Мова адлюстроўвае нашу рэчаіснасць і погляды. А таксама мова — наш інструмент для развіцця і пазітыўных змен. Калі мы імкнёмся стварыць уключальную прастору, мы можам выражаць гэта ў мове. Гендарна-чуллівая мова прасоўвае феміністычныя і квір-каштоўнасці. А таксама дапамагае з павагай ставіцца і да тых, пра каго мы кажам, і да тых, хто нас чуе ці чытае.
Давайце разбяромся, якія менавіта спосабы стварэння гендарна-чуллівай мовы існуюць у беларускай мове!
Пазбяганне сэксісцкай і дыскрымінацыйнай лексікі
Гэта аснова гендарна-чуллівай мовы. Не выкарыстоўвайце лексіку, якая прыніжае людзей. Як зразумець, што гэта лексіка дыскрымінацыйная? Падумайце: ці гэта слова выкарыстоўваецца як абраза ў нейкім кантэксце? Вы ўлоўліваеце непаважлівую канатацыю ў гэтым слове? Калі так — яно дыскрымінацыйнае. Калі вы не ведаеце дакладна — пашукайце інфармацыю. Прыслухоўвайцеся да таго, што гавораць самі прадстаўні_цы суполкі, пра якую вы хочаце сказаць.
Фемінітывы
Фемінітывы — словы жаночага роду, якія апісваюць асобу. Часта выкарыстоўвюцца пры апісанні роду чыннасці (лекарка, філосафка, студэнтка, мастачка). Аднак таксама і для іншых абазначэнняў асобы (беларуска, суперніца, іншаземка, халасцячка).
У беларускай мове фемінітывы не з’яўляюцца новаўтварэннем. Не тое, кабноваўтварэнне было чымсьці дрэнным, — проста для беларускай граматыкі гэтая з’ява звыклая. Фемінітывы гістарычна ўваходзілі ў літаратурны, размоўны, навуковы каноны і былі цалкам нармалізаваныя ў беларускай мове. Толькі ў часы БССР пад уплывам расейскай мовы фемінітывы былі часткова выціснутыя з беларускай.
Але, на жаль, нават улічваючы гістарычную ўласцівасць фемінітываў, беларуская мова ўсё роўна маскуліннацэнтрычная. Маскулінітывы (словы мужчынскага роду, якія апісваюць чалавека), мужчынскія канчаткі ў дзеясловах і прыметніках лічацца нейтральнымі. Напрыклад, выразы «студэнты, прайдзіце ў аўдыторыю» і «студэнткі, прайдзіце ў аўдыторыю» мы ўспрымаем па-рознаму. У другім сказе мы разумеем, што гаворка ідзе пра жанчын. У першым нам падаецца, што пра ўсю групу — жанчын і мужчын разам. А калі б мы хацелі паклікаць толькі студэнтаў, мы б хутчэй сказалі «Студэнты-хлопчыкі, прайдзіце ў аўдыторыю». Гэта і ёсць праява маскуліннацэнтрычнасці.
Чым гэта дрэнна? «Нейтральнасць» маскулінітываў робіць «мужчынскае» ўніверсальным, і тады «жаночае» — гэта нешта дадатковае. Таксама гэтая «нейтральнасць» сцірае бачнасць жанчын з гісторыі і іх ролю ў грамадстве.
Фемінітывы працуюць як фемінісцкія інструменты, якімі мы адзначаем і паважаем ролю жанчын у мове, а значыць — і ў нашай рэчаіснасці.
Фемінітывы ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў. Самыя распаўсюджаныя суфіксы для беларускай мовы: -ка (акторка, экспертка) -ніца (кіраўніца, даследчыца). Таксама часта выкарыстоўваецца суфікс -іня (сацыялагіня, псіхалагіня)
Плюсы ўжывання:
- Можна выкарыстоўваць як у вуснай гаворцы, так і ў пісьмовай.
- Простыя ва ўжыванні.
- Звыклыя для беларускай мовы і лёгка кладуцца на гаворку.
- Падсвечваюць ролю жанчын і фемінна-вызначальных асобаў у тэме выказвання, увогуле павышаюць бачнасць жанчын у грамадстве.
Мінусы ўжывання:
- Не адзначаюць наяўнасць небінарных людзей.
- Могуць быць памылкай і нават паказнікам нечуллівасці. Лепей ужываць фемінітывы ў тым выпадку, калі вы ведаеце, што асобам, пра якіх вы кажыце, камфортна ўжываць жаночы род у дачыненні да сябе.
Гендаргэпы
Гэп (англ. gap) у перакладзе з ангельскай — разрыў, прамежак. Гендаргэпам мы аддзяляем канец слова, які нясе ў сабе паказнік роду. Гэта аддзяленне існуе як сімвал уключэння іншых гендарных формаў. Гендаргэпы дапамагаюць дэманстраваць небінарнасць у мове.
Словы з гендаргэпам могуць ужывацца да любых асобаў, у тым ліку і калі мы дакладна не ведаем гендарны маркер чалавека. Гэта мажліва таму, што ў прабеле, «гэпе», які мы робім, ужо маюцца на ўвазе ўсе гендарныя формы слова.
Для стварэння гендаргэпа можна выкарыстоўваць сімвалы « _ » ці « : » (студэнт_кі, студэнт:ка).
Найчасцей гендаргэп і фемінітыў выкарыстоўваюць разам. Жаночы род у такім выпадку выступае асновай. Так робяць, каб падкрэсліць наяўнасць жанчын і фемінных асобаў у мове.
Гендаргэп выкарыстоўваецца для назоўнікаў, дзеясловаў, прыметнікаў і ўвогуле паўсюль у мове, дзе ёсць адзнака «роду»: «Журналіст_ка думал_а, што ад_на не паспее дапісаць тэкст».
Ёсць і іншыя варыянты ўжывання гендаргэпаў. Аснову слова можна браць у любым родзе. Можна пісаць: «Студэнт_ы пайшлі». Тут аснова — назоўнік мужчынскага роду. Таксама можна пісаць: «Студэнты_кі пайшлі». У такім выпадку выкарыстоўваецца жаночы і мужчынскі род адначасова.
Можна выкарыстоўваць гендаргэп з асновай, якая пасуе да займенніка «яны» (у дачыненні да аднаго чалавека). Пра займеннік «яны» падрабязней напісана ніжэй у частцы «Небінарныя займеннікі». Напрыклад: «Я хадзі_лі ў парк».
Плюсы ўжывання:
- Інклюзіўны і чуллівы варыянт да небінарных і гендарна-неканформных людзей.
- Візуальна ўскладняе тэкст. Так, часам гэта можа быць і плюсам. Калі вам трэба звярнуць увагу да выхаду за бінарнасць у мове, такое ўскладненне чапляе вока і можа служыць як інструмент.
Мінусы ўжывання:
- Візуальна ўскладняе тэкст.
- Ужываецца толькі ў пісьмовай мове. Вядома, не забаронена ўжываць гендаргэпы і вусна, але гэта вельмі цяжка і нязручна. Напрыклад, нам трэба было б прамаўляць месца гендаргэпа так: «Журналіст гендаргэп ка думал гендаргэп а».
Гендарна-нейтральныя словы
Гендарна-нейтральныя словы наўпрост не ўказваюць на гендар асобы, у дачыненні якой выкарыстоўваюцца. Прыклады: «асоба», «чалавек», «публіка». Гэтыя прыклады маюць паказнік роду, але ўжываюцца як гендарна-нейтральныя. Тут ёсць адно ўдакладненне: маскулінітывы таксама лічыліся і лічацца нейтральнымі формамі. Хтосьці можа сказаць: «Эксперт — гэта нейтральная форма. Слова падыходзіць усім». Таму, калі ласка, прыглядайцеся да формаў, якія вы выкарыстоўваеце як універсальныя.
У беларускай мове ёсць і зусім бяспройгрышныя варыянты: зборныя назоўнікі ніякагароду для абазначэння асобаў. Напрыклад: спадарства, студэнцтва, панства, грамадства і г.д.
Плюсы ўжывання:
- Можна выкарыстоўваць як у вуснай гаворцы, так і ў пісьмовай.
- Простыя ва ўжыванні і не патрабуюць дадатковых ведаў.
- Не выключаюць небінарныя формы.
- Нейтральныя і агульнаўжывальныя. Зручныя ў выпадку, калі па тых ці іншых прычынах трэба прытрымлівацца кансерватыўных «нарматываў», але вы хочаце зрабіць сваю мову больш інклюзіўнай.
Мінусы ўжывання:
- Нейтральныя і агульнаўжывальныя. Гэта мінусы ў тым сэнсе, што яны не працуюць як маркер вашых каштоўнасцей.
- Не дадаюць бачнасці асобаў маргіналізаваных гендараў у мове, як гэта робяць фемінітывы і гендаргэпы.
Гендарная зорачка
Сімвал « * » выкарыстоўваецца, каб указаць на гендарнае пашырэнне слова і падкрэсліць сацыяльную сканструяванасць полу. Зорачка ў слове абазначае, што яно датычыцца не толькі цысгендарных асобаў. Напрыклад, сказ «Наша ўстанова надае дапамогу жанчынам*» можа мець такі сэнс: «Наша ўстанова надае дапамогу людзям з досведам жаночай гендарнай сацыялізацыі: транс-жанчынам, цыс-жанчынам, небінарным асобам, транс-мужчынам». «Пасляродавая дэпрэсія ў маці*» можа чытацца як «пасляродавая дэпрэсія ў асобаў розных гендараў, якія нарадзілі дзіця».
Плюсы ўжывання:
- Скарачае выказванне. Асабліва гэта можа быць карысным, напрыклад, у загалоўках.
- Можа ўказваць на асяроддзе, адчыненае для нецысгендарных людзей.
Мінусы ўжывання:
- Можа стыгматызаваць досвед трансгендарных і небінарных людзей.
