Цяпер у Беларусі налічваецца 178 палітзняволеных жанчын. Кожная з іх пацярпела праз актыўную грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з палітыкай рэжыму. Пра тое, у якіх умовах утрымліваюцца жанчыны, якія трапілі ў турму, чаму гэтая група людзей асабліва ўразлівая і як можна ім дапамагчы — у нашай размове з Янай Паляшчук і Вольгай Гарбуновай.
Што цяпер у Беларусі з правамі жанчын
Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
Пасля 2020 году ў беларус_ак дадаліся новыя віды праблем. Безумоўна, гэта ціск з нагоды грамадзянскай пазіцыі, крымінальны пераслед палітычна актыўных дзяўчат і жанчын. Усё гэтак жа існуе спіс забароненых прафесій для беларусак (88 пунктаў), ліквідавана больш за 1 440 недзяржаўных арганізацый, частка з якіх займалася абаронай правоў жанчын і аказвала ім юрыдычную і псіхалагічную дапамогу.
Як і з агульнымі правамі чалавека, справы з правамі жанчын знаходзяцца ў катастрафічным стане. Законы парушаюцца, а ў няўрадавыя арганізацыі амаль не маюць механізмаў уплыву на рэжым ва ўмовах цяперашняй палітычнай сытуацыі. Няма ніякай магчымасці змяніць умовы ўтрымання палітзняволеных жанчын і парадак аказання ім медыцынскай дапамогі.
Палітзняволеных беларусак, безумоўна, можна назваць уразлівай сацыяльнай групай. Апроч агульных праблем, звязаных з крымінальным пераследам, на іх аказваецца рознага кшталту ціск. Напрыклад, праз іх дзяцей. Нам вядомыя выпадкі, калі жанчын пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, а іх дзяцей аддавалі ў прытулкі. Ёсць выпадкі, калі ў маці, якіх мелі апеку над дзецьмі, паўторна адбіралі дзяцей.
Спосабы ціску на беларусак
Яна Паляшчук, каардынатарка нямецка-беларускага праекта FemMoz (Austausch e.V), медыя-экспертка:
Рэжым у Беларусі выкарыстоўвае мноства інструментаў, каб узмацніць і без таго вялікі ціск на гэтую ўразлівую групу: знявагі паводле палавой прыкметы, пагроза сэксуалізаванага гвалту, запалохванне, пазбаўленне сродкаў асабістай гігіены (абмежаванне доступу да гігіенічных пракладак — мэтанакіраваны спосаб здзекавання з жанчын). Вядомыя выпадкі збіцця палітзняволеных жанчын у турмах, абмежаванне зносін са сваякамі і іншымі зняволенымі, неаказанне належнай медыцынскай дапамогі нават у выпадку цяжкога захворвання.
Мы бачым сістэматычную спробу рэжыму «зламаць» тых жанчын, якія не перастаюць выступаць супраць сваіх несправядлівых прысудаў, турэмных тэрмінаў і ўмоў зняволення. Актывістцы Паліне Шарэндзе-Панасюк прысудзілі дадатковы год зняволення за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Сама Шарэнда-Панасюк сведчыла пра тое, што яе збіваюць іншыя зняволеныя са згоды адміністрацыі калоніі, што ўмовы яе ўтрымання парушаюцца: яе пазбаўляюць асабістых рэчаў, матраца і пасцельнай бялізны. Такіх выпадкаў сапраўды шмат.
Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
Важна казаць, што палітзняволеныя жанчыны часта пазбаўленыя сувязі са знешнім светам — даходзіць шмат звестак пра тое, што ім блакуюць перапіску з блізкімі, не дапускаюць да іх адвакатаў. У стане гвалтоўнага знікнення цяпер знаходзіцца, напрыклад, Марыя Калеснікава і некаторыя іншыя актывісткі. У зняволенні знаходзяцца жанчыны пенсійнага ўзросту; непаўналетнія на момант затрымання дзяўчаты; мамы, якія аднаасобна выхоўваюць дзяцей; мамы малалетніх дзяцей і немаўлят.
Яшчэ адзін важны момант — гэта немагчымасць палітзняволеным кантраляваць свой стан здароўя, атрымліваць медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі. Гэта таксама вялікая рызыка. Напрыклад, Ксенія Луцкіна, у якой знойдзена пухліна галаўнога мозгу, — акрамя штодзённых болеспатольных уколаў ёй не прадастаўляецца ніякая медыцынская дапамога. Але гэта не ўсе асаблівасці, звязаныя з адсутнасцю медыцынскай дапамогі. Напрыклад, жанчынам, якія знаходзяцца ў ІЧУ, часта не прадастаўляюцца элементарныя гігіенічныя сродкі, абмежаваны доступ да жыццёва неабходных лекаў.
