«Перад вамі чалавечая натура ў дзеянні: вінаваты абвінаваціць каго заўгодна, але толькі не сябе». «Паводзь сябе так, быццам ты ўжо шчаслівы, і ты сапраўды станеш шчаслівейшы». «Я смуткаваў, што ў мяне не было чаравікоў, датуль пакуль не сустрэў чалавека, у якога не было ног». Напэўна, вам даводзілася чуць гэтыя цытаты. Усе яны належаць Дэйлу Карнэгі — знакамітаму пісьменніку першай паловы ХХ стагоддзя, кнігі якога дагэтуль прадаюцца мільённымі накладамі.
Імя Карнэгі звязваюць з паняткам «пазітыўнага мыслення», які ў сваю чаргу яднае трэнінгі асабістага росту, практыкі «лайфхакінгу» і бізнэс-коўчынг. Нягледзячы на папулярнасць пазітыўнага мыслення, даследчы_цы ў галіне псіхалогіі крытыкуюць такі падыход да жыцця і лічаць небяспечным для некаторых людзей. Разбіраемся, у чым феномен пазітыўнага мыслення і чаму навукоўцы такія крытычныя наконт яго.
Пазітыўная псіхалогія vs пазітыўнае мысленне
Пазітыўнае мысленне час ад часу блытаюць з пазітыўнай псіхалогіяй. Гэтыя тэрміны маюць мала супольнага.
Пазітыўная псіхалогія — гэта галіна доказнай псіхалогіі, якая ставіць у цэнтр не псіхічныя хваробы чалавека, а падвышэнне якасці жыцця.
Да з’яўлення пазітыўнай псіхалогіі навукоўцы канцэнтраваліся на тым, каб палепшыць стан чалавека, які пакутуе ад якіх-кольвек псіхічных ці псіхалагічных праблем, і прывесці яго/яе/іх да медычнай нормы. Аднак гуманістычная псіхалогія настойвала на тым, што калі чалавеку «нармальна» — гэта яшчэ не значыць, што ён/яна цалкам задаволен_ая жыццём. Прыхільні_цы пазітыўнай псіхалогіі даследуюць тое, якія складнікі робяць чалавека шчаслів_ай і якія фактары ўплываюць на якасць жыцця.
Пазітыўнае мысленне ў сваю чаргу — гэта канцэпцыя, якую пазіцыянуюць як спосаб трансфармацыі навакольнай рэальнасці праз кантроль над уласнымі думкамі і эмоцыямі. Іншымі словамі — «змяні сябе знутры, і свет звонку цябе таксама зменіцца».
Прыхільні_цы пазітыўнага мыслення літаральна прапануюць змяняць рэчаіснасць вакол сябе пазітыўнымі думкамі, прыняццем адказнасці за ўсё, што адбываецца ў жыцці, і дасягненнем поспеху праз «правільную» ментальнасць.
Хаця пазітыўнае мысленне не мае пад сабой навуковага абгрунтавання і часта балансуе на мяжы папулярнай псіхалогіі і эзатэрыкі, яно карыстаецца вялікай папулярнасцю.
Дзе мы спаткаем пазітыўнае мысленне
Калі мы зойдзем на сайт папулярнай крамы oz.by, то ў «топе літаратуры па самаразвіцці» знойдзем шмат кніг тых самых аўтара_к, якія прасоўваюць пазітыўнае мысленне: «Шчаслівая кішэня, поўная грошай» Дэвіда Джыкандзі, «Кавярня на краі зямлі» Джона Стрэлакі, «Трансэрфінг рэальнасці» Вадзіма Зеланда і «Хачу і буду» Міхаіла Лабкоўскага.
У некаторых з такіх кніг акцэнт робіцца на псіхалогіі (далёка не заўсёды доказнай), у некаторых — на ўсходняй філасофіі, у некаторых — на базавых правілах бізнэс-менеджменту, у некаторых — на эзатэрыцы. Яднае гэтыя кнігі імкненне пераканаць чытач_ак, што калі яны будуць думаць пра добрае, візуалізаваць свае жаданні і медытаваць на іх, то поспех, без сумневаў, прыйдзе. Калі поспех не прыходзіць, значыць, візуалізацыя і медытацыя былі не дастаткова якаснымі.
Пазітыўнае мысленне даволі старая з’ява. Свой пачатак яно бярэ з філасофіі трансцэндэнталізму, якая зарадзілася ў XIX стагоддзі. Трансцэндэнталіст_кі верылі ў сілу асабістасці і імкнуліся да ўдасканальвання саміх сабе.
Тое, якія формы прыняло пазітыўнае мысленне зараз, — заслуга агрэсіўнага маркетынгу і простага дасягу да інфармацыі праз інтэрнэт.
Сацыяльныя сеткі людзей, якія пазіцыянуюць сябе як псіх_алагіні і абяцаюць навучыць увасабляць мары ў рэальнасць слушным мысленнем, маюць мільённую аўдыторыю. У прасоўванне такіх сацыяльных сетак укладаюцца вялікія сродкі, каб дацягнуцца да шырокіх масаў праз таргетаваную рэкламу, рассылкі ў асабістыя паведамленні і калабарацыі з вядомымі блогер_камі.
Аднак рэкламныя матэрыялы — не адзіная крыніца, з якой мы можам даведацца пра «трэнера_к асабістага росту», якія практыкуюць пазітыўнае мысленне і вучаць яму іншых. Такіх трэнер_ак часта крытыкуюць за тое, што яны прадаюць людзям пустыя надзеі на поспех без канкрэтыкі і якой-кольвек карыснай інфармацыі. Таму яны часта становяцца гер_аінямі мемаў, пародый і сатырычных аглядаў.
Галоўныя тэзісы пазітыўнага мыслення і што з імі не так
Калі прааналізаваць тэксты і выказванні людзей, якія прасоўваюць пазітыўнае мысленне, можна выявіць тэзісы, якія згадваюцца часцей за ўсё:
Думкі ўплываюць на рэальнасць.
У любой сітуацыі ёсць свае плюсы.
Трэба канцэнтравацца на пазітыве і пазбягаць негатыўных эмоцый.
Не трэба быць ахвярай.
Настрой вызначае рэзультат.
Толькі сам чалавек нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў яго жыцці.
Кожны з гэтых тэзісаў можна крытыкаваць з пункту гледжання класічнай псіхалогіі, кагнітывістыкі і простай логікі.
«Пазітыўны» віктымблэймінг
* Віктымблэймінг — гэта феномен, пры якім адказнасць за злачынства ці інцыдэнт часткова або поўнасцю перакладаюць на пацярпелага_ую. Гэты тэрмін часта ўжываецца ў кантэксце гвалту, дыскрымінацыі або цкавання, маючы на ўвазе, што ахвяра нібыта «сама вінаватая» праз свае паводзіны, знешні выгляд або рашэнні.
Калі паглядзець на рэчы аб’ектыўна, то тэзіс аб тым, што думкі ўплываюць на рэальнасць, слушны толькі часткова. Сапраўды, людзі дзейнічаюць суадносна са сваімі думкамі, усталёўкамі і перакананнямі. Адпаведна, думкі ўплываюць на іх дзеянні і праз гэта — на рэальнасць вакол. Аднак самі па сабе думкі (асабліва тыя, якія датычацца сфер, не кантраляваных чалавекам) на рэальнасць не ўплываюць. Праз моц думкі немагчыма кантраляваць паводзіны іншых людзей, прыродныя з’явы, выпадковы збег абставінаў. Калі прыняць тэзіс аб тым, што думкі ўплываюць на рэальнасць, без усведамлення яго абмежаванняў, то можна пачаць вінаваціць саміх сябе абсалютна ва ўсім, што адбываецца ў жыцці. Лагічны ланцужок: калі думкі вызначаюць рэальнасць, то непрыемныя падзеі — вынік маіх думак, значыць, у непрыемных падзеях вінават_ая я сам_а.
Акрамя таго, што чалавек сутыкаецца са смуткам з нагоды пэўных негатыўных падзей, ён дадаткова мусіць даваць рады пачуццю віны за тое, што «недастаткова пазітыўна думаў, і вось што з гэтага атрымалася».
