Чаму кожн_ая з нас па змоўчанні ксенафоб_ка? Як гэтую ўласцівасць выкарыстоўвае дзяржпрапаганда і з якімі складанасцямі яна сутыкаецца? Ці рэальна ў будучыні прымірыць «ябацяк» і «змагар_ак»? Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з мовай варожасці пра гэта і шматлікае іншае мы пагутарылі з Алегам Ражковым, медыяэкспертам, сузаснавальнікам праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».
Мова варожасці як убудаваная праграма
― Распавядзіце, калі ласка, чаму мова варожасці небяспечная.
― Кажучы пра мову варожасці, варта памятаць, што ўсе людзі па змоўчанні з’яўляюцца ксенафоб_камі. Гэта нашая ўнутраная ўбудаваная праграма, якая дапамагае адрозніваць сваіх ад чужых. Так павялося яшчэ з першабытных часоў: такі падзел дапамагаў выжываць. Членам аднаго племя было важна вызначаць выхадцаў іншага, бо яны маглі патэнцыйна ўяўляць небяспеку.
Таму, выкарыстоўваючы гэтую самую «убудаваную праграму», людзьмі даволі лёгка маніпуляваць. Дастаткова падкінуць ідэю, што тыя, хто знаходзяцца побач з вамі, ― небяспечныя.
Чым страх адрозніваецца ад фобіі? Калі страх грунтуецца на рэальнай небяспецы, то фобія ― гэта шматкроць перабольшаная верагоднасць небяспекі.
Тыя, хто маюць уладу над інфармацыяй, могуць гэтым карыстацца для таго, каб напалохаць грамадства. Прыкладаў таму нямала. Самы яскравы ― генацыд. Мы можам узгадаць знішчэнне габрэя_к падчас Другой сусветнай вайны, якому папярэднічала свядомая інтэнсіўная інфармацыйная кампанія. Працуе яна заўсёды паводле аднаго прынцыпа: спачатку ствараецца негатыўны вобраз якой-небудзь групы, потым адбываецца яе ізаляцыя, дэгуманізацыя, а пасля ― знішчэнне.
Каб перайсці да генацыду, неабходна пераадолець усе этапы. Немагчыма адразу сказаць: «А давайце знішчым вось гэтую сацыяльную групу». Спачатку трэба растлумачыць: «Гэтыя людзі адрозніваюцца ад нас, яны небяспечныя». А затым паступова павялічваць градус нянавісці ў грамадстве.
Паводле такога сцэнарыя развіваліся падзеі ў Руандзе. Адна народнасць у працэсе развіцця грамадства падзялілася на хуту (займаліся земляробствам) і тутсі (займаліся жывёлагадоўляй). А потым у нейкі момант прапаганда запусціла «Радыё тысячы пагоркаў» і адбыўся адзін з найгоршых генацыдаў за ўсю гісторыю чалавецтва ― за паўтары месяцы было выразана больш за мільён чалавек.
Насамрэч, нацкаваць людзей адзін супраць аднаго і давесці іх да таго, каб яны захацелі забіваць, значна прасцей, чым здаецца. Мова варожасці як раз служыць гэтай мэце. Менавіта таму пасля Другой сусветнай вайны, калі стала відавочным, наколькі яна небяспечная, быў падпісаны шэраг міжнародных канвенцый, якія забараняюць hate speech.
Як змянілася мова варожасці ў 2020 годзе
― Як змянілася рыторыка беларускай прапаганды ў 2020 годзе?
― У такіх аўтарытарных краінах як Беларусь, мова варожасці актыўна выкарыстоўваецца для таго, каб нацкоўваць грамадства, адцягваючы ад супрацьдзеяння групе, якая кантралюе ўсё гэта грамадства.
Безумоўна, у 2020 годзе працы ў беларускіх дзяржпрапагандыст_ак рэзка пабольшала. Мы можам сцвярджаць, што яны атрымалі дзяржзамову максімальна выкарыстоўваць мову варожасці ў мэтах дзяржаўнай прапаганды.
У прыватнасці, трэба было вельмі хутка ачарніць усіх удзельн_іц пратэстаў. Для гэтага іх неабходна было сегментаваць паводле нейкіх катэгорый, прыдумаць моўныя стратэгіі, як прынізіць, прадставіць ворагамі. Рабілася гэта для таго, каб пратэст не здабыў яшчэ большай падтрымкі і да яго не далучыўся патэнцыйна лаяльны электарат, а тыя, хто сумняваюцца ў пратэстных закліках, наадварот, ― адкалоліся.
Цяпер мы назіраем эскалацыю рыторык. Мову варожасці можна вымяраць. Для гэтага ёсць некалькі падыходаў. Напрыклад, юрыдычная ― яна ацэньвае мову варожасці з пункту гледжання грамадскай шкоды і небяспекі. У гэтым кантэксце мы гаворым пра тое, якія выказванні павінны быць забароненыя дзяржавай ці міжнародным правам, а якія, нягледзячы на тое, што яны для кагосьці непрыемныя, павінны быць дазволеныя, бо абараняюцца правам на свабоду выказвання.
Калі казаць пра змену рыторыкі дзяржаўных СМІ ў 2020 годзе, то варта адзначыць рэзкі пераход з мовы варожасці, якая была непажаданай і неэтычнай, але ўмоўна легальнай, да мовы варожасці, якая павінна быць забароненая паводле міжнародных стандартаў і паводле лакальных беларускіх законаў.
Наогул мова варожасці заўсёды выкарыстоўвалася беларускай прапагандай у пасіўным рэжыме , але цяпер гэты інструмент задзейнічаны на 80-90%. Цяпер прапагандзе даводзіцца ствараць новыя наратывы, бо ёсць дзяржзамова ― знішчэнне ўсіх суперн_іц рэжыму.
Мова варожасці заўсёды накіраваная на ўразлівую групу людзей. Што да беларускай сітуацыі, то яна даволі складаная. Справа ў тым, што няма адной агульнай групы. На беларускі пратэст выйшлі самыя розныя людзі і для дзяржпрапаганды вельмі складана іх нейкім чынам аб’яднаць, каб дэгуманізаваць і ачарніць. Гэтая праблема застаецца ў прапагандыст_ак да цяперашняга часу: даводзіцца вязаць да кучы рэчы, якія не асабліва вяжуцца.
Пад удар трапляюць культурныя і інтэлектуальныя эліты, палітычныя актывіст_кі, трэці сектар, журналіст_кі… Спіс вялізны, групы розныя, але ўсіх іх спрабуюць аб’яднаць агульным наратывам ― змагар_кі, бчбэшні_цы і гэтак далей. Гэтыя групы становяцца ўразлівымі.
― І да чаго гэта ўсё прыводзіць?
― Як я ўжо адзначаў, у дадзены момант беларуская прапаганда працуе на тое, каб павялічыць неталерантнасць у грамадстве. Па радыё, тэлебачанні, у друкаваных СМІ і праўладных тэлеграм-каналах гучаць наўпроставыя ці прыхаваныя пагрозы адносна нейкіх групаў людзей.
У прыватнасці, магу ўзгадаць сюжэт, у якім прапагандыст тэлеканала СТВ Рыгор Азаронак кажа пра ўвядзенне смяротнага пакарання паводле новых артыкулаў. І пачынае пералічваць, хто можа пад іх патрапіць. Паміж радкоў чытаецца, што караць смерцю могуць любога чалавека, які выходзіў на пратэсты. Гэта небяспечна тым, што незразумела, да чаго прывядзе. Тэарэтычна можа здарыцца тэрор.
Фактычна, Азаронак заклікае беларус_ак, калі яны ведаюць кагосьці нелаяльн_ую да ўладаў, пісаць даносы. Бо гэтыя людзі нібыта патэнцыйна небяспечныя і з імі трэба разабрацца. Гэта ўсё ён перамешвае з тэмай смяротнага пакарання. Гэта сігнал і для тых, хто выходзіў на пратэсты: «прыходзьце з пакаяннем, інакш мы можам вас забіць».
Пры ацэнцы мовы варожасці эксперт_кі ўлічваюць не толькі сам наратыў, але і тое, адкуль ідзе сігнал. Бо заклікі маюць розную сілу і па-рознаму ўспрымаюцца грамадствам і тымі, на каго яны скіраваныя. Небяспечна, калі такія мэсэджы ідуць менавіта з боку ўлады.
Давайце пяройдзем з узроўню абстрактных канструкцый на ўзровень пэўных людзей. Для псіхікі чалавека, які адносіцца да ўразлівай групы, падобны сігнал разбуральны: ён выклікае трывожнасць, дэпрэсію і інш.
А калі казаць пра працэсы ў грамадстве, то ўтвараецца вялізны раскол, які не можа пасля зрасціся без намаганняў. Пасля ўрэгулявання крызісу, які мы цяпер маем, прымірэнне грамадства зойме вельмі шмат часу.
Раскалыхваць ківач неталерантнасці значна прасцей, чым потым супакойваць унутраную ксенафобію і вучыць людзей таму, як працаваць са сваёй неталерантнасцю, як бачыць у кожным індывідууме менавіта чалавека, а не цэтлік, які на яго/яе навесілі. Неабходна зрабіць вялізарную працу для таго, каб беларус_кі сталі разумець, як мы, такія розныя, можам узаемадзейнічаць, размаўляць і дамаўляцца. І як можам нават з палярнымі поглядамі існаваць у адной прасторы.
І вось каб гэтага дасягнуць, трэба будзе вельмі пастарацца. Пакуль жа ў беларускім грамадстве ідзе мэтанакіраваная праца на разбурэнне сувязей.
Як пісаць пра прыхільн_іц уладаў і не выкарыстоўваць мову варожасці
― Вы казалі, што мова варожасці заўсёды накіраваная на ўразлівыя групы. А такія словы як «ябацька», «прарэжымні_ца», «прыкарытні_ца» таксама адносяцца да мовы варожасці? Але ж дадзеныя групы, відавочна, цяпер не з’яўляюцца ўразлівымі ў Беларусі.
― Мовай варожасці не лічыцца зніжаная рыторыка ў адносінах да прадстаўнікоў дзейнай улады. Лічыцца, што права крытыкаваць уладу ёсць ва ўсіх. Выказванні, крытычныя ў адносінах да ўлады, павінны быць дазволенымі, бо ўлада мае свае прывілеі.
У кантэксце Беларусі гэтая парадыгма перавернутая да гары нагамі. Мы бачым забарону на крытыку ўлады, прадстаўн_іц сілавых структураў. Гэта характэрныя рысы аўтарытарнага рэжыму.
Але калі мы пераходзім на ўзровень грамадства і ствараем, напрыклад, наратыў пра «ябацек», то, безумоўна, гэта будзе мовай варожасці. Мы бярэм групу людзей, якія падтрымліваюць дзейсны рэжым, і прыпісваем ёй нейкія якасці.
А між іншым гэта самыя розныя людзі. «Ябацькамі», напрыклад, могуць быць тыя, хто глядзіць толькі дзяржаўнае тэлебачанне і чытае дзяржаўныя СМІ. Яны жывуць зусім у іншым інфармацыйным полі, і частка інфармацыі, якой валодаюць «бчбэшні_цы», ім недаступная, ― і наадварот. Па сваёй сутнасці (падкрэслю яшчэ раз, што кажу пра простых людзей, а не пра прадстаўн_іц дзяржструктур) «ябацькі» ад «бчбэшн_іц» адрозніваюцца толькі тым, што жывуць у розных інфармацыйных палях, розных наратывах.
І калі мы гаворым з нейтральнай пазіцыі, не прыпісваючы сябе да пэўнага лагера, то разумеем, што калі актыўная фаза дзеючага канфлікту скончыцца (а яна скончыцца), то ў Беларусі ўсё яшчэ застануцца і «бчбэшні_цы», і «ябацькі». Узнікае пытанне: а як гэтыя групы змогуць жыць далей разам?
Трэба думаць пра тое, якім чынам ствараць паміж імі масты. Працяг распальвання нянавісці ў адносінах да тых, хто падтрымлівае рэжым, неэфектыўны ў доўгатэрміновай перспектыве.
― Калі казаць пра незалежныя СМІ, то цяпер многія лічаць важным павесіць на гер_аіню тэксту цэтлік. Нельга проста даць навіну з жыцця артыст_кі ці спартоў_кі, не паказаўшы, на чыім яны баку. Наколькі Вы лічыце дарэчным выкарыстанне такіх маркераў, як, напрыклад, «прарэжымні_ца»? Гэта мова варожасці ці яшчэ не?
― Я лічу, што гэта пытанне этыкі. Бо выкарыстанне любой прыкметы чалавека, калі гэтая прыкмета не мае ключавога значэння ў кантэксце, неэтычнае.
Распавядаючы, напрыклад, пра доктарку, якая першая ў Беларусі правяла найскладанейшую аперацыю, неэтычна казаць, што гэтая доктарка ― «прарэжымніца».
― А этычна згадаць, што яна, напрыклад, была ў адміністрацыі бальніцы і звальняла супрацоўн_іц за ўдзел у мітынгах?
― Калі мы кажам пра складаную аперацыю, якая ўпершыню была праведзеная ў Беларусі, то не, неэтычна пісаць, што доктарка ― «ябацька». Гэта не звязаныя рэчы. Распавядаючы пра аперацыю, журналіст_ка не павін_на прыцягваць нейкі дадатковы фактар – у тым ліку, і палітычны. Кажучы пра прафесіяналізм чалавека, не варта згадваць яго палітычную ідэнтычнасць, бо яна ў дадзеным кантэксце не з’яўляецца ключавой. Калі ж гаворка ідзе пра тое, што нашая гіпатэтычная лекарка-«ябацька» зрабіла палітычную кар’еру і атрымала нейкую адміністрацыйную пасаду, тады так, можна згадаць тое, якую ролю яна іграла ў падзеях 2020 года.
Прыцягваючы за вушы тое, што да тэмы не адносіцца, медыя якраз расхістваюць той самы ківач ксенафобіі. Вяртаемся да нашай прыдуманай лекаркі. Навошта ў тэксце пра аперацыю паказваць гэта? Відавочна, аўтар_ка жадае яшчэ раз падкрэсліць, што гэты чалавек падтрымаў не нашую лідэрку. Гэты той самы падзел на «свае-чужыя». Мы можам сказаць, што такі тэкст накіраваны на распальванне ксенафобіі.
Так, можна дзяліць людзей паводле прынцыпа «свае-чужыя». Але з якой мэтай? Яшчэ тлусцей накрэсліць лінію паміж рознымі пластамі насельніцтва?
Мова варожасці ― гэта заўсёды пра стварэнне негатыўнага вобразу для нейкай групы, адмаўленне роўнасці і распальванне нянавісці. Пытанне: а што далей? Што мы бачым наступным крокам? Так, мы вызначылі два лагеры: ёсць такі, ёсць іншы. Я не бачу асаблівага сэнсу ў супрацьстаянні людзей з людзьмі. Калі мы жадаем рухацца наперад разам, то трэба бачыць праблему не ў людзях, а бар’ерах.
З бар’ерамі можна і трэба працаваць. І вось гэты шлях адзіны эфектыўны для таго, каб ствараць інклюзіўнае грамадства, дзе змогуць жыць людзі з розным бэкграўндам, розным бачаннем свету, якія змогуць накіроўваць сумесныя намаганні на стварэнне чагосьці.
― Як на Вашую думку, ці рэальна ў будучыні прымірыць дзве такія прынцыпова розныя групы?
― Так, рэальна. Успомнім прыклад Нямеччыны: падчас Другой сусветнай вайны там былі і прыхільні_цы Гітлера, і праціўні_цы фашысцкай сістэмы. Але скончылася вайна і пачалася пераацэнка і пераўсведамленне таго, што адбылося. І гэтае пераўсведамленне дапамагло грамадству рухацца далей.
На жаль, у нашым рэгіёне такога не адбылося. Менавіта таму цяпер прапаганда так проста і лёгка гуляе з тэмай генацыду і Другой сусветнай вайны. На жаль, у Беларусі той урок не быў засвоены.
Мне падаецца, беларускае грамадства можа ўз’яднацца, але для гэтага падзеі 2020 года мусяць быць адрэфлексаваныя. Наладжванне мастоў, разуменне адзін аднаго не адбудзецца за хвіліну.
Для таго, каб зблізіць прынцыпова розныя групы людзей, спатрэбіцца праца многіх актараў ― як дзяржавы, так і трэцяга сектара. Мне падаецца, у Беларусі ў трэцяга сектара цяпер ёсць разуменне таго, як ствараць інклюзіўнае грамадства, як працаваць з рознымі групамі, як далучаць да гэтай працы медыя. Практыкі адладжаныя ў рэжыме супраціву дзяржаве (а менавіта так гадамі працавалі шматлікія актывіст_кі і некамерцыйныя арганізацыі), і важна іх захаваць. Мне здаецца, калі настане момант, калі трэці сектар, наадварот, атрымае падтрымку дзяржавы і магчымасць дзейнічаць у спакойных абставінах, вынікі будуць уражвальнымі.
Але ўсё гэта зойме шмат часу. Магчыма, для нейкіх глыбейшых зменаў спатрэбіцца змена пакаленняў.
Тэкст: Юля Міхасёва
Фота: асабісты архіў героя і скрыншоты сайта www.sb.by