«Рэжыму так небяспечныя маста_чкі і журналіст_кі, таму што яны вучаць крытычнаму мысленню». Як цяпер размаўляць пра важнае праз мастацтва

ІнклюзіяПравы чалавека
Як цяпер размаўляць пра важнае праз мастацтва
5
(5)

Мы звыкліся, што сучаснае мастацтва гэта штосьці вельмі далёкае і незразумелае грамадству. Але, магчыма, яно бліжэй да нас, чым падаецца? У гэтым артыкуле разам з галоўнай рэдактаркай беларускага медыя пра культуру Chrysalis Mag Палінай Юргенсон, стваральніцай арт-праекту «REVOLUTION» Дашай Брыян і арт-мэнэджаркай Вольгай Мжэльскай спрабуем разабрацца, як мастацтва стварае прастору для дыялогу і робіць складаныя сацыяльныя пытанні больш зразумелымі. 

Фота - Вольга Мжэльская
Вольга Мжэльская
Паліна Юргенсон
Фота - Даша Брыян
Даша Брыян

Роля мастацтва ў асвятленні сацыяльных праблемаў

Паліна Юргенсон, галоўная рэдактарка Chrysalis Mag

Мастацтва — гэта люстэрка таго, што адбываецца. Дзякуючы мастацтву людзям прасцей успрымаць змены ў грамадстве і ацаніць іх. Калі асоба бачыць сацыяльны арт-праект, то ў яе запускаецца механізм рэфлексіі і ўзнікаюць думкі кшталту «ваў, на гэтую праблему можна паглядзець з іншага ракурсу» альбо «я і не дума_ла, што праблема настолькі шырокая». Так мастацтва робіць унёсак у разуменне праблемы гледачамі і глядачкамі.

Арт-праект Ice Watch
Арт-праект Ice Watch: Мастак Олафур Эліясан прывёз вялізныя айсбергі ў Парыж напярэдадні Кліматычнага саміту ААН, каб узняць пытанне змены клімату. Дванаццаць вялізных груд лёду, здабытых недалёка ад Грэнландыі, былі размешчаныя ў гадзіннікавым парадку на плошчы Пантэон, дзе і раставалі з 3 па 12 снежня 2015 года — пакуль праходзіў саміт.
Здымак: 34mag.
Здымак: 34mag. Мінскі ўрач-псіхіятр Віктар Круглянскі ўсё жыццё працаваў у Навінках і на працягу дзесяцігоддзяў збіраў мастацтва тых, хто быў выкінуты з соцыуму. Яго калекцыя твораў ар-брют легла ў аснову праекта «Бязмежнікі».
Даша Брыян, стваральніца арт-праекта «REVOLUTION» 

Мастацтва — гэта моцны інструмент, каб асвятляць сацыяльныя праблемы і распачынаць дыялог з людзьмі. Некаторым складана чытаць сухія навіны, бо яны могуць трыгерыць. Мастацтва мае моцны эмацыйны падтэкст, які можа зрабіць для асэнсавання нейкай праблемы больш, чым жахлівыя дакументальныя фотаздымкі. 

Людзі больш эмпатычныя да эмоцый іншых, чым да жорсткіх фактаў, бо гэта прасцей на сябе пераняць. Калі расказваеш замежні_цам пра беларускія пратэсты, то яны разумеюць, што адбывалася нешта жахлівае, але для іх гэта ўсё роўна далёка. Людзям прасцей уявіць не кантэкст, а падобную сітуацыю, якая магла б адбыцца з імі. Наш апошні фільм «Чамадан» (арыгінальная назва «SUITCASE» — зваўв. рэд.) якраз пра гэта. У ім мы паказалі не кантэкст, чаму людзі вымушана з’ехалі, а менавіта іх пачуцці, калі трэба было сабраць чамадан і з’ехаць. Цікава, што частка людзей, якія прымаюць такія рашэнні, бяруць не тое, што трэба, а тое, што эмацыйна важна. 

Скрыншот з фільма «SUITCASE»
Скрыншот з фільма «SUITCASE»

На выставе, прысвечанай гэтаму фільму, мы арганізавалі маленькі чамадан, куды людзі клалі запіскі з пяццю рэчамі, якія б яны ўзялі з сабой у эміграцыю. У запісках часта напісаныя відавочныя рэчы, але ёсць і штосьці кшталту «тэлефон, дакументы і мама». І вось гэта выклікае эмоцыі. 

Кантэкст і боль беларускага мастацтва

Вольга Мжэльская, арт-мэнэджэрка і куратарка

Беларускаму мастацтву бракуе грошай. Дзяржава ніяк не падтрымлівае незалежнае мастацтва, таму дзеячам і дзяячкам культуры прыходзіцца разлічваць толькі на замежныя гранты. Нашыя праблемы ўсё менш важныя ў свеце, і, адпаведна, бюджэты на праекты беларускіх маста_чак з цягам часу зніжаюцца. 

З-за рэпрэсій унутры Беларусі немагчыма свабодна размаўляць пра беларускае мастацтва нават у Еўропе.

Ты ніколі не ведаеш, куды далей пойдзе інфармацыя з выставы. Тэарэтычна ты можаш прывезці працы маста_чкі з Мінска і выстаўляць іх у Варшаве. Аднак практычна нават карціны на тэму прыроды маюць куратарскі тэкст, які можа ўтрымліваць спасылкі на беларускую ідэнтычнасць, што ставіць пад пытанне бяспеку чалавека ўнутры краіны. Хтосьці з мастакоў увогуле адмаўляецца мець кантакты з людзьмі замежжа. Ва ўмовах такой цэнзуры сучаснае мастацтва існаваць ніяк не можа, бо яно апрыёры крытычнае і закранае важныя сацыяльна-палітычныя пытанні. 

Праект «Мая рака»

Праект «Мая рака» Марыі Алены Банэ. Мастачка пачала працу над праектам з даследавання ўласных каранёў і пошуку ідэнтычнасці, а завяршыла ў верасні 2020 года падчас рэвалюцыі ў Беларусі, разглядаючы ў тым ліку пытанні свабоды і памяці.
«Праект увабраў у сябе значэнне ракі як сімвала натуральнага імкнення чалавечага духу да свабоды, як ракі да мора. Гэтая метафара знайшла сваё адлюстраванне ў мірных пратэстах у Беларусі, калі рэкі людзей ішлі да свайго мора свабоды». 

Праект «Мая рака»
Праект «Мая рака»

«Спадчына», Cemra, 2019 год

«Спадчына», Cemra, 2019 год

«У Беларусі не надаецца належнай увагі захаванню помнікаў архітэктуры, і пабудовы, што нясуць гістарычную каштоўнасць, сыходзяць у нябыт. Помнікі архітэктуры — гэта культурная спадчына гарадоў і іхніх жыхароў, і зараз яны разбураюцца без неабходнага догляду, знікаюць пад сучаснай забудовай. Праблема іх захавання неверагодна важная».

«Новая калекцыя праекта VEHA “Руіны Беларусі”
«Новая калекцыя праекта VEHA “Руіны Беларусі” распавядае пра страты Беларусі і пра адроджаную спадчыну; пра тое, што пацярпела ад пераробак, і пра тое, што вярнулася да свайго першапачатковага выгляду. Страшныя разбурэнні ў суседняй краіне прымушаюць наноў паглядзець на ваенныя фотаздымкі Беларусі, а знявага да гісторыі ў паваенны час адгукаецца ў сучасных стратах беларускай спадчыны».
Вольга Мжэльская, арт-мэнэджэрка і куратарка

У беларускім мастацтве з кожным годам расце недахоп камунікацыі паміж тымі, хто знаходзіцца ў Беларусі, і тымі, хто працуе за яе межамі. Самае складанае ў такой сітуацыі — захоўваць павагу адно да аднаго і быць гатовым прыйсці на дапамогу, калі трэба. Час ідзе, і дзеля таго, каб падтрымліваць сувязь, важна цікавіцца, як справы адно ў аднаго, і быць гатовымі праяўляць салідарнасць з кал_яжанкамі. 

Даследаванне Culture Makes

Культурная прастора ўнутры РБ аднастайная, на паверхні бачная праца толькі дзяржсегмента. Што датычыцца неафіцыйнай прасторы, то яна не бачная і выціснутая ў цень. Яе праца накіраваная на ўласнае захаванне і рэалізуецца ў фрыланс-рэчышчы. Цяпер культурнае поле ў РБ — гэта прастора цэнзуры і самацэнзуры, з-за чаго стала актуальнай эзопава мова, часам ананімнасць. У цэлым інфармацыі пра неафіцыйнае беларускае культурнае поле ў публічнай прасторы дастаткова мала, таму што гэта небяспечна.

Паводле інфармацыі праекта KALEKTAR, улады ствараюць спісы «нядобранадзейных» маста_чак, якія не могуць выстаўляць свае працы ў беларускіх галерэях. У дадатак змены ў Кодэкс аб культуры абавязваюць куратар_ак выстаў узгадняць іх змест з Міністэрствам культуры дзеля дадатковай праверкі.

Вольга Мжэльская, арт-мэнэджэрка і куратарка

Пратэсты 2020 года адбыліся амаль чатыры гады таму. Сёння размаўляць пра гэта праз прызму мастатцва, якое выкарыстоўвае бчб-сімволіку як асноўны пасыл, неактуальна: на адлегласці мы ўжо можам адрэфлексаваць гэты досвед. Мастацтва дапамагае выйсці на новы ўзровень, аднак, каб глядзець яго, трэба напружваць мазгі. 

У мастацтве важна ствараць метафары, якія будуць актуальнымі і ўніверсальнымі. Часам мастацтвам называюць тое, што ты і так па тэлевізары бачыў. Але дзе ў гэтым рэфлексія? 

Важна не быць зразумелым у лоб — такі падыход ніяк не дапамагае глядачкам і гледачам. Бо чаму для рэжыму так небяспечныя маста_чкі і журналіст_кі? І тыя, і іншыя вучаць крытычнаму мысленню. 

Цяпер шмат беларускіх культурных дзяячак і дзеячаў працуюць з тэмай эміграцыі, але людзям унутры краіны гэта нецікава. Адпаведна беларус_кі ўнутры краіны не з’яўляюцца мэтавай аўдыторыяй мастацкіх праектаў пра эміграцыю. Розны перажыты досвед спрыяе раз’яднанню грамадства. Каб пераадолець гэта, маста_чкі могуць звяртацца да агульных тэмаў, якія будуць зразумелыя ўсім. Гэта могуць быць беларускія традыцыі альбо вечныя тэмы кахання і чалавечых ўзаемаадносінаў. 


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x