15 беларускіх падкастаў пра чалавечую адрознасць і роўнасць

ІнклюзіяГендар
Обложка_топ_подкасты
5
(4)

Падкасты — выдатная магчымасць развіць эмпатыю, не адцягваючыся ад паўсядзённых спраў. Проста па дарозе на працу можна даведацца, праз якія выпрабаванні праходзяць людзі ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (ЛПП). Або падчас трэніровак паслухаць пра жыццё асэксуальных людзей. У гэтай падборцы сабраны беларускія аўдыяшоў, госці якіх шчыра дзеляцца сваім незвычайным жыццёвым вопытам; эксперт_кі гавораць пра людзей і супольнасці, якія часта не трапляюць у фокус увагі большасці; а актывіст_кі дапамагаюць знайсці кропкі прыкладання энергіі ўсім тым, хто хоча зрабіць гэты свет хоць крыху больш справядлівым.

Обложка_подкаст

«Іншыя гісторыі» — гісторыі беларус_ак з цікавым жыццёвым досведам, якія цяпер знаходзяцца ў эміграцыі

Гэты падкаст — варыянт «Жывой бібліятэкі», толькі чалавечыя «кнігі» чытаеш не пры жывой сустрэчы, а ў навушніках. Адна гераіня перажыла гвалт і сама з 15 гадоў выхоўвае дачку; другая — жыве з шызаафектыўным разладам і займаецца псіхаасветай, трэцяя — мела досвед жыцця на вуліцы і праходзіць праграму «12 крокаў»; чацвёртая, даведаўшыся пра свой станоўчы ВІЧ-статус, стала актывісткай руху за правы людзей з ВІЧ. Кожны эпізод — гэта сутыкненне з цэлым сусветам і добры ўрок эмпатыі.

Аляксандра Ханевіч пасля сарака год працы на заводзе стала папулярнай блогеркай у эміграцыі
Вясна прыйдзе - обложка подкаста

«Вясна прыйдзе» — асабістыя гісторыі ў праваабарончым кантэксце

Падкаст «Праваабарончага цэнтра “Вясна”». Тут ёсць выпуск, які яскрава даводзіць, што пандус — далёка не першая і не адзіная праблема людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Таксама варта звярнуць увагу на выпускі, прысвечаныя ўразлівым групам, пра якія ўвогуле амаль ніхто не ведае і не кажа. Напрыклад, эпізод пра «обязанных» жанчын, у якіх дзяржава забрала дзяцей і зараз спаганяе сродкі за іх утрыманне. Выпуск пра лячэбна-працоўныя прафілакторыі, які дэманструе ўсю заганнасць існавання падобных устаноў увогуле і ў якім мы чуем галасы тых, хто пабываў у ЛПП, і тых, хто ўсімі сіламі змагаўся, каб туды не трапіць.

Dissidentby Podcasts - обложка

Dissidentby Podcasts — размовы з актывіст_камі Беларусі і іншых краінаў пра палітычны пераслед людзей

Падкаст аднайменнай беларускай праваабарончай ініцыятывы, якая дапамагае палітзняволеным. З падкасту можна ўсебакова даведацца пра пенітэнцыярныя сістэмы на прасторах СНД, розныя палітычныя рухі і погляды. Асобнай увагі заслугоўвае выпуск пра становішча жанчын у Таджыкістане і пераслед прадстаўні_ц памірскага этнасу: пра жорсткі патрыярхат, пакаранне дзяўчынак і дзяўчат за непадпарадкаванне традыцыям, этнацыд, супрацьстаянне памір_ак і дзейнай улады распавядае грамадская актывістка Гуля, якая была вымушаная пакінуць краіну.

Максимально - Обложка подкаста

«Максимально» — відэападкаст, які разбівае стэрэатыпы пра жанчын і паказвае, што любая справа — гэта жаночая справа

Відэападкаст Максіма Паршуты пра беларусак можна паслухаць дзеля таго, каб разабрацца з разнастайнымі стэрэатыпамі пра жанчын. Сярод папулярных адзначым выпускі пра вэбкам, чайлдфры, разлад харчовых паводзін. Калі вы ўсё яшчэ верыце ў «роўнасць палоў» у Беларусі, паглядзіце выпуск пра тое, якія «квэсты» праходзяць беларускі на сумоўях падчас пошуку працы, а таксама няпросты, але вельмі сумленны і смелы выпуск пра гвалт і аб’юз.

«PRO.сообщества» - обложка подкаста

«PRO.сообщества» — пра тое, як развіваць супольнасці і рабіць іх устойлівымі

У кантэксце роўнасці і інклюзіі рэкамендуем паслухаць сёмы эпізод, прысвечаны канфліктным сітуацыям. Тут у гасцях у вядучай Том пабываў эксперт па эмпатыі, медыяцыі і фасілітацыі Арцём Сівак. Атрымалася цікавая размова пра тое, як навучыцца чуць іншае меркаванне і выказваць сваю пазіцыю адкрыта, а не чакаць, пакуль цярпенне кончыцца і здарыцца бура.

«Въехать в город» / «Права на горад» - обложка подкаста

«Въехать в город» / «Права на горад» — што хаваецца за чысцінёй беларускіх гарадоў

Шоу для ўсіх, хто цікавіцца ўрбаністыкай і імкнецца зрабіць уласны ўнёсак у паляпшэнне горада, у якім жыве. Натуральным чынам «Въехать в город» закранае пытанні пераўтварэння гарадоў для таго, каб яны сталі зручнымі, карыснымі і прыемнымі для розных груп жыхар_ак. Як наладжваць гарызантальныя сувязі з суседзямі і як рабіць нешта разам, расказваецца ў выпуску «Дваровыя ініцыятывы». Пра паляпшэнне жыцця гараджан_ак праз стварэнне «трэціх прастор» расказвае эпізод «Грамадзкія прасторы”.

«Утульны горад» - обложка подкаста

«Утульны горад» — як зрабіць беларускія гарады ўтульнымі

Яшчэ адзін урбаністычны падкаст у нашай падборцы. Пачаць знаёмства з гэтым шоу раім з выпускаў пра тое, як шукаюць сабе месца ў гарадской прасторы тыя, пра каго вельмі часта мясцовыя ўлады «забываюць»: дзеці і падлеткі, людзі з псіхічнымі захворваннямі, людзі з інваліднасцю, людзі з досведам бяздомнасці, бадзяжныя жывёлы. Адзначым, што «Утульны горад» не сталіцацантрычны, галоўны персанаж у ім — Горадня.

«Еще теплее» - обложка подкаста

«Еще теплее» — падкаст пра экалагічныя праблемы, якія ўплываюць на жыццё кожнага і кожнай з нас

Экаактывісцкі падкаст Школы «Экаідэі», у якім пра праблемы планеты разважаюць не абстрактна, а паказваюць іх уплыў на паўсядзённае жыццё кожн_ай, хто на ёй жыве. Адзін з выпускаў «Еще теплее» расказвае, як змяненне клімату звязана з сацыяльнай няроўнасцю і чаму актыўнае спажыванне адных краін кладзецца на плечы іншых. Эпізод «Экафемінізм. Чаму жанчыны больш уразлівыя перад кліматычным крызісам» атрымаўся цікавым і паводле напаўнення, і паводле формы. Ён двухмоўны: стваральніцы падкасту падкрэсліваюць прынцыповасць рашэння пакінуць гаворку такой, якой яна прагучала, бо «экафемінізм — гэта ў тым ліку і пра тое, каб жанчыны (а таксама любыя групы, што зазнаюць дыскрымінацыю, карэнныя народы і г.д.) выказваліся гучней, часцей і сваім голасам».

Вандра- обложка

Vandra — падкаст пра беларускі турызм з акцэнтам на людзях і іх разнастайнасці 

Аўтары Vandra паслядоўна праводзяць у свет думку пра тое, што падарожжы — гэта не толькі палацы, сядзібы ды храмы, але і людзі, якія прыклалі руку да іх развіцця (або, наадварот, заняпаду). Асобныя выпускі прысвечаныя вясковым традыцыям і стракатасці лакальных культур. Эксперт_кі распавядаюць пра спадчыну габрэ_ек, полек і палякаў, татар_ак. Ёсць адмысловы выпуск пра старавера_к Заходняга Падзвіння — з Вольгай Барышнікавай, спадчынніцай старавера_к і даследчыцай музычнага фальклору.

Мова 404 - обложка

«Мова 404» — гісторыі дыскрымінацыі беларуса_к, якія размаўляюць па-беларуску

Аўдыяпраект актывісткі Аліны Нагорнай і «Кніжнага возу» пра стан беларускай мовы ў Беларусі. Тут можна паслухаць 127 гісторый дыскрымінацыі беларуса_к, якія размаўляюць па-беларуску. Пад мовай 404 у праекце разумецца беларуская мова, якая на паперы з’яўляецца дзяржаўнай, але пры гэтым у розных інстанцыях, на рынку ці наўпрост на вуліцы за карыстанне ёй можна напароцца на хлёсткі слюр. Цікава, што рэальныя гісторыі начытвалі не прафесійныя актор_кі, а беларус_кі розных прафесій, узростаў і прапісак — дома ці на працы, у класны мікрафон ці проста на тэлефон.

Святога нічога - обложка

«Святога нічога» — падкаст медыя «ДазХіп», якое асвятляе пытанні гендару і сэксуальнасці ў беларускім кантэксце

«Святога нічога» — гэта спроба ўпісаць досвед людзей, якія неяк вылучаюцца, у агульны досвед беларуса_к як жыхар_ак канкрэтнай краіны. Эпізоды падсвечваюць, што не так з тымі ці іншымі інстытутамі, сферамі жыцця, і даюць магчымасць зазірнуць у «паралельныя сусветы»: патрапіць на квір-вечарыну ці лесбійскае вяселле, пераблытаць «жаноцкае» і «мужчынскае», пачуць палескую гаворку, надзець драныя джынсы пад тканую кашулю, вышытую крыжыкам.

«Квир Курилка»-обложка

«Квир Курилка» — пра розныя аспекты жыцця ЛГБТК+, актывізму і квір-мастацтва ў Беларусі

Падкаст вядуць квір-актывіст_кі Тоні Лашдэн і Андрэй Завалей. Паводле атмасферы — гэта сяброўская размова з магутнай актывісцкай «базай». Можна слухаць не ад пачатку, з выпускаў 2021 года, а з такога падсумавання пра тое, што адбылося з супольнасцю за два гады пасля беларускіх пратэстаў 2020 года — аўтар_кі расказваюць пра квір-актывізм Беларусі ў кантэксце пандэміі, рэвалюцыі, рэпрэсій і вайны ва Украіне.

«Лесбы на балоце» - обложка

«Лесбы на балоце» — што такое быць лесбіянкай у Беларусі

Гэтае шоу выходзіла ў 2019–2020 гадах, але яго можна паслухаць і сёння, калі цікава даведацца пра тое, як гэта — быць лесбіянкай у Беларусі (з увагай на тое, што ў сённяшніх абставінах з’яўленне такога шоу ў краіне наўрад ці магчымае). Стваральніцы падкасту Віка Біран і Даша Рамановіч запрашаюць да праслухоўвання ўсіх незалежна ад іх ідэнтычнасцяў. Бо тэмы грошай ці расставанняў цікавыя многім, а тэмы расізму і міграцыі не перастаюць быць важнымі.

Падкаст з гэтай гучнай назвай запісвае каманда Gaypress. «Гей» тут ужываецца ў шырокім сэнсе: гэтае шоу можа быць цікавае не толькі тым, хто ідэнтыфікуе сябе як гей, але ўсім, каму цікава даведацца больш пра жыццё, цяжкасці і радасці людзей, зашыфраваных у любой з літар абрэвіятуры ЛГБТК+ ці ў яе плюсіку. Напрыклад, можна паслухаць гісторыю асэксуала Жэні.

Ты уже? - обложка

«Ты уже?» — падкаст пра сэкс, адносіны і прыняцце сябе

Падкаст, які сямейная тэрапеўтка Ліза Мароз закрыла ў 2022 годзе, каб перазапусціць яго ў новым фармаце, з новымі каштоўнасцямі і на ўкраінскай мове. У цэнтры ўвагі шоу першапачаткова быў незвычайны сэксуальны досвед. А цяпер праслухоўванне “Ты уже?” — гэта добрая практыка для тых, хто хоча пашырыць свае ўяўленні пра свет і ў чарговы раз пераканацца, якія ж людзі розныя (і гэта выдатна!).


Тэкст: Марыя Пархімчык

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x