Самае карыснае ад Іншых за 2025 год: анлайн-квіз, гісторыі людзей, даследаванне і шмат чаго яшчэ

ИнклюзияГендерПрава человекаЭкология
Справаздача ІншыЯ 2025
5
(1)

У гэтым артыкуле мы дзелімся з вамі вынікамі нашай працы ў 2025 годзе. Навошта яго чытаць? Прынамсі таму, што шмат таго, што мы зрабілі ў 2025 годзе, будзе карысна вам і цяпер. І калі гэта нейкім чынам вас абмінула — трэба гэта тэрмінова выпраўляць!

Чытайце, вывучайце і забірайце ў сваю працу і жыццё. А калі хочаце цалкам азнаёміцца з вынікамі нашай працы за 2025 год — глядзіце поўную справаздачу.

Распавялі 30+ гісторый людзей пра розны жыццёвы досвед

Сярод іх — жанчыны, людзі з ВІЧ, ЛГБТК±персоны, палітвязні, нейраадрозныя і невідушчыя людзі ды іншыя. У сваіх гісторыях нашы героі і гераіні расказваюць, як будуюць стасункі, даюць рады цяжкасцям, адаптуюцца да жыцця ў Беларусі і ў эміграцыі, а таксама пра тое, што дае ім сілы і падтрымку.

Усе інтэрв’ю чытайце на нашым сайце, а тут дзелімся выбарам рэдакцыі за 2025 год:

  1. «Зрабіце ўсё магчымае, каб даць майму сыну дазвол на пераход». Марыя пра прыняцце свайго трансгендарнага дзіцяці
  2. «У турме кім я толькі ні быў»: Акіхіра пра беларускую талерантнасць і сваю маладосць за кратамі
  3. «Калі б не ВІЧ, я не стаў бы тым, хто я ёсць цяпер»: Максім — пра страхі, любоў і пошукі сябе
  4. «Цемнаце можна давяраць», — Яўген Брыцько пра жыццё невідушчага чалавека ў эміграцыі
  5. «Я скраў у жонкі 20 гадоў жыцця»: гісторыя Сяргея, які зрабіў камінг-аўт у 43 гады

За 2025 год наш сайт наведалі больш за 92 000 разоў, а нашы матэрыялы перадрукоўвалі такія медыя, як Салідарнасць і Еўрарадыё. Дзякуючы гэтаму гісторыі людзей і іншыя важныя тэмы дасягнулі яшчэ большай аўдыторыі.

Запрашаем і вас чытаць нашы артыкулы і дзяліцца імі з блізкімі. А яшчэ нагадваем: калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, нашы артыкулы можна чытаць і без VPN.

Самыя папулярныя матэрыялы 2025 года — не толькі інтэрв’ю!

  1. Мізагінны слюр: незаўважная нянавісць да жанчын
  2. «Навязваюць свой лад жыцця» і яшчэ пяць міфаў пра вегана_к
  3. У Беларусі прыняты новы закон аб адказным абыходжанні з жывёламі. Разбіраемся, што з ім не так
  4. «Мы — не нашыя дыягназы»: Лея — пра жыццё з памежным разладам асобы
  5. Чаму засцерагацца — усё яшчэ «жаночая справа»?

Запусцілі ІншыКвіз: гуляем і разбураем стэрэатыпы разам

У 2025 годзе мы выпусцілі два цалкам беларускамоўныя квізы на YouTube пра роўнасць і недыскрымінацыю.

З аднаго боку, атрымалася займальная гульня на эрудыцыю, а з другога — адкрытая размова на самыя складаныя і часам нязручныя тэмы.

У гэтым квізе вы даведаецеся пра натхняльных жанчын-зорак, якія па-за межамі асноўнай працы займаюцца актывізмам. А таксама мы разам звернемся да каранёў сэксізму і разбяромся з нечаканымі стэрэатыпамі.
А тут мы пагаворым пра гісторыю барацьбы за роўнасць, адгадаем знакамітасцяў па фактах, паслухаем музыку пра моцных жанчын, разбяромся ў кіно і стэрэатыпах, а таксама праверым інтуіцыю ў бліц-туры.