У той жа кнізе Лабкоўскі піша, што існуе некаторы тып людзей, якія часцей трапляюць у аварыі. Прычым праз «псіхалогію ахвяры»:
«Ёсць статыстыка, паводле якой нават у ДТЗ часта трапляюць адны і тыя ж людзі. У сітуацыі небяспекі яны паводзяць сябе вельмі спецыфічна — загадзя здаюцца, не супраціўляюцца, падстаўляюцца, ну і атрымліваюць па поўнай. Гэта і ёсць псіхалогія ахвяры. У звычайным жыцці яны падстаўляюцца таксама».
Статыстыка па тым, што пэўныя людзі больш схільныя да таго, каб трапіць у аварыю, сапраўды існуе. Даследаванні кажуць, што гэта людзі хворыя на таксаплазмоз. Наяўнасць гэтай хваробы ў чалавека карэлюе з больш рызыкоўнымі паводзінамі за стырном. Аніякіх навуковых даследаванняў пра паводзіны людзей з «псіхалогіяй ахвяры», як і самога тэрміна «псіхалогія ахвяры» ў доказных крыніцах знайсці не атрымалася.
Акурат у гэтым праблема пазітыўнага мыслення: яно літаральна за ўсё ўскладае адказнасць на чалавека. Любая праблема — вынік таго, што ён ці яна прыкла_ла недастаткова намаганняў, не бы_ла дастаткова крытычн_ай, недастаткова шмат медытава_ла, недастаткова пазбаві_лася псіхалогіі ахвяры.
«Пазітыўнае» ігнараванне нязручных эмоцый
Ужо згаданы вышэй Міхаіл Лабкоўскі ў сваёй кніжцы «Хачу і буду», якая, без сумневаў, з’яўляецца бестсэлерам на постсавецкай прасторы, піша наступнае:
«…У вас сапраўды ўсё можа быць выдатна, калі вы ПЕРАСТАНЕЦЕ СЯБЕ шкадаваць ПРАМА ЗАРАЗ. Перастаньце неадкладна і скажыце сабе: “Гэта маё жыццё — і яно мне падабаецца”».
То бок Міхаіл Лабкоўскі пераконвае, што ў людзей усё становіцца выдатна, як толькі яны пачынаюць шчыра верыць у тое, што жыццё ім падабаецца. Тэзіс акурат з канцэпцыі пазітыўнага мыслення, і яго даволі лёгка абвергнуць, калі задаць некалькі простых пытанняў.
Калі асоба знаходзіцца ў стане дэпрэсіі, і ў яе мозгу папросту бракуе нейрамедыятараў, якія адказваюць за пачуццё задавальнення, ці яна можа быць задаволеная жыццём? Ці можа сказаная сабе фраза: «Жыццё мне падабаецца» — паўплываць на колькасць нейрамедыятараў у галаўным мозгу? Ці звязаны брак нейрамедыятараў з тым, што асоба «сябе шкадуе»?
Ігнараваць свае эмоцыі або шукаць плюсы ў сітуацыі, звязанай, напрыклад, з перажываннем страты (блізкіх людзей, звычнага ладу жыцця, сацыяльнага становішча і г.д.), запавольвае працэс гаравання, праз які неабходна прайсці, каб прыняць новую рэальнасць. Душыць у сабе пачуццё смутку, які абсалютна натуральны ў сітуацыі адаптацыі і мусіць прайсці сам праз пэўны час, — шкодная звычка. У доўгатэрміновай перспектыве чалавек можа перастаць усведамляць уласныя эмоцыі, бо забараняе самому сабе некаторыя з іх. Калі чалавек звяртаецца да псіхатэрапеўт_кі з запытам кшталту «мне вельмі дрэнна, але не разумею, што адчуваю і чаму», часцей за ўсё гаворка вядзецца менавіта пра задушаныя эмоцыі.
