Хочаце разварушыць свой горад? Пачытайце, як гэта робіць Гродна. Размова пра тое, як гэта – ладзіць Жывыя Бібліятэкі і не спыняцца.
Ад ідэі да каманды з 12-ці чалавек. Праз перапынкі і адраджэнні. 20 лютага 2018-га Жывой Бібліятэцы Гродна споўнілася тры гады. Мяркуем, гэта добрая нагода даведацца пра нашых заходніх сяброў больш.
Віншуем, слухаем, чытаем.
Іван Бараноўскі (арганізатар)
Усё пачалося з таго, што мяне запрасілі на Жывую Бібліятэку ў Мінск як Кнігу-ралевіка. Тады мне шалёна спадабаўся праект, адразу з’явілася ідэя зрабіць штосьці падобнае і ў Гродна. Я звярнуўся па дапамогу да мінскіх арганізатарак, яны накіроўвалі мяне, давалі слушныя парады, распавядалі, груба кажучы, як гэта і што гэта. Па выніку тры гады таму мы зрабілі першую Жывую Бібліятэку ў Гродна.
Трэба адзначыць, што паслухаць 12 Кніг тады прыйшлі ажно 70 чалавек.
Безумоўна, арганізаваць першую Бібліятэку было няпроста, напрыклад, былі цяжкасці з пошукам Кніг. Так, некаторыя з іх былі маімі знаёмымі, але астатніх я шукаў наўпрост на вуліцы. То-бок натуральна падыходзіў да незнаёмых людзей, размаўляў з імі, распавядаў пра Жывую Бібліятэку, пытаўся: “Ці хацелі б вы стаць Кнігай?” Такім чынам “з вуліцы” да нас прыйшлі Кнігі псіхатэрапеўт, крышнаіт і патолагаанатам.
На дадзены момант гродзенская Жывая Бібліятэка змянілася вельмі сур’ёзна. Па-першае, у нас вырасла вялікая каманда – 12 чалавек, прычым гэтыя людзі абсалютна самастойна могуць арганізаваць мерапрыемства, без маёй дапамогі. Па-другое, Жывая Бібліятэка стала працаваць больш пастаянна, бо з розных прычын мы бралі перапынак на паўтара года. Акрамя таго, зараз робім асобныя Жывыя Бібліятэкі для Гродзенскага ліцэя – мерапрыемствы арганізаваныя непасрэдна для навучэнцаў, дзе мы даем моладзі магчымасць даведацца пра розных людзей, розныя меркаванні і стаўленні да жыцця.
Жывая Бібліятэка безумоўна станоўча ўплывае на горад. У нас ёсць пастаянныя наведвальнікі – людзі, якія не прапусцілі ні воднага мерапрыемства, – гэта вельмі прыемна. Мы бачым зваротную сувязь: вельмі часта пасля Бібліятэк да нас падыходзяць чытачы і кажуць, што нейкая Кніга змяніла іх. Напрыклад, шмат хто не чакаў, што хлопец, які сядзеў у турме, можа быць такім цікавым і глыбокім, – гэта неверагодна для іх. Акрамя таго, мы прыслухоўваемся і да пажаданняў – намагаемся адшукаць тыя Кнігі, якія наведвальнікі хацелі б пачытаць.
Складана сказаць, ці адрозніваецца Бібліятэка Гродна ад іншых Бібліятэк, але адно істотнае адрозненне ў нас ёсць (за што мяне часта ўпікаюць арганізатаркі з Мінска): да адной Кнігі ў нас могуць сядаць да 20 чалавек, мы іх клічам Суперкнігамі, нават плануем правесці так званую “Супер Жывую Бібліятэку”, куды збярэм усе Суперкнігі. Падаецца, гэта будзе цікава.
Калі казаць пра мяне, то я займаюся праектам таму, што я сам жыву ў Гродна і бачу, што ў нас няма ніякіх моладзевых дзвіжух, час ад часу праходзяць нейкія моладзевыя фестывалі, але гэта рэдкасць, увесь свой вольны час людзі бавяць у барах. Мяне гэта вельмі не задавальняе. Таму я і намагаюся прынесці ў горад нешта іншае, цікавае і карыснае.
Мікіта Крот (валанцёр)
Напачатку я нават не ведаў пра тое, што ў Гродна наогул існуе такая з’ява, як Жывая Бібліятэка. Але актыўна шукаў цікавыя мерапрыемствы ў горадзе. І вось аднойчы адна з арганізатарак ЖБ прапанавала мне дапамагаць ім у праекце, бо на той час каманда складалася ўсяго з двух чалавек. Я пагадзіўся.
Мне спадабалася сама ідэя – камунікацыя паміж людзьмі, непадобнымі адно да аднаго, усе гэтыя дэбаты і новыя знаёмствы.
У Гродна мы намагаемся прыстасоўвацца пад жаданні нашых чытачоў, каб кожная новая Бібліятэка запомнілася і захапіла наведвальнікаў, і ў той самы час думаем і над камфортам для Кніг – каб яны і ў наступны раз пагаджаліся ўдзельнічаць. Таксама мы карэктуем правядзенне мерапрыемстваў, падладжваем яго пад Гродна, бо ў кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці.
Даша Шамбер (арганізатарка)
Мне 17 гадоў, я вучуся ў ліцэі. Калі коратка, то вяду актыўны лад жыцця, люблю спрабаваць нешта новае. Яшчэ ў школе была правай рукой педагога-арганізатара, удзельнічала ў разнастайных тэатральных пастаноўках, спектаклях і канцэртах. Заўсёды глядзела на свет вачамі, поўнымі ідэямі і бляскам. Так здарылася і з Жывой Бібліятэкай.
Аднойчы мае намаганні выцягнуць сяброў на вуліцу не ўвянчаліся поспехам: яны казалі, што там няма чаго рабіць. Ды і сапраўды, адзіная забаўка для школьніка без грошай – гэта пасядзець у тэлефоне на лавачцы ды пафоткацца. Таму я вельмі ўзрадавалася, калі адшукала суполку Жывой Бібліятэкі ў Гродна, але хутка засмуцілася: свежых анонсаў у суполцы не было. Напісала арганізатару Івану Бараноўскаму, пацікавілася, чаму няма Бібліятэк, высветліла, што жадаючых праводзіць ЖБ няма, а ён завалены працай і проста не мае на гэта часу.
Я крыху засумавала і, напэўна, забылася б пра гэтую суполку, калі б на наступны дзень не прачытала паведамленне ад Івана:
“А ты не жадаеш сама стаць арганізатаркай?”
Мякка кажучы, я тады абалдзела ад такога павароту падзей, але не стала доўга думаць і пагадзілася.
Мая першая Жывая Бібліятэка была чымсьці грандыёзным.
У анонсах да мерапрыемства вялікімі літарамі пісалася: “Вяртанне Жывой Бібліятэкі ў Гродна”. Я намагалася зрабіць усё магчымае, каб мерапрыемства прайшло класна, і, мяркую, у мяне атрымалася. Але таксама памятаю, як мяне трэсла ад страху, што нават Іван абняў мяне. Напэўна, тады я і зразумела, што каманда Бібліятэкі – гэта не проста калегі ці сябры, гэта сям’я.
Чаму я застаюся ў праекце? Напэўна, з-за сумлення. Я б з’ела сябе, калі б я і мае сябры працягнулі сядзець у сацыяльных сетках і дэградаваць. Галоўнае – не здавацца і не адчайвацца, калі нешта ідзе не так, як жадаеш. Трэба разбіраць усе “хібы” пасля Бібліятэкі і рабіць так, каб іх не было ў будучым.
Жывая Бібліятэка – гэта ж не толькі цікава і бясплатна, але і пазнавальна. Мае погляды на свет кардынальна змяніліся, у мяне з’явілася новае хобі і таксама мора сяброў.
Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з суполкі гарадзенскай ЖБ і з архіваў герояў