Але што мы ўсё распавядаем — глядзіце (і гуляйце!) самі: з сяброўкамі і сябрамі або самастойна!

А яшчэ мы зрабілі для ІншагаКвіза асобны TikTok
там вы знойдзеце самыя яскравыя моманты, тлумачэнне адказаў, бонусныя пытанні. Далучайцеся!

Апублікавалі карысныя чэк-лісты для арганізатара_к мерапрыемстваў

Арганізатаркі мерапрыемстваў, усе сюды!

Нават калі інклюзія не з’яўляецца вашай асноўнай тэмай, усё роўна класна рабіць мерапрыемствы камфортнымі і прыязнымі для ўсіх удзельніцаў. Таму мы стварылі на сайце бібліятэку карысных матэрыялаў і дадалі туды чэк-лісты для арганізатара_к. Карыстайцеся!

Хочаце дадаць у бібліятэку матэрыял, якога тут яшчэ няма? Напішыце нам на пошту [email protected], і ён хутка з’явіцца ў бібліятэцы!

Правялі даследаванне і высветлілі, як медыя і НДА могуць узаемадзейнічаць эфектыўней і разам змяняць свет да лепшага

У жніўні — верасні 2025 года сумесна з Razam e.V. пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў мы зладзілі даследаванне «Як (не) супрацоўнічаюць медыя і арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС): патрэбы, механізмы і прычыны».

Мы правялі 14 глыбінных інтэрв’ю і атрымалі 70 адказаў на анлайн-анкету. Вось некаторыя вынікі:

  • Усім даводзіцца працаваць у дэфіцыце рэсурсаў. У АГС часта няма асобных супрацоўніц або бюджэту для камунікацыі з медыя, а медыя не маюць магчымасці паглыбляцца ў спецыялізаваныя тэмы праз абмежаваны час і дэфіцыт супрацоўніц.
  • Медыя разглядаюць супрацоўніцтва з АГС як магчымасць атрымаць доступ да экспертак (80%) і знаходзіць цікавыя асабістыя гісторыі (75%). І гэта стварае win-win сітуацыю: тут патрэбы медыя супадаюць з тым, што могуць прапанаваць АГС.
  • Асноўныя фактары паспяховага супрацоўніцтва: асабістыя кантакты, актуальнасць тэм, наяўнасць публічных экспертак і спікера_к, а таксама праактыўнасць АГС.
  • І што вельмі цешыць: больш за 70% АГС і медыя зацікаўленыя ў развіцці супрацоўніцтва паміж сабой.

Больш падрабязна пра галоўныя складанасці і карысныя парады, што нам з усім гэтым рабіць, чытайце ў артыкуле на сайце ці ў поўным даследаванні.

Развівалі лакальную супольнасць у Вільнюсе

Мы ведаем, як складана можа быць у эміграцыі, таму ў 2025 годзе шмат працавалі з беларус_камі ў Вільнюсе. Каб людзі маглі наладжваць новыя сувязі і падтрымліваць адны адных, мы правялі 11 мерапрыемстваў, якія наведала больш за 100 чалавек.

Што мы рабілі? Знаёміліся на беларускамоўных нэтворкінгах, гулялі ў квіз, стваралі калажы і рыхтавалі мапу жаданняў на 2026 год.

Калі вы ў Вільнюсе, ведайце: мы працягваем арганізоўваць івэнты і ў 2026 годзе. Усе анонсы выходзяць у нашым тэлеграм-канале «Іншы Вільнюс». Пабачымся!

Планы на 2026 год

Фінансаванне ў 2025 годзе і, на жаль, у 2026 годзе значна зменшылася. Гэта прымусіла нас скараціць аб’ёмы дзейнасці (але не колькасць працы!), перабудаваць каманду і распрацаваць новую стратэгію на 3 гады.