Ёсць выпадак, калі палітзняволеная страціла дзіця ў СІЗА — яна была цяжарная на момант затрымання. Гэта адзін з жахлівых прыкладаў гвалту і катаванняў, з якім сутыкаюцца жанчыны.
Лічыцца, што ціску ў зняволенні падвяргаюцца толькі мужчыны, але неаднаразовыя сведчанні пацвярджаюць, што ў момант затрымання і ў месцах несвабоды катаванні здзяйсняюцца і ў адносінах да жанчын. Часта гэта адбываецца на вачах іх уласных дзяцей, што наносіць ім, безумоўна, вялізную траўму.
Хто займаецца дапамогай палітзняволеным жанчынам, і як мы можам паўдзельнічаць у гэтым
Яна Паляшчук, каардынатарка нямецка-беларускага праекта FemMoz (Austausch e.V), медыя-экспертка:
У цяперашніх умовах складана казаць пра непасрэдную абарону правоў. Галоўнае, што мы можам цяпер рабіць — гэта падтрымліваць палітзняволеных жанчын.
За апошнія тры гады ўзнікла мноства беларускіх ініцыятываў, фондаў, арганізацый за мяжой, якія арыентаваныя на дапамогу палітвязням і палітвязынкам. Падтрымка і абарона правоў ажыццяўляецца разам з іншымі беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.
Непасрэдна падтрымкай жанчын, зняволеных паводле палітычных матываў, займаецца праект «Палітвязынка». Яны арганізоўваюць перадачы, падтрымліваюць дзяцей гэтых жанчын і рэпрэсаваных жанчын пасля вызвалення.
У беларусак і беларусаў няма наўпроставых унутраных інструментаў дапамогі палітвязням і палітвязынкам і іх абароны. Таму так важна, напрыклад, знаходзіць грошы на дапамогу іх сем’ям на адпраўку перадач у турмы, аплату адвакатаў, падтрымку дзяцей тых жанчын, якія знаходзяцца ў зняволенні.
Таксама важна працягваць сістэматычна нагадваць міжнароднай супольнасці пра нашыя праблемы — дыпламатам, палітыкам, СМІ, праваабарончым арганізацыям і ўсім тым, хто неабыякавы. Мы не можам перастаць змагацца за нашых палітзняволеных. Няхай гэта будуць праграмы медыцынскай рэабілітацыі або інтэграцыі ў новай краіне палітзняволеных, якія ўжо выйшлі на свабоду, і фінансуюцца рознымі краінамі. І мусіць працягвацца вонкавы ціск на рэжым. Для кагосьці з беларус_ак гэта можа падацца пустым дзеяннем, але мы ніколі не ведаем, што стане апошняй кропляй для дыктатуры ў Беларусі.
Паводле назіранняў эксперткі праекта FemMoz Насты Базар, больш за палову палітвязняў выязджаюць з Беларусі пасля адбыцця тэрміну. Пераезд у іншую краіну і так складаны працэс, а пасля досведу зняволення тым больш. Таму патрэбна падтрымка з жыллём, пошукам працы, аднаўленнем здароўя, а таксама псіхалагічная дапамога. У плане работы актуальнай робіцца магчымасць перанавучання і моўнай падтрымкі, што падвышае імавернасць знайсці працу ў новай краіне.
Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
Насамрэч, дапамога абмежаваная з прычыны таго, што паўплываць на ўмовы ўтрымання немагчыма. Але можна падтрымліваць беларусак праз іх сем’і і блізкіх. Таксама важна казаць пра тое, што сотні жанчын ужо адбылі пакаранне, многія эвакуіяваныя і знаходзяцца ва ўмоўнай бяспецы ў іншых краінах. Варта надаваць увагу сістэме рэабілітацыі, бо зняволенне ўплывае на здароўе, ментальны стан, сямейныя ўзаемаадносіны, пошук працы, легалізацыю ў іншай краіне. Усе гэтыя праблемы — гэта тое, што былыя палітзняволеныя вымушаныя вырашаць штодзённа.
На жаль, нікуды не знікае і хатні гвалт. Калі ён прысутнічаў у адносінах да затрымання, то ён будзе працягвацца і пасля, нават калі партнёры пераехалі ў іншую краіну. Былыя палітзняволеныя жанчыны вельмі баяцца звяртацца па дапамогу ў паліцыю ў такіх выпадках, баяцца прыцягнуць увагу, быць дэпартаванымі. Яны проста не ведаюць сваіх правоў.
Нам важна аказваць у тым ліку і інфармацыйную падтрымку — не даваць забывацца людзям пра тое, што адбываецца ў дачыненні да жанчын у Беларусі. Пісаць лісты, праяўляць салідарнасць. Маленькімі крокамі, але, тым не менш, трымаць гэта на парадку дня.
Тэкст: Саша Камко
Фота: Kirill Bai