Тыя самыя «негатыўныя» эмоцыі, якія прапануецца прыдушваць і канцэнтравацца на пазітыве, — эвалюцыйны механізм, які неабходны чалавеку для адэкватнай рэакцыі на навакольныя ўмовы. Трывога дапамагае пазбягаць небяспечных сітуацый, гнеў — бараніць свае межы, агіда — не мець справу з чымсьці патэнцыйна таксічным. Час ад часу нам даводзіцца ісці ў небяспечныя сітуацыі нягледзячы на трывогу, бо таго патрабуюць абставіны. Або не паказваць свой гнеў, хаця мы яго адчуваем. Аднак важна прызнаваць гэтыя эмоцыі, каб адэкватна ацэньваць, што з намі адбываецца. Канешне, чалавек можа перажываць эмоцыі, якія не адпавядаюць умовам наваколля. Напрыклад, пры трывожным разладзе чалавек можа трывожыцца ў момантах, калі небяспекі няма. Аднак даць рады ментальнаму разладу дапаможа не прыдушэнне і ігнараванне трывогі, а псіха- і/або медыкаментозная тэрапія.
Ускладанне адказнасці абсалютна за ўсё, што адбываецца ў жыцці, на адну асобу не вядзе ні да чаго, акрамя неўратызацыі гэтай асобы. Аб’ектыўная рэальнасць палягае ў тым, што шмат якія рэчы мы не можам кантраляваць ані праз моц думкі, ані праз моц дзеяння.
Трывога, звязаная з невядомасцю будучыні, — адна з распаўсюджаных праблем, з якой працуюць на псіхатэрапіі. Прыняць невядомасць — складана, але больш эфектыўна, чым намагацца пракантраляваць усё на свеце. Тым больш з дапамогай пазітыўных думак.
У якасці альтэрнатывы для людзей, якія хочуць навучыцца даваць рады сваім эмоцыям і паводзінам, існуе кагнітыўна-паводзінавая тэрапія. Гэта метад тэрапіі, які мае навукова даказаную эфектыўнасць і паспяхова прымяняецца як пры тэрапіі ментальных разладаў, так і проста для падвышэння якасці жыцця.
«Пазітыўная» абыякавасць
Згодна з пазітыўным мысленнем, поспех і шчасце чалавека залежаць выключна ад я_е ўнутранага настрою, а не ад вонкавых умоў — палітыкі, эканомікі ці сацыяльнай няроўнасці. Гэтая рыторыка вельмі зручная ўладам, паколькі адводзіць увагу ад сістэмных праблем, спыняе ў зародку незадаволенасць і перакладае адказнасць з грамадства на людзей.
Сучасная прапаганда ў аўтарытарных рэжымах пераконвае людзей, што калі ў іх усё дрэнна, то гэта не пра палітычны менеджмент, а пра тое, што яны самі вінаватыя, самі індывідуальна мала намагаюцца. Як там прэм’ер РФ Мядзведзеў казаў настаўнікам? «Хочаце зарабляць — ідзіце ў бізнэс».
Пазітыўнае мысленне культывуе абыякавасць на ўзроўні соцыуму, паколькі стыгматызуе негатыў і зніжае эмпатыю да іншага: маўляў, «ты ў такой сітуацыі, таму што недастаткова пазітыўны», або таму што «ў цябе сіндром ахвяры». Але настаўніца ў сельскай школе ці пенсіянер сутыкаюцца з беднасцю не таму, што не думалі пазітыўна, а з-за сістэмных праблем эканомікі. І гэта праблема, якую не вырашыць пазітыўнымі ўстаноўкамі.
У выніку замест таго, каб змагацца за роўнасць ці справядлівасць, нам прапаноўваюць засяродзіцца на тым, каб «пазітыўна думаць», нават калі гэтыя праблемы абумоўленыя знешнімі прычынамі. Але калі кожны засяроджаны на сабе, гэта аслабляе калектыўнае ўзаемадзеянне. Людзі менш аб’ядноўваюцца для барацьбы з несправядлівасцю, менш удзельнічаюць у грамадскіх рухах, валанцёрскіх ініцыятывах, бо іх энергія ідзе на ўнутраную «псіхалагічную працу».