Але нягледзячы на ўсе складанасці, мы маем надзею на рэалізацыю нашых планаў. І вось што мы задумалі:

  1. Мы будзем працягваць нашую працу з валанцёркамі, каб больш моладзі атрымала магчымасць паспрабаваць сябе ў актывізме. Далучайцеся!
  2. У сакавіку — чэрвені зладзім адукацыйна-ментарскі курс для беларусак «Базавы мінімум: навыкі, якія працуюць на цябе».
  3. У красавіку рыхтуем ужо трэці Форум All Inclusive, каб абмеркаваць бягучы стан спраў у сферы інклюзіі і як мы можам на яго ўплываць.
  4. На восень ужо задумалі паўтарыць наш улюбёны базавы курс для арганізатара_к мерапрыемстваў «Рабі смела!» у афлайн-фармаце.
  5. Плануем развіваць і прасоўваць базавы анлайн-курс для самастойнага навучання «Курс на каштоўнасці» і нашую адукацыйную платформу.
  6. У Вільнюсе штомесяц запланавалі правядзенне цікавых імпрэзаў для супольнасці. Далучайцеся да канала ў тэлеграме «Іншы Вільнюс», каб не прапусціць анонсы!
  7. Будзем рыхтаваць новыя выпускі інтэлектуальнай гульні ІншыКвіз.
  8. Таксама на працягу года ў нас запланаваны выхад розных матэрыялаў на тэмы роўнасці і недыскрымінацыі як на нашым сайце, так і ў Instagram, Telegram і TikTok. Падпісвайцеся на нас, каб не прапусціць карысныя матэрыялы!

Да сустрэчы на мерапрыемствах і ў анлайн-прасторы!

Як нас падтрымаць

дайджест_возможности поддержки

Калі вам блізкія нашыя каштоўнасці і падабаецца тое, што мы робім, вы можаце падтрымаць нас рознымі спосабамі. Проста знайдзіце свой!

1. Зрабіце данат

Выдатны спосаб сказаць нам дзякуй — падтрымаць нас разава або штомесячнай падпіскай на любую суму на сайце арганізацыі. А калі вы рэзідэнт_ка Літвы, то штогод вы можаце пераводзіць нам да 1,2% сваіх падаткаў.

2. Далучайцеся да валанцёрскай каманды

У нас магчыма валанцёрыць! Вашыя навыкі могуць дапамагаць прасоўванню роўнасці, інклюзіі і недыскрымінацыі.

3. Лайк, каментар, рэпост, падпіска!

Вашыя дзеянні ўплываюць на алгарытмы сацсетак. Праз вашую актыўнасць нашыя публікацыі ўбачыць большая колькасць людзей. Падпісвайцеся на нас у TikTok, Instagram і Telegram.

4. Чытайце і дзяліцеся спасылкамі

На сайце theothersby.org вы можаце знайсці шмат карыснай інфармацыі на тэму роўнасці і інклюзіі. Не забывайцеся дзяліцца ёй з іншымі!

5. Прыходзьце!

Наведвайце нашыя мерапрыемствы самі і прыводзьце знаёмых. Мы ладзім іх для таго, каб свет рабіўся лепшым. А гэта значыць, што калі вы прыходзіце на нашыя мерапрыемствы, то такім чынам дапамагаеце нам мяняць гэты свет!

6. Падпішыцеся на навіны! 

Так вы не прапусціце новыя анонсы і артыкулы, а мы будзем разумець, што нашая дзейнасць цікавая для вас. Лісты прыходзяць 1-2 разы на месяц.

7. Гаварыце!

Раскажыце пра нашую працу сваім знаёмым. У складаныя часы «сарафаннае радыё» з’яўляецца выдатным спосабам распаўсюджвання інфармацыі!

8. Дапамагайце pro bono!

Калі вы маеце крутыя прафесійныя навыкі, якімі хочаце разава дапамагчы нашай арганізацыі, то мы будзем вельмі радыя вашай падтрымцы.

Сердечки

Дзякуем вам за любую падтрымку і дапамогу! Мы вельмі шануем вас і дзякуючы вам працягваем сваю працу!

Насколько публикация полезна?

Нажмите на звезду, чтобы оценить!

Средняя оценка 5 / 5. Количество оценок: 1

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць