Псіхічнае здароўе — прадмет велізарнай стыгмы: гаварыць пра яго не вельмі прынята, бо мала што людзі падумаюць. Праз гэта вакол ментальных асаблівасцяў поўна забабонаў. Яркі гэтаму прыклад — сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ). Якіх толькі цэтлікаў не вешаюць на людзей праз гэты дыягназ: яны і «гультаяватыя», «інфантыльныя», «дрэнна выхаваныя». Як усё насамрэч, «ІншыЯ» высвятлялі з псіхалагіняй Ганнай Матуляк. У яе самой дыягнаставаны СДУГ, таму пра міфы вакол яго яна ведае па-сапраўднаму.
Не, гэта фізіялагічная асаблівасць. Людзі з ёй нараджаюцца і набыць яе нельга. Справа ў будове мозгу: пры СДУГ у ім не выпрацоўваецца дастатковай колькасці норадрэналіну і дафаміну. Праз гэта парушаюцца нейронавыя сувязі, якія адказваюць за канцэнтрацыю ўвагі і прыняцце рашэнняў.
Адсюль праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі са СДУГ. Гэта няўседлівасць, няўважлівасць, складанасці з кантролем маўлення і псіхаэмацыйная нестабільнасць — калі эмоцыі занадта яркія, і балансаваць паміж імі цяжка: то радасць, то гнеў.
Яшчэ адзін важны момант: СДУГ можа перадавацца ў спадчыну. Частата атрымання ў спадчыну, паводле розных ацэнак, перавышае 70%. У маіх дваіх дзяцей, напрыклад, таксама СДУГ.
Не, бо з узростам прыроджаныя асаблівасці не знікаюць. Мозг развіваецца, але не мяняецца. Больш за тое: дарослым са СДУГ нярэдка даводзіцца яшчэ цяжэй, чым дзецям. Усё праз тое, што дыягностыка гэтага сіндрому не такая распаўсюджаная, асабліва на постсавецкай прасторы.
Дзеці растуць са СДУГ і не падазраюць пра гэта. І праз гэта яны не атрымліваюць неабходнага для іх асаблівага стаўлення як у навучанні, так і ў зносінах. З часам яны пачынаюць заўважаць, што некаторыя іх рысы для навакольных нязручныя і тыя маркіруюць іх як «няправільныя». Напрыклад, называюць іх «непаслухмянымі», «занадта актыўнымі», «няўважлівымі», а тады дзеці пачынаюць выцясняць свае «ненармальныя» праявы.
Гэта ўплывае на фармаванне ідэнтычнасці, на самаацэнку — і адсюль у дадатак да сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці з’яўляюцца новыя праблемы, якія перашкаджаюць у дарослым жыцці. Не паслабляе сітуацыю і стрэс, якога з гадамі становіцца яшчэ больш.
Найчасцей людзі са СДУГ валодаюць нармальным інтэлектам, а то і вышэйшым за сярэдні. А яшчэ яны даюць рады задачам, якія для іх цікавыя. Такая камбінацыя стварае лжывае ўяўленне, быццам чалавек «можа, але не хоча». Гэтую фразу часта выкарыстоўваюць настаўнікі, калі гавораць пра дзяцей са СДУГ. Але гэта не пытанне выбару, а пытанне фізіялогіі. Чалавек не можа вырашыць, як павінен працаваць ягоны мозг.
Тое, што часта прымаюць за ляноту, — гэта складанасці з матывацыяй і канцэнтрацыяй. А сапраўдная прычына ў тым, што ўвесь навакольны свет для людзей са СДУГ — гэта выклік.
Патлумачу на ўласным прыкладзе. Я з зайздрасцю гляджу на людзей, якія чытаюць у парку. Для мяне гэта непасільная задача: я не магу сканцэнтравацца на кнізе. Адцягвае літаральна ўсё: птушачка зашчабятала, чалавек прайшоў, дзіця закрычала. Я бясконца пераскокваю з аднаго імпульсу на іншы, мозг іх апрацоўвае — засяродзіцца не атрымліваецца.
Але ёсць іншая скрайнасць — стан гіперфокусу.
Калі людзям са СДУГ нешта падабаецца, яны могуць праседзець над гэтым суткі. Нават паесці забудуцца, бо сігнал голаду мозг не апрацуе: усю ўвагу займае гіперфокус.
Пачнем з таго, што існуюць розныя тыпы СДУГ. Ёсць такі, пры якім гіперактыўнасці ўвогуле няма. Гэтым людзям не хапае энергіі. Ёсць супрацьлеглы тып — гіперактыўны. Ёсць камбінаваны.
Калі мы маем справу з гіперактыўным тыпам, то гэта сапраўды вельмі зараджаныя людзі, гатовыя горы перакуліць. Але праблема ў тым, што яны не ўмеюць адсочваць стомленасць і, адпаведна, адпачываць. Часта гэта вядзе да таго, што ў такіх людзей развіваюцца саматычныя захворванні і ім даводзіцца рабіць перапынак проста праз тое, што фізічна ім робіцца немагчыма працягваць.
Што да гіперактыўных дзяцей, то ў іх стомленасць найчасцей выяўляецца праз пераўзбуджэнне — настолькі моцнае, што ім аж дрэнна робіцца. Калі дзіця без СДУГ стоміцца, то ляжа спаць, а гіперактыўнае дзіця можа пачаць плакаць, крычаць, злавацца, хутка размаўляць.
Вось чаму людзям са СДУГ вельмі важна ведаць свой дыягназ. Гэта дапамагае правільна размяркоўваць нагрузку і планаваць адпачынак. Напрыклад, калі я падчас працы «лаўлю» гіперфокус, то ад пераўзбуджэння не магу спаць. Каб не даймаць сябе, стаўлю ў календары дзень адпачынку і стараюся праводзіць яго на прыродзе без гаджэтаў.
Усе людзі са СДУГ розныя. Па-першае, існуюць розныя тыпы гэтага сіндрому. Па-другое, нельга забывацца на асабістыя асаблівасці.
Напрыклад, у чалавека са СДУГ можа быць яшчэ і разлад аўтыстычнага спектру — гэта часты выпадак. У такім разе чалавек можа быць досыць замкнёным і негаваркім, то бок не выяўляць экстравертнасці ў тым выглядзе, у якім мы звыклі пра яе думаць.
Немагчыма вылечыць мозг, які і не хворы нават, а проста функцыянуе інакш. Калі пэўныя нейронныя сувязі не збудаваныя прыродай, то таблеткі іх таксама не збудуюць.
Аднак СДУГ можна кампенсаваць. Для гэтага выкарыстоўваюць псіхастымулятары. Праблема ў тым, што яны забароненыя ў шэрагу постсавецкіх краін. Існуюць аналагі, але яны не заўсёды эфектыўныя і маюць пабочныя эфекты.
Важны нюанс: псіхастымулятары дзейнічаюць роўна ў момант прыёму, і назапашвальнага эфекту ў іх няма. Таму часта іх прыём рэгулююць у залежнасці ад патрэбаў канкрэтнага чалавека.
Напрыклад, у мяне рыхтуецца важны праект, на якім трэба максімальна засяродзіцца. Тады я прымаю псіхастымулятары. Пасля праекту магу спыніць прыём. Такія пытанні вырашаюцца выключна з псіхіятрам пасля пастаноўкі дыягназу.
Гэта зноў вяртае нас да пытання дыягностыкі. Яна павінна быць праведзеная якасна. Бо СДУГ можна зблытаць, напрыклад, з дэпрэсіўным разладам. Такое часта здараецца. І тады людзі гадамі лечацца антыдэпрэсантамі, а лепш ім не робіцца, бо праблема першапачаткова ў іншым.
Не. Псіхастымулятары дапамагаюць мозгу лепш канцэнтравацца, трымаць фокус на складаных і аднастайных задачах. Гэта дапамагае людзям са СДУГ функцыянаваць больш прадуктыўна і эфектыўна, даваць рады імпульсіўнасці і дэфіцыту ўвагі.
Тут справа не ў тым, што СДУГ «з’явіўся» нядаўна, а ў тым, што яго стала лягчэй дыягнаставаць. Адпаведна, і рабіць гэта пачалі часцей. А прарыў у дыягностыцы здарыўся праз тое, што ў апошнія гады выйшла вельмі шмат даследаванняў па тэме СДУГ.
Але нават цяпер лекары нярэдка блытаюць сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці з нечым іншым і прызначаюць няправільнае лячэнне. Напрыклад, ад дэпрэсіі, ад трывожнага ці біпалярнага разладу.
Я і сама з такім сутыкнулася. Перш чым дыягнаставаць СДУГ, некалькі псіхіятраў ставілі мне дэпрэсію. Я разумела, што гэта няправільна. У мінулым я ўжо пражыла эпізод клінічнай дэпрэсіі, таму магла параўноўваць сімптомы і станы.
Прайшла некалькі анлайн-тэстаў — вынікі казалі пра імавернасць СДУГ. Стала шукаць псіхіятра, які працуе непасрэдна з гэтай тэмай. Ужо праз некалькі хвілін пасля пачатку прыёму ён сказаў, што ў мяне класічны СДУГ. Клінічныя тэсты гэта пацвердзілі. Тады я, ужо дарослая жанчына, нарэшце даведалася, з чым жыла ўсё жыццё.
Гэта стала вызваленнем. Цяпер я разумею, як працаваць са сваімі асаблівасцямі, і стаўлюся да іх з любоўю, а не з асуджэннем.
Усё якраз наадварот. Адна з праяваў гэтага сіндрому — гіперфокус.
Калі людзям са СДУГ нешта цікава, яны будуць захоплена гэтым займацца, забываючыся на іншыя справы, ігнаруючы стомленасць, пачуццё голаду і іншыя патрэбы.
Праз сталае выкарыстанне гаджэтаў, заліпанне ў праграмах са зменлівымі карцінкамі, праз хуткі рытм жыцця наогул у людзей сапраўды можа развіцца дэфіцыт увагі. Аднак гэта не будзе мець нічога агульнага са СДУГ, бо гэты сіндром — прыроджаны комплекс парушэнняў працы галаўнога мозгу. Гэта нейраадрозненне, яго нельга набыць.