Веган, беларус, анархіст. «Я жадаю роўнасці і братэрства для ўсіх істотаў на зямлі»

Асобы
0
(0)

Імя Вячкі Касінера знаёмае тым, хто рэгулярна сочыць за навінамі.

Менавіта ён быў адным з фігурантаў «справы графіцістаў», якому АПАМ зламаў сківіцу пры затрыманні. Потым яго трымалі ў СІЗА, судзілі, і, нарэшце, пад ціскам грамадскасці, адпусцілі на волю.

Ён называе сабе анархістам, але пры гэтым адстойвае права беларусаў на нацыянальнае самавызначэнне.

Менавіта ён, выпускнік гістарычнага факультэта БДУ, вадзіў анімаваныя экскурсіі ў музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, пераапранаўшыся то ў харызматычную Казу, то ў гарачага Жыжаля.

З-за складаных адносінаў з бацькам змяніў прозвішча з Тарошчына на Касінерава, і развёўся з жонкай, якая не вытрымала жыцця з «барацьбітом за свабоду і роўнасць людзей па ўсім свеце»

Займаецца тайскім боксам і ўдзельнічае ў прэстыжных міжнародных спаборніцтвах.

Мой герой – чарговая Кніга «Жывой Бібліятэкі». Кніга разнастайная і вельмі цікавая. І спынімся мы на адным томе – Вячка-веган.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах супольнага праекту «Журнала» и Жывой Бібліятэкі. Яе «кнігі» – гэта людзі, якія прадстаўляюць пэўную меншасць, валодаюць унікальным вопытам альбо рэдкай прафесіяй. Усіх іх аб’ядноўвае адно – яны Іншыя для большасці з нас. Больш пра Жывую Бібліятэку можна даведацца ў яе суполках Вконтакте і Facebook. Падтрымаць Жывую Бібліятэку можна на платформе Talaka.

Так, мой герой ужо шмат год не ўжывае не толькі мяса, але любую ежу жывёльнага паходжання. І робіць гэта не таму, што дбае пра сваё здароўе – а таму, што адчувае маральную патрэбу жыць у гармоніі з навакольным асяроддзем, не шкодзіць ані звярам, ані птушкам, ані пчолам.

Мы сядзім у кавярні побач з Камароўкай, дзе гатуюць адзін з найсмачнейшых фалафеляў у горадзе. Вячка замаўляе сабе самую вялікую порцыю – і адмыслова падкрэслівае, каб у ім не было малака. Пакуль гатуецца фалафель, мы п’ем гарбату і размаўляем пра тое, што такое этычнае веганства, чаму плачуць каровы, і як зрабіць гэты свет лепшым.

«Я звычайны беларус. Вядома, мяне з дзяцінства кармілі мясам. І я любіў яго», – пачынае Вячка. І гаворыць, што «усё пачалося» падчас навучання ва ўніверсітэце.

«Я проста вырашыў зрабіць эксперымент над сабой і паспрабаваць вегетарыянства. Я не еў мяса, але ўжываў сыр, малочныя прадукты. Зразумела, гэта быў проста пошук сябе, ніякімі этычнымі пытаннямі ў той час я не задаваўся. Пакуль аднойчы не пагледзеў фільм “Зямляне”, які называюць фільмам-“стваральнікам” веганаў. Яго знялі актывісты, якія пранікалі на разніцы і птушкафабрыкі ў розных краінах, і здымалі, як там усё адбываецца. І як тое, што мы называем ежай, трапляе да нас на стол».

Кажа, да сёння памятае той самы дзень, калі адчуў, што пасля гэтага прагляду яго жыццё зменіцца – але не чакаў, што так хутка і так глабальна.

«Нарэзаў сабе талерку сыра, сеў глядзець… І той сыр ужо даесці не змог. Прызнаюся, плакаў. Гэта былі паўтары гадзіны вельмі моцнага эмацыйнага перажывання. Я пабачыў, чаго каштуе наш лад жыцця, наколькі мы несвядомыя, калі такім чынам дазваляем сабе існаваць на планеце, калі так ставімся да жывёлаў, што жывуць побач з намі».

У тым фільме Вячка пабачыў увесь боль і жах, які адчуваюць жывёлы на фермах, калі іх гвалтуюць, прымушаюць жыць у несвабодзе, забіраюць у іх толькі што народжаных дзяцей.

«Ад таго самага моманту я – веган. Прычым веган – этычны. Да веганства людзі прыходзяць па-розных прычынах. Хтосьці хоча быць здаравейшым. Хтосьці – з-за экалогіі, бо праблемы са станам навакольнага асяроддзя ў нас наўпрост звязаныя з жывёлагадоўляй. Хтосьці – менавіта па этычных прычынах, бо не можа змірыцца з тым, як людзі ставяцца да сваіх суседзяў па планеце».

І дадае: «Гэта ж проста цемрашальна!»

Першыя гады веганства яго жыццё выглядала, як «суцэльная вайна», узгадвае Вячка:

«Было бясконцае непаразуменне з блізкімі. Але з цягам часу сітуацыя змянялася. І за гэтамі зменамі мне было вельмі цікава назіраць. Бо калі я казаў маці, што дрэнна, а што добра, хоць бы для здароўя, паказваў даследванні, фільмы, яна не слухала. А потым чула нешта па тэлебачанню. І прыходзіла да мяне: ведаеш, а там казалі, што малако – кепска. Адказваю: “Маці, дарагая, я казаў табе гэта пяць год таму, але ты толькі Малышаву слухаеш”. Але пэўнай перамогі я дабіўся: зараз ужо і брат вегетарыянец, і мяса дома не бывае».

Адзін з найбольш важкіх і жорсткіх канфліктаў на глебе веганства ў Вячкі абыўся з трэнерам:

«Я тады напаўпрафесійна займаўся тайскім боксам. І калі я стаў веганам, трэнер сказаў, што я кволы і ў мяне нічога не атрымаецца. І я проста свядома павялічваў нагрузкі, каб даказаць, на што здольны. І ўсе пытанні да мяне адпалі».

Кажа, што і сёння часцяком сутыкаецца са стэрэатыпамі, што без ужывання мяса і іншай жывёльнай ежы чалавек робіцца кволым, а мужык – «увогуле не мужык»:

«Кажуць, нібыта веганы – не здаровыя, бо ім не хапае нейкіх вітамінаў, бялкоў і г.д. І такое стаўленне з боку іншых – выклік для чалавека, які выбраў гэты шлях. Трэба быць перакананым, матываваным і валодаць пэўнай тэарэтычнай базай, займацца сабой. Усё залежыць ад вобраза жыцця і тваіх думак, а дыета – гэта толькі дадатак да разумення».

На думку майго героя, веганства – гэта дыета будучыні.

«У людзей сёння проста няма выйсця, акрамя веганства. Калі мы не адмовімся ад жывёльнай ежы, калі мы не адмовімся ад жывёлагадоўлі, мы знішчым планету і заб’ем сябе. Вось уявіце сабе, колькі трэба зерня, каб пракарміць карову. А каб чалавека?… Штогод чалавецтва забівае 67 міл’ярдаў жывёлаў, уявіце сабе гэтыя колькасці!»

Але тут жа дадае, што ягонае жаданне – каб людзі прыгодзілі да веганства не з-за эканамічных прычынаў, не з-за страху, бо гэта эгаістычна – а менавіта з-за разумення неэтычнасці сучаснага стаўлення людзей да жывёлаў.

«Жывёлагадоўля – гэта гвалт і массавае забойства. Ведаеце, як шмат людзей наўкол, якія нават не думаюць, чаму каровы даюць малако, і кажуць, што калі мы іх не будзем даіць, яны памруць? Але малако карове патрэбнае, каб карміць цяля, і толькі для гэтага! Для гэтага карова мусіць быць цяжарнай. І таму яе штогод гвалцяць… А пасля народжанае цяля, каб яно не піло малако, якое патрэбнае нам, забіраюць ад маці», – у голасе гэтага брутальнага з віду хлопца за тату па ўсіх руках, чуваць нечаканыя ноткі адчаю.

«Бычкоў, хутчэй за ўсё, адразу заб’юць», – дадае мой суразмоўца, і на нейкі час размова сціхае.

Афіцыянтка прыносіць гарачы фалафель без кроплі жывёльных інгрыдыентаў. Але кавалак у рот ужо не ідзе. Мяшаем лыжачкамі амаль халодную гарбату.

«Актывісты, якія пранікаюць на скатабойні, кажуць, што адзін з самых страшных крыкаў, якія яны чулі ў сваім жыцці, гэта крык каровы, у якой забралі цяля, – нечакана працягвае мой суразмоўца. – І гэта кошт нашага марозіва, кошт латтэ, кошт ялавічыны на стале. І таму, што б там не адбылося з апошнім статкам на зямлі, гэта лепей за такое жыццё».

Вячка распавядае, як дзесьці ў Амерыцы аднойчы зачынілі ферму і выпусцілі статак на волю. Частка кароў загінула, але іншыя – адаптаваліся. Згубіліся рогі, паменьшылася вымя, «прырода сама размеркавала, як ёй трэба».

У веганаў існуе забарона не толькі на мяса, птушку, яйкі, малако і прадукты, з іх створаныя, але нават на мёд:

«Разумееце, мёд – гэта канцэнтраваная энергія, якую пчолы назапасілі за лета, каб пражыць зіму. Мы ж гэтую энергію забіраем сабе, пакідаючы пчолам ваду з цукрам. І нават калі не разглядаць такое стаўленне як жорсткую эксплуатацыю, ўсё роўна, гэта кепска для пчол».

Пра забойства жывёлаў дзеля выжывання

«Людзі вельмі даўно ідуць насуперак прыродных працэсаў, і пагражаюць развіццю не толькі іншых, але і саміх сабе. Мы, людзі, зараз з’яўляемся прычынаю вымірання відаў. Мы, людзі, – і ёсць наступны Апакаліпсіс. Мы забруджваем і акісляем акіяны, мы адказваем за парніковы эфект на планеце. Мы ядзім не тое, што патрэбна нашым арганізмам, а тое, што адпавядае нашым густам і традыцыям», – кажа Вячка. І, здаецца, у гэты самы момант мой суразмоўца размаўляе з вялізным натоўпам, з ўсім чалавецтвам.

Дарэчы, сапраўды – як быць з традыцыямі, пытаюся. Мы ж тут спрадвеку елі мяса, пілі малако, яйкі ўжывалі?

«Вам пашчасціла! Я ж па адукацыі гісторык, – пераходзіць на жартаўлівы тон Вячка. – Ведаеце, гэта хлусня, што нашыя продкі традыцыйна елі шмат жывёльнай ежы. Нават на нашых тэрыторыях мяса ў простых людзей было толькі па святах, малако і сыр – у абмежаванай колькасці. Звычайнай ежай чалавека былі крупы і кашы. Людзі харчаваліся вельмі проста. Гэта была амаль вегетарыянская дыета».

Веганы між сабою называюць ужыванне мяса «падлажэрствам», бо кажуць, што мяса – гэта эўфімізм, за якім мы хаваем сапраўдную сутнаць прадмета. І гэтае «падлажэрства», па словах Вячкі, з’явілася ў нашых традыцыях толькі з-за леднікоў, калі ў раслін не было магчымасці выжываць:

«Але чалавек пачаў драпежнічаць менавіта дзеля таго, каб выжыць. Зараз гэтае пытанне не стаіць. Тым больш, што чалавек нават фізіялагічна – траваядны. У нас даўжыня кішэчніка нашмат большая за даўжыню цела. Бо нам трэба рашчапляць складаныя вугляводы з расліннай ежы. Нават нашая сківіца пабудаваная такім чынам, каб нам было зручна есці траву».
Паляваннем у сучасным свеце, на думку Вячкі, могуць займацца «толькі вар’яты, людзі з псіхічнымі хваробамі і ман’які»:

«Што такое паляванне? Людзі з небяспечнай адлегласці ў некалькі крокаў дзеля задавальнення забіваюць безахоўных жывёлаў. Не, не падумайце: калі я буду ісці па лесе і на мяне нападзе мядзведзь, я не ўзніму рукі са словамі: “Не, братка, я – веган!” Канешне, буду абараняцца! Але гэта пытанне выжывання. Калі ж вам не трэба выжываць, калі для вас паляванне – гэта проста “спорт”, то гаворка ідзе пра хваробу. Хочаш пазмагацца з мядзведзем? Ну, паспрабуй! Голымі рукамі ці хоць бы з рагацінаю. Я б пагледзеў на такое. Ці паспрабуй зайца дагнаць, за вавёркаю з веткі на веткі скочыць, храка заламаць. Гэта будзе шчыра».

Пра знішчэнне відаў як фашызм

«Ёсць такое паняцце – спесішызм (відавы расізм). Гэта калі мы кажам, што наш від – самы галоўны, ўздымаем яго над іншымі. З гэта ж пачынаўся нацызм і фашызм. Людзі казалі, што беласкурыя лепшыя за іншых, ці што немцы лепшыя за габрэяў. З гэтага пачыналіся забойства. Мы такое ўжо праходзілі. І асудзілі. Але ў дачыненні да іншых жывых істот мы працягваем так рабіць, проста таму, што маем магчымасць ужываць да іх гвалт».

Людзі пачынаюць казаць, што нейкі кабан са сваёй сям’ёй ім пагражае – але гэтая істота ў гэтым месцы жыла стагоддзямі.

«А мы прыйшлі, набудавалі дарогаў і крамаў і забралі ў яго месца, дзе ён са сваёй папуляцыяй гарманічна існаваў, не знішчаючы навакальное асяроддзе. Мы кажам, што ён з’яўляецца нам пагрозай, але першапрычына ў нас. Мы не бачым леса, мы бачым лясны рэсурс. Мы не бачым вады, мы бачым водны рэсурс. Мы не бачым жывёлаў, мы бачым жывёльны рэсурс. Прыйшоў чалавек, узяў у рукі аловак – и намаляваў нейкія межы: і для сабе, і для іншых. Для вады, для паветра, для лясоў, для жывёлаў. І праз гэта дазваляе сабе казаць, што яму нешта перашкаджае, што нешта парушае ягоныя межы. Так, напрыклад, у свой час ў Амерыцы масава вынішчалі бізонаў, якія нібыта перашкаджалі сельскай гаспадарцы».

Гэтыя думкі Вячка пра межы нагадваюць мне, што насупраць не проста этычны веган, а яшчэ і анархіст, які і ў сваім жыцці не прызнае межаў і ўлады.

Пра гарады як «зоны акупацыі»

Слухаючы свайго суразмоўцу, задаюся пытаннем: ну і што далей? Як зрабіць нашае існаванне на зямлі маскімальна няшкодным для іншых? Усім разам апрануцца ў ільняныя адзенні і сыйсці ў лес, адрынуўшы прагрэс? І калі так, то чаму мы з Вячкам сядзім у цэнтры вялікага горада, ямо фалафель у кавярні – і збіраемся раз’ехацца адсюль у розныя бакі не на конях (дарэчы, гэта ж таксама эксплуатацыя, не?), а на грамадскім транспарце?

«Я лічу, што адзіны шлях чалавека – зразумець, што мы не гаспадары прыроды, а толькі яе частка, – адказвае Вячка. – І гэта тычыцца, у тым ліку, і ладу нашага жыцця. І гэта не азначае, што трэба стаць прымітывістам, сыйці ў лясы і хадзіць босым. Мы жывем у 21-м стагоддзі, мы маем магчымасці развіваць бяспечную натуральную энергетыку. Мы маем праекты выкарыстання сонечнай і ветравой энергіі. Але пры гэтым кіруемся нечыімі картоткатэрміновымі інтарэсамі – і будуем АЭС, філіял пекла на зямлі. І гэта паказчык, што наша свядомасць знаходзіцца на ўзроўні каменнага стагоддзя».

На думку Вячкі, сёння людзі, як ніколі, маюць магчымасць будаваць «разумныя гарады» і змяніць свой лад жыцця на экагалічны. Што нам замінае? Культура бясконцага спажывання.

«Раней былі машынкі Zinger, якія дзесяцігоддзямі працавалі, у спадчыну заставаліся. Вопратка магла перажываць некалькі людзей. А зараз для нас прасцей купіць новую рэч, чым адрамантаваць старую. На гэта і разлік. Сёння галоўны рухавік жыцця – чалавек-спажывец, які бясконца нешта набывае. А калі ў яго сканчаюцца рэсурсы для набыцця, ён бярэ крэдыт, і зноўку набывае і набывае. Пакупка стала рытуалам, ад якога цяжка адмовіцца, бо ў гэтым нібыта самарэалізацыя чалавека. На самой жа справе – гэта мішура, за якой хаваецца сацыяльная дэградацыя чалавека як асобы».

Чаму ж Вячка сам не збег з горада, чаму ўласным прыкладам не паказвае, як можна жыць інакш?

«Але, уявіце, я з’яжджаю на Палессе, будую там вёсачку, жыву ў гармоніі з прыродай – але раптам выбухае Астравец. І ад яго ўжо не збегчы – ні ў горадзе, ні ў вёсцы, ні ў лесе. Ёсць рэчы, якіх нам не пазбегнуць. Застаецца толькі змагацца за перамены. І тут важнае пытанне: наколькі я змагу ўздзейнічаць на людзей, знаходзячыся на вёсцы, ці тут, у горадзе?»

Дарэчы, гарады мой суразмоўца называе не інакш, як зонамі акупацыі, дзе адбываюцца «самыя цемрашальныя рэчы»:

«Тут чалавек атрымоўвае ваду з крана, а ежу – з крамы. І тут ён будзе да апошняга змагацца за сістэму, бо проста не ўяўляе, як можна інакш. Між тым гарады калі і павінны існаваць, то зусім у іншым фармаце. І ёсць шмат праектаў на гэта конт».

Адзін з самых вядомых – праект «Вянера» Жака Фрэска. Галоўны канцэпт праекту – рэсурса-арыентаваная эканоміка, якая скіраваная на падвышэння ўзроўню жыцця, а не на атрыманне прыбытку часткай грамадства. Але многія дагэтуль лічуць гэта ўтопіяй.

Пра свядомасць, дзяржаўны гвалт і ўнутраную свабоду

Чаму не працуюць праекты этычнага і адказнага стаўлення да прыроды і жывёлаў? Проста людзі свядома абіраюць не ведаць пэўныя рэчы, лічыць Вячка.

«Так, гэта мяска, гэта смачна. І я не хачу ведаць, як яно трапіла на мой стол. Калі такое адбываецца сярод людзей, калі мы некаму плацім за забойства, гэта называецца “арганізаваным злачынствам”. А з жывёламі гэта не працуе. Нам усім варта браць адказнасць за сваё жыццё ў свае рукі. І калі ты ўжо еш мяса, то, калі ласка, ведай, як яно да цябе трапляе, бяры за гэта адказнасць. Тое самае тычыцца і грамадскага жыцця. Калі ты хочаш пераменаў у грамадстве – калі ласка, будзь палітычна актыўным, разумей сітуацыю і тое, які выбар ты робіш. Здымай шоры з вачэй».

Для майго суразмоўцы адказнасць і расплюшчаныя вочы – бадай што, самыя важныя рэчы ў жыцці:

«Я лічу цемрашальствам прымаць, што ёсць у дзяржаве чалавек, які можа змяняць законы па сваім жаданні. Няўжо вы пагодзіцеся з тым, што нейкі вусаты дзядзька можа адзінаасобна вырашаць, як жыць цэламу пакаленню людзей?»

Пры гэтым Вячка лічыць сябе «свабодным у паўсядзённым жыцці, нават у гэтай краіне».

«Свабода, перш за ўсё, – гэта ўнутраны стан чалавека. Напрыклад, я цяпер не адчуваю страха, калі знаходжуся без працы. Раней мяне гэта ціснула, бо як так, без працы, без пенсіі, без “сацыяльных нішцякоў”? Зараз мне зразумела, што ўсе гэтыя бонусы, плюсы, профіты не з’яўляюцца гарантам таго, што з табою заўтра нічога не здарыцца. Мы бачым, што людзі, якія сёння займаюць кіруючыя пасады, у любы момант могуць апынуцца за кратамі. З імі можа здарыцца ўсё, што заўгодна. Стабільнасць – самая галоўная ідэя нашага грамадства як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы. Але гэта міф, мішура, якая не гарантуе табе таго, кім ты будзеш заўтра».

Вячка кажа, што пазбавіўся гэтага страху, калі яго «акунулі ў нашу турэмную сістэму».

«Пакуль я там быў, мяне звольнілі з працы. “Адмысловыя людзі” напісалі лісты паўсюль, куды толькі магчыма, нават на працу маёй маці. Я перажыў гэта і зразумеў, што гэта не так страшна. Галоўнае, заставацца тым, кім ты ёсць, і трымацца пэўнага вектару развіцця».

І да сёння следчыя перадаюць «асабістыя прывітанкі» Вячку праз тых, каго выклікаюць на допыты. Кажуць, каб перадалі, што хутка пасадзяць.

Пытаюся, чаму ён тут? Няўжо няма магчымасці з’ехаць у іншы, не такі варожы, свет. Тым больш, што ён як анархіст не прызнае дзяржаваў і межаў.

«Самаахвярнасць павінна быць натуральным станам чалавека. Менавіта тады ў нашым грамадстве можа нешта пазітыўна змяніцца. Нават калі б я з’ехаў, усё роўна знайшоў бы, за што змагацца. Бо можа там і больш грошай, але і там зневажаюць людзей. За іх арыентацыю, колер скуры, сацыяльны статус. Сістэма амаль паўсюль аднолькавая, асабліва, калі ты маеш да яе такія высокія патрабаванні, як мае. Я жадаю для ўсіх роўнасці, волі, братэрства.

І хто сказаў, што сцяну немагчыма прабіць? Заўсёды самыя пазітыўныя змены ў грамадстве адбываліся дзякуючы невялічкай купе апантаных людзей. Але я жадаю, каб такое стаўленне да жыцця, такая адказнасць за сябе былі ў кожнага чалавека. Калі мы бачым несправядлівасць, у нас ёсць два варыянты: альбо бегчы, заплюшчыўшы вочы, альбо змагацца з ёю. Я не магу заплюшчыць вочы. Больш не магу. Гэта было б кампрамісам са сваім сорамам, на які я пайсці не магу».

Бескампрамісны, упарты, з характарам барацьбіта і, адначасова, добрым сэрцам, якое плача, калі бачыць гвалт над «братамі меньшымі» – гэты хлопец насупраць скарае сваёй паслядоўнасцю ў думках і дзеяннях.

Калі роўныя правы – то для ўсіх без выключэння, ходзіш ты на двух нагах, ці лятаеш з кветкі на кветку, збіраючы нектар. Калі супраціў гвалту – то этычнае стаўленне да кожнай істоты. Калі абарона сябе – то не чакаючы на дапамогу ад іншых.

Майго суразмоўцу можна было б назваць рамантыкам, калі б яны не ўяўляліся нам асобамі летуценнымі і не прыдатнымі да рэальнага жыцця. Але ідэаліст Вячка моцна стаіць на нагах і не заплюшчвае вочы, калі балюча і небяспечна – ён прымае на ўласныя плечы адказнасць за тое, што адбываецца з ім і наўкола.

Пасля чарговай сустрэчай з Іншым, вяртаюся да дому з думкамі пра тое, ці сапраўды купка людзей можа змяніць свет да лепшага. І адчуваю, што нейкі кавалачак мяне ўжо на іх баку. Пасля размовы з Вячкам літаральна кожную сустрэчу са знаёмымі пачынаю з пытання «А ці ведаеце, чаму карова дае малако?» Мае суразмоўцы на хвілінку змаўкаюць, а пасля адказваюць: «Таму што яна карова».

Рэальнае тлумачэнне, здаецца, выклікае ў іх супрацьлеглыя адчуванні. Няўжо малако патрэбнае не нам, а цяляці? Ці не падманваюць нас?

Такую рэакцыю я звычайна бачу ў малых дзяцей, калі дарослыя адкрываюць ім вочы на тое, як збудаваны гэты свет. Ці пасталеем мы калі-небудзь?

Тэкст: Яніна Мельнікава
Фота: Сяргей Балай
Крыніца: Беларусский журнал

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 0 / 5. Vote count: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць