«Хачу завадовага сабаку». Як купіць шчанюка і не падтрымаць жорсткае развядзенне

ВедыЭкалогія
0
(0)

Развядзенне сабакаў даўно перастала быць выключна справай любові да пароды. Шмат для каго гэта бізнес, і, на жаль, далёка не заўсёды — этычны. Пагоня за прыбыткам нярэдка прыводзіць да эксплуатацыі жывёл: самкі нараджаюць занадта часта, шчанюкоў рана адлучаюць ад сукі, утрымліваюць у цесных клетках, эканомяць на здароўі і не ствараюць умоваў для развіцця і сацыялізацыі. Пры гэтым пакутуюць як сабакі, так і будучыя апякункі і апекуны, якія сутыкаюцца з хваробамі, праблемамі паводзін і траўмаванай псіхікай гадаванца.

Вядома, лепшым рашэннем будзе ўзяць сабаку з прытулку, але, калі ты ўсё ж вырашыл_а купіць сабаку ў сабакавод_кі, то гэты артыкул якраз для цябе.

Тут мы разбяром, на што зважаць пры выбары сабакавод_кі, якія пытанні задаваць і якія сігналы павінны насцярожыць, каб выпадкова не падтрымаць неэтычнае развядзенне.

Перад тым як пяройдзем да артыкула — невялікі слоўнік і важны дысклэймер пра этычнасць

У гэтым артыкуле мы ўжываем тэрмін «этычнае развядзенне» — у супрацьпастаўленне неэтычнаму, якое, на жаль, цяпер пашыранае ў Беларусі. Пры гэтым важна зазначыць: пытанне пра тое, ці можа развядзенне жывёл у прынцыпе быць этычным, застаецца дыскусійным. У гэтым артыкуле мы не ставім за мэту на яго адказаць.

Тут мы разглядаем «этычнае развядзенне» як набор правілаў і практык, якія дапамагаюць зменшыць рызыкі для здароўя і жыцця жывёл — у тых рэаліях, дзе развядзенне ўжо ёсць і карыстаецца попытам.

А яшчэ ў гутарковай мове шырока ўжываецца слова «развядзенец» — як азначэнне людзей, якія займаюцца камерцыйным і несумленным развядзеннем. У тэксце мы будзем называць іх «несумленнымі заводчы_цамі», супрацьпастаўляючы адказным як носьбітам прафесійнага і этычнага падыходу.

Такім чынам, пастаноўлена купіць завадовага сабаку. На што звярнуць увагу?

1. Якія дакументы выдае заводчы_ца?

Этычнае развядзенне прадугледжвае празрыстую працу ў рамках кіналагічнай сістэмы. А значыць — наяўнасць і гатоўнасць паказаць усе дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне і здароўе шчанюка.

Абавязковыя дакументы:

  1. Шчанячая метрыка ці радавод, выдадзены афіцыйнай кіналагічнай арганізацыяй (напрыклад, клубам, што ўваходзіць у сістэму FCI).
  2. Ветэрынарны пашпарт. 
  3. Дамова куплі-продажу.

Дакументы на запыт:

  1. Генетычныя тэсты бацькоў — яны пацвярджаюць адсутнасць спадчынных захворванняў, характэрных для пароды.
  2. Дакументы бацькоў: радаводы бацькоў, допуск да развядзення.

Якія фразы заводчы_цы павінны цябе насцярожыць:

  • «Дакументаў няма, але шчаня пародзістае» — гэта трывожны званочак. На гэтую фразу можна павесціся з думкай: «Мне ж для сябе, не для выстаў — навошта мне гэтыя паперкі». Але памятай, што дакументы — не пра статус. Насамрэч табе прапануюць заплюшчыць вочы на паходжанне шчаняці, здароўе яго бацькоў, умовы ўтрымання і рызыкі, якія могуць з’явіцца пазней.
  • «Ёсць толькі пашпарт». Ветэрынарны пашпарт, безумоўна, важны, але гэта ўсяго толькі ўліковы дакумент, у якім фіксуюцца вакцынацыі, апрацоўкі ад паразітаў і базавыя дадзеныя жывёлы. Пашпарт не мае дачынення да якасці развядзення.
  • «Навошта вам дакументы бацькоў?» У адказных заводчы_ц гэтыя дакументы ёсць, яны ў парадку, і іх спакойна паказваюць пасля запыту. Па іх можна зразумець, як вялося развядзенне, ці няма блізкароднасных вязак і ці ёсць рызыкі спадчынных захворванняў.

