Мы пагаварылі з Васілём, чальцом праўлення і галоўным рэдактарам праваабарончай арганізацыі «Журналісты за талерантнасць» пра ЛГБТК-супольнасць у Беларусі, пра годнае заканадаўства і пра тое, як беларускай квір-супольнасці быць цяпер.
* Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» — некамерцыйная грамадзянская асацыяцыя медыясупрацоўні_ц. Ініцыятыва дапамагае прыцягваць увагу да праблем дыскрымінаваных груп і рэагаваць на выкарыстанне мовы варожасці і злачынствы на падставе нянавісці.
Ініцыятыва распрацавала J4T-checker — сэрвіс для выяўлення мовы варожасці, які правярае тэкст цалкам адным клікам. J4T-checker даступны на трох мовах: беларускай, расейскай і ўкраінскай.
Розніца паміж квір-супольнасцямі розных краін
Я шмат падарожнічаў і знаёміўся з ЛГБТК-супольнасцямі розных краін. Ведаю квір-асяроддзе Беларусі ўжо 20 гадоў і бачу, як змянялася стаўленне да сітуацыі — як унутры супольнасці, так і з боку грамадства ў цэлым.
Яшчэ 15 гадоў таму ў Мінску ўсё было нармальна. На Кастрычніцкай плошчы ў падвале быў гей-клуб, дзе рэгулярна праводзіліся вечарынкі. Некаторыя кадры дагэтуль стаяць у мяне перад вачыма: 6 раніцы, людзі разыходзяцца пасля вечарынкі, таксісты заязджаюць проста на плошчу, каб забраць хлопцаў, а на вуліцы цалуюцца парачкі мужчын. Усё было спакойна, таксісты ніяк не рэагавалі.
З часам сітуацыя пачала змяняцца. Таталітарнаму грамадству патрэбныя ворагі, зразумелыя і простыя, і вінаваціць ува ўсім эканамічна актыўных людзей прасцей за ўсё. Паступова сітуацыя пачала абвастрацца. Можна ўспомніць знакамітую справу Міхаіла Пішчэўскага, якога ў 2014 годзе каля гей-клуба да комы збіў былы настаўнік фізкультуры Зміцер Лукашэвіч. Праз паўтара гады Міхаіл памёр, а гэтая падзея ўжо тады паказала стаўленне ўлад да квір-супольнасці*.
2020 год стаў паваротным момантам для свабоды ў Беларусі.
Нельга аддзяляць правы ЛГБТК-людзей ад правоў усіх беларуса_к: у нас агульная праблема — гэта адсутнасць бяспекі.
Цяпер, напрыклад, у адным з чатаў квір-супольнасці, дзе раней было больш за 2000 чалавек, засталося ўсяго 24. Людзі вымушаныя ісці ў падполле, шыфравацца, хавацца. У Беларусі бяспека стала мыльнай бурбалкай.
Падобнае адбываецца і ў Расіі, дзе прынятыя аналагічныя дыскрымінацыйныя законы. У нас яны трохі іншыя, але сутнасць тая ж. Як юрыст, я вывучаў нядаўнія змены ў пастанову Мінкульта, у якой дэманстрацыя ЛГБТК прыраўноўваецца да распаўсюду парнаграфіі. Усё зводзіцца да таго, што ніхто не ведае, як гэтыя новаўвядзенні будуць прымяняцца на практыцы. Праблема ў тым, што ўлада можа прыдумаць што заўгодна і знайсці нагоду для рэпрэсій, нават калі рэальных падстаў няма.
Я таксама добра знаёмы з ЛГБТК-супольнасцю Украіны. Да вайны яна была на ўздыме, краіна стаяла на парозе вялікага еўрапейскага прарыву. Кіеў рабіўся еўрапейскай ЛГБТК-сталіцай з вялікай колькасцю фрэндлі-месцаў для квіраў. З пачаткам вайны сітуацыя не столькі змянілася, колькі прыціхла. Але дзякуючы актыўнасці ЛГБТК-арганізацый працягваецца асвятленне праблем і падчас вайны.
Геі, лесбіянкі, якія ваююць, актыўна адстойваюць свае правы — часта літаральна са зброяй у руках.
Цікавая і сітуацыя ў Польшчы. З аднаго боку, гэта каталіцкая краіна з моцнымі ультракансерватыўнымі настроямі, а з іншага — у Варшаве можна ўбачыць мноства вясёлкавых сцягоў і сяброўскіх устаноў.
Праблемы ЛГБТК-супольнасці ў розных краінах часта звязаныя з палітычнай, эканамічнай і рэлігійнай сітуацыяй.
У Грэцыі, напрыклад, нягледзячы на ўплыў праваслаўя, настрой застаецца свабодным і еўрапейскім. Дый не варта забываць: Грэцыя — калыска не толькі дэмакратыі, але і аднаполых адносінаў.
Стаўленне да ЛГБТК-супольнасці часта адлюстроўвае агульныя праблемы краіны. Гэта добра відаць на прыкладзе піраміды Маслоў: калі базавыя патрэбы, такія як ежа і бяспека, не рэалізаваныя, нікому няма справы да правоў ЛГБТК. Але чым больш развітым і эканамічна стабільным робіцца грамадства, тым больш правоў даецца ўсім яго чальцам.
Пра беларускую квір-супольнасць цяпер
Цяпер сітуацыя для ЛГБТК-супольнасці зрабілася больш складанай — многія месцы для сустрэч і мерапрыемстваў знікаюць. Ціск з боку ўладаў толькі ўзмацніўся*.
Нам, як праваабарончай арганізацыі, часта паведамляюць пра розныя сур’ёзныя праблемы. Напрыклад, супрацоўнікі міліцыі ствараюць акаўнты ў сацыяльных сетках і ў невялікіх гарадах знаёмяцца з хлопцамі, якіх затым затрымліваюць і дастаўляюць у аддзяленні. Там на іх маральна ціснуць, прымушаюць пісаць распіскі пра сваю арыентацыю.
Фармальна заканадаўства не забараняе гомасэксуальнасць, але прадстаўнікі ўлады дзейнічаюць, прадбачачы будучы кірунак палітыкі і спадзеючыся атрымаць за гэта ўзнагароды, выслужыцца. Напэўна, потым будуць радавацца прэміям або кватэрам.
Гэтая сітуацыя дэманструе, як складана даводзіцца ЛГБТК-людзям у краіне, дзе яны вымушаныя хавацца і баяцца рэпрэсій. Праблемы ціску і дыскрымінацыі закранаюць не толькі прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, але і ўсіх, хто сутыкаецца з несвабодай і пераследам.
Пра розніцу паміж беларус_камі-ЛГБТК у эміграцыі і тымі, хто застаўся дома
Розніца велізарная. Я кантактую з многімі з тых, хто выехалі, і з тымі, хто застаўся. Гэта рэзкі разрыў у вопыце. Тыя, хто з’ехаў, як быццам вырваліся за межы канцлагера: іх ніхто не прыгнятае, не арыштоўвае, яны жывуць паўнавартасным жыццём.
Асабліва цяжка даводзіцца ЛГБТК, якія вымушаныя фармаваць свае мікрасупольнасці, дзе ўсе адно аднаго добра ведаюць і давяраюць. Гэта сапраўднае партызанскае падполле, якое складаюцца з невялікіх груп па 3-5 чалавек. У такіх умовах яны спрабуюць радавацца жыццю, нягледзячы ні на што. Інакш можна паехаць дахам або здзейсніць нешта жудаснае. Нездарма ў Беларусі засакрэчаная статыстыка па самагубствах — сітуацыя сапраўды цяжкая, асабліва для маладых людзей. Ты жывеш, бачыш нянавісць, якая льецца з экранаў, і разумееш, што ты гей або лесбіянка, якіх у Беларусі практычна ненавідзяць.
Цяпер квір-супольнасці ў Беларусі выпадае максімальна жыць анлайн, падтрымліваючы сувязь са знешнім светам і веру ў тое, што нармальнае жыццё яшчэ вернецца. Мая парада — спрабуйце з’ехаць. Я ведаю, пра што кажу. На сайце gpress.info рэгулярна публікуюцца падборкі магчымасцяў для ЛГБТК-людзей за мяжой. Канкрэтныя гайды ёсць у спецпраекце ЛГБТК+-міграцыя. Кожн_ая можа вывучыць англійскую з дапамогай анлайн-курсаў на YouTube, для англамоўных ЛГБТК адкрыты цэлы свет. Пачаць можна з валанцёрства, якое таксама можа аплачвацца, і ў працэсе вы будзеце паляпшаць свае навыкі.
Стаўленне да ЛГБТК у дэмакратычных колах Беларусі
Наша арганізацыя яшчэ 15 гадоў таму працавала з дэмакратычнай супольнасцю, і гэта было даволі складана. Нават унутры прагрэсіўных колаў існавала гамафобія. Яна была схаванай, і нам даводзілася шмат працаваць, каб паказваць і тлумачыць гэтую праблему. Часам справа нават даходзіла да скаргаў у еўрапейскія структуры. Цяпер сітуацыя значна палепшылася. У офісе Святланы Ціханоўскай, напрыклад, працавала Вольга Гарбунова, якая адкрыта прадстаўляе ЛГБТК і займаецца адпаведнымі сувязямі. Ёсць і іншыя людзі, якія агучваюць важныя для квір-супольнасці рэчы, што кажа пра пазітыўныя змены.
Беларуская дэмакратычная супольнасць актыўна абмяркоўвае гэтыя тэмы. Хоць гэта можа не быць самай важнай праблемай на дадзены момант, але перыядычна яна падымаецца. У цэлым, настроі станоўчыя: людзі гатовыя казаць пра гэта і ў цэлым яны не супраць ЛГБТК-правоў.
Пра важныя змены ў заканадаўства ў будучыні
Калі ў Беларусі будзе адэкватная ўлада і магчымасці для рэформаў, важна будзе ўнесці пазітыўныя змены ў заканадаўства і грамадскае ўладкаванне. У першую чаргу, неабходна будзе забяспечыць роўныя правы і абарону для ЛГБТК-супольнасці, стварыць механізмы для барацьбы з дыскрымінацыяй і падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на інклюзіўнасць і роўнасць. І, вядома, адмяніць усе дурныя законы, прынятыя ў апошні час.
Калі коратка, я б капслокам напісаў, што галоўнае — адмяніць законы, што дыскрымінуюць людзей. У нас заканадаўства прапісанае на годным узроўні, але адразу хочацца правесці аналогію са сталінскай канстытуцыяй, якая была адной з самых перадавых у свеце па правах чалавека. Парадаксальна і смешна. Нашы законы сапраўды добрыя, і правы ўсіх людзей абароненыя аднолькава. Трэба толькі забяспечыць іх выкананне, з чым у Беларусі вялікія праблемы. Трэба адсочваць выпадкі, калі законы не працуюць, і адмяніць абсурдныя пастановы. Напрыклад, такія, якія вызначаюць шлюб як саюз мужчыны і жанчыны.
Традыцыйныя каштоўнасці ў Беларусі насамрэч звязаныя з высокім узроўнем разводаў і аднаполымі сем’ямі, дзе дзеці выхоўваюцца мамай і бабуляй. Вось гэта рэальныя традыцыйныя каштоўнасці, якія існуюць у Беларусі сёння, але на парадак дня выносяць зусім іншае.
Пра ўплыў на грамадства праз сацыяльныя сеткі
Не трэба баяцца праяўляцца ў сацсетках. Так, часам бывае цяжка ігнараваць негатыў, але нягледзячы на хейт, важна працягваць быць адкрытым і трансляваць свае каштоўнасці. Такая праца цяжкая і карпатлівая, але калі ў кожным выпадку рэагаваць на хейтспіч, рабіць рэпост і звяртаць на гэта ўвагу — будзе вынік. Алгарытмы сацыяльных сетак вучацца распазнаваць негатыўныя словы, каментары, каб мовы варожасці было ўсё менш і менш, і каб кожны, кожная і кожныя маглі адчуваць сябе камфортна.
Аўтарка: Саша Камко
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.