Зімовыя святы — асаблівы час, які ў многіх культурах асацыюецца з цяплом, утульнасцю і радасцю. Але якім коштам ствараецца гэтая чароўная атмасфера? У Вялікабрытаніі падрыхтоўка святочных вячэраў пакідае такі ж вугляродны след, як і аўтамабіль, што аб’ехаў вакол Зямлі 6000 разоў. А падарункавай паперы там штогод выкарыстоўваецца столькі, што яе можна расцягнуць да Месяца.
Бліскаўкі, хлапушкі, штучны снег — гэта мікрапластык, якога ў сусветным акіяне ўжо больш, чым планктону. Мішуру робяць з поліэтылену, ёлачныя цацкі і абгорткі ад цукерак — з пластыку. Усё гэта апынаецца на звалках, як толькі згасаюць святочныя агні.
Не варта забывацца і на ментальнае здароўе. Чаканне святаў і абавязкі, звязаныя з імі, могуць выклікаць трывогу і стрэс. Гэта сур’ёзная праблема: апытанні паказваюць, што Каляды пагаршаюць псіхалагічны стан кожна_й чацвёрта_й. А колькі з нас 1 студзеня сутыкаліся з пачуццём пустаты і расчаравання — Новы год надышоў, а цуд так і не здарыўся?
Як жа адзначыць святы больш свядома, не ствараючы шкоды прыродзе і свайму ментальнаму здароўю? Расказваем у гэтым тэксце разам з эксперт_камі арганізацыі «Экадом» і псіхалагіняй Наталляй Скібскай.
З увагай да таго, што нас атачае: рэкамендацыі экалаг_іняў
«Экадом» прапануе простыя і эфектыўныя спосабы зрабіць святы больш экалагічнымі.
Самы экалагічны варыянт — зроблены сваімі рукамі. Напрыклад, скласці ў форме ёлкі кнігі ці сухія галінкі, знойдзеныя ў лесе. Можна ўпрыгожыць драбіну або штатыў ад фотаапарата.
Калі ж выбіраць паміж штучнай ялінкай і жывой, то другі варыянт — лепшы. Аднак варта ўлічваць некалькі фактараў: месца пакупкі, узрост дрэва і магчымасці ўтылізацыі.
Елка павінна быць не старэйшай за чатыры гады, а набываць яе трэба толькі ў спецыяльных месцах: на арганізаваных елачных кірмашах або ў лясніцтвах. Можна і ў крамах, але толькі пры наяўнасці ў дрэва спецыяльных дакументаў. Жывая ялінка экалагічная толькі ў тым выпадку, калі яна вырасла ў гадавальніку або легальна нарыхтаваная ў лесе. Калі дрэва было ссечанае прыватнай асобай уздоўж дарогі — вашая пакупка будзе спрыяць разбурэнню лясных экасістэм.
Выбіраць варта дрэва, якое пасадзілі і выгадавалі ў вашай краіне. Так транспартны след будзе мінімальны, гэта значыць, у атмасферу трапіць меншая колькасць шкодных рэчываў.
Пасля святаў елку абавязкова трэба аднесці на спецыяльную пляцоўку для збору (іх арганізоўваюць гарадскія ўлады). Там яе перапрацуюць у дранку, якую потым выкарыстоўваюць для некаторых гаспадарчых мэтаў.
Толькі пры выкананні ўсіх гэтых умоў выкарыстанне жывой елкі можна будзе назваць экалагічным.
Штучная елка будзе экалагічай тады, калі вы выкарыстоўваеце яе даўжэй за 20 гадоў.
Ад феерверкаў і петард варта адмовіцца: яны могуць сур’ёзна нашкодзіць птушкам і хатнім гадаванцам.
Уначы, калі запускаюць феерверкі, большасць птушак спяць. Рэзкія выбухі абуджаюць іх, прымушаючы ў паніцы разлятацца — часам на сотні кіламетраў ад наседжаных месцаў. Многія губляюцца або сутыкаюцца з перашкодамі: будынкамі, мастамі, правадамі. Нават калі птушцы атрымоўваецца пазбегнуць траўмаў, стрэс наносіць сур’ёзную шкоду яе здароўю: пачашчаецца сэрцабіцце, павялічваецца тэмпература цела, марнуецца каштоўная энергія, неабходная ўзімку для выжывання.
Хатнія жывёлы таксама пакутуюць. Нярэдка сабакі, спалохаўшыся гучных гукаў, уцякаюць і губляюцца.
Падумайце, ці сапраўды ваш падарунак патрэбны чалавеку, ці прынясе ён радасць, ці будзе карысны. Прасачыце, каб ён быў даўгавечным, падлягаў рамонту (калі ў гэтым узнікне патрэба) і мог быць перапрацаваны, калі адслужыць сваё.
Калі гэта магчыма, то замест новай купіце якасную рэч, якая была ва ўжыванні. Супольнасці па абмене і платформы тыпу «Куфар» ці Vinted прапануюць выдатныя варыянты.
Памятайце, што падарунак не абавязкова павінен быць матэрыяльным. Уражанні часта шануюцца больш, чым рэчы. Падарыце білеты на канцэрт, абанемент у музей.
Яшчэ адзін варыянт — падабраць падарунак, які зробіць лад жыцця больш экалагічным. Напрыклад, паўэрбанк з сонечнай батарэяй ці кампостар на кухню. Больш ідэй для экалагічных падарункаў — у інстаграме «Экадома».
Самы экалагічны падыход — адмовіцца ад упакоўкі зусім. Калі ж жадаецца надаць падарунку ўрачысты выгляд, зрабіце пакаванне яго часткай. Напрыклад, загарніце ў цёплы швэдар, прыгожую навалачку ці пашытую сваімі рукамі экаторбу.
Яшчэ адзін варыянт — выкарыстоўваць упакаванне паўторна. Гэта эканомія грошай, часу і рэсурсаў планеты. Таксама можна прагуляцца па вуліцы і сабраць для пакавання натуральныя матэрыялы. Напрыклад, засушыць лісце і выразаць з яго фігуркі.
Ну і галоўная экапарада: не купляйце плёнку і пластык. Іх складана перапрацаваць, і часцей за ўсё яны проста трапляюць на звалку.
Пазбягайце аднаразовага посуду або, прынамсі, максімальна скараціце яго выкарыстанне.
Паспрабуйце замяніць мяса і малочныя прадукты расліннымі альтэрнатывамі: гэта не толькі зменшыць экалагічны след, але і дадасць святочнаму сталу арыгінальнасці. Калі не ведаеце, з чаго пачаць, знайдзіце вегетарыянскія ці веганскія версіі знаёмых страў — нават аліўе можна прыгатаваць без мяса.
Упрыгожваць хату тысячамі агеньчыкаў, якія гараць, нават калі вы іх не бачыце, — гэта безадказна. Празмерная ілюмінацыя спажывае шмат энергіі, павялічвае вугляродны след і парушае рэжым сну жывёл. Асабліва марнатраўнымі з’яўляюцца лямпы напальвання: гірлянды, у якіх яны выкарыстоўваюцца, спажываюць да некалькіх сотняў ват на гадзіну.
Калі ўжо купляць агеньчыкі, то LED-гірлянды. Яны значна больш эканамічныя ў спажыванні электраэнергіі і служаць даўжэй. А яшчэ лепш — гірлянды на сонечных батарэях.
Варта ўлічваць і тое, што шмат якія агеньчыкі цяжка перапрацоўваць. Не купляйце больш, чым вам сапраўды трэба, і звярніце ўвагу на гірлянды, якія былі ва ўжыванні.
Эканомце энергію: выключайце падсвятленне, калі ў ім няма неабходнасці. Навошта марнаваць электрычнасць удзень, калі агеньчыкі незаўважныя, ці ўначы, пакуль вы спіце? Выкарыстоўвайце таймеры або кіруйце падсветкай уручную, каб уключаць яе толькі ў патрэбны час.
Таксама мы заклікаем замяніць пластыкавыя і электрычныя агеньчыкі на гірлянды з натуральных матэрыялаў. Засушаныя садавіна і ягады, папкорн ці папяровыя фігуркі — усё гэта можа стаць арыгінальнай альтэрнатывай, якая яшчэ і пахне прыемна. У інтэрнэце шмат відэа, якія навучаць рабіць такія ўпрыгожанні.
З навагоднім дэкорам і падарункамі лепш за ўсё практыкаваць паўторнае выкарыстанне. Калі нешта больш не трэба — аддайце на дабрачыннасць або прадайце. Зламалася — паспрабуйце парамантаваць. Пашкоджаныя гірлянды, елачныя цацкі і іншы дэкор са шкла ці пластыку здавайце ў спецыялізаваныя пункты перапрацоўкі.
Падарункавую паперу, пакеты і стужкі лепш не выкідаць, а захаваць для наступных святаў або творчых праектаў.
Па-першае, паспрабуйце загадзя разлічыць, колькі ежы сапраўды трэба прыгатаваць. Улічыце колькасць гасцей, месца ў халадзільніку і рэалістычна ацаніце порцыі. Перавагу лепш аддаваць стравам, якія можна доўга захоўваць ці замарозіць. Можна дамовіцца з сябрамі, каб кожны прынёс адну невялікую страву або дэсерт, — вуаля, у вас гатовы цэлы стол.
Калі ежа ўсё ж засталася, дзяліцеся ёю. Напрыклад, пачастуйце суседзяў пірагом, які не змаглі даесці, або зрабіце вечарынку з сябрамі, якіх вы не паспелі ўбачыць у святы. Пачастункі можна ўзяць з сабой на працу для калег ці перадаць у дабрачынныя арганізацыі, якія прымаюць прадукты. Таксама ёсць спецыяльныя фудшэрынг-платформы: у Літве — Maisto Bankas, у Польшчы — Foodsi, у розных краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі — Too Good To Go. У Беларусі і Грузіі падобныя ініцыятывы можна знайсці на фэйсбуку ці ў тэлеграме.
З лупінаў ад садавіны і гародніны можна зрабіць кампост, які будзе выдатным угнаеннем для раслін. Косці, якія засталіся ад мясных страў, падыдуць для наварыстых булёнаў. Некалькі недаедзеных прадуктаў можна аб’яднаць, каб зрабіць новыя стравы: салаты, амлеты, піцу або салянку.
Праверыць, наколькі вы запомнілі экалагічныя рэкамендацыі, можна з дапамогай тэста на нашым сайце.
З клопатам пра сябе і блізкіх: рэкамендацыі псіхалагіні
Псіхалагіня і гештальт-тэрапеўтка Наталля Скібская — пра тое, як зрабіць так, каб святы радавалі, а не знясільвалі.
Калі будні праходзяць у рэжыме строгіх абмежаванняў, святы робяцца часам разгулу. Такі кантраст непазбежна прыводзіць да стомы і перанапружання. Каб пазбегнуць гэтага, знайдзіце баланс. Дадайце ў сваю паўсядзённасць радасць і камфорт. Смачная ежа, прыемныя сустрэчы, адпачынак — усё гэта павінна быць часткай штодзённага жыцця.
Тады вы зможаце па-сапраўднаму парадавацца Калядам і Новаму году: без пераядання, генеральных прыборак і стрэсу. А вяртацца да руціны, напоўненай прыемнымі момантамі, пасля святаў будзе не так складана.
Стаўцеся да святаў прасцей. Гэта такая ж частка жыцця, як усе іншыя: проста са сваімі атрыбутамі. Яна не павінна быць аб’ектам радасці проста па вызначэнні. Вы ж не ставіце сабе за мэту цешыцца заходу сонца або прыходу новага дня — успрымайце каляндарную змену года гэтак жа. Калі няма святочнага настрою, не вінавацьце сябе. Калі хочаце яго стварыць, то памятайце: ваш камфорт — галоўны прыярытэт.
Калі хочацца святочнага настрою, вазьміце адказнасць за яго стварэнне на сябе. Памятайце, што вы не закладні_ца абставінаў — вы можаце ўплываць на свае адчуванні.
