Гэтай восенню беларускае грамадства пачало ўпершыню абмяркоўваць пытанні харасмэнту і кэнсэлінга («культуры адмены»). Усё пачалося з адмены выставы мастака Сяргея Сялецкага ў віленскай культурнай прасторы CreateCulture Space. Пасля публікацыі анонсу мерапрыемства ў акаўнце арганізатараў сталі з’яўляцца каментары пра непрыстойныя паводзіны мастака, які таксама з’яўляецца выкладчыкам ЕГУ. Пазней журналісты апублікавалі гісторыі студэнтак, якія гавораць пра харасмэнт з боку Сялецкага. Мастак у адказ на гэта пачаў пісаць скаргі на студэнтак і вінаваціць іх у цкаванні.
Мэта гэтага артыкула — не вынесці вердыкт Сялецкаму (расследаванне ЕГУ яшчэ ідзе), а разабрацца ў адценнях: калі асуджэнне харасмэнту — гэта не цкаванне; а адмова ад супрацоўніцтва — не заўсёды пра кэнсэлінг. З гэтым нам дапамагае Ірына Сідорская, гендарная даследчыца і доктар навук.
Адмова ад супрацоўніцтва не заўсёды кэнсэлінг
Ірына Сідорская, гендэрная даследчыца і доктар навукКэнсэлінг — гэта цэлая кампанія, у межах якой шмат розных арганізацый і інстытутаў аб’ядноўваюцца і адмаўляюцца супрацоўнічаць з канкрэтным чалавекам.
Казаць пра кэнсэлінг чалавека, калі таму адмаўляе ў правядзенні выставы толькі адна арганізацыя, нельга. Людзі вольныя ў тым, каб выбіраць, з кім супрацоўнічаць. Тым больш калі арганізацыя разумее рызыкі і тое, што для яе мэтавай аўдыторыі вельмі важны той факт, што ў чалавека неадназначная рэпутацыя.
Звычайна кэнсэлінг адбываецца ў сітуацыі, калі юрыдычны разбор не дае якіх-небудзь вынікаў. Напрыклад, паліцыя адкрыла справу, не знайшла дастатковую колькасць доказаў і закрыла яе, а некаторыя арганізацыі перакананыя, што ўсё ж чалавек вінаваты і вырашаюць не супрацоўнічаць з ім.
Ня трэба блытаць адмову ад супрацоўніцтва з цэнзурай. Цэнзура мае дачыненне непасрэдна да работ, а не да паводзін чалавека ў адносінах да людзей, якія знаходзіліся ў залежным ад яго становішчы.
Калі прыватнае жыццё — не толькі справа чалавека
Ірына Сідорская, гендэрная даследчыца і доктар навукНаша свабода не бязмежная. Яна заканчваецца там, дзе мы можам прычыніць камусьці шкоду. Калі ёсць інфармацыя пра тое, што ад чыіхсьці дзеянняў пацярпелі людзі — і выпадак не адзінкавы — грамадскасць павінна на гэта рэагаваць і прымусіць адпаведныя інстытуты пачаць праверку.
Чалавек — гэта не толькі тое, што ён ці яна стварае ў прафесійным асяроддзі, але і яго / яе рэпутацыя. Зараз многія нават калі выбіраюць джынсы звяртаюць увагу не толькі на іх якасць, але і на тое, якія каштоўнасці прасоўвае брэнд, якая ў яго карпаратыўная сацыяльная адказнасць – альбо наадварот ці не была заўважаная кампанія або яе кіраўні_цы ў нейкіх сэксісцкіх, расісцкіх ці іншых скандалах. У сучасным свеце гэта мае значэнне.
Цкаванне ці асуджэнне харасмэнту
Сутнасць цкавання — не разабрацца ў сітуацыі (як у выпадку з асуджэннем харасмэнту), сутнасць цкавання — гвалт. Чалавеку не абавязкова нешта рабіць, каб яго абралі мішэнню для агрэсіі. Калі ж грамадства абмяркоўвае выпадак харасмэнту, мэта гэтага — стварыць механізмы і стрымліваючыя практыкі, каб такога больш не паўтарылася.
Публічнае асуджэнне, вядома, непрыемнае для таго, хто здзяйсняе харасмэнт. Але людзі павінны на гэта рэагаваць, бо гэтыя выпадкі — праблема грамадства, праблема структур і сацыяльнага асяроддзя, праблема ўлады і ўразлівасці. Чалавек, які ажыццяўляе харасмэнт, бачыць, што пакуль няма механізмаў стрымлівання, то яго/яе паводзіны могуць застацца беспакаранымі. Гэта развязвае яму/ёй рукі. Калі мы будзем маўчаць і не заўважаць, сітуацыя будзе станавіцца толькі горшай.
Што з’яўляецца праявамі харасмэнту
Улічваючы тое, што харасмэнт узнікае ў асяроддзі, дзе ёсць іерархія і ўлада, важна адзначыць, што харасмэнтам не з’яўляюцца спрэчкі па працоўных пытаннях. Харасмэнт — гэта менавіта злоўжыванне надзеленай уладай, калі яна выходзіць за межы дапушчальных паўнамоцтваў.
Ірына Сідорская, гендэрная даследчыца і доктар навукХарасмэнт — гэта любыя зневажальныя дзеянні і словы. Ён можа прымаць самыя розныя формы — як вербальныя, так і невербальныя. Гэта могуць быць не толькі прымус да інтымнай блізкасці (гэта ўжо скрайняя форма), а, напрыклад, непрыемныя дотыкі, двухсэнсоўныя погляды, падміргванні.
Напрыклад, ва ўмоўным офісе ў кіраўніка ў кабінеце вісяць постэры з напаўаголенымі мадэлямі, і ён, размаўляючы з супрацоўніцай, дэманстратыўна пераводзіць позірк з яе на постэр і мімікай выказвае, што ён як бы параўноўвае супрацоўніцу з мадэллю. Гэта таксама харасмэнт. Ён ставіць ахвяру ў непрыемнае, некамфортнае становішча, але праз тое, што ахвяра падпарадкавана агрэсару, яна не можа наўпрост ўсё выказаць.
У большасці выпадкаў ахвяра яшчэ і пачынае сама шукаць апраўданні: «Можа, мне падалося, а раптам ён нічога такога не меў на ўвазе — у нас жа працоўныя адносіны».
І складанасць такіх гісторый у тым, што вельмі цяжка знайсці доказы ў адрозненне ад злачынстваў гвалтоўнага характару.
Харасмэнт звязаны , па-першае, з уладай і падпарадкаваннем (калі адзін чалавек залежыць ад іншага: напрыклад, студэнт_ка і выкладчы_ца, падпарадкаван_ая і начальні_ца), а па-другое, з сэксуалізаваным гвалтам.
У выпадку з Сялецкім мы маем з аднаго боку выкладчыка, даволі вядомага мастака, а з другога — студэнтак, якія толькі вучацца маляваць і не маюць гучнага імя ў арт-свеце. Студэнткі вельмі моцна залежаць ад меркавання выкладчыка. Больш за тое: ад яго залежыць, ці змогуць яны ў прынцыпе працягнуць вучобу.
А суддзі хто, або Хто павінен выносіць вердыкт
Даказаць факт харасмэнту бывае досыць складана, бо часта дзеянні чалавека завуаляваныя, не нясуць наўпроставага прымусу да сэксу і могуць быць паднесеныя як «звычайны флірт». Гэтае адчуванне беспакаранасці сваіх дзеянняў, немагчымасці выкрыццця намераў і ўразлівасць чалавека, над якім дамінуюць — «спрыяльная» глеба для развіцця харасмэнту. Да таго ж прававая абарона ад харасмэнту ёсць не ва ўсіх краінах.
Адзін з эфектыўных спосабаў стрымання харасмэнту — публічнасць, якая дапамагае агаліць праблему і прымусіць грамадства пра гэта казаць, а адпаведныя інстытуты — праводзіць расследаванні. Калі мы вернемся да гісторыі з ЕГУ і Сялецкім, то менавіта шырокае агалошванне гэтай гісторыі і ўвага медыя прымусілі ЕГУ правесці расследаванне.
Ірына Сідорская, гендэрная даследчыца і доктар навукРазбірацца, ці быў факт харасмэнту, павінна арганізацыя, якая мае дачыненне да здарэння — напрыклад, працадаўца ці ўніверсітэт.
Спачатку павінна правесці сваё разбіральніцтва этычная камісія. Калі будуць выяўлены факты, якія даюць магчымасць пачаць ужо крымінальную справу, то павінна быць праведзена ў выніку і судовае разбіральніцтва.
Калі казаць пра Сялецкага, то калі б ён з’яўляўся вольным мастаком, то, вядома, складаней было б сказаць, хто павінен займацца пытаннем у першую чаргу. З іншага боку, калі б ён не выкладаў, магчыма, не было б усёй гэтай гісторыі. На жаль, для універсітэтаў харасмэнт — гэта даволі частая з’ява. Бо там шмат маладых студэнт_ак, якія навучаюцца, і адначасова ёсць шмат выкладчы_ц, надзеленых уладай. Глеба для харасмэнту ствараецца самім асяроддзем.
Універсітэты павінны рабіць захады, каб не дапусціць гэтага: навучаць сваіх супрацоўні_ц, а таксама прыняць у арганізацыі нулявую цярпімасць да любых праяў харасмэнту.
Зараз ЕГУ праводзіць унутраную праверку адносна гэтага выпадку — неабходна дачакацца яе вынікаў. Далейшае развіццё падзей шмат у чым залежыць ад таго, які вердыкт агучыць этычная камісія ўніверсітэту.
Наогул, гэты кейс важны для беларускага грамадства, бо мы ўпершыню пачалі публічна абмяркоўваць харасмэнт і кэнсэлінг. Мы павінны зрабіць адпаведныя вынікі.
Тэкст: Юля Міхасёва
Фота: Michael Dziedzic, Heike Trautmann