5 важных і невідавочных правоў дзіцяці — па словах саміх дзяцей

ІнклюзіяПравы чалавека
5
(9)

1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. У гэты дзень СМІ звычайна нагадваюць нам, што дзеці маюць права на бяспечнае дзяцінства, адукацыю і медыцынскую дапамогу. У гэтым артыкуле мы пагаварылі з дзецьмі і іх мамай аб не такіх відавочных правах, якія тым не менш таксама важныя і якія, мы дарослыя, часам забываем.

Будзе выдатна, калі пасля таго, як вы прачытаеце гэты артыкул, вы пагаворыце са сваімі дзецьмі і даведаецеся, а якія правы важныя менавіта для іх? Мы ж пагаварылі з Лізай (8 гадоў) і Сцяпанам (13 гадоў). Правы, якія яны агучылі, каментуе іх маці — Наташа.

«Права сумаваць і мець дрэнны настрой без прычыны»

Наташа, мама Лізы і Сцяпана:

Для мяне важна, каб мае дзеці ведалі: кепскіх эмоцый няма. І лепшае, што я магу зрабіць — гэта даць зразумець, што паважаю іх злосць, страх, крыўду ці сум і не патрабую гэта спыніць.

Жыццё не заўсёды лёгкае, і я хачу, каб мае дзеці разумелі: адчуваць сябе сумнымі або расчараванымі — нармальна. Нават калі сітуацыя, якая выклікае такія эмоцыі, дробязная ў маім дарослым свеце. Але я для сябе ўзяла за правіла: не абясцэньваць эмоцыі дзіцяці, бо што б гэта ні было — раз у яго ці ў яе свеце гэта важна, то для мяне гэтага дастаткова, каб быць да яго ці яе чулай.

У такія моманты і будуецца давер паміж намі.

Дзеці адчуваюць, што могуць даверыць мне свае перажыванні і ведаюць, што я побач, без лінейкі, якая вымярае разумнасць іх суму.

А яшчэ часта дзеці не заўсёды могуць растлумачыць прычыны свайго настрою — ды што казаць пра дзяцей, часта гэта ўласціва і нам, дарослым. Проста мы ўжо навучыліся часам спасылацца на рэтраградны Меркурый, фазу месяца, «дзень такі» і гэтак далей. Важна і дзецям даць такое права — проста адчуваць, без неабходнасці аналізаваць і тлумачыць.

Пачуцці дзяцей

«Права атрымліваць двойкі і разліваць суп»

Наташа, мама Лізы і Сцяпана:

Я таксама памыляюся, не паспяваю і лянуюся. І як я з разуменнем стаўлюся да сябе, калі разліваю каву, няправільна запаўняю дакументы або спазняюся на сустрэчу — з такім жа разуменнем імкнуся ставіцца і да дзяцей. Гэта не пра ўсёдазволенасць. Калі маё дзіця праліў суп — «што ж, бывае, нічога страшнага, але прыбяры за сабой, калі ласка». Адзнакі не характарызуюць маё дзіця як асобу, але мы можам разам падумаць, як зрабіць гэты прадмет для яго ці яе цікавейшым.

Імунітэт да складанасцяў і непрыемнасцяў фарміруецца з дзяцінства. І файна, калі ў момант чарговай складанасці майго дзіця будзе ахопліваць не паніка, што на яго ці яе зараз накрычаць, а думкі — «што я магу з гэтым зрабіць і як выправіць». А гэта важна, таму што жыццё не складаецца з адных поспехаў, і няўдачы — гэта магчымасць вучыцца і расці.

Мем
Калі б мы ставіліся да сябе гэтак жа, як да тых, хто ад нас залежыць

«Права танчыць дзеля задавальнення, а не ўзнагародаў»

Наташа, мама Лізы і Сцяпана:

Мая Ліза любіць танцаваць і займаецца чэрлідынгам. Яна танчыць увесь час — дома, на пляцоўках з сяброўкамі, магчыма, і ў школе на перапынках. Гэта прыносіць ёй радасць і для яе гэта спосаб самавыяўлення. Але перад яе выступамі я заўсёды нагадваю ёй, што галоўнае — атрымаць досвед і задавальненне, і што ганаруся ёю, незалежна ад таго, ці будзе ў яе ўзнагарода.