Часта пародзістага сабаку бяруць дзеля прадказальнага характару і выгляду. Але калі развядзенне было абы-як, без тэстаў бацькоў і кантролю, табе ніхто не гарантуе ні відатыповыя паводзіны, ні здароўе.

2. Як часта нараджае сука?

Гэта адзін з самых паказальных маркераў таго, ці добрасумленная заводчыца перад табой. Адказнае развядзенне абапіраецца на базавы прынцып: здароўе сабакі важнейшае за колькасць шчанят. І калі сабака нараджае часта і без перапынкаў — тут ужо дакладна няма гаворкі пра «любоў да пароды».

Што лічыцца нормай? Сабаку не вяжуць кожную цечку, паміж прыплодамі абавязкова даецца час на аднаўленне і абавязкова ўлічваецца ўзрост, стан здароўя і папярэднія роды.

У Ірландскім кіналагічным клубе заводчы_цы выконваюць кодэкс этыкі, паводле якога сабака не можа нараджаць больш за чатыры разы за сваё жыццё. Несумленныя заводчы_цы гэтымі правіламі грэбуюць і вяжуць кожную цечку, не даючы самцы аднавіцца. Што і прыводзіць не толькі да яе знясілення, але і слабых і хворых нашчадкаў.

Паказальны момант, пра які часта кажуць валанцёр_кі: варта выратаваць пародзістую суку, аднавіць яе і выкласці аб'яву пра пошук новага дому без згадвання стэрылізацыі — адразу ідуць званкі. Не, не ад патэнцыйных апекуноў і апякунак, а ад тых, хто хоча забраць сабаку як «інкубатар» для будучага прыплоду. Гэты факт яскрава кажа пра тое, што несумленным заводчы_цам патрэбны проста сабака з неабходнай знешнасцю, а на ягонае здароўе і дабрабыт напляваць.

3. Што адбываецца з сабакамі, якія адслужылі?

Калі чалавек прадае ці пазбаўляецца сабак, якія ўжо не могуць нараджаць з-за ўзросту ці знясілення, — гэта таксама рэд-сцяг. У добрых заводчы_ц старэнькія дажываюць сваё жыццё на пенсіі ў любові і клопаце, а не апынаюцца на вуліцы, на Гурскага, у валанцёра_к ці на «Куфры» за 50 рублёў.

Чыхуахуа Алісу валанцёр_кі выкупілі на «Куфры» за 50 рублёў. «Сука служыла інкубатарам для таго, каб шчанюкоў прадавалі ГУРТАМ (са словаў „гаспадыні“). <….> Сабака ў жудасным стане, у каўтунах, вочы хворыя, зубы страшныя, пах невыносны. Але ўсё гэта не самае страшнае — Аліса не ходзіць зусім! Апускаеш на зямлю, і яна адразу распаўзаецца на ўсе 4 лапы. Хутчэй за ўсё, яе ўсё жыццё трымалі ў клетцы, цягліцы атрафаваныя». Крыніца

4. У якіх умовах жывуць жывёлы?

Умовы ўтрымання павінны быць годнымі: чысціня, дастатковая прастора для руху, адсутнасць сталага ўтрымання ў клетках, дагледжаны выгляд жывёл. Лепшы варыянт — убачыць усё асабіста. А яшчэ настойвай на тым, каб убачыць не толькі шчанюка, але і яго маці.

Але і тут ёсць нюансы.

  • Здараецца, пакупні_цам паказваюць толькі «вітрыннае» памяшканне, у той час як жывёлы насамрэч жывуць у іншым месцы і ў іншых умовах. Таму звяртай увагу: гэта сапраўдная прастора, дзе жывёлы жывуць увесь час, ці гэта проста «дэкарацыя для паказаў»?
  • Паколькі шчаняты могуць знаходзіцца на каранціне, а да завяршэння вакцынацыі яны ўразлівыя да інфекцый, табе могуць адмовіць у наведанні нават адказныя заводчы_цы. У такім разе паспрабуй дамовіцца на візіт пасля каранціну.
  • Ну і трывожны сігнал: табе ўвогуле прапануюць сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі і нельга забраць шчаня з месца, дзе яно жыве.
Фатаграфія з «элітнага» гадавальніка ў Карэліцкім раёне, дзе ў жудасных умовах разводзілі сабак. «Пароды, якія не выносяць холаду, утрымліваюцца ў халодных адрынах, у жудаснай антысанітарыі. Цесныя клеткі стаяць адна на адной, жывёлы ў іх спяць, ядуць і гадзяць»

5. У колькі месяцаў аддаюць шчаня?

