Бабруйскі інтэрнэт-партал BOBR.by распавёў аб сустрэчы з Алесем Сьнегам, бабруйчанінам і дырэктарам Арт-Сядзібы, якая адбылася ў межах анлайн-трансляцый “Шчырыя размовы”. Госць падзяліўся досведам па крэатыўным прасоўванні беларускай мовы і культуры.
– З 2006 года я пачаў цікавіцца беларускай культурай, – узгадвае Алесь Сьнег. – Дайшоў да журналістыкі. Пісаў тэксты, ездзіў на стажыроўкі, і перайшоў на культуру. А ў 2001 годзе прыйшоў у Арт-Сядзібу і папрасіўся ў валанцёры. За гэтыя гады мне пашчасціла паўдзельнічаць у арганізацыі такіх знакавых мерапрыемстваў як “Дзень вышыванкі”, “МоваФэст”, “Калядны трамвайчык”, ды шэрагу іншых імпрэзаў, канцэртаў, лекцыяў, летнікаў для моладзі.
А тры гады таму я стаў дырэктарам Арт-Сядзібы.
Пытанне ад гледачоў: “Чым зараз займаецца Арт-Сядзіба?”
– Як і раней, гэта папулярызацыя мовы і культуры. Арт-Сядзіба – бяспечная прастора для тых, хто пачынае і хоча карыстацца беларускай мовай. У многіх няма знаёмых, з якімі можна паразмаўляць. А да нас можна прыйсці на канцэрт, на імпрэзу, і паспрабаваць пачаць стаць беларускамоўным – у бяспецы, камфортна, нават размаўляючы з памылкамі.
Мы займаемся адукацыйнай дзейнасцю, гэта не абавязкова звязана з мовай, любая тэма, але па-беларуску.
Многія арганізацыі працуюць на адну тэму, але ўсё ж наша дзейнасць адрозніваецца. Мы не канкурэнты, а калегі. Напрыклад, наша прынцыповае адрозненне – беларуская мова. Так атрымалася, што ў нас больш моладзевая аўдыторыя, бо у нас абнаўляецца калектыў, пастянна амалоджваецца. І мы разумеем, што год праз 10 таксама адыйдзем ад гэтай справы, саступім месца іншым.
Дзе знаходзіце цікавыя ідэі?
– Я магу выйсці на вуліцу і нешта раптам прыдумаць, так здараецца пастаянна. Ідзеш і раптам: “Гэта трэба зрабіць!”. Таму найбольш цікавыя думкі я адразу запісваю, і вам раю так рабіць. Калі вучыўся, у мяне была добрая памяць, давучыўся да чырвонага дыплому. А зараз трэба запісваць (смяецца).
Натуральна, не ўсё будзе рэалізавана, але і не прыйдзецца шкадаваць пра тое, што была класная ідэя, але забыў пра яе на доўгі час.
Часта бывае так: прыходзіць нехта новы ў сферу актывізма, і думае, што прыдумляе нешта новае. Але не правярае, ці было гэта ўжо. Напрыклад, чалавек кажа: “А давайце зробім беларускамоўны аўторак!”. Але гэта ўсё ўжо было, і не аднойчы. Нам рэальна не хапае сапраўды новых ідэяў. І гэта тычыцца ўсяго грамадскага сектару. Таму часам бярэш старую ідэю, і робіш яе па-новаму, крэатыўна. Мы не абараняем свае ідэі – можна красці (смяецца)
А як знаходзіш аднадумцаў?
– Яны прыходзяць да нас самі. Але мала быць проста на адной хвалі з нашай камандай. Мы адкрытыя для ўсіх, але нам патрэбныя дзейсныя людзі, якія гатовыя рабіць “тут і цяпер”. Бо мы з аднаго боку адкрытыя, а з інашага – нам патрэбныя ініцыятыўныя людзі, тут і зараз. Складана знайсці валанцёраў, якія будуць з табой на адной хвалі, бо гэта не проста праца, а стыль жыцця.
Галоўная праблема валанцёраў – яны прыходзяць раз-другі і знікаюць. А тыя, хто працуе пастаянна, застаюцца з намі і рэалізуюць уласныя праекты. Напрыклад, так адбылося з Басяй Пучынскай, якая рэалізавала шэраг сустрэч і падкасты “Беларускамоўныя”.
Як ставішся да таго, што вашы ідэі крадуць іншыя?
– Станоўча. Калі ідэю крадуць, значыць, яна крутая! Паўтаруся, беларускай культуры не хапае свежых ідэй. Часам мы таксама падглядаем за паспяховымі праектамі.
Наагул, мы ладзім шмат разнастайных імпрэзаў, паспяховых і правальных з іх прыблізна аднолькава, 50 на 50.
І гэта таксама добра, таму што поспех і паразы – гэта досвед. Убачылі, што на канцэрт прыйшло мала гледачоў? Аналізуйце, знаходзьце памылкі, ды ідзіце далей.
У свой час мы пабачылі, што уплываем на тысячы людзей, якія хочуць насіць адзенне з арнаментам, беларускімі выслоўямі. І наш фэст “Дзень вышыванкі” стаў папулярным, розныя фірмы пачалі друкаваць шкарпэткі, майкі з аранментам, кубачкі. Нават калядная ялінка на плошчы была з арнаментам. Калядны трамвайчык мы прыдумалі і рэалізавалі з “Аліварыяй”, і ён ездзіў па горадзе. У ім гучалі беларускія песні, праехаць у ім мог кожны ахвочы. Але беларусы сарамлівыя, можа саромеліся што бясплатна? Не мільёны там праехалі, але шмат. Многія з дзеткамі, і хацелі праехаць кола за колам, каб паказаць ім, як гэта крута. НА “Мова фэст” было больш за пяць тысяч чалавек, мы супрацоўнічалі з бізнесам, былі ва ўсіх СМІ на першых старонках каля месяцу.
Што рабіць з правальнымі імпрэзамі?
– Правальныя імпрэзы – такая рэч, якую немагчыма прадказаць. Спадзяешся на 100 – прыходзіць дзесяць чалавек, і наадварот. Бо калі не прадаеш квіткі, гэта складана пралічыць. Мы праводзілі штогод “Свята роднай мовы”, і кожны раз запісвалася ад 600 да 1000 ччалавек, а даходзіла па 300. І мы зразумелі, што лёгка можна мінусаваць палову ад тых, хто запісаўся.
Прыклад: мы рабілі канцэрт на пляжы “Прыём, лета!” у першы дзень чэрвеня. Да Зялёнага луга няпроста было дабрацца, але пляж быў цалкам забіты людзьмі, яны прыехалі паслухаць музыку і вершы з сваімі пледамі. На наступны дзень мы рабілі кацэрт электроннай музыкі ў цэнтры Мінска, і на яго прыйшло чалавек 100. Таму мы стараемся сябе натхніць тым, што правалы непастаянныя, і не апускаем рукі. І думаем над тым, як здзівіць людзей, і сябе выцягнуць з крызісу.
Што зараз адбываецца ў “Арт-Сядзібе”?
-Будзе дарэчы да сённяшняй размовы: наша валанцёрка з Гомеля запусціла размоўны клуб “Мова з дома” на TikTok, адно з відэа набрала 120 тысяч праглядаў. Ва ўмовах пандэміі прыйшлося адмовіцца ад шэрагу “жывых” сустрэч, таму зараз ладзім акустычныя анлайн-канцэрты, плануем запусціць “Школу валанцёраў”. Мы пастаянна ў працэсе, ніколі не спыняемся.
Мы гатовыя да супрацоўніцтва. Неяк мы ладзілі “Школу Арт-Сядзібы” і да нас прыйшоў хлопец з ідэяй беларускамоўнага стэндапу, мы зрабілі з ім два стэндапы. І ён мог рабіць далей самастойна. Таму трэба такія рэчы абмяркоўваць. Ці “Ідэя Generation Camp”, мы сочым за людзьмі, якія не закінули свае праекты, а працягваюць их рэалізаваць, бо часта чалавек загараецца нешта рабіць, але кідае справу на паўдарогі.
Мы хацелі правесці летнік, канцэрты, адукацыйную паграму, нчіога не адбылося з-за каронавіруса, можа гэта і добра, бо мы пачалі думаць як не сядзцеь на месцы і працаваць, сыйшлі ў анлайн. Зладзілі серыю канцэртаў “Бяспечны лайв” з маладымі і сталымі калектывамі і выканаўцамі. Зараз усім канцэрты надакучылі, і таму мы зрабілі акустыку, каб надаць ім новае гучанне.
Зрабілі размоўны клуб, дзе кожны тыдзень па два разы дзяўчына з Гомеля вяла яго сама. Размаўлялі пра розныя тэмы з гасцямі, атрымаўся класны дзвіжняк. Гэта толькі асноўнае, што я ўзгадаў.
Ці не здаецца табе што ў сферы адукацыі мала беларускай мовы?
-Сапраўды мала. Калі б не грамадскі і культурны сектар, яе б было зусім мала. Не адчуваецца, што яна роўная рускай – ва ўсіх сферах. Часта бывае так, што настаўнікі беларускай мовы пасля ўроку адразу пераходзяць на рускую. Гэта непадсвядома, канечне. Проста такая звычка з дзяцінства.
Але я спадзяюся, што ёсць настаўнікі, якія натхняюць. Напрыклад, у мяне ва ўніверы быў прадмет “Вялікая Айчынная вайна”, але быў бліскучы беларускамоўны выкладчык, мы слухалі яго з захапленнем.
Трэба браць новыя тэмы для беларускамоўных спектакляў, не толькі пра сялян, а пра сучаснае жыццё. У школе я спяваў на конкурсе “Песню пра Каханне” N.R.M. У тыя часы амаль уся белмоўная музыка была пратэстнай. А зараз з гэтым прасцей, шмат гуртоў спяваюць пра звычайныя рэчы, але на нашай мове. Бізнес падключаецца таксама. Гэта прыемна.
Што параіш актыўнай моладзі?
– Вызначыцца, што цікава – працаваць са студэнтамі, напрыклад, і шукаць арганізацыю, якая гэтай тэмай займамецца. А свежыя рукі, ідэі, заўсёды патрэбныя. Проста прыйходзьце ў любую арганізацыю, каб паваланцёрыць там і адчуць, ці вашае гэта.
І пачынайце размаўляць па-беларуску. Я пачынаў пісаць свае тэксты ў 15 год: як я правёў дзень, і перапісвацца з іншымі. Так я паступова дадаваў усё больш мовы, пашыраў кола аднадумцаў. А зараз нават калі б я хацеў размаўляць па-руску, не змог бы. Таму што большасць з майго кола – беларускамоўныя. Многія нашы валанцёры нясуць далей мову, праз свае сацыяльныя сеткі, мы перадаем гэтую эстафету, гэта крута.
Тэкст: А.Л.
Фота: з сацсетак Алеся Сьнега.
Артыкул створаны ў рамках праекта RegiOn, які ў Бабруйску рэалізуецца тайм-клубам “1387”, мясцовай камандай “Жывой Бібліятэкі” і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”.