Як не трапіць у пастку пазітыўнага мыслення
Нават некаторыя з псіхатэрапеўта_к, якія практыкуюць доказныя метады, могуць даваць катэгарычныя ацэнкі і трансляваць канцэпцыі з пазітыўнага мыслення. Таму варта заставацца крытычнымі нават маючы справу з асобай, у яко_й ёсць адпаведная адукацыя і клінічная практыка. Любыя катэгарычна выказаныя тэзісы варта праверыць на адпаведнасць простым прычынна-выніковым сувязям.
Можна паспрабаваць тую ж праверку тэзісаў, якая была прыведзеная вышэй. Напрыклад, псіхатэрапеўт_ка сцвярджае, што думкі ўплываюць на рэальнасць. Паспрабуйце адказаць сабе на некалькі пытанняў кшталту:
Ці заўсёды гэта так?
У якіх сітуацыях думкі не ўплываюць на рэальнасць?
Дзе тая мяжа, калі думкі перастаюць уплываць на рэальнасць?
Таксама трэба звярнуць увагу, калі асоба, якая пазіцыянуе сябе як псіхатэрапеўт_ка, пачынае ўжываць тэрміны і практыкі, блізкія хутчэй да эзатэрыкі, чым да псіхалогіі. Некаторыя людзі ў сваёй працы ўжываюць калямагічныя практыкі ўплыву на рэальнасць, развіццё спірытуальнасці і даследаванне «законаў сіл космасу». Аднак такая праца не з’яўляецца псіхатэрапіяй.
Што замест? Самаспачуванне і якасць жыцця
Як альтэрнатыва пазітыўнаму мысленню, якое татальна ўскладае адказнасць на чалавека і забараняе «шкадаваць сябе» і адчуваць што-кольвек акрамя радасці, псіхатэрапеўт_кі прапануюць канцэпцыю самаспачування. Гэты навык дапамагае прымаць свае пачуцці і думкі без крытычнай ацэнкі.
Самаспачуванне аднак не патрабуе адмовіцца ад якой-кольвек працы над сабой. Наадварот, прынамсі, каб пачаць прымаць думкі і пачуцці, трэба навучыцца іх усведамляць.
Як паказалі даследаванні псіхалагіні Крыстын Нэф, практыкі самаспачування падвышаюць задаволенасць жыццём у людзей, якія іх рэгулярна выконваюць. То-бок людзі дасягаюць шчасця і ўсталявання дабрабыту не праз прыдушванне ўласных эмоцый у спробе паўплываць на сусвет сваімі думкамі, а праз добрае стаўленне і клопат пра сябе.
Адна з самых папулярных практык самаспачування, якую рэкамендуюць псіх_алагіні, — стаўленне да сябе, як да лепшага сябра. Перш чым пачаць вінаваціць сябе за нешта, варта ўявіць, як бы вы паводзілі сябе з лепш_ай сябр_оўкай, як_ая трапі_ла ў такую самую сітуацыю. Абсалютная большасць людзей не крытыкуе і не прыніжае сваіх блізкіх, калі тыя зрабілі памылку і шкадуюць пра гэта, а падтрымліваюць і прапануюць дапамогу ў вырашэнні праблемы. Такі самы падыход варта практыкаваць і датычна саміх сабе.
Таксама псіх_алагіні заахвочваюць людзей, якія пакутуюць ад празмернай самакрытыкі, весці дзённікі, каб аналізаваць уласныя перажыванні. Зняцэніць тое, што сфармулявана ў сказы і запісана на паперу, унутранаму крытыку нашмат больш складана.
У практыцы самаспачування варта не забывацца на самаклопат. Асабліва гэта важна для тых людзей, якія самі занятыя ў дапамозе іншым. Напрыклад, візіт да лекар_кі, прыемныя касметалагічныя працэдуры і проста рэгулярны адпачынак, які прыносіць задавальненне, не варта адкладаць як нешта няважнае, чым можна заняцца пазней.
Рабіць сабе «маленькія прыемнасці» — адзін з найбольш эфектыўных «лайфхакаў», які дапамагае падвысіць узровень шчасця, да якога, урэшце, усе акурат і імкнуцца.
Дар’я Гардзейчык
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.