Обложка_тревел-блогинг-статья
4.7
(6)

У эпоху лаўкостараў і каўчсёрфінгу падарожжа можа сабе дазволіць не толькі венецыянскі купец Марка Пола. Сацыяльныя сеткі папаўняюцца допісамі пра падарожжы ў чужыя краіны штосекунду. Інтэрнэт распавядзе ўсё: дзе пасяліцца, што паглядзець, якія мясцовыя стравы пакаштаваць і як сказаць «дзякуй» на тысячы моў. Не ўсе над гэтым задумваюцца, але матэрыялы пра падарожжы могуць уплываць на тое, як жыхар_кі розных месцаў, прадстаўні_цы розных рас, этнасаў і супольнасцяў успрымаюцца ў свеце. І калі вам хочацца расказваць пра свае падарожжы этычна і не шкодзіць людзям, у чыё жыццё вы зазірнулі выпадков_ай госц_яй, гэты матэрыял можа дапамагчы.

Базавыя налады этычн_ай падарожні_цы

Трэба разумець, што падарожжы даступныя не ўсім

Пачнём са скетча пра багатую сяброўку, якая ўвесь час падарожнічае (даступныя субтытры з аўтаперакладам):

Тыпаж гратэскавы, але пазнавальны. На жаль, не ўсе людзі ўсведамляюць, што яны бягуць жыццёвы марафон у больш камфортных умовах, чым іншыя. Адгэтуль узнікае ідэя, быццам падарожнічаць могуць усе, і толькі вузкасць поглядаў і лянота не дазваляюць некаму вырвацца са сваіх кватэр і адкрыць сэрца насустрач уражанням. «Ідзі за марай — і Сусвет табе аддзячыць!» — скажа такая сяброўка са скетча. Тым часам авіяпералёты, гатэлі, экскурсіі, рэстараны — гэта ўсё яшчэ раскоша для большай часткі насельніцтва планеты. І яшчэ большая раскоша — час, які на падарожжы трэба выдаткаваць.

Для кагосьці падпіска на трэвэл-блогі і такіх сябровак ці сяброў — адзіная магчымасць даведвацца пра іншыя краіны. Калі трымаць гэта ў галаве, то камунікацыя з чытач_камі робіцца больш асцярожнай і чалавечнай.

А яшчэ важна не навязваць падарожжы як адзіны спосаб самаразвіцця: маўляў, калі чалавек не падарожнічае, то з ім_ёй няма пра што гаварыць. Ёсць мноства прычын, чаму чалавек абірае не ездзіць у іншыя гарады і краіны — і кожная з іх нармальная і не характарызуе яе_яго як гультаяват_ую ці адстал_ую.

Важна азнаёміцца з гістарычным кантэкстам

Прафесарка Ану Таранат у кнізе «Beyond Guilt Trips: Mindful Travel in an Unequal World» кажа пра тое, як шырока сярод турыст_ак распаўсюджана меркаванне, быццам гісторыя знаходзіцца ў мінулым і адзінае, што мае значэнне, — гэта сучаснасць. Умоўна кажучы, не важна, што там было пры мангольскім нашэсці, зараз тут McDonald’s. Такая памылка тоіць у сабе небяспеку, і каб яе пазбыцца, Ану прапануе «навучыцца глядзець на свае падарожжы больш свядомым і ўніклівым позіркам, позіркам, які адзначае, што шнары гісторыі леглі шмат на кім з нас і пранізваюць сённяшнія стасункі ўнутры краін і паміж рознымі рэгіёнамі свету». 

Перад кожным падарожжам не лішнім будзе даведацца пра гэтыя «шнары» больш. Зусім няшмат часу, праведзенага ў Вікіпедыі, — і натуральным чынам адпадзе жаданне называць Шры-Ланку Цэйлонам, М’янму — Бірмай, а краіны Балтыі — Прыбалтыкай. Свае назвы краіны і рэгіёны змяняюць па розных прычынах: напрыклад, Турцыя прасоўвае напісанне Türkiye замест Turkey, каб пазбавіцца сугучнасці з індычкай (ангел. turkey), а Македонія ператварылася ў Паўночную Македонію, каб трапіць у Еўразвяз. Але часта змены назвы звязаныя з трагічнымі старонкамі гісторыі, і да гэтай памяці варта выказваць павагу.

Падрабязней аб тым, як слушна называць краіны, можна пачытаць на партале 34travel. Мясцовым такая акуратнасць дакладна будзе даспадобы. 

Лепш пазбягаць абагульненняў і не экзатызаваць іншых 

Нават калі падарожні_ца не выкарыстоўвае мову варожасці, яе_яго словы могуць ліць ваду на млын ксенафобіі. Гэта нярэдка адбываецца ў тым выпадку, калі норавы, звычаі і выгляд іншых людзей падаюцца як экзатычныя.

Экзотыка — гэта нешта чужое, прапушчанае праз сваё светаадчуванне, і тым самым адрознае і вельмі нам цікавае. Праз непадобнае да нас мы спазнаём сябе, і турыстычная індустрыя паспяхова гэтым гандлюе: «экзатычныя краіны» — стандартнае клішэ з глянцавых буклетаў з пальмамі. Вядома, у экзотыцы самой па сабе няма нічога дрэннага, а заўважаць, як адрозніваюцца людзі ў розных кутках планеты, — натуральна і нармальна. Праблемы могуць пачынацца там, дзе мы перабольшваем гэтыя адрозненні і згушчаем фарбы.

У гісторыі хапае прыкладаў, калі экзатызацыя выкарыстоўвалася для таго, каб выключыць нейкую групу людзей, развіць у адносінах да яе страх ці нянавісць.

Залішняя экзатызацыя хоць і збірае больш падабаек і рэпостаў, але выклікае ці страх і адчужэнне, ці паблажлівае і заступніцкае стаўленне да іншых.

У сваім інтэрв’ю рэжысёр антыкаланіяльнай камедыі «Наступны гол — пераможны» Тайка Уайціці падзяліўся тым, як «белыя рэжысёры экзатызуюць карэнных жыхароў, малюючы іх стоікамі, якія сыплюць мудрасць у кожнай фразе, берагуць дух старых часоў і апантаныя містыкай».

Перызат Сайтбурхан, журналістка з Кыргызстана і стыпендыятка Пражскага грамадзянскага цэнтра, дзеліцца асаблівасцямі дэкаланізацыі ў сваёй краіне:

Нам шкодзіць экзатызацыя і пашыраныя стэрэатыпы і аблуды пра качавыя народы. Нібыта мы неадукаваныя, не ўмеем чытаць і пісаць, не цывілізаваныя і жывём у юртах. І ёсць міф пра тое, што каланізацыя СССР прынесла нам адукацыю і пісьменнасць.

Чытаем урывак з тэксту 1901 года, калі ў рускамоўным друку быў трэнд на прасоўванне ідэі «жоўтай небяспекі»: «Вандроўнікі, паглыбіўшыся ўсярэдзіну краіны, усе былі здзіўленыя незлічонымі масамі людзей, якія кішма кішаць там усюды, нібы мурашкі ў нейкім велізарным мурашніку», — няцяжка здагадацца, што гаворка тут ідзе пра Кітай. На першы погляд бяскрыўдная метафара мурашніка дапамагала маляваць кітайцаў «не зусім людзьмі» — масай, натоўпам, за якім няма індывідуальных чалавечых перажыванняў, а значыць, ставіцца да яго можна не як да людзей (падрабязней пра гэты прыклад экзатызацыі і яго наступствы можна пачытаць тут).

Прайшло больш за сто гадоў, а вобраз мурашніка ўсё яшчэ з намі. Зразумела, што ён можа несці розную нагрузку: нехта апіша праз яго густанаселены Нью-Ёрк, а нехта — дасць штрых да калектыўнага партрэту. У апошнім выпадку важна задаць сабе пытанне: якім атрымаўся гэты партрэт у цэлым? Ці ёсць у ім месца асобным людзям?

Амерыканскі прафесар сацыялогіі і антрапалогіі П’ер ван дэн Берге і амерыканскі сацыёлаг Коры Кеес сцвярджаюць, што турызм уплывае на культуру месца і нават змяняе яе: мясцовыя жыхары паступова могуць пачаць успрымаць сваю культуру вачамі дамінантнага Захаду і служыць выканаўцамі ў фармаванні пэўных арыенталісцкіх наратываў, то бок задавальняць патрэбу турыстаў у аўтэнтычнасці, што часам прыводзіць да страты сапраўдных культурных практык.

Небяскрыўдныя клішэ

«Небяспечныя раёны»

У тэкстах пра падарожжы вялікая ўвага надаецца фактару бяспекі, і гэта лагічна: людзям важна разумець, наколькі спакойна яны могуць хадзіць па вуліцах чужых гарадоў ці даследаваць краіны аўтаспынам. Аднак некаторыя фармулёўкі ў допісах і даведніках выклікаюць пытанні.

Пагадзіцеся, адна справа — канстатаваць факт, што раён небяспечны і совацца ў яго пасля заходу сонца лепш не трэба. Зусім іншае — назваць раён небяспечным таму, што там жывуць пэўныя людзі: напрыклад, з пэўным колерам скуры, што належаць да нейкага этнасу, бяздомныя ці наркаспажывальні_цы.

Вось прыклад тыповай фармулёўкі, якая замацоўвае сувязь паміж небяспекай і пэўнай групай людзей: «У Парыжы досыць шмат раёнаў і вуліц, якія маюць благую славу. Не хочам падацца расістамі, але большасць гэтых раёнаў засяляюць уцекачы і імігранты з Марока, Алжыра, Туніса і іншых краін Паўночнай Афрыкі». Калі б аўтар_кі сапраўды не хацелі «падацца расістамі», яны б не акцэнтавалі ўвагі на паходжанні людзей з раёнаў з «благой славай». Бо ў злачынства няма нацыянальнасці, і небяспечным раён робяць не людзі, а ўмовы, у якіх гэтыя людзі апынуліся. Блытаючы прычыны і наступствы, вельмі лёгка зрабіць незайздроснае становішча людзей яшчэ больш незайздросным.

«Цудоўныя экспат_кі, небяспечныя мігрант_кі»

Ёсць шмат словаў для таго, каб называць людзей, якія пераехалі ў іншую краіну: «мігрант_кі», «эмігрант_кі», «экспат_кі», «рэлакант_кі» і гэтак далей. Выбар пэўнага слова звычайна залежыць ад акалічнасцяў, з-за якіх пераезд здарыўся: уцякач_ку лічбав_ай качэўні_цай ніхто не назаве. Аднак часта ў вочы кідаецца супрацьпастаўленне «нелегальных мігрант_ак» і «іншых» — зазвычай белых, якія пераехалі. Пра апошніх мы чуем, хутчэй, як пра экспата_к ці рэлаканта_к, чым пра мігранта_к.

Ва ўмовах, калі белыя людзі лягчэй праходзяць бюракратычныя квэсты, звязаныя з пераездам, чым людзі з іншым колерам скуры, такі падзел на словах можа толькі ўзмацняць дыскрымінацыю.

Розныя словы задаюць рамку рознага стаўлення да тых, каго гэтымі словамі абазначаюць. А калі мы хочам роўных правоў, то і слова павінна быць агульнае. Вядома, розныя словы патрэбныя нам для таго, каб перадаваць адценні значэнняў, больш дакладна выказваць думкі. Але самі падумайце: як часта ў тэкстах аб падарожжах вы сустракалі нябелых рэлакант_ак?

З выразам «лічбавыя качэўні_цы» («digital nomads») сітуацыя іншая: тут агульнасць слова, наадварот, можа шкодзіць, а таму і ставіцца да яго варта з асцярогай. Рэч у тым, што качэўніцтва — гэта культура і лад жыцця, якія шмат у якіх кутках планеты знаходзяцца ва ўразлівым становішчы. А мэйнстрымавая, аселая культура нярэдка супрацьпастаўляецца качэўніцкай як нібыта больш цывілізаваная, прагрэсіўная, развітая. Рэальныя качэўні_цы сутыкаюцца з процьмай стэрэатыпаў, тым часам як digital nomads — гэта проста прыгожая метафара для людзей з добрай працай, якія могуць дазволіць сабе паехаць у цёплую і таннейшую для іх краіну. На форуме Reddit можна пачытаць шмат цікавых трэдаў пра «качэўні_ц». Вось, напрыклад, разважанні чалавека з ЗША, які лічыць падвойнымі стандартамі называць людзей, што прыехалі ў Штаты, імігрант_камі, а тых, якія выехалі са Штатаў у іншыя краіны, — лічбавымі качэўні_цамі. 

«Такі ў іх менталітэт»

Пад менталітэтам звычайна разумеюць набор асаблівасцяў паводзін, уласцівасцяў характару, палітру эмоцый і каштоўнасцяў цэлага народа. Напрыклад, пра грузін_ак кажуць, што яны ў сілу менталітэту гасцінныя, беларус_кі — талерантныя, а фін_кі — нешматслоўныя. Мяркуецца, што гэтыя рысы — кшталту базавых наладаў, якія ўсмоктваюцца з малаком маці і застаюцца з намі назаўжды. 

Сучасныя навукоўцы крытыкуюць тэрмін «менталітэт», таму што ім ці здымаюць адказнасць («што тут зробіш — такі ў нас менталітэт»), ці падсілкоўваюць стэрэатыпы пра розныя нацыянальнасці і народы. Некага па нараджэнні лічаць сквапным, іншага — гультаяватым, яшчэ кагосьці — людзьмі, якія патрабуюць моцнай рукі. Вядома, такія ўяўленні шырока выкарыстоўваюцца прапагандыст_камі і маніпулятар_камі з самымі нядобрымі мэтамі, у тым ліку — для экзатызацыі (гл. вышэй) і далейшага расчалавечання.

«Менталітэт — гэта лжэнавуковае паняцце, — запэўнівае паліталагіня Кацярына Шульман. — Ніякіх яго прыкмет, якія можна памацаць, не існуе. Што існуе і чым тое, што існуе, адрозніваецца яна няіснага менталітэту? Існуюць каштоўнасці. Каштоўнасці ўтвараюць культуру. Культура ўва ўсіх краінах розная. Мая думка палягае не ў тым, што ўсе людзі аднолькавыя, хоць у іх шмат агульнага. Паняцце менталітэту дрэннае тым, што ён успрымаецца як штосьці нязменнае, дадзенае богам ці сфармаванае папярэдняй гісторыяй, што нельга змяніць». 

Адрозненні, якія мы можам адзначыць, падарожнічаючы па свеце, абумоўленыя нормай, традыцыямі і каштоўнасцямі, а ўсё гэта — можа змяняцца. Сёння ў грамадстве прынята так, а заўтра — інакш. Людзі змяняюцца, людзі змяняюць свет вакол сябе, і няможна маляваць іх застылай у бурштыне мушкай.

«Выгоды цывілізацыі»

Адпраўляючыся за тысячы кіламетраў ад дому, мы трапляем у зусім адрозную ад нашай культуру, і ўражваць у ёй можа ўсё — ад нацыянальных святаў да побытавых звычак. Трэвэл-блогер_кі ведаюць, на чым збіраць прагляды, і не абыдуць увагай як унітаз у Японіі, які спявае і мае дзясятак кнопак, так і адсутнасць туалетнай паперы дзе-небудзь у індыйскім гэстхаўсе. На жаль, нярэдка мясцовыя адрозненні інтэрпрэтуюцца ў духу «выгоды цывілізацыі сюды яшчэ не дайшлі». А нешта «еўрапейскае», тэхналагічнае ў побыце бедуіна падаецца як «дарункі» з Захаду. Такая заўвага «белага спадара» (ці «спадарыні») — заўсёды цагліна ў сцяну няроўнасці, якая ўсё яшчэ моцная, высокая і адчувальная.

Калі еўрапейскія імперыі разрасталіся ва ўсе канцы свету, іх захопніцкая палітыка аздаблялася ідэяй аб тым, быццам каланізатары нясуць святло ў «дзікія краі». У мастацтве гэта вылівалася ў гісторыі кахання заваёўніка да прыўкраснай абарыгенкі, якая, без сумневу, лепшая за сваіх супляменніц. Сёння імперскае мінулае рэфлексуецца ў навуцы і медыя. Але зусім не абавязкова чытаць артыкулы акадэмік_інь пра дэкаланізацыю для таго, каб перастаць лічыць заходнюю культуру мерай усіх рэчаў. Яна не тое, да чаго нібыта павінны імкнуцца ўсе. Еўрапейцы пракладалі ў Індыі чыгунку не для таго, каб ашчаслівіць мясцовых жыхар_ак, а для таго, каб вывозіць багацці можна было хутка і лёгка.

Цывілізацыя ў свеце не адна, усе яны развіваюцца па-свойму. Збан з вадой — гэта варыянт гігіенічнай працэдуры, а не этап «да вынаходніцтва туалетнай паперы ».

«Смешная мова»

Няма нічога дзіўнага ў тым, што нас забаўляе сугучнасць. Вокладка кнігі «Ponos i predrasude» («Пыха і перадузятасць» на харвацкай) і надпіс «Лінейка» на карэце хуткай дапамогі відавочна збяруць больш рэакцый у Інстаграме, чым нудныя архітэктурныя помнікі. Але і тут ёсць нюанс: як мы падаём моўны кур’ёз?

Обложка книги "Ponos i predrasude"
Надпись «Линейка» на карете скорой помощи

У ангельскамоўнай сацыялінгвістычнай літаратуры можна сустрэць выраз «linguistic arrogance» («лінгвістычная фанабэрыстасць»). Яго выкарыстоўваюць у дачыненні да носьбіт_ак ангельскай мовы, якія насміхаюцца з тых, для каго ангельская мова не родная і хто дапускае розныя пацешныя памылкі. Лінгвіст Ілля Магін у сваёй працы «Why ukrainian is funny for Russians? Linguistic aspect» піша пра лінгвістычную фанабэрыстасць як уласцівасць носьбіт_ак рускай мовы, якія высмейваюць украінскую. Дадамо, што і беларуская мова нярэдка робіцца аб’ектам для жартаў: адны турыст_кі з Расійскай Федэрацыі ўражваюцца арфаграфіяй з «памылкамі» (напрыклад, паказальнікамі «выхад у горад»), іншыя кажуць, што ў іх кот — «кастрычнік» (маўляў, кастрыраваны) і пытаюцца, ці ёсць магніцікі на халаднік. Нешта падобнае адбываецца ў гішпан_ак з партугальскай мовай, у швед_ак  — с дацкай, а ў чэ_шак — з рускай.

Изображение про кота

Узгадаем скандал з салістам «Пошлой Молли» Кірылам Бледным, які, прыехаўшы на выступ у Польшчу, заявіў, што яго «дратуе польская мова… ёсць жа Расійская імперыя, проста ўступіце ў яе, як раней, і размаўляйце на нармальнай мове». Пазней музыкант заявіў, што пажартаваў і «відаць, гэта гумар не для ўсіх» — што ўсё адно даволі грэбліва, улічваючы гістарычны кантэкст русіфікацыі Рэчы Паспалітай. 

Вядома, няма нічога страшнага ў тым, каб адзначыць нейкае слова і ўсміхнуцца. Праблемы пачынаюцца там, дзе мову называюць «памылковай» ці «крыўляннем» з нейкай іншай мовы. У такіх заявах блогер_кі не проста дэманструюць сваё невуцтва, але і адмаўляюць пэўнай мове ў паўнавартаснасці, выказваюць грэбаванне і непавагу да мясцовай культуры, уяўляючы яе другараднай у адносінах да сваёй. А гэта ўжо нясе рэальную пагрозу. 

«Усё за бясцэнак»

Грошы — заўсёды гарачая тэма, і за трэвэл-блогер_камі людзі сочаць у тым ліку для таго, каб даведацца, што колькі каштуе ў іншых краінах і якім чынам там можна сэканоміць. Сэканоміць атрымоўваецца на розным. Можна купіць квіток загадзя са зніжкай, зняць гасцініцу па прамакодзе, зайсці ў модны бар у «шчаслівую гадзіну», калі кактэйлі злятаюць па цане 2 за 1. А можна заплаціць веларыкшу за дзень падарожжаў столькі, колькі каштуе адно кароткае падарожжа на таксі на радзіме, ці ўтаргаваць у мясцовай бабулі на рынку сувенір за капейкі. Відавочна, што авіякампанія сябе не пакрыўдзіць, а вось людзі ў складаных умовах гатовы прадаваць сваю працу і плён працы за бесцань. І тут ужо асабісты выбар чалавека: што яму важней — сэканоміць ці некаму дапамагчы? Калі другое, то можна заплаціць рыкшу і бабулі па справядлівасці.

У розных краінах мы са сваімі даходамі адчуваем сябе па-рознаму. І парада аб тым, дзе можна паесці ў Швейцарыі не за ўсе грошы свету, — гэта залатая парада, якая дапаможа некаму распарадзіцца бюджэтам разумна. Аднак тэксты і цік-токі аб тым, як людзі з Захаду амаль задарма недзе паелі і ўхапілі сувенір ручной працы за капейкі, — гэта ўсё гісторыі аб тым, як багатыя людзі выкарыстоўваюць бедных. І добра яшчэ, калі, скарыстаўшы, не пакідаюць негатыўных водгукаў дзе-небудзь на Google Maps ці ў TripAdvisor за тое, што ім недастаткова шырока ўсміхаліся людзі, якія ледзь канцы сточваюць.


Аўтарка: Марыя Пархімчык

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.7 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x