«Калі кажу па-опальску, адчуваю сябе жанчынай, якая можа каму заўгодна сказаць усё што заўгодна»: размова з беларускай пісьменніцай пра мову

ІнклюзіяАсобы
Обложка_мова
5
(9)

Вольга Аполька называе сябе амбасадаркай Палесся ў Новай Зеландыі і вядзе інстаграм-блог, дзе размаўляе на мове роднай вёскі Опаль. Сёлета пад псеўданімам Голя з Ополя яна выпусціла кнігу на роднай «мікрамове». «Мое баба — Діректор морга» — напаўнепрыдуманая гісторыя пра палескую бабулю, якая ведае ўсё пра тое, як правільна пахаваць чалавека, і таму да яе звяртаюцца ўсе людзі на вёсцы і ў аколіцах. Мы паразмаўлялі з Вольгай пра адносіны да розных моваў у Беларусі, пра важнасць захавання лакальных адметнасцяў і асаблівасцяў гаворкі, пра складанасці перакладу палескай інтанацыі, а таксама пра вартыя пераймання моўныя практыкі ў Новай Зеландыі.

«Усе дзякавалі за тое, што мова жыве»

— Зараз я знаходжуся ў фазе прыняцця сваіх рэзультатаў: таго, што я зрабіла, і таго, што гэта зрабіла я. Раней, калі я ўпершыню пабачыла фізічную кніжку, у мяне былі эмоцыі радасці і ўзрушання, але я не магла паверыць, што гэта са мной адбываецца. Калі эмоцыі паастывалі, з’явіўся нават гонар. Я ганаруся тым, што ў мене атрымалася гэта зрабіць. Мяне ўсцешыла зваротная сувязь, каментары. Некаторыя людзі пасля таго, як прачыталі кніжку, дасылалі галасавыя паведамленні, і ў гэтых паведамленнях яны ад хвалявання плакалі. Я, канешне, плакала разам з імі.

На прэзентацыю кнігі ў Варшаве завітала даволі многа людзей родам з Палесся: хто з Гомеля, хто з-пад Пінска, хто з-пад Століна, і так далей. Усе яны дзякавалі за тое, што мова жыве і што кніга напісаная менавіта на гэтай мове. Яны вельмі радаваліся, што могуць у думках вярнуцца да ўспамінаў пра сваіх бабуль ці пра свае мясціны ўвогуле.

Пытанняў пра тое, чаму кніга напісана на такой мове, няма. Наадварот, ёсць падзяка за тое, што напісана менавіта на такой мове. Кажуць, што трэба працягваць у гэтым кірунку. Але я не ведаю, ці буду, бо гэта была асобная гісторыя, якая вылілася, а далей, каб працягваць пісаць па-опальску, трэба ці быць у вёсцы і чуць іншыя гісторыі, ці нешта выдумляць самой, а выдумляць я не хачу. Хочацца ствараць максімальна падобнае да жыцця.

«З мамай размаўляла па-руску, а яна мне адказвала па-свойму»


— Я адразу ведала, што кніга павінна быць на палескай мове, бо калі яе перакласці, то згубіцца асабісты характар палескіх людзей. Праз іншую мову я не змагу перадаць ні іх жарты, ні іх стаўленне да жыцця і да смерці. У мяне было пытанне, ці ўстаўляць нейкія «словы аўтара» па-беларуску, але потым я падумала, што ў маёй вёсцы няма ніякай «лірыкі». Там усё — жыццё. Вы пагаварылі — і пайшлі працаваць. Там ніхто не сядае і не назірае за тым, як прыгожа цямнее неба. Таму я вырашыла, што «лірыкі» не будзе, а будуць збольшага дыялогі.

Ёсць персанажы, якія размаўляюць па-руску. Рэч у тым, што звычайна, калі ты прыязджаеш у райцэнтр і размаўляеш з чалавекам, які працуе ў горадзе, ён з табой будзе гаварыць па-руску. Хаця ўсе гэтыя людзі выйшлі з вёсак. Яны, можа, нават жывуць у суседніх вёсках і ездзяць на аўтобусе ў райцэнтр працаваць. Але, калі ты да іх звяртаешся, яны гавораць з табой па-руску, бо зараз яны — з гораду. Я вырашыла, што гэта трэба паказаць таксама: што тыя ж самыя людзі, якія разумеюць палескую мову сто працэнтаў і размаўлялі ці размаўляюць на ёй дома, праз тое, што яны зараз гарадскія, мусяць размаўляць па-руску — «як усе адукаваныя людзі».

Калі я паступіла ва ўніверсітэт і прыехала ў Менск, то першым часам нікому не заікалася пра тое, што ведаю нейкую іншую мову. Я размаўляла па-руску і толькі па-руску. Нават калі тэлефанавала маме, я з ёй размаўляла па-руску, а яна мне адказвала па-свойму. Потым, калі я ўжо скончыла ўніверсітэт, падумала: «Што я выдумляю?» — і пачала з мамай размаўляць нармальна. Але так, спачатку было жаданне ўліцца ў новую суполку сяброў і «быць сваёю». Ну і, канешне, гэты стэрэатып, што калі «гэ» сказала — усё, ты неадукаваная і другі гатунак. У мяне рэальна было апасенне: раптам падумаюць, што я нейкая не такая, як усе.

