Не другі пол. Што рабіць з гендарнай няроўнасцю на івэнтах

ВедыГендар
Не второй пол
5
(2)

Читать по-русски

Гендарная няроўнасць на івентах. Як яе пазбегнуць? Расказваем, з якімі праблемамі на мерапрыемствах сутыкаюцца жанчыны.

Гендарная няроўнасць каштуе свету вельмі дорага, і гэта пытанне не толькі этыкі і маралі. Людзям, якія згодныя з думкай, што ўсе мусяць мець роўныя правы, відавочна, што ў жанчын і мужчын павінен быць арганізаваны роўны доступ да адукацыйных і прафесійных магчымасцяў. Але для тых, каго не пераконваюць гуманістычны і этычны аргументы, у нас ёсць аргумент эканамічны: гендарна абумоўленая дыскрымінацыя каштуе сусветнай эканоміцы да 12 трыльёнаў даляраў.

Сама па сабе гэтая дыскрымінацыя праяўляецца і на ўзроўні адукацыі, і на ўзроўні прафесійнай дзейнасці. Часта яна абумоўленая дыскрымінацыйнымі сацыяльнымі інстытутамі — фармальнымі і нефармальнымі законамі, сацыяльнымі нормамі і практыкамі, якія абмяжоўваюць правы жанчын і доступ да магчымасцяў.

Роўны доступ да мерапрыемстваў і адэкватнае прадстаўніцтва на гэтых мерапрыемствах – адна з такіх магчымасцяў, якія неабходныя жанчынам і з якімі дагэтуль усё не заўжды проста.

Ксенія Малюкова

«Я думаю, пра жанчын трэба думаць заўжды — пры стварэнні любога івэнта, пры стварэнні інфраструктуры горада або пры будаўніцтве вакзалаў», — кажа Ксенія Малюкова, арганізатарка сацыяльных мерапрыемстваў. «Бо гэта асобная мэтавая аўдыторыя, у якой ёсць свае патрэбы і, у рэшце рэшт, правы. Гэта важна, бо ўсё гэта — пра ўключанасць жанчын у важныя працэсы: як палітычныя, так і сацыяльныя».

Мужчынскі патэрналізм як праблема

«Я стамілася ад таго, што пра жаноцкасць мне расказваюць мужчыны», — кажа Ліза. «Складаецца адчуванне, што яны такім чынам зарабляюць на жаночай няўпэўненасці ў сабе і зацікаўленыя не ў тым, каб мы сталі больш шчаслівымі, а каб адчулі сябе яшчэ больш няправільнымі і вярталіся да іх па парады зноў і зноў».

Паводле адукацыі Ліза — настаўніца пачатковых класаў, але яна таксама цікавіцца псіхалогіяй, таму  пэўны час пільна сачыла за мерапрыемствамі па так званай жаночай псіхалогіі. Ліза хацела знайсці нейкі сакрэт жаноцкасці, асаблівую жаночую сілу, якая дапаможа ёй стаць больш паспяховай, а знайшла вялікае расчараванне.

Фота 2

«Не было ніводнага разу, каб я на такіх трэнінгах адчула сябе ўпэўнена. І справа ж не ў тэмах, а ў тым, як з намі размаўлялі – быццам мы маленькія дзяўчынкі, якія ўвогуле не ўмеюць жыць. Вядоўцы, здаецца, часта ўвогуле не задумваліся, што іх жарты могуць зрабіць камусьці балюча, і нават не стараліся паводзіць сябе этычна. Адзін і той жа чалавек мог “праехацца” і па тых, у каго няма дзяцей, і па шматдзетных маці. Пра мужчын яны так ніколі не жартавалі.

Я, вядома, на гэтыя трэнінгі перастала хадзіць, але пытанні засталіся. Дзе мне атрымаць інфармацыю, якая мяне цікавіць? Куды аднесці грошы за навучанне, каб потым не пашкадаваць? Дзе ўзяць гарантыю, што наступныя настаўнікі ці настаўніцы паставяцца да мяне са звычайнай чалавечай павагай?».

Праблема доступу да мерапрыемстваў і, адпаведна, інфармацыі, звязана не толькі з фізічнай магчымасцю жанчын стаць слухачкамі на тым ці іншым мерапрыемстве. Гісторыя нашай гераіні Лізы паказвае яшчэ як мінімум два ракурсы — зняважлівае стаўленне да жанчын з боку вядучых і магчымая непрадстаўленасць жанчын у экспертным коле. Прыклад з так званай жаночай псіхалогіяй і трэнінгамі, звязанымі з жаноцкасцю, даволі спецыфічны, бо сама па сабе гэтая сфера выклікае шмат пытанняў адносна яе (не)навуковасці, але падобная праблема прадстаўленасці ёсць і ў іншых сферах.

Мужчынскі патэрналізм і стварэнне экспертных колаў (амаль) выключна з мужчын успрымаецца грамадствам як норма і дэфолтная сітуацыя і часта не выклікае пытанняў. А дарэмна. Выключэнне жанчын з экспертных колаў і несправядліва да цяперашніх экспертак, і дэманструе цяперашнім слухачкам, што яны наўрад ці змогуць стаць сапраўднымі эксперткамі, якіх будуць успрымаць сур’ёзна. Гэта безумоўна зніжае матывацыю да навучання і пераўтвараецца ў нябачны бар’ер, які спыняе жанчын у развіцці. Фармальнага дыскрымінацыйнага правіла быццам бы і няма, а дыскрымінацыйная рэальнасць ёсць.

«Жанчына з дзіцём часта нежаданая госця»

Але і фізічны доступ жанчын на мерапрыемствы застаецца рэальнай праблемай. Асабліва, калі гэтыя жанчыны — маці.

Мы спыталі некалькіх маці, што змянілася ў іх жыцці адносна ўдзелу ў мерапрыемствах пасля з’яўлення дзяцей. Гэта, безумоўна, ніякае не сацапытанне, але ўсё адно атрымалася цікава і паказальна. Абсалютна ўсе жанчыны адзначылі, што сталі не так актыўна наведваць мерапрыемствы і што гэта звязана не толькі з аб’ектыўнымі прычынамі (праблемамі са здароўем, новым распарадкам дня і інш.).  Часта жанчыны не ўпэўнены, ці можна ўвогуле прыходзіць на мерапрыемства з дзецьмі, а таксама баяцца асуджэння з боку іншых, што дзеці замінаюць навакольным. 

Фота 3

«Няня на івэнце — гэта раскоша, якой амаль ніколі не бывае. На гэта я асабліва і не разлічваю», — кажа Аліна, маці чатырохгадовага Віталя. «Але ладна няня, я ж звычайна не ведаю нават, ці пусцяць мяне ўвогуле з малым. Ці не будуць глядзець коса ці нешта казаць. Можа я і перабольшваю, канечне, але гэта праўда дадае трывожнасці. Часта прасцей дома застацца і нікуды не ісці, чым за ўсё гэта хвалявацца».

Гэтая праблема тычыцца і сацыяльных мерапрыемстваў, і працоўных івэнтаў, якія адбываюцца не ў працоўны час. Вынікі апытання больш чым 240 000 мужчын і жанчын па ўсім свеце паказваюць: што «81% жанчын кажуць, што адчуваюць нейкую форму выключэння на працы, у той час як 92% мужчын не вераць, што яны выключаюць жанчын».

Але нефармальнае ці яўнае выключэнне, напрыклад, жанчын, якія не могуць прыйсці на мерапрыемства без дзяцей, абмяжоўвае іх прафесійнае развіццё і кар’ерны рост. І калі кампанія-працадаўца ці арганізатары і арганізатаркі сацыяльнага івэнта не хочуць ненаўмысна выключаць маці, яны павінны наўпрост заяўляць пра гэта ў афішы ці працоўнай рассылцы-запрашэнні.

«Жанчына з дзіцём — часта нежаданая госця на мерапрыемствах», – кажа Віялета. «Калі задумвацца пра праблему глабальна, гэта прам б’е па псіхіцы. Спачатку нам кажуць, што трэба нараджаць, і сапраўдная жанчына — гэта тая, у якой ёсць дзеці. А калі жанчына нараджае, ёй нідзе няма месца, акрамя як дома і на дзіцячай пляцоўцы. Вось часта кажуць, што дзеці тармазяць кар’ерны рост і ўсё такое. Але тармазяць не дзеці, а дарослыя, якія робяць выгляд, што гэтых дзяцей не існуе!

Усе гэтыя заўвагі, што дзеці замінаюць і ў кавярні, і ў транспарце, і на нейкіх лекцыях і семінарах, на фестывалях, — гэта жахліва. Нарадзіўшы, я быццам стала для грамадства чалавекам другога сорту. І калі нехта асобна падкрэслівае, што да іх на мерапрыемства можна прыходзіць з дзецьмі, гэта ледзь не свята. А калі там яшчэ і няня ёсць, дык самае сапраўднае свята».

Фота 4

Дык а што рабіць?

Вось некалькі рэкамендацый для арганізатарак і арганізатараў івэнтаў ад Ксеніі Малюковай:

  • Арганізатарам і арганізатаркам трэба ўлічваць аўдыторыю жанчын з дзяцьмі. Сістэма працуе так, што ў жанчыны з дзяцьмі няма інфраструктуры, каб яны маглі наведваць мерапрыемствы. Усё пачынаецца яшчэ на стадыі, калі жанчына спрабуе выйсці з пад’езда, а на тратуары прыпаркаваныя машыны. З вазочкам часта цяжка ўвайсці ў метро, бо не паўсюль ёсць ліфты, потым могуць быць праблемы з тым, каб дабрацца да месца правядзення мерапрыемства. Усё гэта трэба ўлічваць, абіраючы лакацыю.
  • Калі гэта не дзіцячы івэнт, там мусіць быць асобная прастора для дзяцей і няня, каб жанчына не выключалася з адукацыйнай часткі для дарослых.
  • Калі на мерапрыемстве ёсць ахова, аглядаць жанчын павінны толькі іншыя жанчыны.
  • У прыбіральнях павінна быць не толькі туалетная папера, але таксама пракладкі і тампоны.
  • Афішы мерапрыемстваў не павінны быць сэксісцкімі, жанчыны не мусяць на іх выступаць у якасці ўпрыгожвання івэнта.
  • Вядучыя святочных мерапрыемстваў не павінны трансляваць мізагінію і патрыярхальныя жарты.
  • Таксама варта арганізаваць асобнае памяшканне, дзе можна пакарміць немаўля, калі жанчыне не хочацца рабіць гэта ў агульным памяшканні. А ў прыбіральні мусіць быць спавівальны столік. І калі ў вас не гендарна-нейтральныя прыбіральні, дык такі столік павінен быць не толькі ў жаночай.

А яшчэ раім паглядзець карыснае відэа пра kids-friendly прасторы. Ці азнаёміцца з яго зместам у тэкставым фармаце.


Тэкст: Наста Захарэвіч
Фота: Tima Miroshnichenko, Michelle Leman, Kristina Paukshtite, Andrea Piacquadio (фотабанк Pexels)

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць