Новыя практыкі выключэння ці беларускія мерапрыемствы, недасяжныя беларус_кам 

ІнклюзіяВеды
5
(6)

Анонсы перадаюцца ў рэжыме сакрэтнасці па актывісцкіх чатах, а ў адкрытых публікацыях усё часцей сустракаецца пазнака «не для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі» — тое, што раней здавалася неверагодным для беларускіх мерапрыемстваў, зараз стала часткай нашай рэальнасці. На жаль, пытанні бяспекі ўступаюць у канфлікт з тым разуменнем інклюзіі, якое існавала да 2020 году. Так з’яўляюцца новыя практыкі выключэння.

Калі раней стаяла пытанне аб тым, як ахапіць новыя аўдыторыі, як расказаць аб праекце тым, хто пра яго да гэтага часу не чу_ла, то зараз гаворка ідзе аб штучных абмежаваннях. Кожнай арганізацыі, якая ладзіць мерапрыемствы для актывіст_ак (анлайн ці афлайн), даводзіцца распрацоўваць уласныя стратэгіі і правілы бяспекі.

Пра новыя практыкі выключэння «ІншыЯ» паразмаўлялі з Аленай Агарэлышавай, якая займаецца гендарнымі адукацыйнымі публічнымі мерапрыемствамі, праводзіць гендарныя даследаванні, уваходзіць у склад Фем групы Каардынацыйнай Рады.

Параноя ці асабістая адказнасць

— Будзем шчырымі: удзел у мерапрыемстве людзей з Беларусі накладвае пэўную спецыфіку на пытанні бяспекі. На жаль, універсальных правіл, якімі маглі б кіравацца арганізатар_кі, не існуе. Кожны раз пры правядзенні адукацыйнай праграмы, кола, семінара неабходна распрацоўваць свае ўласныя правілы — улічваючы кошт магчымай памылкі.

 Ні я, ні хтосьці яшчэ не ў праве судзіць і казаць: «Спадарства, а вось тут вы перабралі — гэта відавочная параноя».  На жаль, кошт памылкі можа быць вялізны. І наступствы — як для людзей з Беларусі, так і для тых, хто ў эміграцыі, — непрадказальныя.

Але я б згадала і аб асабістай адказнасці удзельні_ц. Хаця мне падаецца, што актывіст_кі з Беларусі ўжо выпрацавалі пэўнае разуменне гэтага пытання.

Галоўны абавязак арганізатар_ак ­— гэта данесці да людзей поўную інфармацыю аб праекце або мерапрыемстве, каб патэнцыйныя ўдзельні_цы маглі самастойна ацаніць рызыкі і прыняць узважанае рашэнне.

Калі мы гаворым, дапусцім, аб публічных анлайн-лекцыях чалавек на пяцьсот ад прызнанага экстрэмісцкім медыя, то людзі павінны ўсведамляць: спасылку на мерапрыемства атрымаюць усе жадаючыя. Людзі з Беларусі, якія не жадаюць быць ідэнтыфікаванымі, самі павінны паклапаціцца аб тым, каб у іх была выключаная камера, а нік не складаўся з прозвішча і імя.

Што варта тлумачыць донарскім арганізацыям

— Цяпер нашмат лягчэй правесці мерапрыемства для беларус_ак з аднаго горада ці хаця б краіны. Але вельмі важна рабіць імпрэзы для людзей з Беларусі ў тым ліку.

Безумоўна, многія пытанні ўпіраюцца ў бюджэт івэнта. Калі ў людзей няма візы, то квіткі ў Грузію ці Турцыю часта каштуюць як крыло самалёта. У большасці выпадкаў удзельні_цам неабходна візавая падтрымка — гэта тое пытанне, якое абавязкова варта растлумачваць донарскім арганізацыям.  Па факце зараз любое мерапрыемства для беларус_ак пераўтвараецца ў міжнароднае,  таму шта людзі жывуць у розных краінах. Асабліва калі мы кажам пра актывіст_ак — яны рассяроджаны паўсюль.

Па 10 характарыстык на кожн_ую сабраць не атрымаецца

— Я шмат гадоў займаюся арганізацыяй мерапрыемстваў для недзяржаўных арганізацый (НДА). І раней адной з маіх галоўных мэт было пашырэнне аўдыторыі. Я ўвесь час думала аб тым, як знайсці новыя пляцоўкі, на якія новыя мэтавыя групы магу выйсці.

Цяпер даводзіцца звяртацца да новых практык выключэння. Напрыклад, калі выбіраю ўдзельні_ц на курс па гендары (курс, які закранае сярод іншага і палітычныя працэсы) і раптам бачу ў лісце, што ўдзельні_ца даведа_лася аб курсе з праўладнай арганізацыі, у склад якой уваходзіць. Я не бяру яго/яе па прычынах бяспекі. Імкнуся рабіць усё, каб быць больш інклюзіўнай і ўключаць розныя мэтавыя групы, але пры гэтым усведамляю, што ў нейкіх месцах раблю неінклюзіўна. Гэта неабходнае зло, але гэта зло, з якім я жыву.

Калі распаўсюджваць інфармацыю аб мерапрыемстве адкрыта, то значыць, трэба больш уважліва вывучаць кандыдата_к. Вядома, не атрымаецца сабраць па 10 характарыстык на кожн_ую, але як мінімум старонкі ў сацыяльных сетках паглядзець варта.

Стандартным пунктам анкеты стала просьба для патэнцыйных удзельні_ц скінуць спасылку на акаўнты ў сацсетках. Пытанне не ў тым, што арганізатары вельмі моцна хочуць на ўсіх падпісацца. Трэба банальна праверыць чалавека на базавую адэкватнасць. Умоўна кажучы, калі ў я_е моцна «чырвона-зялёная» старонка ў сацыяльных сетках і суцэльныя рэпосты Азаронка, то ўзнікаюць заканамерныя пытанні.

Канкурэнцыя і матывацыя

— Перыядычна я мадэрую адукацыйныя курсы і адбіраю ўдзельні_ц для іх. Даволі часта сітуацыя складваецца такая, што жадаючых у тры разы больш, чым прапанаваных месцаў. Для мяне самы галоўны крытэр адбору — гэта матывацыя чалавека. Не магу сказаць, што чакаю эсэ ў адказ на адпаведнае пытанне. Аднак калі прэтэндэнт_ка абмяжоўваецца адной фразай а-ля «а мне ўсё новае цікава, чаму б і не паслухаць ваш курс», то наўрад ці я дзеля яе адмоўлю двум іншым кандыдат_кам, якія прэтэндуюць на гэтае месца.

Але калі я выбіраю паміж двума кандыдат_камі і ў адным выпадку гаворка ідзе пра сувязь з кімсьці з дзяржаўнай установы, а ў іншым — з кімсьці з НДА, то, хутчэй за ўсё, выберу друг_ую. Напрыклад, калі ўдзельні_ца піша, што ён/яна знаходзіцца ў нядаўна зарэгістраванай палітычнай партыі «Белая Русь», то я выкажу здагадку, што яму/ёй будзе не вельмі актуальная і карысная тая інфармацыя, якую мы даем.

Як (не) гаварыць з удзельні_цамі аб бяспецы

Ці варта арганізатар_кам лішні раз прагаварыць з удзельні_цамі з Беларусі тое, што для іх удзел у мерапрыемстве можа быць небяспечным?

— Не думаю, што арганізатар_кі павінны акцэнтаваць на гэтым увагу. Як я ўжо казала, адказнасць за бяспеку дзеліцца 50 на 50 паміж арганізатар_камі і ўдзельні_цамі.

 Плюс залішні клопат аб людзях з Беларусі можа ператварыцца ў дыскрымінацыю.  Атрымліваецца, што мы лічым тых, хто там засталіся, уразлівай групай.

Я не лічу адмову ад эміграцыі ўразлівасцю. Гэта асабісты выбар кожн_ай — застацца. Ці не абраза тыкаць чалавека ў тое, што ён/яна па якіх-небудзь прычынах не з’ехалі? Перакананая, што не варта аддзяляць адных ад іншых у тых сітуацыях, калі гэта залішне.

З 2020 года жыцці ў людзей складаюцца па-рознаму — і ў тых, хто з’ехалі, і ў тых, хто засталіся. Ва ўсіх розныя ступені адаптацыі да новай рэальнасці: нават у тых, хто з’ехаў адразу і, напрыклад, праз два гады, яны будуць адрознівацца. Хтосьці за гэты час паспе_ла нават некалькі разоў пераехаць (часта вымушана). Гэта была прадмова да таго, што я не раю рабіць асобны дысклеймер: «Увага! У нас ёсць асобныя пажаданні для ўсіх і асобныя патрабаванні для ўдзельнікаў з Беларусі». Бяспека важная для кожн_ай незалежна ад месца жыхарства. Таму што нехта з тых, хто даўно эміграваў, можа хвалявацца за родных і блізкіх на радзіме. І яны могуць успрымаць для сябе наяўнасць на мерапрыемстве людзей з Беларусі як небяспечную.

А ці казаць астатнім удзельні_цам, што на мерапрыемства прыедуць людзі з Беларусі?

— Гэта залежыць ад вялізнай колькасці фактараў. Калі ў вас невялікая сустрэча, на якой удзельні_цы ведаюць ад_на адн_у шмат гадоў, — гэта адно пытанне. Калі публічнае мерапрыемства з вялікай колькасцю людзей — іншае.

Але не думаю, што ёсць сэнс казаць: «Ведаеце, тут прысутнічаюць людзі з Беларусі. А зараз давайце пагуляем у адгадайку, ці зможаце вы вылічыць іх за дзве гадзіны».

Значна лепш дакладна абмеркаваць правілы паводзін на мерапрыемстве. Напрыклад: «Мы не фатаграфуем людзей без іх згоды — калі на ваша фота патрапіць нехта, удакладніце ў чалавека, ці  ён/яна не супраць публікацыі здымка ў сацыяльных сетках». Або: «Мы не пішам аб мерапрыемстве да таго часу, пакуль яно не скончыцца — вось калі ўсе раз’едуцца, тады і рабіце пасты і публікуйце сторыз».

Ідэальны варыянт, які працуе з любымі мэтавымі групамі, якія маюць свой кантэкст, — гэта  спытаць у саміх людзей аб іх патрэбах.  Часам мы прыдумляем самі сабе ровар, хаця гэта бессэнсоўна.

Post scriptum ад «Іншых»

Тым, хто арганізуе мерапрыемства для беларускіх удзельні_ц (як з Беларусі, так і для тых, хто выехаў з краіны), трэба  добра прадумаць форму анкеты-заяўкі.  Многія людзі ў бягучай сітуацыі вельмі ўважліва ставяцца да таго, якія дадзеныя ад іх патрабуецца ўказаць у анкеце для ўдзелу ў мерапрыемстве. Часта выклікаюць асцярогу такія пункты як нумар тэлефона, горад пражывання, спасылка на сацыяльныя сеткі і да т.п. У выніку можа атрымацца так, што актывіст_кі, якім больш за ўсё патрэбныя бясплатныя курсы, псіхалагічная дапамога, ментарства і іншыя віды падтрымкі, не запішуцца ці будуць вымушаныя хлусіць, таму што кошт даверу можа быць занадта высокім.

Важна, каб патэнцыйных удзельні_ц не збянтэжылі тыя асабістыя дадзеныя, якія вы запытваеце. Калі сапраўды неабходна атрымаць нейкую інфармацыю пра ўдзельні_цу, варта асобным пунктам патлумачыць, для чаго такая інфармацыя патрэбная і як яна будзе выкарыстоўвацца.

Як скласці апытанне або форму рэгістрацыі з клопатам аб прыватнасці вашых патэнцыйных удзельні_ц чытайце ў артыкуле «Апытанкі. Як грамадскім арганізацыям клапаціцца пра персанальныя дадзеныя»


Тэкст: Юля Міхасёва

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x