Адказныя заводчы_цы не аддаюць шчанят раней за 3,5–5 месяцаў — інакш немагчыма паспець скончыць вакцынацыю, прайсці каранцін і забяспечыць базавую сацыялізацыю.

Калі шчанюка гатовыя аддаць зарана, гэта амаль заўсёды азначае, што прыярытэт — хуткі продаж, а не дабрабыт жывёлы.

У якасці прыкладу можна згадаць нядаўні выпадак з продажам мальтыпу ў Баранавічах (пакінем за дужкамі, што кіналагічныя арганізацыі не пацвярджаюць гэтай пароды, і гэта значыць, што развядзенне такіх сабак першапачаткова не этычнае). Шчанят там аддавалі ва ўзросце аднаго-двух месяцаў. У выніку частка з іх гінула, іншых даводзілася экстранна і дорага ратаваць, бо ў іх выяўляліся праблемы са здароўем, у тым ліку з-за адсутнасці вакцынацыі.

Перапіска з заводчыцай. Крыніца

6. Ці зацікаўленыя заводчы_цы ў будучыні шчаняці?

Адказныя заводчы_цы абіраюць апякунак і апекуноў для шчаняці гэтак жа ўважліва, як і ты абіраеш шчанюка. Таму заводчы_ца, для якой дабрабыт жывёлы сапраўды важны, не толькі адказвае на пытанні, але і задае іх сама, удакладняе, у якіх умовах шчаня будзе жыць, ці ёсць у хаце яшчэ жывёлы, дзеці і г. д. І не знікае з радараў пасля продажу і цікавіцца жыццём свайго выпускніка.

7. Якая рэпутацыя ў заводчы_цы?

Пагутары з людзьмі, якія ўжо куплялі сабаку ў гэтай заводчы_цы. Адказная заводчы_ца не хавае інфармацыі пра папярэдні прыплод і спакойна дзеліцца кантактамі апекуноў і апякунак сваіх выпускнікоў. Таму што калі праца вядзецца празрыста, хаваць проста няма чаго.


Гэтыя пытанні дапамогуць не стаць спонсарам чорнага развядзення. Памятай, што, купляючы сабак у несумленных заводчы_ц, ты падтрымліваеш сістэму, у якой жывёл трымаюць у жудасных умовах, эксплуатуюць і выкідваюць, калі яны перастаюць прыносіць прыбытак.

Падтрымка масавага неэтычнага развядзення выглядае яшчэ больш крытычнай у беларускім кантэксце, дзе сітуацыя з правамі жывёл застаецца катастрафічнай, а валанцёр_кі змушаныя ратаваць не толькі бяздомных метысаў, але і завадовых сабак — тых самых, якіх некалі разводзілі на продаж.

Ці можна прыцягнуць псеўдазаводчы_ц да адказнасці паводле новага закона?

У студзені 2025 года ў Беларусі набыў моц новы закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». На жаль, развядзенне жывёл застаецца без строгага кантролю. Што там ёсць?

Паводле пункта 2.6 часткі 5, забараняецца адчужэнне нечыпаванага прыплоду сабак, котак уласнікамі гадавальнікаў ці заводчыкамі. Пры перакладзе на «чалавечую» гэта значыць, што нельга прадаваць, дарыць ці якім-небудзь чынам перадаваць шчанят і кацянят, калі яны не чыпаваныя.

Таксама законам прадугледжаная абавязковая рэгістрацыя жывёл. У тэорыі гэта стварае сістэму ўліку і дазваляе адсочваць паходжанне жывёл і ўмовы іх утрымання.

Але ключавая праблема — ва ўжыванні гэтых нормаў і ў тым, што, як мы ўжо пісалі, няма ніякіх механізмаў, праз якія яны могуць быць рэалізаваныя: няма адмысловай інстытуцыі, якая б адказвала за абарону жывёл-кампаньёнаў і правярала нормы іх утрымання.

А яшчэ несумленныя заводчы_цы зазвычай першапачаткова працуюць па-за сістэмай: не рэгіструюць жывёл, не чыпуюць прыплод і не афармляюць дакументы. Месцы развядзення часта ўтоеныя і знаходзяцца ў прыватных дамах, адрынах ці ізаляваных памяшканнях, куды складана трапіць без праверкі кантрольных службаў. Да таго ж, нават калі валанцёр_кі паведамляюць пра парушэнні ў міліцыю, часта рэакцыі няма.

Паказальны прыклад. Вышэй мы ўжо расказалі, як валанцёр_кі выратавалі чыхуахуа, якая служыла інкубатарам у псеўдазаводчыцы. Сабака быў у жаласным стане, і валанцёрка падала заяву пра жорсткае абыходжанне. Што ў выніку? Супрацоўнік міліцыі паведаміў, што жорсткага абыходжання не выяўлена, усе сабакі дагледжаныя, зарэгістраваныя і маюць пашпарты. Цяпер валанцёрка плануе падаць новую скаргу — на нелегальны бізнес і продаж сабак без дакументаў і радаводу, якіх гаспадыня прадае гуртам.

Спадзяёмся, што з часам законы будуць працаваць не толькі на паперы, але і на практыцы. А пакуль заклікаем цябе не падтрымліваць гэты жорсткі бізнес. Апроч таго, хацелася б, каб пляцоўкі кшталту «Куфра» ўвялі мадэрацыю аб’яў пра продаж шчанюкоў, каб скараціць плынь чорнага развядзення, бо менавіта такія платформы — асноўная пляцоўка збыту для псеўдазаводчы_ц.

Якія ёсць альтэрнатывы?

Калі няма магчымасці знайсці адказную заводчы_цу ці ёсць сумневы — заўсёды ёсць іншы шлях. Можна звярнуцца да валанцёр_ак і прытулкаў. У валанцёр_ак рэгулярна апынаюцца і завадовыя сабакі — часта гэта якраз жывёлы, выратаваныя з развядзення.

Каманда дапамогі біглям у Беларусі — апроч бігляў тут можна сустрэць коргі, джэк-расэл-тэр’ераў, эстонскіх ганчакоў і іншыя пароды.
Дапамога дробным сабакам у Беларусі — гэтая група не факусуецца на завадовых сабаках, але тут можна ўбачыць бульдогаў, шпіцаў, ёркаў і іншых невялікіх сабак.
Жывёлы шукаюць дом Беларусь/Польшча — таксама мультыпародная група, дзе з’яўляюцца французскія бульдогі, кокер-спаніэлі, далмаціны і не толькі.
Дапамога лабрадорам Беларусь — група дапамогі лабрадорам і іншым рэтрыверам.
Пародзістыя сабакі і каты ў дар — акіта-іну, даберманы, джэк-расэл-тэр’еры, лайкі і іншыя сабакі.

І падумай, ці так табе прынцыповая менавіта парода. Часта яе абіраюць дзеля прадказальнага характару, але ў прытулках шмат дарослых сабак з ужо зразумелым характарам і станам здароўя. Апроч таго, валанцёр_кі звычайна добра ведаюць сваіх падапечных і застаюцца на сувязі, дапамагаючы з адаптацыяй. А калі сумняешся, можна пачаць з ператрымкі — кароткатэрміновай ці доўгатэрміновай.

Але важна памятаць: сабака — гэта не пакупка і не імпульсіўнае рашэнне. Гэта адказнасць на гады наперад, незалежна ад таго, адкуль ён з’явіўся.

***

Крыніца: Unsplash. Аўтарка Karsten Winegeart

Скончым гэты артыкул гісторыяй сучкі французскага бульдога, якую Марыя забрала з прытулку. Бульдожка апынулася там таму, што несумленныя заводчы_цы выкінулі яе на вуліцу, калі тая больш не магла цяжарыць і нараджаць шчанят. Ёй было ўсяго 5 гадоў, і за гэты час яна перажыла ўжо 5 цяжарнасцяў.

Было бачна, што бульдожка жыла ў жудасных умовах. У яе была скрыўленая спіна — напэўна, таму што яе доўгі час трымалі ў занадта маленькай клетцы. Штораз, калі да яе цягнулася рука, каб пагладзіць, яна прыціскалася да падлогі. Верагодна, раней яе білі.

Марыя ўклала вельмі шмат сіл, часу і любові, каб жыццё гэтага сабакі змянілася. Былі дзясяткі гадзін працы з зоапсіхолагам, шматлікія аналізы, лячэнне і працэдуры. Зараз гадаванцы давядзецца прымаць лекі да канца жыцця, але самае галоўнае — сёння яна жыве сваё лепшае жыццё: у бяспецы, любові і клопаце, з людзьмі, якія сталі для яе сапраўднай сям’ёй.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць