10 кніг сучаснага белліту, якія змяняюць і пашыраюць наш светапогляд ды вучаць нас эмпатыі

ІнклюзіяВедыГендар
Обложка_10_кніг
4.2
(5)

Поле беларускай літаратуры працягвае расці і развівацца, з’яўляюцца новыя выдавецтвы, ініцыятывы, імёны і кнігі, тэмы якіх закранаюць таемныя куточкі далёкіх і чужых лёсаў. У гэтым матэрыяле мы сабралі 10 кніжак сучаснага белліту пра эміграцыю і моўную ідэнтычнасць; пра стаўленне да цела і сэксуальнасці; пра пераасэнсаванне дома, бяспекі і свабоды; пра страту рамантычных адносінаў; пра траўматычны досвед зняволення і пра прыродны хорар. Гэтыя гісторыі жывуць на памежжы рознага жыццёвага вопыту і светапогляду і пашыраюць нашае бачанне свету.

Дар’я Трайдэн «Грибные места»

Грибные места_обложка книги

Кніга аўтаркі Дар’і Трайдэн узнімае адразу некалькі тэм, якія сумяшчаюць і ўразлівасць, і клопат: перажыванне разрыву і ўдумлівае кружэнне вакол досведу закаханасці, пошук свайго месца і сэнсу там, дзе сэнсы распадаюцца, уважлівае асэнсаванне адносін з прыродай і ландшафтам.

Кніга пабудаваная на нелінейным апавяданні, марудным і цякучым руху самых розных падзей і пачуццяў, а таму дапамагае наблізіцца да досведу ўразлівасці без страху і сарамлівасці.

Купля і рамонт вясковай хаты змешваюцца ў гераіні з успамінамі, снамі і назіраннямі за паўсядзённасцю. Праца на зямлі, ускопванне градаў, збіранне насення — усё гэта дапамагае зноў здабыць глебу пад нагамі. І адчуваецца, што сад, высаджаны гераіняй, абавязкова зацвіце.

тоні лашдэн «Чорны лес»

У гэтай кнізе добрае нават тое, што выклікае жах, — магчыма, менавіта пра жах і пойдзе гаворка. Зборнік невялікіх апавяданняў аўтар_кі тоні лашдэн — гэта эка-хорар, напісаны паводле траўматычных падзей 2020 года, у якім адчуванні страху, злосці і замірання апісаныя праз цягучыя і шчыльныя вобразы ўсіх відаў зямлі.

Магічны рэалізм зрастаецца з дакументацыяй рэальнасці — і атрымліваецца форма вострага асэнсавання страты дома, палітычных падзей і месца чалавека ў прасторы пустэчы, аголенасці і знаходжання на мяжы. Як піша сама аўтар_ка пра кнігу, «чорнае балючае месца страты становіцца месцам сілы».

Trigger warning: папярэджваем нашых чытач_ак, што некаторыя апавяданні могуць справакаваць посттраўматычныя перажыванні і ўзмацніць адчуванне трывогі. Калі ласка, пастаўцеся да сябе і выбару кнігі ўважліва. Калі вы адчуваеце, што яшчэ не гатовыя заглыбіцца ў гэтую гісторыю, вярніцеся да яе пазней.

Голя з Аполя «Мое баба — діректор морга»

Мое баба_обложка книги

Гэтая кніга — тэкстава-візуальная гісторыя пра бабулю аўтаркі. Тая жыла ў вёсцы Опаль на Палессі, ведала пахавальныя традыцыі і дапамагала праводзіць людзей у іншы свет паводле правілаў — так, менавіта таму яе і называлі «дырэктар морга». Тэкст напісаны на паляшуцкай мове, рэгіянальным дыялекце беларускай ці ўкраінскай (тут меркаванні ўсё яшчэ разыходзяцца), і з’яўляецца важнай дакументацыяй жывой опальскай гаворкі, вясковых традыцый і абрадаў гаравання на Палессі.

Для сучаснага белліту гэтая кніга — важнае асэнсаванне лакальных ідэнтычнасцяў, якая прачыняе праз асабістую гісторыю дзверы да рознакаляровага культурнага кода жыцця, дзе спалучаецца столькі ўсяго: цыклічнасць жыцця і смерці, хрысціянства і паганства, традыцыя і сучаснасць.

Ганна Янкута «Час пустазелля»

Час пустазелля_обложка книги

Дэбютны празаічны раман Ганны Янкуты — гэта сканструяваная з дзённікавых запісаў аўтаркі гісторыя пра бесчасовасць, у якім апынуліся беларус_кі ў лютым 2022-га. Напалову перажытыя і напалову прыдуманыя гісторыі нараджаюцца з назірання за штодзённасцю і за прадметамі як кропкай апоры ў перыяд разгубленасці — як зараз быць і што далей рабіць?

Кніга пабудаваная як рэфлексія над гэтымі пытаннямі, над эмігранцкім досведам, мовай і памяццю. Аўтарка адчувае, як выпадае з часу, і таму спрабуе адшукаць яго ў падзеях і рэчах навокал. Напрыклад, у камянях, якім тысячы гадоў, або ў дзяжурствах у валантэрскім сэрвісе.

Віка Біран «Я танцую»

Дэбютная кніга аўтаркі і актывісткі ЛГБТК+ Вікі Біран ужо, магчыма, паспела трапіць у вашае поле зроку, але мы ўсё роўна хочам пра яе нагадаць. Гэта раман, у якім апісана жыццё аўтаркі падчас і пасля падзей 2020 года, вымушанай штораз пераадольваць і супраціўляцца розным сістэмам гвалту і прыгнёту: ад бюракратычных працэдур, якія суправаджаюць эміграцыю, да фізічнага гвалту ў сувязі з пратэстамі. Галоўнае пытанне, за якім ідзе аўтарка, — як ва ўсвядомленых умовах несвабоды выбіваць сабе асабістае права на шчасце і працягваць жыць. І кожны раз зноў і зноў адказвае на яго, праходзячы праз боль, гнеў, апатыю, перашкоды і шквал эмоцый.