І яшчэ па сабе ведаю, калі ты не скаваная абавязкам перамагаць і адпавядаць чыімсьці чаканням — гэта вельмі вызваляе і расслабляе. У такім стане дасягаць чагосьці значна камфортней.

Нядаўна глядзела фільм «Сталёвая хватка». Раю яго паглядзець усім бацькам — там можна ўбачыць, што адбываецца, калі бацька рэалізоўваецца праз сваіх дзяцей і да чаго гэта прыводзіць.

«Права не есці брокалі»

Наташа, мама Лізы і Сцяпана:

Я цярпець не магу брусельскую капусту. Ох, і не пашанцавала б камусьці, хто спрабаваў бы мяне ёй накарміць!

Ежа павінна прыносіць радасць, а не стрэс. І гэта права не толькі дарослых, але і дзяцей.

Многія з нас жывуць у свеце гіпермаркетаў з вялізным выбарам — там дакладна можна знайсці нешта прыдатнае. Мае дзеці таксама любяць далёка не ўсю гародніну, але мы знайшлі тую, якая ім па гусце. І дарэчы, пошук любімай гародніны і спалучэнняў можна зрабіць займальным квэстам і паставіцца да гэтага як да сумеснай сямейнай прыгоды. Напрыклад, можна больш расказаць пра гародніну (звычайна дзецям не падабаецца ўсё незнаёмае і незразумелае), прайсці жартоўны тэст «Якая ты гародніна», скласці маляўнічую табліцу гародніны з рознымі рангамі, а потым разам пайсці на яе пошукі. 

А яшчэ, як паказвае мая практыка, з часам густы дзяцей мяняюцца і пашыраюцца, і потым задача есці карысную ежу не будзе здавацца такой невыканальнай.

«Права выбіраць, у якім адзенні я сёння пайду ў школу»

Наташа, мама Лізы і Сцяпана:

Мае дзеці — гэта не пашырэнне мяне, а ўнікальныя асобы са сваімі жаданнямі і густамі. У ежы, захапленнях — і, вядома, адзенні. Насіць адзенне, якое дазваляе адчуваць сябе сабой, адчуваць сябе ўтульна і прыгожым_ай — жаданне не толькі дарослых, але і дзяцей.

Каб не было праблем з выбарам адзення перад школай, мы рыхтуемся загадзя. Робім так. Папярэдне абмяркоўваем з дзецьмі бюджэт, адштурхоўваючыся ад нашых фінансавых магчымасцяў. Потым ідзем у краму і купляем зручнае паўсядзённае адзенне, якое падабаецца дзецям. Вядома, я каментую якасць і зручнасць рэчаў, але выбар усё роўна застаецца за дзецьмі. І калі прыходзіць час збірацца ў школу, то менавіта яны вырашаюць, што надзець з таго, што некалі выбралі самі. Што сказаць — зараз ранішнія зборы праходзяць нашмат спакайней і хутчэй.

А яшчэ па маіх назіраннях, калі дзеці маюць права на самавыяўленне, то больш паважліва ставяцца і да права іншых на іншасць і нават незразумеласць. І яшчэ, калі падумаць, мы так шмат вырашаем за сваіх дзяцей! Гэта вядома разумна і правільна, але адзенне — гэта як раз выдатная сфера для таго, каб дзеці мелі магчымасць выбару, прыслухоўваліся да сябе і думалі «а што мне падабаецца і што мне не падабаецца?» і адчувалі, што могуць уплываць на нешта.

І самае галоўнае

Я не ідэальная маці. Спрэчкі паміж мной і дзецьмі адбываюцца і будуць адбывацца. Гэта непазбежна. У мяне не заўсёды хапае цярпення і сіл, у дзяцей — эмпатыі і разумення.

Але галоўнае для мяне — гэта захоўваць здольнасць бачыць у маіх дзецях самастойных асобаў, якія маюць права на выбар, на дрэнны настрой, якія не абавязаны быць зручнымі і рабіць тое, што падабаецца мне. Калі гэта будзе, то ў цэлым будзе разуменне і павага адзін да аднаго, і значыць — мы пераадолеем любы канфлікт.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 9

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x