Ціск на арганізацыі, якія працуюць у сферы інклюзіі, вядзе да пагаршэння і без таго складанага становішча ўразлівых груп

Інклюзія
4
(4)

Гэты тэкст з’яўляецца часткай зборніка «Беларусь.Моладзь.Жыве», які быў падрыхтаваны Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА» ў канцы 2022 году. Зборнік — гэта спроба даведацца, як сябе адчувае беларускі незалежны моладзевы сектар пасля ўсіх крызісаў, перажытых з 2020 году.

Тэкст напісала наша калежанка, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ», менеджэрка сацыяльных праектаў Марына Штрахава. Тэкст паказвае, у якіх умовах працуюць моладзевыя інклюзіўныя арганізацыі і як гэта ўплывае на розныя ўразлівыя групы. Таксама аўтарка дае рэкамендацыі, якія могуць быць карыснымі моладзевым арганізацыям для працы ў бягучых умовах.

Моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы (далей — моладзевыя АГС), якія працуюць у сферы інклюзіі, у першую чаргу накіроўваюць свае намаганні на тое, каб розныя дыскрымінаваныя і стыгматызаваныя групы былі ўключаныя і/ці мелі магчымасць паўнавартасна ўключацца ў жыццё грамадства. Гаворачы аб інклюзіі, мы маем на ўвазе працу не толькі з людзьмі з інваліднасцю (групай, якая сама па сабе вельмі разнастайная і неаднародная), але і з мноствам іншых груп — ЛГБТК+, людзі з ВІЧ, людзі з псіхічнымі разладамі, людзі з ментальнымі асаблівасцямі, мігранты, бежанцы і многія іншыя групы, якія сістэматычна выключаюцца з жыцця грамадства толькі ў сілу таго, кім яны з’яўляюцца.

Да падзей жніўня 2020-га сектар моладзевых АГС, якія працуюць з інклюзіяй, быў актыўным і разнастайным. Праца вялася ў мностве фарматаў: ад лакальных закрытых падзей да вялікіх публічных мерапрыемстваў. У розных гарадах групы, якія стыгматызуюцца і дыскрымінуюцца, атрымлівалі шырокі спектр дапамогі (псіхалагічная, прававая, матэрыяльная). Уразлівыя групы маглі выбіраць, да каго, куды і як звярнуцца за дапамогай і атрыманнем інфармацыі. Але падзеі жніўня 2020 года кардынальна змянілі як ландшафт моладзевых інклюзіўных АГС, так і становішча саміх уразлівых груп.

Ліквідацыі, крымінальная адказнасць, скарачэнне каманд АГС

Моладзевыя інклюзіўныя арганізацыі не пазбеглі ліквідацыі разам з іншымі АГС. Асабліва патрапілі пад рэпрэсіі тыя з іх, якія актыўна выказваліся супраць гвалту і падтрымлівалі дэмакратычныя змены. Многія АГС або ўжо ліквідаваны, або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (добраахвотнай або прымусовай), або былі вымушаны спыніць або часова прыпыніць сваю працу.

Наступствы жніўня 2020 года прывялі да абмежавання адкрытага выказвання сваёй пазіцыі інклюзіўнымі арганізацыямі, паколькі многім уразлівым групам эфектыўна аказваць дапамогу магчыма толькі афлайн і знаходзячыся ўнутры краіны. Таму частка арганізацый, якія прадстаўляюць паслугі такім групам, занялі (ці, хутчэй, былі змушаныя заняць) больш нейтральную пазіцыю (як мінімум публічна). Такія АГС зрабілі выбар застацца ў Беларусі, улічваючы ўсе абмежаванні і рызыкі для працы, паколькі іншым спосабам дапамагаць іх мэтавым групам немагчыма.

Увядзенне крымінальнай адказнасці за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай ці ліквідаванай арганізацыі негатыўна адбілася на складзе каманд моладзевых інклюзіўных АГС. Асцерагаючыся пераследу за сваю дзейнасць, ключавыя сябры каманд, а часам і каманды цалкам, змушана з’язджалі з краіны. Многія малыя/лакальныя ініцыятывы з-за ад’езду лідараў і лідарак у выніку спынялі сваю працу, паколькі не мелі магчымасці і/або кампетэнцый у бягучых палітычных умовах працягваць сваю дзейнасць дыстанцыйна, фізічна знаходзячыся ў некалькіх краінах.

Тыя актывісты і актывісткі, якія заставаліся ў краіне, у большасці сваёй былі вымушаныя ананімізаваць свой удзел у АГС. Гэты вымушаны крок, з аднаго боку, стаў важнай умовай для працягу ўдзелу моладзі ў працы АГС. Але, з іншага боку, «ананімныя» ініцыятывы (асабліва новыя), якія не прадстаўлены канкрэтнымі людзьмі, хутчэй за ўсё, будуць выклікаць менш даверу і жадання да іх далучыцца з боку груп, якія стыгматызуюцца і дыскрымінуюцца. Бо пры працы з такімі групамі асабліва важна будаваць і падтрымліваць даверныя адносіны, ствараць бяспечную прастору, што значна ўскладняецца ці нават становіцца немагчымым пры ананімнай працы і камунікацыі.

Некаторыя інклюзіўныя АГС (асабліва ініцыятывы) дастаткова хутка перапрафілявалі сваю працу на аказанне падтрымкі тым, хто пацярпеў ад дзеянняў рэжыму, надаючы пры гэтым увагу не толькі сваім звыклым мэтавым групам. Моладзевыя арганізацыі, якія не змянілі ці не скарэктавалі фокус сваёй працы, адчулі адток актыўнай моладзі, якая сышла працаваць у новыя, больш актуальныя ў бягучых умовах сферы, напрыклад, праваабарону ці аказанне гуманітарнай дапамогі. Гнуткасць моладзі значна дапамагла адказаць на актуальныя выклікі, але аслабіла самі інклюзіўныя моладзевыя АГС. Цяпер для працягу працы ім неабходна шукаць новых чальцоў у вельмі неспрыяльных для гэтага ўмовах. 

Доступ да мэтавых груп

З-за таго, што мноства моладзевых актывістаў і актывістак былі вымушаныя з’ехаць з краіны, яны цяпер не маюць прамога доступу да сваіх мэтавых груп. Многія інклюзіўныя АГС працягваюць працу толькі для сваіх закрытых суполак і не прапануюць свае паслугі публічна, не праводзяць адкрытых мерапрыемстваў. Гэта апраўдана з пункту гледжання бяспекі, аднак у той жа час гэта не дазваляе павялічваць сваю мэтавую аўдыторыю і дапамагаць большай колькасці людзей.

Пры гэтым на канец 2021 году таксама існавала рызыка сыходу арганізацый з поля зроку сваіх мэтавых аўдыторый, якія не будуць ведаць ці атрымліваць інфармацыю аб існаванні і дзейнасці АГС. І гэта ўжо стала актуальна для моладзевых арганізацый, паколькі па выніках «Шматкампанентнага даследавання бягучага медыйнага асяроддзя для беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці» (OEEC у партнёрстве з Baltic Internet Policy Initiative, 2022)*, зараз моладзь у асноўным атрымлівае інфармацыю з Instagram, «ВКонтакте» і TikTok, у той час як арганізацыі і ініцыятывы ў асноўным вядуць свае старонкі ў Facebook. Таксама арганізацыі мала выкарыстоўваюць YouTube, які для моладзі з’яўляецца адным з каналаў атрымання інфармацыі. Алгарытмы сацыяльных сетак таксама ўвесь час змяняюцца, і ўсё часцей атрымаць вялікія ахопы магчыма толькі пры наяўнасці рэсурсаў на рэкламу, якімі моладзевыя АГС часта не валодаюць. У сукупнасці пералічаныя вышэй фактары прыводзяць да таго, што ўтвараецца ўсё большы разрыў у анлайн-камунікацыі паміж моладзевымі інклюзіўнымі АГС і іх мэтавымі групамі, які з часам можа прывесці да таго, што арганізацыі, асабліва тыя, якія вымушана з’ехалі з краіны, страцяць сувязь са сваімі аўдыторыямі.

Па выніках кансультацый «(Не)дасяжны анлайн: бар’еры» (2020) удзел у анлайн-мерапрыемствах далёка не для ўсіх сацыяльных груп аднолькава дасяжны і бяспечны. Не ўсе маюць бяспечную (фізічную) прастору і неабходную для ўдзелу тэхніку. Для некаторых груп (напрыклад, ЛГБТК+, людзі з ВІЧ і інш.) удзел у анлайн-фарматах нясе рызыку аўтынгу ці непажаданага раскрыцця сваёй ідэнтычнасці перад іншымі людзьмі.

Аутынг — публічнае разгалошванне інфармацыі аб сексуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці чалавека без яго згоды.

