10 спосабаў далучыцца да Тыдня нулявой дыскрымінацыі і навошта гэта рабіць

ІнклюзіяГендарПадзеіПравы чалавека
Обложка статьи "10 способов присоединиться к Неделе нулевой дискриминации"
5
(7)

На жаль, праблема дыскрымінацыі дагэтуль застаецца актуальнай. Па статыстыцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з ёй сутыкаюцца каля 20% людзей. І нават калі вы асабіста не сутыкаецеся з дыскрымінацыяй, яна ўсё роўна датычыцца кожную і кожнага з нас. Таму што  дыскрымінацыя — гэта не толькі пра незнаёмых вам людзей сёння, але яна можа закрануць вас і вашых блізкіх заўтра. 

Каб павысіць дасведчанасць у грамадстве пра гэтую праблему, «ІншыЯ» ўжо некалькі гадоў запар ладзяць Тыдзень нулявой дыскрымінацыі. У гэтым артыкуле прапануем розныя ідэі, як можна далучыцца да гэтай падзеі і зрабіць свой унёсак у развіццё інклюзіўнага грамадства. 

Што такое Тыдзень нулявой дыскрымінацыі і навошта ён

Тыдзень нулявой дыскрымінацыі (Zero Discrimination Week, далей — ZDW) — гэта тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць дыскрымінацыі.  З 1 па 8 сакавіка «ІншыЯ» разам з партнёр_камі ладзяць шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, каб судзейнічаць знішчэнню дыскрымінацыі ва ўсіх яе формах.

Мая асноўная каштоўнасць — гэта шчаслівае, справядлівае і роўнае грамадства. Яно не можа быць такім, пакуль існуе дыскрымінацыя. 

ZDW — гэта магчымасць выказацца як тым людзям, якія сутыкаліся з дыскрымінацыяй, так і тым, хто сам_а дыскрымінава_ла. Вельмі важна расказваць пра такія выпадкі і асэнсоўваць іх. Аналіз свайго досведу — важны этап на шляху барацьбы з праблемай. 

Я бачу, як людзі вакол не заўважаюць, што сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Часта яны блытаюць яе са зневажальным стаўленнем і не разумеюць, што прыніжэнне з-за гендару, рэлігіі, узросту, нацыянальнасці, сэксуальнай арыентацыі, інваліднасці з’яўляецца дыскрымінацыяй. 

Я таксама сутыкалася з дыскрымінацыяй у свой бок і сама дыскрымінавала таго не заўважаючы. Я пачала гэта толькі нядаўна асэнсоўваць. Часам было непрыемна і балюча, аднак гэта быў важны этап. Гэта самы першы крок адкрыта называць праблему. Тады яна перастае быць такой страшнай, і мы можам знайсці шляхі, як з ёй змагацца. 

Даша, каардынатарка ZDW

Як далучыцца да Тыдня нулявой дыскрымінацыі

Парэфлексуйце, ці сутыкаліся вы з дыскрымінацыяй

Падумайце пра свой досвед. Ці абыходзіліся з вамі несправядліва без аб’ектыўных на гэта прычын, толькі з-за вашай ідэнтычнасці? Ці дыскрымінавалі вы іншых? Калі так, то што вы можаце зрабіць, каб хай і крыху паўплываць на тое, каб такога больш не паўтаралася?

Асвяжыце свае веды пра розныя формы дыскрымінацыі

Даследуйце, у чым яны праяўляюцца і як уплываюць на людзей. Вывучэнне гэтага пытання дапаможа заўважаць выпадкі дыскрымінацыі як прамой, так і ўскоснай, казаць пра іх і па меры магчымасці прадухіляць. Пра тое, што такое дыскрымінацыя і як яе распазнаць, можна прачытаць у артыкуле «ІншыЯ».

Падзяліцеся любой інфармацыяй аб ZDW у сацсетках

Зрабіце рэпост цікавай вам падзеі ці публікацыі ў межах Тыдня. Спіс партнёрскіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у ZDW і ладзяць мерапрыемствы, вы знойдзеце на сайце «ІншыЯ». Калі хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй ці разважаннямі, або арганізаваць свой івэнт, каб паразмаўляць пра гэтую праблему цудоўна! Выкарыстоўвайце пад публікацыяй хэштэгі #ZDW2024 і #ZeroDiscriminationWeek, каб больш людзей змаглі пабачыць ваш кантэнт.

Паразмаўляйце з сябр_оўкамі, свая_чкамі і знаёмымі пра дыскрымінацыю

Даведайцеся, што яны пра гэта ведаюць. Спытайце пра іх досвед і паразважайце пра гэта разам. Шчырая размова дапаможа зблізіцца і зарадзіцца падтрымкай.

Паглядзіце і абмяркуйце разам з сябр_оўкамі фільм

Фільм можна паглядзець як у сябе дома, так і правесці кінапаказ у кавярні ці адпаведнай прасторы. Вось некалькіх твораў, звязаных з тэмай дыскрымінацыі, якія дапамогуць паглядзець на гэтую праблему з новага ракурсу.

