Обложка_демократия
5
(6)

15 верасня адзначаецца Міжнародны дзень дэмакратыі. Вакол гэтай формы кіравання ўсё яшчэ вельмі шмат міфаў і стэрэатыпаў, бо аўтарытарныя рэжымы, у прыватнасці Беларусь і Расія, часта выкарыстоўваюць дэмакратычную рыторыку і «волю народа» для легітымізацыі сваёй улады.

Каб трохі лепш зразумець прыроду дэмакратыі і аддзяліць зярняты ад жыцікаў, у гэтым артыкуле разбяром 5 папулярных міфаў пра дэмакратыю і паспрабуем трохі лепш зразумець, што да чаго.

Міф 1: дэмакратыя абапіраецца на інтарэсы большасці

Калі б дэмакратыя абапіралася выключна на інтарэсы большасці, то не было б нічога інклюзіўнага. Не было б ЛГБТ-шлюбаў, грамадства б ніяк не ўлічвала людзей, якія перамяшчаюцца па горадзе на вазках, не дазволеныя былі б аперацыі па змене полу, не было б мячэцяў у еўрапейскіх краінах і гэтак далей.

Таму дэмакратыя — гэта не проста «ўлада большасці», яна павінна бараніць інтарэсы ўсіх людзей і забяспечваць раўнапраўе для ўсіх, незалежна ад таго, ці ёсць у чалавека прывілей належаць да большасці ці не.

«Воля народа» не можа служыць апраўданнем ва ўшчамленні правоў іншых, інакш — гэта ілюзія дэмакратыі. 

У якасці прыкладу таго, як павінна працаваць дэмакратыя, успомнім некалькі кейсаў.

Легалізацыя аднаполых шлюбаў у Каліфорніі

У траўні 2008 года штат легалізаваў заключэнне аднаполых шлюбаў, але ўжо ў кастрычніку таго ж года правёў рэферэндум, на якім 52% удзельні_ц галасавання выступілі за тое, што шлюбам павінен лічыцца толькі саюз мужчыны і жанчыны. У 2013 годзе гэту пастанову перагледзелі. Тады Вярхоўны суд ЗША разглядаў пазоў 83-гадовай Эндзі Уіндзар, якая пасля смерці сваёй жонкі ў 2009 годзе не атрымала належных у такіх выпадках ільготаў. Суд не толькі стаў на бок жанчыны, але і зняў забароны з заключэння аднаполых шлюбаў у Каліфорніі, прызнаўшы папярэдняе рашэнне неканстытуцыйным.

Права на прызнанне гендарнай ідэнтычнасці ў Германіі

У 2017 годзе Канстытуцыйны суд Германіі пастанавіў, што ўрад абавязаны прызнаць трэці пол у афіцыйных дакументах. Гэтае рашэнне падтрымала правы інтэрсэкс- і трансгендарных людзей, якія не ідэнтыфікуюць сябе выключна як мужчыны ці жанчыны. Хоць большасць насельніцтва не лічыла гэта важнай праблемай, суд прызнаў важнасць абароны правоў меншасцяў і чалавечай годнасці.

Міф 2: дэмакратыя значыць адсутнасць забарон і абмежаванняў 

Пра «Захад, дзе ўсё дазволена», ходзяць легенды — асабліва на дзяржаўным тэлебачанні і асабліва ў час ЛГБТ-прайдаў. Дэмакратычнае грамадства сапраўды вальнейшае, але ёсць і адказнасць за злоўжыванне свабодамі.

Наогул існуе вельмі мала такіх абсалютных правоў, якія не маюць абмежаванняў. Адно з іх — права не зазнаваць катаванні. Гэта права не можа парушацца ні пры якіх умовах: ні ў выпадку вайны, ні пры пагрозе нацыянальнай бяспецы, ні ў змаганні з тэрарызмам, ні ў залежнасці ад сур’ёзнасці злачынства. 