Даследаванне, якое праводзілася ў першай палове 2021 года, паказала, што для арганізацый, якія працуюць з уразлівымі групамі, характэрна звужэнне доступу да сваіх мэтавых груп, паколькі «гэтым мэтавым групам пераход у анлайн-фарматы даецца са значна большымі высілкамі». Пры гэтым маніторынг другой паловы 2021 году паказаў, што «лягчэй працягваць працу з тымі мэтавымі групамі, якія і раней былі актыўныя анлайн, напрыклад, моладзь». Такім чынам, для моладзі з уразлівых груп мы маем даволі ўнікальную і складаную сітуацыю. З аднаго боку, традыцыйна моладзь больш актыўная анлайн. Але пры гэтым, з іншага боку, моладзь з груп, якія стыгматызуюцца і дыскрымінуюцца, можа адмаўляцца ад анлайн-удзелу ці не мець такой магчымасці ў прынцыпе. Для моладзевых АГС, якія працуюць у сферы інклюзіі, кантакт са сваёй аўдыторыяй, як і выхад на новыя аўдыторыі ў бягучай сітуацыі, становіцца новым выклікам.

Таксама важна адзначыць, што для многіх арганізацый унутры Беларусі проста зніклі прасторы для афлайн-актыўнасцей унутры краіны (нават у закрытым непублічным фармаце). Офісныя памяшканні закрыліся з-за немагчымасці іх далейшай падтрымкі ліквідаванымі арганізацыямі, а таксама закрыліся публічныя прасторы, якія былі сяброўскія для моладзі і ўразлівых груп, напрыклад, «ОК16» і «Галерэя «Ў» (Мінск), тайм-клуб «1387» (Бабруйск), «Першы крок» (Мазыр) і шматлікія іншыя.

Доступ да фінансавання

Асобным складаным пунктам для працягу працы моладзевых АГС з’яўляецца фінансаванне. Не спыняючыся на агульных бар’ерах, характэрных для ўсяго грамадзянскага сектара, варта звярнуць увагу на асаблівасці працы моладзевых інклюзіўных арганізацый. Для маладых (пачынаючых) ініцыятыў і арганізацый была характэрна праца праз мікра- (рэ)грантынг, якая не толькі дапамагала дасягаць ім сваіх мэт, але і спрыяла ўмацаванню і росту арганізацыйнага патэнцыялу. У бягучых умовах такая схема падтрымкі крытычна абцяжарана. Не толькі таму, што атрыманне сродкаў з-за мяжы з’яўляецца вельмі небяспечным, але і з-за таго, што часта такую падтрымку прапаноўвалі буйныя АГС, якія зараз ліквідаваны і спынілі працу. Многія сацыяльныя ініцыятывы і арганізацыі абапіраліся на падтрымку сваіх супольнасцяў праз краўдфандынгавыя платформы MolaMola, «Улей» і «Талака», якія былі зачынены ўладамі. Бяспечны збор сродкаў на замежных краўдфандынгавых платформах магчымы толькі для тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі. У многіх моладзевых АГС таксама няма зарэгістраваных арганізацый за мяжой, якія дапамагалі б ім вырашаць пытанні з атрыманнем сродкаў.

Моладзевыя АГС, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю

Асноўныя профільныя арганізацыі, якія працавалі з такой шырокай групай маладых людзей, як людзі з інваліднасцю, па-ранейшаму працягваюць сваю працу, напрыклад, ГА «БелАДДІіМІ», БМГА «Розныя-Роўныя» і інш. Спектр паслуг для гэтай групы моладзі шмат у чым застаўся ранейшым, аднак адвакацыяй правоў дадзенай групы цяпер займаюцца альбо ў меншай ступені, альбо зусім не займаюцца праз палітычную сітуацыю ў краіне.

Моладзевыя АГС, якія працуюць з ЛГБТК+

У сектары арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць з ЛГБТК+, адбыліся найбольш адчувальныя змены, паколькі пасля падзей жніўня 2020 года гамафобія ў Беларусі, па сутнасці, стала адным з інструментаў рэпрэсій. Відэа з аўтынгам затрыманых па палітычных матывах (у тым ліку маладых людзей) набываюць сістэмны характар. Беларускія ўлады падаюць ідэнтычнасць чалавека як «заходнюю ідэалогію, якая чужая Беларусі і з’яўляецца варожай». Такі падыход не мог не адбіцца на становішчы профільных і сяброўскіх ЛГБТК+ арганізацый і ініцыятыў, якія ў большасці сваёй былі вымушаныя спыніць працу, а актывісты і актывісткі з’ехаць з краіны. 

Фонам для працы тых, хто працягвае дзейнасць у Беларусі, з’яўляюцца не толькі рэпрэсіі, якія ўзмацняюцца, але і павелічэнне з цягам палітычнага крызісу праяў мовы варожасці ў дачыненні да ЛГБТК+ у сродках масавай інфармацыі. Так, 24% матэрыялаў на тэму ЛГБТК+ у беларускіх СМІ ў 2021 годзе ўтрымліваюць праявы мовы варожасці. Гэта істотна больш, чым у 2020 годзе, калі праявы мовы варожасці сустракаліся ў 10% публікацый у першым паўгоддзі і ў 20% — у другім, пасля пачатку палітычнага крызісу (Маніторынг мовы варожасці ў дачыненні да ЛГБТК+ у СМІ Беларусі ў 2021 годзе).