Апошнім часам ад выкарыстання зорачкі адыходзяць па гэтай прычыне. У чым праблема? Павернемся да прыкладу: «Наша ўстанова надае дапамогу жанчынам*». Калі мы маем на ўвазе, што ўстанова надае дапамогу ў тым ліку транс-мужчынам і небінарным асобам, мы падводзім гэтых асобаў пад агульны тэрмін «жанчыны» (нават калі там стаіць зорачка). Гэта можа вызначаць, што мы непаважліва ставімся да гендарнай ідэнтычнасці асобаў і прадоўжваем бачыць транс-мужчынаў і небінарных людзей з досведам жаночай сацыялізацыі як «жанчын» — проста з некаторым пашырэннем.
Таксама казаць «жанчынам*» можа быць некарэктна, калі мы маем на ўвазе, што надаем дапамогу ў тым ліку транс-жанчынам. У гэтым выпадку мы быццам бы ўказваем на тое, што ёсць «сапраўдныя» жанчыны, а ёсць «транс-жанчыны». Падобнае падзяленне выкарыстоўваецца ў трансфобнай рыторыцы. Калі вам важна дадаткова адзначыць інклюзіўнасць сваёй прасторы, карэктней была б такая фармуліроўка: «Мы надаем дапамогу трансгендарным і цысгендарным жанчынам».
Небінарныя займеннікі: практыкаванне з зорачкай
У беларускай мове ў дачыненні да адной асобы мы звыклі выкарыстоўваць займеннікі «яна» ці «ён» і адпаведныя ім формы дзеясловаў і прыметнікаў. Напрыклад: «Яна знакамітая мастачка. Яна ўдзельнічала ў рэзідэнцыі», «Ён знакаміты мастак. Ён удзельнічаў у рэзідэнцыі».
Але такое бінарнае падзяленне на жаночы і мужчынскі род у мове не пакідае прасторы для бачнасці іншых, небінарных гендарных ідэнтычнасцей. Карыстанне іншымі займеннікамі з’явілася як адказ на патрэбу адлюстроўваць гендарныя ідэнтычнасці за межамі бінарнай сістэмы.
Найчасцей у беларускай мове як альтэрнатыва падзяленню на мужчынскае (ён) і жаночае (яна) ужываюцца займеннікі «яны» і «яно».
Займеннік «яны» ў дачыненні да адной асобы
Гэта форма ўжывання прыйшла да нас з ангельскай мовы і з’яўляецца перакладам займенніка they/them. Паказальнік выхаду за бінарнасць «ён/яна». Прыклад: «Ганна вядомыя мастачкі. Яны ўдзельнічалі ў рэзідэнцыі».
Займеннік «яны» можа ўжывацца разам з фемінітывам і/альбо гендаргэпам. «Ганна мастачк_а. Яны ўдзельнічал_і ў рэзідэнцыі».
Таксама можа выкарыстоўвацца як нейтральная форма да асобы, гендар якой вы не ведаеце.
Займеннік «яно»
Мае тую ж функцыю, што і «яны». Выглядае гэта так: «Я стомленае і лягло адпачываць». Прыклад ужывання да іншай асобы: «Цішэй! Яно стомленае і лягло адпачываць».
Плюсы ўжывання займеннікаў «яны» і «яно»:
- Можна выкарыстоўваць як у вуснай гаворцы, так і ў пісьмовай.
- Высокі ўзровень чуллівасці да людзей за межамі гендарнай бінарнасці. Дадаюць бачнасці небінарным асобам.
- З’яўляюцца заўважным маркерам вашых поглядаў і каштоўнасцей.
Мінусы ўжывання займеннікаў «яны» і «яно»:
- Можа быць складана і нязвыкла. У адрозненні ад ангельскай, у беларускай мове не толькі назоўнік ці займеннік, але і ўсе словы ў падпарадкаванне ім будуць змяняць свае формы. Таму карыстанне «яны» некалькі ўскладняецца.
- На дадзены момант не шырока распаўсюджана і можа быць незразумелым для непадрыхтаванай публікі.
Дадатковыя мінусы ўжывання займенніка «яно»:
- Патрабуе асцярожнага ўжывання. Лепей не выкарыстоўвайце гэты займеннік, калі вас не папрасіла аб тым сама асоба, у дачыненні якой «яно» выкарыстоўваецца. Справа ў тым, што слова «яно» мае гісторыю абразы да гендарна-неканформных і ЛГБТК+ людзей. Яго можна рэклэйміць, але гэта павінна вырашыць канкрэтная асоба сама для сябе.
- У беларускай мове займеннік «яно» выкарыстоўваецца да дзяцей, што таксама можа несці зневажальны тон у камунікацыі з дарослымі. Напрыклад: «Дзіцё малое. Якое ж яно соннае».
На пачатку асваення гендарна-чуллівай мовы можа паказацца, што гэта нешта вельмі складанае. Але насамрэч да выкарыстання фемінітываў, гендаргэпаў і іншага хутка звыкаеш. Ужыванне правілаў ці формаў слоў, якія ў пачатку падаваліся дзіўнымі, становіцца натуральным і простым. Як і з любой іншай мовай — гэта справа практыкі! Таму практыкуйце, вучыцеся і рабіце сваю мову антыдыскрымінацыйнай.
Тэкст: Вікторыя Грабеннікава