Чытанне кніг з дзіцём і супольнае разгляданне малюнкаў — гэта не толькі спосаб зблізіцца, але і магчымасць абмеркаваць важнае без павучання.
У гэтым артыкуле мы зрабілі падборку сучасных дзіцячых кніг, якія распавядаюць пра свет людзей, жывёл і істот, па-рознаму кажуць пра важнасць быць спагадлівымі да іншага і паказваюць, як шмат можна выказаць словамі і без іх.
Мы таксама прапануем падумаць, як яшчэ можна прабавіць час з гэтымі кнігамі: у што пагуляць, пра што паразмаўляць? Магчыма, так вы адкрыеце новы спосаб даследавання свету і ў вас з’явяцца новыя пытанні, на якія разам з дзіцём захочацца знайсці адказ.
«Разгублены хамелеон» — пра тое, як важна быць сабою
0+
Тэкст і ілюстрацыі Эрыка Карла
Эрык Карл — амерыканскі пісьменнік і ілюстратар нямецкага паходжання. Частка яго дзяцінства прайшла ў нацысцкай Германіі, дзе ён пазнаёміўся з авангардным мастацтвам, якое прапаганда таго часу называла «дэгенератыўным». Паводле слоў Эрыка, гэта знаёмства наймоцным чынам паўплывала на яго творчасць.
Кніга «Разгублены хамелеон» (The Mixed-Up Chameleon), як і шмат якія яго працы, зробленая ў тэхніцы калажу. Паводле сюжэту, жыццё хамелеона было нудным, пакуль аднойчы ён не трапіў у заапарк. Там, убачыўшы мноства звяроў, хамелеон размроіўся пра чарапашы панцыр, сілу слана і пачуццё гумару цюленя — і пачаў гэта ўсё пераймаць.
У выніку, як апавядае кніга, ён стаў «невядома кім» і не мог нават злавіць муху.
Выявілася, што толькі застаючыся самім сабой магчыма зрабіць тое, што хочацца. Зразумеўшы гэта, хамелеон вярнуўся ў сваё аблічча, а Эрык Карл пазычыў кожнаму дзіцяці знайсці ўласную муху і шанаваць сваю ўнікальнасць.
Працы Эрыка Карла могуць выклікаць пытанні ў некаторых дарослых: «Як патлумачыць гэтыя дзіўныя малюнкі дзіцяці?» Але дзеці знаходзяць адказы самастойна: з каляровых абрэзкаў ствараюць уласных персанажаў і ведаюць, што колеры і формы жывёл не могуць быць «слушнымі» і «няслушнымі».
«Маё дзівоснае цела» — першая кніга пра тое, як мы ўладкаваныя
3+
Тэкст Рут Марцін, ілюстрацыі Алана Сэндэрса
Цяпер з’яўляецца ўсё больш дзіцячых кніг, якія адкрыта распавядаюць пра чалавечае цела на кожным этапе сталення дзіцяці.
У гэтай міні-энцыклапедыі ёсць базавая інфармацыя пра будову чалавечага цела, уладкаванне мозгу, органаў пачуццяў і імуннай сістэмы. Напрыклад, тут ёсць займальная старонка пра падарожжа яблыка па СКТ, якое, на дзіцячую радасць, сканчаецца плёскам ва ўнітаз.
Кніга пачынаецца з думкі, што на зямлі каля 7 мільярдаў людзей, але няма двух аднолькавых. У кніжных персанажаў няма аднолькавага колеру скуры ці прапорцый — усе яны розныя, з рознымі заняткамі, інтарэсамі і магчымасцямі. Кніга прапануе даследаваць, што агульнага ёсць у гэтых розных людзей.
Важна разумець, што гэта кніжка-цацка для самых маленькіх. Яна дае толькі першую інфармацыю пра арганізм, не распавядаючы, напрыклад, пра інтымныя межы ці назвы полавых органаў. Але ідэя, што ў маленькім чалавеку б’ецца такое ж сэрца, як і ў кожным іншым, — каштоўная. Як і тое, што пра сваё цела патрэбна клапаціцца ўсім і гэта магчыма асэнсавана рабіць і ў самым маладым веку.
«Ціхая кніга» — пра тое, што хаваецца ў цішыні
3+
Тэкст Дэбары Андэрвуд, ілюстрацыі Рэнаты Ліўскай
Гэта кніга — тонкае і лаканічнае даследаванне-гульня, якая дазваляе выявіць, што цішыня — гэта не заўсёды нуда, і калі да яе прыгледзецца, то ў яе прасторы можна знайсці мноства цікавага.
Эпізоды кнігі выбудоўваюцца ў сюжэт, у якім можна ўлавіць, якое прыгожае жыццё ў сваёй штодзённасці. Пачынаецца і сканчаецца дзень з зайчыкам, які прачнуўся раней за ўсіх і можа адзіны чуць ранішнюю цішыню. Цягам дня, у школе мы назіраем за драмай ласяняці, якое парушыла строгія правілы і зараз сумна ўяўляе, як ціха можна плысці пад вадой, з сябрамі і рыбамі, і не чуць незадаволеных воклічаў. Вожыку зрабілі дзіўную фрызуру ў цырульні, але ў яго дзень народзінаў і загадаць жаданне патрэбна засяроджана, толькі ў цішыні.
«Ціхая кніга» ў лаканічнай форме паказвае штодзённасць іншых: у аднаго героя сёння амерыканскія горкі, у іншага — крыўда, а нехта змог зберагчы сакрэт. З кімсьці героі сустракаюцца ў прышчэпкавым кабінеце, з кімсьці — ходзяць у адзін клас школы. Праз гэтыя розныя жыцці, якія далікатна перасякаюцца адно з адным, «Ціхая кніга» прапануе быць уважлівым да дробязяў і вучыць эмпатыі.
Серыя кніг «Гарадок» — пра жыцці іншых
0+
Ілюстрацыі Ротраўт Сузаны Бернэр
Кнігі серыі «Гарадок», створаныя ў жанры вімельбух, вядомыя ва ўсім свеце.
* Вімельбух — гэта дзіцячая кніга-комікс вялікага фармату з дэталёвымі насычанымі ілюстрацыямі. Назва паходзіць ад нямецкага слова «wimmeln», што значыць круціцца, мітусіцца, і досыць дакладна адлюстроўвае дынаміку і кіраванне ўвагай чытач_кі. Нешта падобнае адчувае і дарослы, разглядаючы працы «прабацькоў» вімельбуха Ераніма Босха ці Пітэра Брэйгеля.
У серыі кніг Сузаны Бернэр расказваюцца гісторыі мноства жыхароў і жыхарак маленькага горада. Кожная кніга адпавядае пары года. Гераіні і героі: дзеці, дарослыя, цэлыя сем’і, жывёлы — падарожнічаюць са старонкі на старонку, а мы можам назіраць, як іх жыцці змяняюцца. У некага гэтыя змены вельмі заўважныя, напрыклад у немаўляці — вось яно толькі нарадзілася, а пад канец года (кнігі) ужо весела махае ручкай суседзям; ці ў пары — яны пазнаёміліся, калі адзін паслізнуўся на бананавай лупіне, а ў канцы збіраюцца ў рамантычнае падарожжа і плануюць стаць бацькамі.
Кнігі з серыі «Гарадок» называюць энцыклапедыяй штодзённага жыцця. Героі і гераіні гісторый бавяць час сам-насам з сабой, бяруць удзел у гарадскіх падзеях, узаемадзейнічаюць адно з адным. Жыццё іншых, асабістыя гісторыі і агульнасць акуратна пераплятаюцца ў гэтых гісторыях і паказваюць, колькі задавальнення крыецца ў дробязях. Гірлянда, зробленая з апалага лісця, выбар падарункаў на святы, хатні папугай, якога шукалі ўсю кнігу і знайшлі ў парку на самай апошняй старонцы — усе гэтыя падзеі вучаць бачыць радасць.
«Мышаня-паштар» — пра рознасць дамоў і спосабаў жыцця
0+
Тэкст і ілюстрацыі Мар’яны Дзюбюк
«Мышаня-паштар» — яшчэ адзін вімельбух, які адчыняе дзверы ў хаты пітона, скунса, еці і іншых выдуманых і рэальных істот. Дзіця можа разгледзець асаблівасці вельмі рознага побыту і паспрабаваць здагадацца, якія пасылкі і лісты сёння даставіў паштар.
У кнізе шмат пацешных дэталяў. Хата кажаноў перакуленая, няўрымслівыя кураняты разбегліся на суседнія старонкі, а ў пітона ніяк не ператравіцца праглынуты аўтамабіль. Пакуль воўк наразае гародніну для супу, знаходлівыя парасяты ў масках прабіраюцца ў хату і ратуюць яго ахвяр — авечак.
Рознасць дамоў і спосабаў жыцця, а таксама ўладкаванне розных сем’яў — тое, што выходзіць на пярэдні план кнігі.
Голуб-самотнік плануе сваё наступнае падарожжа, вывучаючы карты, а шумнае жыццё ў куратніку круціцца вакол куранят, іх навучання і бяспекі. У мух найутульнейшая хата, хоць чалавек у ёй ні за што не захацеў бы жыць, а дзеці горных казлоў гуляюць у мяч толькі на даху. І ўсё гэта безумоўна падыходзіць героям — жыхарам дамоў.
«Балівар» — пра ўважлівасць да іншага
5+
Тэкст і ілюстрацыі Шона Рубіна
«Балівар» — кніга-комікс, зробленая з любоўю да штодзённасці і жыцця вялікага горада. Панарамныя малюнкі са мноствам дэталяў хочацца разглядаць, а жыхароў гарадскога мурашніка — распытваць і пазнаваць.
Дыназаўр Балівар пасяліўся ў месцы, дзе ўсе жудасна занятыя. Гэта дазваляе яму жыць размерана і шчасліва, бо яго ніхто не заўважае. Свой час ён праводзіць, як звычайны гараджанін: ходзіць у кафэ, корпаецца ў старых кнігах і кружэлках у суседняй крамцы і з задавальненнем слухае джаз.
Фраза «жудасна занятыя» паўтараецца мноства разоў у гэтай гісторыі, дзе спяшаюцца ўсе: на рынку, у музеі і метро. Для дзяцей гэта гучыць асабліва абсурдна: як можна быць настолькі занятым, каб не заўважыць тыраназаўра, які сядзіць за суседнім столікам у кафэ ці купляе газету ў шапіку?
З аднаго боку, у коміксе падымаецца тэма ўвагі да бліжніх і ўвагі да свету ў цэлым. З іншага — тэма адрозненняў у поглядах «занятых» дарослых і дзяцей, якія поўныя цікаўнасці да ўсяго навокал.
Адзіная, хто ўбачыла дыназаўра Балівара, была дзяўчынка Сібіла, яго суседка. Назіраючы за ім, яна зразумела, што ён добры і прыемны сусед. Так гісторыя пра Балівара гаворыць і пра сяброўства, і пра цікавасць да іншага. Кніга сканчаецца сачыненнем Сібілы пра Балівара, дзе дзяўчынка распавядае аднакласні_цам, як дыназаўр любіць паркі, музыку, ежу, але «больш за ўсё Балівар любіць жыхароў Нью-Ёрка». Хоць яны і занадта занятыя.
«Мая Любоў» — пра тое, як ужываюцца разам любоў і нязгоды
0+
Тэкст Астрыд Дэборд, ілюстрацыі Палін Мартэн
«Мая любоў» — аповед пра безумоўную любоў бацькоў да дзіцяці. Кніга стала сусветным бэстсэлерам і неўзабаве з яе вырасла серыя кніг, дзе закранаюцца тэмы дому, стасункаў з сіблінгам*, панятак каштоўнасці, матэрыяльнай і духоўнай.
* Сіблінг — гэта родны брат ці сястра
Аўтарка тэксту Астрыд Дэборд — кандыдатка філасофскіх навук, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў серыі.
«Мая любоў» складаецца з вядомых сітуацый з дзяцінства многіх: дзіця пераела цукерак і спрачаецца з мамай, далікатныя абдымкі, абмен падарункамі, боязь павука і сып ад вятранкі, які так хочацца пачасаць. У кожным эпізодзе мама расказвае сыну пра сваю любоў, якая нязменная. Нязгоды і цяжкасці ніяк не могуць паўплываць на гэта бацькоўскае пачуццё.
Апроч таго тонкай ніткай у кнізе ідзе думка пра самасць як дзіцяці, так яго бацькоў. Любоў застаецца з намі, калі яна бачная і відавочная, як у выпадку падарункаў і супольнага вольнага часу, але яна застаецца з чалавекам і тады, калі іншы заняты сваімі справамі. Так, сын Лёва з кнігі катаецца з сябрам на самакаце ці бавіць час у хатцы на дрэве ў адзіноце. А мама ў сваю чаргу выйшла на шпацыр з татам Лёвы, не думаючы тым часам пра сына.
Важная думка кнігі таксама ў тым, што дзеці могуць адрознівацца ад бацькоў і гэта не стане перашкодай для любові. Мама вучыць дзіцё, але яно працягвае свой шлях само. Нават у малюнку, які з палатна пераходзіць на сцяну, і ў кветках, якія ператвараюцца ў мустангаў і іншапланетнікаў.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.