Кароткі агляд становішча моладзі са стыгматызаваных і дыскрымінаваных груп

Прадстаўнікі і прадстаўніцы ўразлівых груп, як гэта заўсёды бывае ва ўмовах крызісу, сталі яшчэ больш уразлівымі і патрапілі пад уплыў знешніх абставін, якія ўвесь час змяняюцца. Ліквідацыя профільных моладзевых арганізацый у сферы сацыяльнай інклюзіі значна пагаршае становішча моладзі са стыгматызаваных і дыскрымінаваных груп.

З-за ліквідацыі арганізацый і скарачэння публічнай дзейнасці моладзевых АГС маладыя людзі з дыскрымінаваных і стыгматызаваных груп не маюць у поўнай ступені доступу да тых паслугаў, якія ім неабходны.

Для многіх уразлівых груп вельмі важна стварэнне падтрымліваючай і бяспечнай афлайн-супольнасці, прастор для сустрэч, наладжванне сувязей з іншымі людзьмі з групы, абмен вопытам, узаемападтрымка. У бягучых умовах гэта магчыма толькі для ўжо раней сфарміраваных супольнасцяў, або анлайн, або за межамі Беларусі. Пры гэтым унутры краіны такая праца можа быць спалучана са значнымі рызыкамі для ўсіх бакоў.

Знаходзячыся і без таго ва ўразлівым становішчы, беларуская моладзь з дыскрымінаваных і стыгматызаваных груп унутры краіны часта не хоча падвяргаць сябе дадатковай небяспецы і прымаць удзел у дзейнасці хоць і цікавых ім, але ліквідаваных і/ці незарэгістраваных арганізацый. У выніку моладзь для сваёй бяспекі можа прымаць рашэнне альбо не ўдзельнічаць у грамадскім жыцці зусім, альбо рабіць гэта толькі праз праўладныя, лаяльныя да ўладаў арганізацыі. Застаючыся сам-насам са сваімі праблемамі, моладзь, якая дыскрымінуецца і стыгматызуецца, адчувае сябе ўсё горш, яна зніжае сваю актыўнасць, выключаецца з грамадскіх працэсаў.

Магчымыя рэкамендацыі для моладзевых АГС
  • Узмацняць супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне сярод моладзевых інклюзіўных АГС для пашырэння дзейнасці і ахопаў мэтавай аўдыторыі.
  • Абменьвацца досведам паспяховай работы ў новых умовах, сумесна абмяркоўваць бягучыя выклікі і спосабы адказу на іх.
  • Рэалізоўваць фарматы працы з мэтавымі групамі, якія даказалі сваю эфектыўнасць, а таксама інавацыйныя фарматы, якія адказвалі б на бягучыя выклікі ў працы моладзевых АГС, у тым ліку ўключалі ў дзейнасць новых людзей.
  • Аб’ядноўваць намаганні розных профільных арганізацый і ініцыятыў (не толькі моладзевых) для распрацоўкі праекта новага комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, накіраванага на стварэнне эфектыўных інструментаў абароны ад дыскрымінацыі любога чалавека, асабліва з уразлівых груп.
  • Прасоўваць інклюзіўныя падыходы ў дзейнасці большай колькасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама бізнесу і новых дэмакратычных сіл.
  • Ажыццяўляць асветніцкую працу з шырокай грамадскасцю ў сферы інклюзіі.
  • Праводзіць маніторынг выкарыстання мовы варожасці ў СМІ, распаўсюджваць яго вынікі, займацца асветай у гэтай сферы.
  • Умацоўваць працу каманд у аддаленым рэжыме, прадугледжваць у праектных заяўках сродкі на падтрымку членаў каманды, а таксама арганізацыйнае развіццё.
  • Уключаць у бюджэты праектных заявак сродкі на прасоўванне ў інтэрнэце, улічваючы не толькі выдаткі на SMM-спецыяліст_ку і рэкламу, але і на працу дызайнер_кі, аўтар_кі тэкстаў, маркетолаг_іні для таго, каб не губляць сувязь са сваімі мэтавымі аўдыторыямі.
  • Незарэгістраваным ініцыятывам неабходна ўступаць у партнёрствы з тымі арганізацыямі, якія маюць рэгістрацыю за мяжой і могуць дапамагчы з атрыманнем сродкаў на дзейнасць.

Тэкст: Марына Штрахава
Фота: Ірына Арахоўская 

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x