Для пачатку паспрабуйце стварыць святочную атмасферу. Павесьце гірлянду, напрыклад. Тамака, глядзіш, і настрой з’явіцца. Калі няма сілы ладзіць нешта дома, выпраўляйцеся туды, дзе навагодні антураж ужо створаны. Галоўнае: знайдзіце тыя яго праявы, якія блізкія менавіта вам.
Праверце, наколькі актуальныя назапашаныя справы. Калі яны страцілі сэнс, дазвольце сабе ад іх адмовіцца. Астатнія задачы падзяліце паводле прыярытэтаў. Засяродзьцеся на тым, што неабходна завяршыць да канца года. Усё астатняе адкладзіце на потым. Дык вы пазбегнеце выгарання.
І абавязкова слухайце ўнутраны голас: часам падсвядомае сабатуе задачы, бо яны не маюць сэнсу.
Не спрабуйце ўціснуць усе задавальненні і сустрэчы ў адзін тыдзень. Дазваляйце сабе цешыцца з жыцця не толькі на святы — гэта дапаможа пазбегнуць мітусні і якасна адпачыць.
Скласці спіс жаданняў — найлепшы спосаб пазбегнуць непатрэбных або нязручных падарункаў. Пазначце ў ім, што вам сапраўды трэба, і прапануйце шырокі цанавы дыяпазон, каб не заганяць чалавека, які дорыць падарунак, у стрэс.
Калі ж чалавек, які дорыць, — гэта вы, то падумайце, якія эмоцыі жадаеце прынесці чалавеку і самому сабе. Жадаеце сапраўды дагадзіць з падарункам і не перажываць — непасрэдна запытайце або зазірніце ў віш-ліст. Калі задумалі сюрпрыз, будзьце гатовыя да любой рэакцыі. І шчыра адкажыце сабе: вы хочаце парадаваць іншага ці самі імкняцеся да яркіх эмоцый? Другі варыянт — нагода задумацца, чаго не хапае вам. Можа, падарунак, які вы падрыхтавалі камусьці, насамрэч патрэбны вам?
Адмоўцеся ад сустрэч са сваякамі на святы, калі яны больш стамляюць, чым радуюць. Адносіны — гэта дарога з двухбаковым рухам. Вы не павінны ўвесь час рабіць крокі насустрач і ахвяраваць сваім камфортам, калі для вас не гатовыя рабіць тое ж самае. Здзяйсняючы гвалт над сабою, вы падтрымліваеце існаванне сістэмы гвалту.
Часта мы пераядаем ці перабольшваем з алкаголем праз звычку рабіць нешта за кампанію. Ад гэтага трэба пазбаўляцца. Клапаціцеся аб сваім здароўі, а не аб тым, каб быць «зручнымі». Калі вам не хочацца піць ці есці, не змушайце сябе. І наогул, больш размаўляйце па-за межамі святочнага стала. Паелі — перайшлі ў іншае месца і размаўляем там. Гэта дапаможа пазбегнуць пераядання і зробіць вечар больш насычаным.
Варта падтрымліваць сябе, а не асуджаць. Думайце толькі пра тое, што атрымалася ў мінулым годзе. Крытэрыі поспеху пашырайце, рабіце папраўку на вонкавыя акалічнасці. У нашы няпростыя часы не звар’яцець — гэта дасягненне, якім трэба ганарыцца. Адмоўцеся ад параўнанняў: як з іншымі людзьмі, так і з «ідэальнай версіяй сябе».
Калі ставіце мэты на будучы год, то засяроджвайцеся на тым, як жадаеце яго пражыць. Думайце пра адчуванні, а не вынікі. І памятайце: рэалістычныя мэты — тыя, якія ўлічваюць абставіны. Калі вы схільныя браць на сябе занадта шмат, абмяркуйце планы з тым, хто ведае вашу сітуацыю і па-сапраўднаму вас любіць. Ці ўключыце ўнутранага цыніка-песіміста, каб праверыць, ці не завышаеце чаканні.