«Зялёная кніга» (Green Book, 2018)

«Зялёная кніга» разглядае тэму дыскрымінацыі праз прызму расавых і сацыяльных адрозненняў у ЗША 1960-х гадоў. Галоўныя героі фільма, Дон Шырлі і Тоні Валелонга, прадстаўляюць розныя бакі амерыканскага грамадства: афраамерыканца, які сутыкнуўся з сістэмным расізмам, і белага італьянца з працоўнага класа.

У фільме ўзнімаюцца пытанні сяброўства, талерантнасці і чалавечай годнасці і дэманструецца, як узаемная павага і разуменне могуць пераадолець нават найглыбейшыя сацыяльныя і расавыя адрозненні.

«Кветка Пустыні» (Desert Flower, 2009)

Фільм «Кветка пустыні» заснаваны на рэальнай гісторыі Варыс Дырые і расказвае пра яе жыццё і барацьбу з дыскрымінацыяй.

Галоўная тэма дыскрымінацыі ў фільме звязана з практыкай жаночага абразання, якой падвергнулася галоўная гераіня ў раннім дзяцінстве. Таксама фільм закранае тэму расавай дыскрымінацыі, з якой сутыкаецца Варыс у заходнім свеце, асабліва ў індустрыі моды. Яна сутыкаецца з прадузятымі поглядамі і стэрэатыпамі аб тым, як павінна выглядаць паспяховая мадэль, але нягледзячы на гэта, яна становіцца голасам у абароне правоў жанчын, змагаецца і дабіваецца поспеху, даказваючы, што прыгажосць і каштоўнасці не залежаць ад расы або знешнасці.

«Зялёная мяжа» (Green Border, 2023)

Гісторыя пра гуманітарны крызіс на мяжы Польшчы і Беларусі, які адбываецца дагэтуль. У цэнтры фільма сям’я сірыйскіх бежанцаў і настаўніца англійскай з Афганістана, якія захрасаюць на мяжы, спрабуючы трапіць у краіны ЕЗ.

Фільм дастаткова цяжкі. Але калі ёсць сілы, то яго варта паглядзець, каб зірнуць на свет мігрантаў і мігрантак праз гуманную і пачуццёвую оптыку. Фільм дапамагае нам стаць больш эмпатычнымі і зразумець, што стаўленне да людзей не павінна вызначацца колерам іх пашпарта ці скуры.

«Гонар» (Pride, 2014)

Фільм заснаваны на рэальных падзеях. Ён расказвае гісторыю пра тое, як група геяў і лесбіянак з Лондана падтрымалі шахтораў падчас забастоўкі 1984 года. Прадстаўні_чкі ЛГБТК+, як і шахторы, сутыкаюцца з праблемамі дыскрымінацыі. Фільм падкрэслівае важнасць салідарнасці і пераадольванне няроўнасці паміж рознымі групамі ў барацьбе за свае правы. 

«Мая левая нага» (My Left Foot, 1989)

Біяграфічная драма, заснаваная на рэальнай гісторыі Крысці Браўна, які нарадзіўся з цэрэбральным паралічом. Фільм расказвае пра яго імкненне стаць выбітным пісьменнікам і мастаком, нягледзячы на кпіны з боку грамадства. Гэта гісторыя пра моцнага чалавека, які працягнуў ісці да сваёй мары не зважаючы ні на што.

Прыміце ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных праблемам дыскрымінацыі і барацьбе за роўныя правы

Актуальныя івэнты ZDW можна знайсці на старонках партнёрскіх арганізацый

Напрыклад, «Адчуй» ладзяць ў Вільні форум-тэатр* да Дня жаночай салідарнасці, удзельнікі і ўдзельніцы якога ў выніку паставяць уласную тэатральную пастаноўку.

* Форум-тэатр — інтэрактыўны тэатральны метад, які дазваляе ствараць пастаноўкі на сацыяльныя тэмы. У форум-тэатры удзельнічаюць як акцёры, так і гледачы. Акцёры граюць ролі, а гледачы прымаюць удзел, прапануючы свае рашэнні і ўмешваючыся ў сюжэт.

Падтрымайце ініцыятывы, якія змагаюцца з дыскрымінацыяй

Дапамажыце ў арганізацыі мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць зніжэнню ўзроўню дыскрымінацыі. Гэта можа быць валанцёрская дапамога ці данат калі для вас гэта бяспечна.

Вось арганізацыі, дзейнасць якіх накіравана на барацьбу з дыскрымінацыяй:

  • Актыўнымі быць файна! арганізацыя, якая прасоўвае каштоўнасці недыскрымінацыі ў адукацыі.
  • «Гэта Окей» ініцыятыва, мэтай якой з’яўляецца зніжэнне стыгмы і дыскрымінацыі ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей. 
  • Respect-Protect-Fulfill арганізацыя, якая працуе з мігрант_камі, якія пацярпелі з-за міграцыйнага крызісу, арганізаванага беларускімі ўладамі.
  • «Яна Ёй» ініцыятыва, якая дапамагае беларускам, што пацярпелі ад хатняга гвалту і дыскрымінацыі.
Правядзіце квіз

Напрыклад, гульню «Веру — Не Веру». Яна ўяўляе сабою набор з 50 картак з рознымі статыстычнымі фактамі аб Беларусі і нашым грамадстве. Некаторыя з гэтых фактаў з’яўляюцца праўдай, некаторыя ― не. Мэта гульні ― даведацца больш пра грамадства Беларусі і пагаварыць пра існуючыя ў ім праблемы.

Калі вы жывяце ў Вільнюсе ці Мінску, то можаце пазычыць гульню ў «ІншыЯ» і правесці яе ў коле сваіх сяброў.

Арганізуйце кніжны клуб

Прачытайце кнігу, дзе закранута тэма дыскрымінацыі, і разам абмяркуйце яе. Чытанне дапамагае нам стаць больш эмпатычнымі: паглыбіцца ў розныя тэмы і больш разумець пачуцці герояў, якія апынуліся ў розных жыццёвых абставінах. Вось некалькі добрых для гэтага кніг: 

«Тысяча сонцаў, што ззяюць», Халед Хасэйні

У кнізе расказана гісторыя дзвюх афганскіх жанчынаў Лэйлы і Марыям, чые лёсы пераплятаюцца падчас палітычнага жаху ў краіне і прыходу да ўлады Талібана. Раман асвятляе тэмы сям’і, кахання, ахвяры і выжывання ва ўмовах гвалту і прыгнёту. Ён таксама закранае праблемы жаночага статусу і правоў у афганскім грамадстве. Кніга стала бэстсэлерам і атрымала мноства ўзнагарод за сваю моцную сюжэтную лінію і глыбокія чалавечыя тэмы.

«Забіць перасмешніка», Харпер Лі

Кніга, якая расказвае пра жыццё у маленькім амерыканскім горадзе 1930-х гадоў вачыма маленькай дзяўчынкі Джын Фінч. Яе бацька працуе адвакатам і абараняе цёмнаскурага, які быў ілжыва абвінавачаны ў згвалтаванні жанчыны. Раман звяртаецца да такіх важных тэм, як расізм, прадузятасць, сацыяльная справядлівасць і маральныя дылемы. «Забіць перасмешніка» стаў класікай амерыканскай літаратуры і атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за свой уклад у амерыканскую культуру.

«Мы ўсе мусім быць феміністкамі» Чымаманда Нгозі Адычэ

Кніга заснавана на выступах Чымаманды Нгозі Адычэ на TEDxTalks. У ёй Адычэ звяртаецца да важных пытанняў гендэрнай роўнасці і фемінізму, разглядае свой уласны досвед як жанчыны ў Нігерыі і гаворыць аб тым, што фемінізм гэта не толькі барацьба за правы жанчын, але і барацьба за роўнасць усіх людзей незалежна ад іх полу. 

Кніга Адычэ выклікала вялікі рэзананс ва ўсім свеце і стала важным унёскам у абмеркаванне гендэрных пытанняў. Яна натхніла многіх людзей задумацца аб важнасці барацьбы за роўнасць і справядлівасць для ўсіх.

«Навошта быць шчаслівай, калі можна быць нармалёвай?» Джанэт Уінтэрстан

«Навошта быць шчаслівай, калі можна быць нармалёвай?» менавіта гэтыя словы пачула Джанэт ад сваёй маці. Кніга даследуе тэмы адносінаў у сям’і, прыняцце сябе і пошук свайго прызначэння ў жыцці. Галоўны пасыл кнігі заключаецца ў тым, што кожны чалавек унікальны і мае права на ўласнае разуменне шчасця і «нармальнасці».

Зрабіце жывую бібліятэку

Калі вы шчыра хочаце больш даведацца пра іншых людзей людзей з іншых культур, іншых рэлігій, іншых жыццёвых абставін жывая бібліятэка выдатны фармат для гэтага. Яна дае магчымасць сустрэцца і паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы з гэтымі «іншымі» людзьмі як з адкрытай кнігай. Гэта дапамагае пераадолець прадузятасць, разглядзець адзін аднаго за сваімі адрозненнямі, атрымаць веды з першых рук і зразумець праблемы дыскрымінацыі глыбей.

Далучайцеся да Тыдня нулявой дыскрымінацыі. Сачыце за абнаўленнямі мерапрыемстваў у Instagram «ІншыЯ» і на сайце. Толькі разам мы зможам зрабіць гэты свет больш справядлівым, роўным, талерантным, недыскрымінацыйным і інклюзіўным.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x