Ганна Комар «Калі я выйду на волю»

Калі я выйду на волю_обложка книги

Гэтая кніга — спроба прагаварыць, асэнсаваць і выпусціць вонкі траўму, перажытую многімі беларусамі і беларускамі. Кніга Ганны Камар — гэта дакументальная проза па слядах дзевяці дзён, праведзеных у зняволенні ў 2020 годзе. У ёй фіксуецца не толькі досвед Ганны, але і досвед іншых людзей: дзённікавыя запісы аўтаркі сплятаюцца разам з апавяданнямі тых, хто перажыў міліцэйскі гвалт, і ўспамінамі родных, якія былі адрэзаныя ад сваіх блізкіх няведаннем.

Апісанне траўматычнага досведу, умоваў знаходжання, гутаркі, жарты, жывая гаворка пацярпелых — усё гэта, можа быць, толькі-толькі яшчэ праходзіць рэфлексію і набывае літаратурную форму ў полі сучаснага белліту.

Trigger warning: папярэджваем нашых чытач_ак, што некаторыя апавяданні могуць справакаваць посттраўматычныя перажыванні і ўзмацніць адчуванне трывогі. Калі ласка, пастаўцеся да сябе і выбару кнігі ўважліва. Калі вы адчуваеце, што яшчэ не гатовыя заглыбіцца ў гэтую гісторыю, вярніцеся да яе пазней.

Гей-анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю»

Мальцы выходзяць з-пад кантролю_обложка книги

Прызнайцеся, вы чакалі гэтую кнігу вельмі даўно, мы дык дакладна! І вось, як выдатна, што яна зараз ёсць, і яе нават можна паслухаць анлайн. Анталогія гей-пісьменства сабрала цэлы пласт дзівосна прыгожых, смелых і важных тэкстаў пад адной вокладкай і стала першай спробай рэпрэзентацыі ў беларускай літаратуры. Тэксты прысвечаныя гей-эмансіпацыі і апісваюць менавіта мужчынскую гомасэксуальнасць, адкрыўшы магчымасць зірнуць на гэты досвед знутры. У кнізе ставяцца пытанні пра тое, чаму гэты досвед так мала быў прадстаўлены ў беларускай літаратуры, як існавала і развівалася апісанне цялеснасці, інтымнасці і сэксуальнасці ў літаратуры і адкуль можна прасачыць яго выток.

Для чытачак і чытачоў з Беларусі
Сайт Budzma.org, на якім размешчаны спасылкі на аўдыёкнігу, прызнаны «экстрэмісцкім». Таксама ў кнізе ўзгадваецца адно з так званых «экстрэмісцкіх фармаванняў», таму дбайце пра сваю бяспеку.

Артур Камароўскі «Corpus Vile»

Corpus Vile_обложка книги

Другі зборнік вершаў паэта і перформера арт-групы «Красный борщевик» Артура Камароўскага прысвечаны тэмам цялеснасці, гендару, сэксуальнасці, мовы, пошуку свайго месца і радзімы. Кніга нагадвае эксперымент-вандроўку ад цела прыватнага да цела іншага, цела іншых, цела безасабовага. Пераязджаючы і ўвесь час перамяшчаючыся, аўтар спрабуе адказаць на пытанні, як злучаныя паміж сабой цялеснасць, тэрыторыя і мова, што ў выніку гэтай сувязі адкрываецца і як досвед пільнага і акуратнага ўзірання ў цялеснасць аднаўляе сувязь з домам.

Зборнік «Карані / Лісце»

Карані_обложка книги

Гэты зборнік — плён працяглай працы ў пісьменніцкай лабараторыі з тэмай дэкаланіяльнасці беларускага пісьма. Гэтая тэма асабліва стала актуальнай пасля пачатку вайны ва Украіне і зноў паказала, што пісаць можна не толькі на рускай або нарматыўнай беларускай мове (наркамаўцы), а яшчэ і на дыялектах, тарашкевіцы, трасянцы.

На працягу паўгода некалькі дзясяткаў жанчын і квір-людзей з Беларусі асэнсоўвалі паняцці зямлі, дома, тэрыторыі, прасторы і бяспекі, мовы і моўнай ідэнтычнасці. І атрымалася кніга, у якой гучаць галасы розных аўтар_ак, ствараючы ўяўленне пра тое, якім можа быць беларускае пісьмо ва ўмовах няпэўных межаў сацыяльнага, палітычнага і культурнага.

Зборнік «Пакой»

Пакой_разварот

Як і ў папярэднім, у гэтым зборніку сабраныя творы, якія з’явіліся ў літаратурнай студыі SZTUKA, арганізаванай для тых, хто адносіць сябе да квір-супольнасці і піша мастацкую прозу, аўтафікшн і тэксты іншых гібрыдных формаў. Гэтыя творы сталі спробай вымавіць нявыказанае, пераадолець маўчанне і немату, адшукаць і перавынайсці ўласную мову і прастору пісьма, для якога патрабуецца шмат часу, сіл і аголенай смеласці. У выніку выйшла эксперыментальная, шурпатая і непрычасаная (у самым шырокім сэнсе) кніга, якая паказвае чужы досвед і дзесьці ўсё яшчэ адкрытая да яго разумення ў полі сучаснага белліту.


Аўтарка:  Лёня Курчавая

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.2 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x