«Жартавалі, што з кодам трэба быць пяшчотным, як з клітарам». Сэксізм у IT

Гендар
Обложка_сексизм_IT
5
(2)

Камусьці падаецца, што жанчынам, якія здолелі ўвайсці ў прафесіі з добрым заробкам, не пагражае махровы сэксізм на працоўных месцах. Яны ж займаюць пачэсныя пасады і працуюць сярод высокаадукаваных людзей. Тым не менш і ў IT на 8 Сакавіка ніхто не застрахуе ад цэтліка «краса калектыву».

Грашовая праца не значыць роўнае стаўленне 

Паводле дадзеных Pew Research Center, у 2023 годзе жанчыны складаюць 35% занятых у топ-10 прафесій з высокім заробкам. Побач з лічбай 13% у 1980 годзе новы адсотак выглядае прарывам, аднак жанчыны застаюцца меншасцю ў 9 з 10 гэтых сфер (выключнай стала на 61% «жаночая» сфера фармацэўтыкі). Разрыў у заробках скарачаецца дужа павольна: у 2002 годзе амерыканская жанчына ў сярэднім атрымлівала 80% таго, што зараблялі мужчыны, а праз 20 гадоў — 82%. Акрамя заробкавага разрыву жанчыны сутыкаюцца з дамаганнямі, меншай падтрымкай з боку начальства, сэксісцкімі каментарамі, у тым ліку абвінавачваннямі ў некампетэнтнасці праз тое, што яны жанчыны. Натуральна, гэта ўсё не заакіянская экзотыка. І беларускі таксама сутыкаюцца з цяжкасцямі з уладкаваннем на працу, несправядлівай аплатай, сэксісцкімі каментарамі і таксама ўпіраюцца ў шкляную столь.

Шкляная столь — метафара, якая апісвае нябачныя перашкоды для жанчын і прадстаўні_ц уразлівых груп на шляху да высокіх пасад ці дасягненняў у кар'еры. Гэта перашкоды, якія фармальна не абвяшчаюцца, але рэальна абмяжоўваюць магчымасці пэўных людзей займаць кіруючыя пасады або атрымліваць годную аплату сваёй працы.

Сфера IT (скарачэнне ад англ. «information technology», «інфармацыйныя тэхналогіі») ад пачатку была маскуліннай, і гэта не дзіўна, бо стэрэатып «тэхнічныя прафесіі — для мужчын» укаранёны ў грамадстве і цяпер. Тым не менш, трэнд змяняецца: калі ў пачатку 2000-х колькасць жанчын у IT складала 9%, то ў 2020-х лічба ўзрасла да 35%. Колькасна сітуацыя нібыта паляпшаецца, але што мы бачым унутры прасунутых офісаў? Жанчыны ўсё яшчэ ўтыкаюцца ў шкляную столь, маюць разрыў у зарплаце, сутыкаюцца з рознымі праявамі сэксізму на працоўных месцах.

Праявы дыскрымінацыі на працоўных месцах

Нягледзячы на тое што трапіць у сферу IT жанчынам прасцей, чым дваццаць гадоў таму, і ў кожн_ай, напэўна, ёсць знаёмая, якая змяніла жыццё на 180 градусаў і «ўвайшла» ў айці, насамрэч усё не так бязвоблачна. 

Жанчына сутыкаецца з сэксізмам у тэхнічнай прафесіі ад моманту, калі яна яе абрала: калі мужчынам дастаткова проста добра вучыцца ва ўніверсітэце, жанчынам даводзіцца звыш таго даказваць сур’ёзнасць сваіх намераў. Адна з гасцей ютуб-шоу «Максимально» распавядала, як выкладчык мог даць каментар у стылі «да ты ж дзяўчынка, навошта табе гэта». Для некаторых праблема становіцца праблемай яшчэ раней, бо калі ты хочаш паспрабаваць сябе ў тэхнічных кірунках, табе трэба перакрочыць праз перакананне пра «дзяўчынкі — гуманітарыі». Хоць прынамсі ў беларускі спіс забароненых для жанчын прафесій нішто айцішнае не ўваходзіць (ён сярод іншага забараняе кіраваць бульдозерам і тушыць пажары).

Як гэта потым праяўляецца ў жыцці пасля навучання:

  • цяжкасці з уладкаваннем на працу;
  • няроўная аплата;
  • розніца ва ўспрыманні і адносінах у параўнанні з калегамі-мужчынамі;
  • мізагінныя жарты;
  • сэксісцкія віншаванні і кампліменты;
  • дамаганні.

45% жанчын у сферы тэхналогій лічаць, што іх абыходзяць пры павышэнні па службе з-за іх гендару. І толькі 5% перакананыя ў тым, што маюць роўныя магчымасці для прасоўвання ў кар’еры.

У больш уразлівым становішчы жанчыны аказваюцца і падчас крызісаў. Так, паводле статыстыкі «Women in Tech», у перыяд з 2022 па 2024 год удзел жанчын у глабальнай сферы IT зменшыўся амаль на 2 мільёны чалавек. У першую чаргу гэта адбылося з-за масавых скарачэнняў у індустрыі ў посткавідны перыяд, і гендарная няроўнасць адыграла тут сваю ролю. Рэч у тым, што так званыя чысткі звычайна пачынаюцца з такіх аддзелаў, як HR, маркетынг, PR і іншых, якія лічацца ў IT непрыярытэтнымі, а менавіта ў гэтых дэпартаментах жанчыны часта і працуюць.

Аб’ектывацыя, паблажлівыя каментары, прыніжальныя жарты

Каб падмацаваць тэорыю практыкай, мы пагутарылі з Таняй [імя змененае], якая шмат гадоў працуе ў IT-сферы. Сярод яе працадаўцаў — кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай уласных прадуктаў ці аўтсорсінгам, заснаваныя ў Еўропе і Амерыцы. На шчасце, Таня не сутыкалася з жорсткімі формамі дыскрымінацыі або харасменту, але яе адказы дадалі ў гісторыю фарбаў. Бо менавіта стэрэатыпы і забабоны і ёсць першым узроўнем «піраміды нянавісці».

Піраміда нянавісці (pyramid of hate) — інструмент, распрацаваны групай амерыканскіх даследчы_ц на базе шырока вядомай піраміды патрэбнасцяў Маслоў. Піраміда нянавісці дапамагае зразумець, як невялікія акты агрэсіі, напрыклад зневажальныя выказванні, з’яўляюцца падмуркам для крайняга гвалту. Самыя жорсткія з’явы, пра якія мы чытаем у навінах, не пачынаюцца раптоўна. Яны грунтуюцца на больш дробных праявах нянавісці.
Піраміда нянавісці
З матэрыялу Human Constanta

Наша гераіня адзначае, што яе заробак не толькі не быў ніжэйшы за той, што атрымлівалі калегі-мужчыны, а наадварот: Таня магла атрымліваць і больш. Нягледзячы на гэта, яна сутыкалася з сэксізмам. Некаторыя мужчыны былі незадаволеныя тым фактам, што імі кіруе жанчына, і гэта часта праяўлялася ў сэксісцкіх каментарах і жартах.

«На інтэрв’ю напрамкі пыталі, ці планую я сям’ю і ці не сыду ў дэкрэт, а на карпаратывах некалькі разоў былі вельмі непрыемныя паводзіны з боку мужчын. Але на маёй практыцы не было абмежаванняў для росту і развіцця. Наадварот, я сутыкнулася з вялікай падтрымкай менеджменту, калі шукала курсы і патрэбная была дапамога ў стварэнні плану для развіцця», — узгадвае Таня.

Прыклады сэксісцкіх сітуацый з вопыту гераіні: 

  • Жанчын адсылалі з дрэннымі навінамі да боса, бо ён нібыта не будзе абыходзіцца з імі жорстка, выплюхваючы першую рэакцыю. «Такім чынам жанчыну выкарыстоўвалі як нейкі буфер, нібы жанчына — гэта выключна аб’ект аб’ектывізацыі, а не чалавек».
  • Хлопец не хацеў працаваць з жанчынай, якае займала вышэйшую пасаду, і таму блакаваў усе яе ідэі, займаўся мэнсплэйнінгам (то бок адпускаў паблажлівыя каментары і тлумачэнні, у якіх не было патрэбы), чым тармазіў выкананне працы. «А іншы жорстка сварыўся на агульных званках, калі я казала, што трэба рабіць. Дайшло да таго, што для нас запрасілі медыятара, а потым мы перайшлі цалкам на ангельскую мову, бо на ёй сварыцца складаней».
  • Мужчыны адпускалі фразы тыпу «З кодам трэба быць пяшчотным, як з клітарам» і мізагінныя жарты пра парнае праграмаванне (накшталт «пойдзем парнухай пазаймаемся»). «Усё гэта адчувалася непрыемна і пошла, нібы я не такая ж супрацоўніца, як і яны. Але, шчыра кажучы, такіх жартаў зараз значна менш, чым 10 год таму».
  • Нібыта адваротная сітуацыя: калі з жанчынамі паводзяцца як з хрустальным сасудам. «Мне не падабаецца, калі са мной сюсюкаюцца, як з маленькай. Напрыклад, быў выпадак, калі мне не далі скончыць думку, але гэта не было крытычнай сітуацыяй. Але той хлопец потым прыйшоў і вельмі актыўна выбачаўся, што не даў мне сказаць. Такога ніколі не адбылося, калі б я была хлопцам. Я не з шкла зробленая, і залішняя ўважлівасць да маёй асобы часам напружвае».

Таня падкрэслівае, што апошнім часам сітуацыя значна палепшылася: «На першай працы 10 год таму хлопцы жартавалі пра тое, якая ў мяне сёння бялізна, а за абедам нехта мог пакласці руку на калена. Сёння ўсё стрымана. У кампаній ёсць праграма навучання, якую ты абавязаны прайсці: яна вучыць таму, што мы — роўныя. А за пошлы жарт можна лёгка атрымаць не чаканы смех, а непавагу ад калег».

Часы замоўчвання мінулі

Нягледзячы на тое што сітуацыя паляпшаецца, сэксізм на працы — гэта ўсё яшчэ звычайная з’ява. І так, ён не абмінае нават такія месцы, як амерыканскі Капітолій. Сёлета ў студзені Крысцін Леанард, якая займала пасаду дырэктаркі па заканадаўчых і грамадскіх пытаннях у агенцтве, што адказвае за эксплуатацыю комплексу Капітолія (Architect of the Capitol, АOC), падала іск супраць былога працадаўцы. Яна абвінаваціла арганізацыю ў неправамерным звальненні. Упраўленне Кангрэса па працоўных правах мусіць разглядзець яе скаргу. Жанчына абвінаваціла AOC у «карумпаваных і несправядлівых паводзінах» на высокім узроўні, а таксама ў «сэксісцкай абстаноўцы». Асаблівасць гэтай справы ў тым, што Леанард незаконна, на яе думку, звольнілі акурат пасля спробы паведаміць пра сэксізм і дыскрымінацыю. У іску яна патрабуе выплаціць запазычанасць па зарплаце, аднавіць яе на пасадзе, а таксама кампенсаваць 300 000 долараў за нанесены ўрон.

Шкляная столь і сэксізм на працы — гэта не байкі, а сучасныя праблемы жанчын нават на самых высокіх, паважаных, грашовых пасадах. Разважаць пра канец барацьбы за роўныя правы немагчыма, пакуль існуюць спісы забароненых для жанчын прафесій, а ў прасторных модных офісах усё яшчэ можна пачуць каментар пра даўжыню спадніцы ці нізкі прафесіяналізм у дні месячных.

Змяніць сістэму вельмі цяжка, бо карані яе значна глыбейшыя, чым бачна на першы погляд. Але варта адзначыць, што з кожным годам сітуацыя паляпшаецца. Дзякуючы моцным і таленавітым жанчынам мінулага мы маем права на свой голас і адукацыю, а дзякуючы нам жанчыны будучыні будуць мець усё астатняе — прынамсі, калі знешнія абставіны не пагоршацца.


Аўтарка: Арына

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x