Думаю, гэта працуе на многіх узроўнях. Праз тое, што дзяржаўнай мовай прынятыя руская і беларуская і ў большасці сваёй людзі ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца рускай мовай, то падаецца, што, калі ты добра вучылася ў школе, ты нібыта мусіш нармальна размаўляць па-руску, граматна карыстацца словамі гэтай мовы. Гэта першы ўзровень — дзяржаўны. Потым ідуць розныя сацыяльныя прычыны.

Калі чуеш на вуліцы: «О, з вёскі нейкая!» — гэта моцна па табе б’е.

І калі цябе з розных бакоў і на розных узроўнях прыніжаюць — ты пачынаеш думаць, што, напэўна, гэта з табой нешта не так.

З самой вёскі гэта ідзе таксама, бо ў людзей, якія там жывуць, няма гонару за мову, на якой яны размаўляюць. Для іх яна «ну вось так кажам» і ўсё. Ёсць адзінкі, якія разумеюць, што гэта іх унікальнасць, адрознасць ад усёй Беларусі, асобая культура, якую трэба захоўваць і шанаваць. Але ў большасці людзі не разумеюць, чым тут можна пахваліцца, раз яно нават у кніжках не прапісанае і ніякіх правілаў не мае.

Мая мама да гэтай пары не разумее, чаму я раблю свой блог і хто мяне там чытае. Калі я напісала кніжку на опальскай мове, яна спытала: «А што, некаму гэта цікава?» Думаю, людзі з вёскі самі прыніжаюць сваю ўнікальнасць. Але ж і для мяне толькі зараз даходзіць, настолькі гэта крута, што ты з нейкага месца, адкуль вакол цябе нікога няма. А тады, калі я ва ўніверсітэт паступіла, то, як і ўсе, адразу змяніла лакацыю ў сацсетках на «Менск».

Иллюстрация_Полесье

«Зразумела, што вясковыя людзі не мусяць размаўляць, як героі Шэкспіра»

— Перад публікацыяй кнігу прычыталі некалькі чалавек, якія выраслі не на Палессі і заўжды былі рускамоўнымі людзьмі, хоць ведаюць таксама беларускую мову. І быў ад іх фідбэк, што паколькі мова спецыфічная, то яна цябе нібыта ахінае, і ты ў гэтую кніжку пагружаешся цалкам. Калі ж чытаеш па-руску, то на бэкграўндзе ўсё роўна пра нешта думаеш. А тут, па-першае, трэба быць вельмі засяроджаным на кожным слове, бо іначай не зразумееш сэнсу, а па-другое, праз унікальнасць мовы ты нібыта трапляеш у яе прастору, і гэта крута.

З перакладам на англійскую мову цікавая выйшла гісторыя. У мяне была ідэя зрабіць кніжку двухмоўнай, каб несці опальскую культуру не толькі ад беларусаў беларусам, а яшчэ і ад беларусаў усяму свету. Паўстала пытанне: як перакладаць кнігу, каб не згубіць эмоцыю? Зразумела, што вясковыя людзі не мусяць размаўляць, як героі Шэкспіра. Не падыходзіў і варыянт з англійскімі дыялектамі ці піджынам (англійскай з каланізаваных краін), бо эмоцыя тут дакладна была б чужая. Думала ўжо адмаўляцца ад ідэі перакладу, але мне параілі скантактавацца з беларускай пісьменніцай Вольгай Касцюк. Я знайшла яе на Facebook — і бачу, што яна таксама жыве ў Новай Зеландыі і яна таксама з Палесся! Воля раней не перакладала кніжкі, але пісала невялічкія апавяданні і на беларускай, і на трасянцы, і на сваёй палескай, і на англійскай. І вось, калі Воля піша шорт-сторыс на англійскай, яна піша іх дэкаланіяльным пісьмом. Гэта значыць, што яна можа не перакладаць усе словы, а транслітараваць іх — як яны пішуцца, так і даваць. Каб чытач сам потым паглядзеў пераклад, але, чытаючы кнігу, ён бачыў словы, якімі яны існуюць у рэальнасці.

Воля пагадзілася адаптаваць мой пераклад на англійскую, і ў выніку атрымалася нешта вельмі крутое. Яна выкарыстала два падыходы. Па-першае, некаторыя словы пакідала такімі, як ёсць, не перакладаючы, а па-другое, давала іх з транслітарацыяй на беларускую лацінку. Спецыяльна для англамоўнага чытача дадала, як у беларускай лацінцы чытаюцца гачкі, з прыкладамі на англійскіх словах. Потым адна новазеландка казала, што калі чытала кніжку, то нібы чула, як я гэта ўсё распавядаю.

Вольга падзялілася са мной прыкольнай гісторыяй. Калі яна ўпершыню пераклала сваё апавяданне, то дала знаёмай новазеландскай пісьменніцы вычытаць і паправіць англійскую мову. Зранку тая ёй патэлефанавала і кажа: «Вольга, у мяне ўчора была вельмі цікавая размова з мужам. Ён запытаўся, што я раблю, і я адказала, што праўлю Вользін тэкст. І ён сказаў: “Табе не здаецца, што ты займаешся каланізацыяй Вользінага тэксту?”» І яна толькі крыху парадаў дала, сказала, што тэкст добры і не трэба перакладаць яго на «высокую» літаратурную мову, нейкія словы можна пакідаць такімі, якія яны ёсць. Пасля гэтага ў Вольгі нарадзіўся дэкаланіяльны падыход у працы з тэкстамі.

«Калі па-англійску размаўляю — асобых эмоцый няма»

— Сваю опальскую мову я падтрымліваю ў тэлефонных размовах з мамай. Другі рэсурс — мой блог. Калі я доўга не размаўляю з мамай і трэба нешта запісаць у блог, то магу забыць нейкія словы і потым сяджу, успамінаю, перазапісваю. Мая матывацыя ў гэтай справе — людзі. Мне падабаецца мая аўдыторыя, яны вельмі адкрытыя і не скупыя на лайкі, каментары, падзякі. Унутраная матывацыя таксама ёсць, бо мне падабаецца гэта рабіць.

Калі я кажу па-опальску, я адчуваю сябе жанчынай, якая можа каму заўгодна сказаць усё што заўгодна; у яе на ўсё ёсць сваё меркаванне; яна ўпэўненая і шмат жартуе. Калі па-англійску размаўляю — асобых эмоцый няма. Не кранае.

Маё ўлюбёнае опальскае слова — «тобойто», азначае прыкладна «я з табой згодная». Яшчэ падабаецца «абэшчо» — падобнае да «абы-што», але са сваім налётам. І вельмі люблю «Ны мішейся до бабай». Гэта кажуць, напрыклад, калі нейкія жанчыны размаўляюць і да іх нейкі мужчына падыходзіць і ўстаўляе свае пяць капеек: «Ны мішейся до бабай!»

Вельмі важна захоўваць малыя мовы, асабліва ў наш час, калі ў Беларусі іх не падтрымліваюць і ўсё менш імі карыстаюцца.

І калі нехта ведае адну з такіх моваў і яму хапае таленту нешта запісаць, варта гэта рабіць. Важна, каб рэгіянальныя асаблівасці фіксаваліся на пісьме, а не толькі перадаваліся з вуснаў у вусны, бо, на жаль, бабулі паміраюць, людзей у вёсках становіцца менш. Да таго ж мовы змяняюцца, і новыя пакаленні гавораць ужо не так, як гаварылі бабулі.

Праз тое, што гэтыя мовы ніколі не былі запісаныя, у іх няма правіл, і бывае цяжка прыдумаць, як жа іх запісаць. Але насамрэч, як ні запішы, заўжды знойдзецца нехта, хто пахваліць працу, і нехта, хто скажа, што зроблена дрэнна. Таму галоўнае — прадумаць свой падыход і яго прытрымлівацца. Першы прынцып у мяне быў «запісваць так, як чуецца». Другі — «старацца, каб адны і тыя ж словы ці адны і тыя ж карані былі напісаныя аднолькава».

«Калі ёсць у краіне нейкая ўнікальнасць, трэба яе захоўваць»


— Зараз у Новай Зеландыі вельмі ўшаноўваюць мясцовую мову маоры. Гэтая мова даўно задакументаваная. Свабодна размаўляць на ёй умеюць не шмат людзей, але яе абавязкова вучаць у кожнай школе ўсе. У публічных прасторах паўсюль спачатку будуць казаць на маоры, потым па-англійску, розныя подпісы даюць спачатку на маоры, потым на англійскай. Недзе 70% кніжак на паліцах будуць кніжкі на маоры. Любы івэнт — музычны фестываль, арт-фестываль, адкрыццё выставы, палітычная прамова — пачынаецца хаця б з уводных фраз на маоры. То-бок ёй пранізаная прастора, і яе намагаюцца прасоўваць больш.

Дваюрадная сястра майго мужа слухае шмат мясцовых бэндаў і ўводзіць мяне ў свет мясцовай музыкі. Я хадзіла на канцэрты музыкаў, якія пяюць на маоры, — гучыць крута.

З улікам маёй гісторыі мне гэта падабаецца, бо так адбываецца дэкаланізацыя мовы і краіны. Але тут шмат спрэчак на гэты конт. Па-першае, некаторыя людзі яшчэ не прызвычаіліся, а па-другое, белыя новазеландцы часта кажуць, што яны тут нарадзіліся і нікога не каланізавалі. Цікава паслухаць і адных, і другіх. Але я лічу бягучы падыход правільным, бо калі ёсць у краіне нейкая ўнікальнасць, трэба яе захоўваць.


Аўтарка: Марыя Пархімчык

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 9

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x