Але вось што датычыцца свабоды выказвання думкі — гэта права не абсалютнае, і можа быць абмежаванае для абароны правоў іншых. Сюды можна аднесці законы супраць распальвання нянавісці — у прыватнасці, супраць мовы варожасці. Напрыклад, у Швейцарыі ў 2020 годзе была ўведзеная змена ў заканадаўства, паводле якой абразы, пагрозы і дыскрымінацыя ЛГБТК+ цяпер лічацца крымінальным злачынствам. У некаторых краінах караецца як крымінальнае злачынства адмаўленне Халакосту. Таму што гэта не проста адмаўленне гістарычнага факту, а форма антысемітызму і распальвання нянавісці. 

І раз каментары пра ўсёдазволенасць і сапсаванасць дэмакратыі найчасцей усплываюць на фоне ЛГБТ-маршаў, пракаментуем яшчэ і гэтую з’яву.

Мітынгі і свабода мірных сходаў — адно з базавых правоў любога чалавека і любой групы. Гэта права запісанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ў беларускай Канстытуцыі — так, нягледзячы на ўсё, яно там ёсць. Права выражаць сваё меркаванне ў выглядзе мірнага сходу мае абсалютна кожны і кожная з нас. Усё, што не пра гвалт і не пра заклікі да знішчэння нейкай групы, мае права існаваць і праяўляцца ў публічнай прасторы.

Публічная прастора належыць супольнасці ЛГБТК+ роўна гэтак жа, як і ўсім астатнім. Але пры гэтым супольнасць ЛГБТК+ відавочна абмежаваная ў правах — у адрозненне ад гетэрасэксуальных людзей, якія могуць брацца шлюбам, заводзіць і ўсынаўляць дзяцей. У рэалізацыі гэтых правоў супольнасць сутыкаецца з вялікімі перашкодамі ў вялікай колькасці краінаў, і таму часта ёй трэба звяртацца да такой формы, як марш, каб выказаць сваё меркаванне і быць пачутымі іншымі.

Марына Штрахава, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ»

Міф 3: дэмакратычна абраныя кіраўнікі будуць заўсёды праводзіць ліберальную палітыку

На жаль, тое, што пасада прэзідэнт_кі была занятая дэмакратычным шляхам, не гарантуе зусім нічога. Таму для дэмакратычнага грамадства важная сістэма стрыманняў і проціваг, якія не дазваляюць аднаму чалавеку ці групе манапалізаваць уладу ў краіне. 

Улада павінна быць дэцэнтралізаванай, абмежаванай і падсправаздачнай — пад якімі б дэмакратычнымі лозунгамі ні выступа_ла кіраўні_ца. 

Так, напрыклад, судовая ўлада не павінна падначальвацца прэзідэнт_цы ці іншым прадстаўні_цам выканаўчай улады, каб заставацца незалежнай і аб’ектыўнай, кантраляваць правамернасць дзеянняў урада і правяраць законы на адпаведнасць Канстытуцыі.

У Беларусі ўсе суддзі, нават суддзі Вярхоўнага суда, прызначаюцца Лукашэнкам. Так, судовая ўлада цалкам падначаленая выканаўчай. Суддзі не могуць прымаць рашэнні, якія ідуць насуперак інтарэсам урада, што ў тым ліку і прыводзіць да канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго чалавека, палітычна матываваных судовых працэсаў і ў цэлым да прававога дэфолту ў краіне. 

Але суд «здаровага чалавека» павінен быць здольны выступаць у ролі незалежнага арбітра. У якасці яскравага прыкладу ўспомнім папулярную справу «ЗША супраць прэзідэнта краіны Ніксана». Падчас расследавання «Ўотэргейцкага скандалу» ў 1972 годзе высветлілася, што супрацоўнікі адміністрацыі Ніксана ўзломвалі штаб-кватэру Дэмакратычнай партыі і спрабавалі ўтаіць гэтыя дзеянні. Спецпракурор запатрабаваў у Ніксана запісы гутарак, зробленых у Авальным кабінеце, але прэзідэнт адмовіўся, спасылаючыся на свой выканаўчы прывілей: права прэзідэнта на канфідэнцыйнасць у некаторых пытаннях. Вярхоўны суд ЗША аднагалосна пастанавіў, што прэзідэнт не можа ўжываць выканаўчы прывілей для пакрывання злачынных дзеянняў. У выніку Ніксан быў змушаны перадаць запісы, што і прывяло да яго адстаўкі.

Яшчэ можна ўспомніць кейс экс-кіраўніка МУС Італіі Матэа Сальвіні. У свой час ён планаваў правесці перапіс рама́ і сінці ў краіне, каб дэпартаваць тых, хто не меў пэўнага статусу і права на знаходжанне ў Італіі. У выніку прэм’ер-міністр Італіі адхіліў гэтую прапанову як антыканстытуцыйную.

Міф 4: некаторым краінам дэмакратыя не патрэбная

Гэта зручны тэйк для таго, каб захоўваць манаполію на ўладу, але імкненне да волі, справядлівасці і роўнасці існуе ва ўсіх народаў, незалежна ад іх эканамічнага ці палітычнага кантэксту і нягледзячы на сцвярджэнні некаторых кіраўнікоў, што іх «народ не гатовы да дэмакратыі». 

Са скептыцызмам наконт таго, ці гатовы народ да дэмакратыі, сутыкаліся шмат якія краіны з паспяховым цяпер дэмакратычным рэжымам — так казалі ў свой час пра Францыю, Германію, Японію, Паўднёвую Карэю і іншыя краіны.  

Жаданне жыць у дэмакратычным грамадстве — гэта не прыхамаць ці заходні экспарт, а імкненне да лепшай якасці жыцця і свабоды.

Да таго ж дэмакратыя — гэта не аднатыпная сістэма, высечаная ў камені, якая інтэгруецца ў грамадства па прынцыпе франшызы. Яна можа адаптавацца да асаблівасцяў культуры, гісторыі і традыцый розных краін. І так, тое, што дэмакратыя працуе толькі ў развітых краінах з высокім узроўнем эканомікі, а бедным краінам патрэбная «моцная» аўтарытарная рука, — таксама міф. 

Міф 5: дэмакратыя — гэта ўтопія

Часта чаканні да дэмакратыі высокія і нерэалістычныя: маўляў, дэмакратыя гэта нешта пра ідэальнае грамадства, дзе няма канфліктаў, праблем і ўсе жывуць у поўнай гармоніі, доўга і шчасліва. З-за гэтага рухі ў бок дэмакратыі падаюцца расчаравальнымі і стратэгічна бессэнсоўнымі. Але важна разумець, што дэмакратыя не спрабуе стварыць «ідэальнага» чалавека ці грамадства. Дэмакратыя, наадварот, павінна цвёрда «стаяць на зямлі», каб ясна бачыць усё, што адбываецца, і ўлічваць асаблівасці і недахопы людзей — іх асабістыя амбіцыі, сквапнасць, схільнасць да памылак — і прапанаваць рэалістычныя механізмы кантролю ўлады. Для гэтага ў дэмакратычнай сістэме і існуе сістэма стрыманняў і проціваг, пра якую мы казалі ў трэцім міфе.

У дэмакратычных краінах усё яшчэ існуюць карупцыя, сацыяльная няроўнасць, палітычныя маніпуляцыі і несправядлівасць. Забарона на аборты ў Польшчы парушае правы жанчын, забарона на заключэнне аднаполых шлюбаў парушае правы людзей — і такіх прыкладаў мноства. 

Таму важна ўспрымаць дэмакратыю не як мэту, а як сродак — для трывалага паляпшэння жыцця людзей, няхай і павольнага, даўжынёй у пакаленні.

Да таго ж дэмакратыя — гэта сістэма, якая ўвесь час развіваецца і адаптуецца да новых працэсаў у грамадстве. Так, у XX стагоддзі шмат якія ўжо дэмакратычныя краіны пашырылі правы жанчын, даўшы магчымасць галасаваць да выбарах, мець сваю маёмасць і браць удзел у сацыяльным жыцці нароўні з мужчынамі. 

Дэмакратыя эвалюцыянуе праз грамадзянскія рухі і грамадскія дэбаты, праз працу з мінулым, праз разуменне кожным і кожнай сваёй адказнасці, праз салідарнасць і павагу да іншага / іншай. Гэта бесперапынны і бясконцы працэс, без якога пераход да больш развітага і ўсвядомленага стану грамадства немагчымы.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x