Як займацца самарэалізацыяй, калі ты амаль нічога не бачыш

ІнклюзіяАсобы
0
(0)

Ян кажа, што нарадзіўся «звычайным чалавекам». Але праблемы пачаліся, калі хлопчыку было 2 гады. Спачатку паставілі не той дыягназ – думалі, што ў яго нешта з вачыма. Потым высветлілася, што ў Яна праблема са зрокавымі нервамі. Анкалогія. У тры гады зрабілі аперацыю, але ўсё пакінулі як ёсць, бо інакш страціў бы зрок назаўжды.

– Сёння я бачу толькі адным вокам, – распавядае Ян. – Напрыклад, зараз праз Zoom бачу твае цёмныя валасы і твар. Каб разгледзіць вочы цалкам, мне трэба глядзець зусім блізка ў экран. Але колеру вачэй я ўжо не апішу, бо без моцнага электроннага павелічэння аніякіх дэталяў не змагу ўбачыць.

Каб было зразумела, радкі ў кнізе для мяне – гэта проста цёмныя палоскі. Амаль 14 год таму сябры з Вялікабрытаніі прэзентавалі мне павелічальны дэвайс памерам з тэлефон. Дзякуючы яму я магу прачытаць нешта графічнае, калі патрэбна.

Але такія жыццёвыя абставіны не перашкодзілі Яну вывучаць ангельскую і нямецкую мовы і атрымаць вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце культуры па спецыяльнасці  “аранжыроўшчык кампутарнай музыкі”.

 

Знайдзі сабе дзяўчыну, атрымлівай добрую пенсію і жыві спакойна

– Сутыкнуцца з неабходнасцю вывучэння замежных моваў мне давялося даволі рана. Пасля аперацыі мы з маці некалькі разоў ездзілі на рэабілітацыю ў Германію. Потым яшчэ два разы я ездзіў у Вялікабрытанію. Тады ж і пачаў цікавіцца тым, як развіваюцца краіны Захаду і чаму ў нас усё інакш.

Што да адукацыі, то яшчэ з дзяцінства я захапляўся тэхнікай. Нават марыў аб прафесіі пілота ці машыніста. А калі высветлілася, што гэта немагчыма, пачаў шукаць сябе ў іншых прафесійных кірунках. Дапамагло тое, што скончыў музычную школу па класе фартэпіяна. А спецыяльнасць аранжыроўшчыка апынулася вельмі добрым выйсцем, бо патрабуе кампетэнцыяў як у музыцы, так і ў тэхніцы.

Знайсці працу чалавеку з інваліднасцю не так проста. Праз два гады пасля сканчэння ўніверсітэта Ян змог працаўладкавацца па спецыяльнасці гукарэжысёрам, але адпрацаваў толькі 7 месяцаў. Сышоў па сваім жаданні з-за нізкага заробку і неабходнасці асабістага развіцця. Жыў на пенсію па інваліднасці.

– Я чуў ад людзей: «Ян, у цябе нядрэннае жыццё – знайдзі сабе дзяўчыну, атрымлівай добрую пенсію і жыві спакойна», – узгадвае Ян. – Але да гэтай пазіцыі ў мяне адно пытанне: як жа самарэалізацыя?

Таму пасля ўніверсітэта я пайшоў на курсы нямецкай мовы, а таксама пачаў цікавіцца і прымаць удзел у розных міжнародных праграмах: ShareMusic & Performing Arts, Deutsch-Polnisches Jugendwerk па тэме «(No) big deal – рэклама, грамадства і я» ды іншых.

 

Не выйду я, не выйдуць іншыя… Тады не выйдзе ніхто?

Сёння Ян шукае падпрацоўкі, вучыць замежныя мовы і не баіцца выказваць сваю грамадзянску пазіцыю. Першы раз ён выйшаў на мірнае шэсце 13 жніўня. Гэта быў другі дзень, калі беларускія жанчыны рабілі акцыю супраць гвалту з кветкамі. Там Ян пазнаёміўся з кампаніяй маладых айцішнікаў.

– Сказаць, што я не баяўся, гэта няпраўда. Але тут як ставіцца да сітуацыі. У мяне заўсёды з сабою пасведчанне аб інваліднасці. І я заўжды стаўлюся да міліцыянтаў як да людзей, можа, таму мне пакуль шанцавала, – жартуе Ян.

– Другі раз выйшаў на шэсце са сваімі сябрамі 16 жніўня. Яны дапамагалі мне арыентавацца. Калі ёсць добрая кампанія, то забываешся на ўсе свае праблемы.

Але, як не круці, прымаць удзел у шэсці аднаму складана. З аднаго боку, мне трэба кантраляваць сітуацыю, таму лепей не лезці ў пекла. З іншага – арыштоўваюць тых, хто адбіўся ад натоўпу.

Перамяшчацца ў горадзе Яну дапамагае Google maps. Гэта не ідэальная праграма, але хлопцу падыходзіць. Хада Яна больш падобная да спартовай, бо вельмі хуткая. Але гэта не проста так. Ужо 8 гадоў ён ладзіць сабе дні без транспарту. Таму ведае Мінск як свае пяць пальцаў.

– За жыццё я сустракаў розныя меркаванні наконт падобнасці ці непадобнасці людзей. Хтосьці кажа, што «белай варонай» быць крута. Але мне як чалавеку з асаблівасцямі заўжды хацелася адчуваць сябе на роўных з іншымі людзьмі. Гэта тычыцца і ўдзелу ў маршах пратэсту.

Таму ісці на шэсце ці не – такога пытання нават не стаяла. Проста падумаў: калі не пойду я, потым так вырашыць яшчэ нехта… Тады не пойдзе ніхто?

– Безумоўна, маючы досвед трэпанацыі чэрапу пад час медыцынскай аперацыі, моцна падумаеш, перш чым лезці пад дубінку сілавіка. Але мне хочацца свабодна жыць, працаваць, казаць тое, што я думаю.

Таму я іду на шэсці не як чалавек, які мае інваліднасць ці неяк дыскрымінуецца. Я такі ж грамадзянін, як усе, таму хаджу на шэсці з БЧБ сцягам, ніяк не вызначаючы сваю асаблівасць зроку.

Ці думаў я пра затрыманні? Так. Але тут можа быць толькі адна схема: паказаць сваё пасведчанне, гучна папярэджваць пра тое, што я амаль нічога не бачу і мне патрэбна дапамога. Ці спрацуе такая схема? Не ведаю, але што можна тут яшчэ зрабіць…

 

Тое, як паводзіць сабе АМАП, – гэта пытанне культуры

Зараз пытанне стэрэатыпаў стаіць востра, бо гісторыі затрыманых людзей паказваюць – сілавыя структуры не прымаюць любую інакшасць: колер валасоў, пірсінг, тату, асаблівасці слыху ці перамяшчэнне на вазку. І такая сітуацыя як мага лепш паказвае, наколькі стэрэатыпы могуць асляпляць і пазбаўляць чалавека здаровага сэнсу.

Таму пытанне «што лепш уратуе – відавочныя прыкметы інакшасці, напрыклад, вазок, ці наадварот, яго адсутнасць» не мае адказу. Сітуацыя, у якой апынулася цяпер грамадская супольнасць, – гэта проста гвалт.

– Тое, як паводзіць цяпер сабе АМАП ці іншыя сілавікі, – гэта пытанне культуры, пытанне выхавання бацькоў і асабістага стаўлення да правоў чалавека. Ведаю, што затрымлівалі людзей з асаблівасцямі слыху ці тых, хто перамяшчаецца на вазку. Ведаю, што іх асаблівасці ігнараваліся, але гэта пытанне да сістэмы адукацыі, сацыялізацыі і гэтак далей. Альбо гэта ёсць, альбо не.

Але дакладна ведаю – гэта не нагода, каб не выказваць сваю думку, заплюшчваць вочы на парушэнне выбарчага кодэкса. Я не парушаю закон! І як грамадзянін маю права на мірны сход і свабоду слова.

Як і раней, Ян плануе прымаць удзел у мірных шэсцях і выказваць сваю пазіцыю. Але ісці аднаму – гэта сур’ёзная небяспека, нягледзячы на веданне гораду. Таму мець добрую кампанію сяброў заўжды варта.

Тэкст: Аляксандра Савініч
Фота: з архіва героя

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 0 / 5. Vote count: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць