць арганізацый, якія практыкуюць аўтрыч-падыход, інфармацыйныя кампаніі, ліквідацыю ЛПП і рэфармаванне сістэмы медычнай дапамогі людзям з залежнасцямі. 

Перамагчы стыгму, якая стагоддзямі фармавалася спачатку праз рэлігійную, а пасля праз таталітарную ідэалогію, — вельмі складана, але неабходна. 


Аўтарка: Дар’я Гардзейчык

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x