Чаму ўразлівыя групы не давяраюць медыя і як вырашыць гэтую праблему?

ІнклюзіяВеды
5
(5)

Прыналежнасць да пэўнай часткі грамадства ўплывае на ўзровень даверу да медыя. Найперш ён залежыць ад дэмаграфічных паказальнікаў: раса (ці каста ў Індыі), гендар, сацыяльны клас і ўзрост. Да такіх высноваў прыйшлі даследчы_цы з Reuters Institute.

Даследаванне складаецца з інфармацыі, якую сабралі ў 41 фокус-групе ў Бразіліі, Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Удзельні_цы апытання паходзяць з уразлівых груп з цяжкім жыццёвым досведам. У Бразіліі гэта былі цемнаскурыя і метыс_кі. У Індыі ― «маргіналізаваныя» касты і плямёны, а таксама мусульман_кі. У Вялікабрытаніі гэта прадстаўні_цы працоўнага класу. У ЗША даследчы_цы апыталі цемнаскурых і жыхар_ак сельскай мясцовасці.

Агулам апытаныя выражалі скептыцызм у дачыненні сродкаў масавай інфармацыі (далей ― СМІ). Рэспандэнт_кі бачаць асаблівыя матывы медыя, якія маніпулююць грамадскай свядомасцю ў камерцыйных і палітычных мэтах. На думку ўдзельні_ц апытання, медыя схільныя па-ўпярэджанаму ставіцца да іх. Такое стаўленне не толькі выклікала недавер груп, але і станавілася крыніцай значнага пагаршэння іх становішча і ўзмацняла пэўныя стэрэатыпы ў грамадстве.

Чаму ўразлівыя групы не давяраюць медыя?

Журналіст_кі не чуюць голас уразлівых груп.
На думку апытаных, медыя часта скажаюць факты, калі робяць пра іх навіны ― альбо ўвогуле ігнаруюць праблемы гэтых груп. Людзі заявілі пра вялікі негатыў у іх бок і шкодныя стэрэатыпы, якія існуюць у медыя.
Медыя ўпярэджаныя і часта гоняцца за сенсацыямі.
Яны не зважаюць на наступствы для ўразлівых груп. Медыя асвятляюць крымінал, выкарыстоўваючы стэрэатыпы, каб павысіць клікбэйтнасць і рэйтынг.
СМІ ― гэта інстытуцыя, якая абслугоўвае прывілеяваных.
Стаўленне да медыя ў людзей часта ішло побач з занепакоенасцю праблемамі расізму, класавасці, каставасці. Рэспандэнт_кі рэдка вызначалі СМІ як інстытуцыю, якая служыць усяму грамадству. Часцей медыя ўспрымаліся ў якасці абслугі ўплывовых і прывілеяваных людзей.
Апытаныя лічаць журналіст_ак адарванымі ад рэчаіснасці ўразлівых груп.
Але адначасова многія адзначалі пазітыўныя выпадкі працы журналіст_ак у якасці выключэння. Прадстаўні_цы ўразлівых груп аддзяляюць журналіста_к ад іх працадаўцаў. Яны вінавацяць вялікія кампаніі за недахопы ў асвятленні праблем гэтых груп.
Уразлівыя групы жадаюць больш непрадузятасці, празрыстасці і дакладнасці ў асвятленні іх праблем.
У той жа час на пытанне аб тым, што і як асвятляць, якія гісторыі браць ва ўвагу, чые галасы выдзяляць, групы апытаных не змаглі даць адназначнага адказу.
Удзельні_цы фокус-груп разыходзіліся ў меркаваннях пра тое, наколькі важна самім журналіст_кам паходзіць з розных слаёў грамадства.
Яны лічаць, што вельмі важна захоўваць разнастайнасць не толькі сярод журналіста_к, але і сярод менеджменту медыя-агенцтваў. У той жа час рэспадэнт_кі асцерагаюцца выключна сімвалічных намаганняў дзеля ўяўнай бачнасці інклюзіі замест рэальнай прадстаўленасці розных груп у рэдакцыі.
Уразлівыя групы заявілі пра важнасць нішавых і, у некаторых выпадках, лакальных медыя.
Асабліва маладыя асобы адзначалі тое, што часцей яны давяраюць звычайным людзям, не журналіст_кам, якія ствараюць анлайн-кантэнт унутры гэтых груп. Такія маленькія медыя і блогер_кі нашмат лепей могуць распавесці пра праблемы ўразлівых груп, чым журналіст_кі з вялікіх медыя-карпарацый.
Аднаўленне пачуцця даверу ўразлівых груп да медыя будзе магчымым толькі ў выпадку, калі СМІ пачнуць больш надаваць увагі іх праблемам.
Рэспандэнт_кі заявілі, што журналіст_кі павінны асвятляць іх жыццё непрадузята і справядліва. Ім варта служыць не толькі прывілеяваным і ўплывовым, а ўсёй грамадскасці.

Вынікі даследавання каментуе Марына Штрахава, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ»: 

― Я лічу, што вынікі даследавання даволі актуальныя і для беларускай рэчаіснасці і на іх варта звярнуць увагу беларускім журналіст_кам і рэдакцыям медыя. 

Перад форумам «ALL Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах», які нашая арганізацыя рабіла ў красавіку 2023 года, мы праводзілі апытанне «Як справы ў галіне інклюзіі?». У апытанні прыняла ўдзел каля 50 актывіст_ак, якія адказвалі на пытанні пра тое, як змянілася сфера з пачатку 2020 года. Трэцяя частка апытаных адзначыла, што тэма інклюзіі стала менш актуальнай у публічнай прасторы. А гэта значыць, што і выяўленасць уразлівых груп у медыя стала значна меншай, чым была да 2020 года.

Беларускія медыя працягваюць выкарыстоўваць мову варожасці і некарэктную лексіку, што пацвярджае штогадовы маніторынг ад праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць». У 2022 годзе 53% публікацый у медыя ўтрымлівалі некарэктную лексіку ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей. Часта ў беларускіх медыя можна пабачыць такія некарэктныя словы, як «інвалід», «нелегальны мігрант» ці «наркаман». Як і адзначана даследчы_цамі Reuters Institute, такая сітуацыя вядзе да пагаршэння становішча ўразлівых груп і ўзмацняе існуючыя ў грамадстве стэрэатыпы. Таму я б не здзівілася, калі б такое ж апытанне ў Беларусі таксама паказала, што ўразлівыя групы не давяраюць медыя.

Вельмі адгукаецца пазіцыя пра важнасць нішавых і лакальных медыя, якія здольныя больш уважліва і карэктна напісаць пра саму групу, чым гэта робяць журналіст_кі з вялікіх медыя. Для мяне файны прыклад такога медыя ― гэта ДазХіп, пра які мы нядаўна пісалі асобны матэрыял. ДазХіп ― гэта новае медыя пра гендар і сэксуальнасць, якое ў моц складу сваёй каманды здольнае пісаць карэктна і цікава для сваіх мэтавых груп. А гэта значыць што яму давяраюць і чытаюць.

Як медыя могуць палепшыць сітуацыю?

Па выніках даследавання Reuters Institute падрыхтавалі памятку для медыя, дзе пазначылі асноўныя рэкамендацыі для аднаўлення даверу ўразлівых груп.

  1.  Сфакусавацца на дакладнасці і паменшыць перадузятасць.  Важна паведамляць бесстароннія навіны, якія больш поўна, добрасумленна і справядліва адлюстроўваюць розныя пункты гледжання. Не варта пазіцыянаваць погляды прывілеяваных і ўплывовых як больш правільныя па сваёй сутнасці.
  2.  Сфакусавацца на дакладнасці і паменшыць перадузятасць.  Варта забяспечыць больш шырокі ахоп розных груп, каб супрацьдзейнічаць стэрэатыпам і негатыву вакол іх.
  3.  Забяспечыць разнастайнасць рэдакцый і палепшыць навучанне.  СМІ варта наймаць на працу больш журналіста_к і медыя-менеджэра_к, якія паходзяць з розных слаёў грамадства, каб яны маглі асвятляць праблемы сваіх груп.
  4.  Браць ва ўвагу патрэбы розных аўдыторый.  Медыя павінны сапраўды прыслухоўвацца да людзей з уразлівых груп і дэманстраваць шчырае імкненне да разумення іх праблем. 

Сапраўдная ўключанасць СМІ ў праблемы ўразлівых груп дапаможа людзям розных ідэнтычнасцяў адчуваць сябе больш прынятымі ў грамадстве. Важна, каб медыя чулі і ўлічвалі голас кожнай асобы, незалежна ад прыналежнасці да таго ці іншага сацыяльнага слоя.

― Падтрымліваючы ўсе рэкамендацыі ад Reuters Institute, хачу дадаць, што для беларускіх медыя створаныя два добрых інструмента, ― прапаноўвае Марына Штрахава. ― Мы і самі карыстаемся імі ў сваёй працы.

  • J4T Checker ― сэрвіс праверкі тэкстаў на маркеры мовы варожасці ад   праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць». Правярае тэксты на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.
  • Медиа Решебник ― сайт, які дапаможа разабрацца, як карэктна пісаць пра розных людзей. Зараз на сайце ёсць інфармацыя пра 10 груп. Там можна знайсці не толькі парады пра карэктную лексіку, але і кантакты эксперта_к па тэме, рэкамендацыі фільмаў, прыклады карэктных матэрыялаў у медыя і інш.

Фота: RDNE Stock project, Christiano Sinisterra, Burak The Weekender, KoolShooters

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x