Не стамляемся паўтараць, што інклюзія павінна і можа быць паўсюль. Яна і ў скошаных тратуарах, і ў кантрасных надпісах, і ў фільмах, дзе мы можам пазнаць іншага: яго культуру, гісторыю, досвед.
У гэтай падборцы — 7 фільмаў. Яны не абавязкова цёплыя і цудоўныя, але кожны з іх абавязкова паказвае, як важныя дабрыня і прыняцце, і нагадвае нам: мы не заўсёды можам паўплываць на цяжкія знешнія абставіны, але заўсёды можам зрабіць так, каб людзям і жывёлам было хоць трошку прасцей іх перажыць. Такая вось добрая магія па-за Хогвартсам.
«Цуд» (2017) — гісторыя пра сілу дабрыні, смеласці быць сабою і важнасці бачыць у людзях не толькі іх знешнасць
Добры фільм, каб пачаць нашую падборку. Экранізацыя «таго самага бэстсэлера», пра які любяць пісаць у New York Times: «кранальны, добры і чулы фільм». І на гэты раз варта паверыць амерыканскім рэцэнзентам.
Хлопчык Аўгуст Пулман, або проста Огі, у свае 11 гадоў любіць марозіва, «Зорныя войны», Minecraft, катацца на ровары, гуляць у Xbox, сваіх тату і маму, прыбірацца на Хэлоўін і злаваць старэйшую сястру. Карацей, жыве сваё звычайнае жыццё. Толькі ёсць адно але — сківічна-тваравы дызастоз, або сіндром Трычара Колінза*. Аўгуст перанёс 27 аперацый. І вось аднойчы ён павінен пайсці ў школу. Упершыню.
* Сіндром Трычара Колінза — рэдкае генетычнае захворванне, якое ўплывае на развіццё костак твару. Захворванне ніяк не закранае кагнітыўныя здольнасці, а медыцынская дапамога накіраваная на рэабілітацыю і хірургічную карэкцыю, каб чалавек мог чуць, бачыць і дыхаць без старонняй дапамогі.
Вы ўжо, напэўна, здагадаліся, што Огі прыйдзецца сутыкнуцца з цяжкасцямі адаптацыі, неразуменнем і булінгам. Аднак хлопчык і яго бацькі, якіх граюць Джулія Робертс і Оўэн Уілсан, вельмі імкнуцца ставіцца да ўсяго мудра і па-філасофску, бо ў рэшце рэшт большасці людзей проста патрэбны час і прыклад іншых. У выніку фільм атрымаўся не столькі пра тое, як цяжка, а пра тое, як важна чуць адно аднаго, прабачаць памылкі, падтрымліваць і быць побач. І часта выбіраючы паміж правільнасцю і дабрынёй, абіраць дабрыню.
Цікавы факт: рэжысёр фільма Стывен Чбоскі актыўна працаваў з арганізацыямі, якія падтрымліваюць людзей з чэрапна-тваравымі асаблівасцямі, каб дакладна і паважліва адлюстраваць жыццё Огі.
Хоць у актора, які сыграў Огі, не было гэтага сіндрому, для падрыхтоўкі ён і каманда фільма кансультаваліся з дзецьмі і дарослымі, якія жывуць з гэтым захворваннем, каб паказаць іх досвед максімальна праўдзіва. Акрамя таго, макіяж Огі быў створаны ў супрацоўніцтве з медыцынскімі спецыялістамі, каб дакладна адлюстраваць знешні выгляд людзей з сіндромам Трычара Колінза, пры гэтым захаваць чулы і пазітыўны погляд на яго індывідуальнасць.
«Гадзіны» (2002) — пра чалавечую далікатнасць, пошук сэнсу жыцця і ўплыў творчасці на жыццё людзей
Фільм-хітраспляценне. Фільм з трох навэлаў. Фільм трох гераінь, сярод якіх толькі адна рэальная — пісьменніца Вірджынія Вулф, працы якой зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё фемінісцкай думкі.
Фільм расказвае тры паралельныя гісторыі, дзеянне якіх разгортваецца ў розныя эпохі.
1923 год і Вірджынія Вулф — мы бачым, як пісьменніца пражывае адзін дзень свайго жыцця: працуе над раманам «Місіс Дэлаўэй» (першым варыянтам назвы якога, дарэчы, быў «Гадзіны»), змагаецца з дэпрэсіяй і думкамі пра суіцыд і спрабуе знайсці баланс паміж творчасцю і сваім няпростым жыццём.
1951 год і Лора Браўн — амаль праз 30 гадоў мы бачым іншую гераіню: хатнюю гаспадыню Лору, якая пачуваецца зняволенай у ролі, навязанай грамадствам*. Лора захрасае паміж руцінай жыцця і жменяй таблетак, якая магла б раз і назаўсёды пазбавіць яе ад гэтага. Лора хоча забыцца пра ўсё і шукае адказы ў сваёй улюбёнай кнізе «Місіс Дэлаўэй».
* Нагадаем, што ў 50-я і 60-я гады ў ЗША актыўна прапагандаваўся культ «ідэальнай хатняй гаспадыні». Пасля Другой сусветнай вайны мужчыны вярнуліся з фронту і занялі працоўныя месцы, а жанчыны, якія былі занятыя ў прамысловасці падчас вайны, былі змушаныя вярнуцца да ролі хатняй гаспадыні.
Вобраз «ідэальнай жонкі і маці» актыўна прапагандаваўся на тэлебачанні, каб пераканаць жанчын, што ў гэтым іх сапраўднае прызначэнне і шчасце. Але многія жанчыны не пачуваліся шчаслівымі, а наадварот адчувалі адзіноту, нездаволенасць і страту сэнсу жыцця. Праз гэта вырас попыт на антыдэпрэсанты.
Фармацэўтычныя кампаніі актыўна прасоўвалі лекі, абяцалі «шчасце ў таблетцы», а лекары выпісвалі гэтыя прэпараты як сродак «нармалізацыі» жанчын, якім было няўтульна ў тагачаснай парадыгме традыцыйных роляў. Такім парадкам многія жанчыны пачалі піць антыдэпрэсанты, каб даваць рады пачуццю віны і трывогі, ад якога пакутавалі праз неадпаведнасць ідэалу.
2001 год і Кларыса Вон — рэдактарка выдавецтва, якую клічуць гэтак жа, як гераіню рамана «Місіс Дэлаўэй», і перажыванні якой гэтак жа пераклікаюцца з перажываннямі самой гераіні: глыбокае пачуццё адзіноты, разважанні пра сэнс жыцця, мінулае і сучаснасць.
Раман Вірджыніі Вулф робіцца мастком паміж гераінямі з розных эпох, але з аднымі і тымі ж пытаннямі пра ідэнтычнасць, шчасце і свабоду.
Цікавы факт: фільм зняты паводле рамана Майкла Канінгема «Гадзіны». Аўтар рамана выканаў у фільме камеа — ролю мінака каля кветкавай крамы, дзе гераіня Мэрыл Стрып купляе букет.
«CODA: дзіця глухіх бацькоў» (2020) — пра баланс паміж двума светамі
«CODA» — акронім, на англійскай мове «дзіця глухіх бацькоў» (Child Of Deaf Adults).
Маладзенькая Рубі жыве з бацькамі і братам. Іх сям’я займаецца рыбалоўным бізнесам. Яе дзень пачынаецца вельмі рана, бо Рубі — адзіная ў сям’і, хто можа чуць, таму часта выступае мастком паміж навакольным светам і роднымі. Але аднойчы яна адкрывае ў сабе талент да спеваў і сутыкаецца са складаным выбарам: самарэалізацыя або сям’я, якая цалкам залежыць ад яе ў зносінах з грамадствам. Рубі трэба будзе не страціць мару, захаваць адносіны з сям’ёй і паспрабаваць зрабіць так, каб яны ўбачылі яе голас.
Цікавы факт: Трой Кацур, які ў фільме сыграў бацьку Рубі, стаў першым акторам з парушэннем слыху, які атрымаў «Оскар» за лепшую мужчынскую ролю другога плана. Марлі Мэтлін, якая сыграла ў фільме маму, 35 гадоў таму стала першай актрысай з парушэннем слыху, якая атрымала «Оскар» за лепшую жаночую ролю.
«Тэмпл Грандын» (2010) — пра абарону жывёл і мэтанакіраванасць
Тэмпл Грандын — амерыканская вучоная і актывістка, якая жыве ў наш час, у маладосці змагалася за правы хатняй жывёлы і мела ў гэтым значны поспех.
Яе любоў да жывёл, неверагодная інтуіцыя і зацятасць прывялі да стварэння новых, больш гуманных, метадаў работы з рагатай жывёлай. Тэмпл прыдумляе абсталяванне, якое робіць працэс менш стрэсавым для жывёл, і пераконвае цэлую індустрыю, што клопат пра жывёл — гэта не толькі правільна, але і выгадна.
Фільм не толькі пра тое, як яна змяніла правілы гульні ў сельскай гаспадарцы, але і пра тое, як важна быць сабою, нягледзячы на непаразуменні і стэрэатыпы, і што вера ў свае прынцыпы і вялікае сэрца здольныя зрабіць свет лепшым.
Важны факт: сцэны, у якіх каровы тонуць або знаходзяцца ў небяспецы, здымалі не з сапраўднымі жывёламі, а з аніматроннымі мадэлямі. Ні адна кароўка на здымках не пацярпела!
«Месяцовае святло» — пра самаідэнтыфікацыю, прыняцце сябе і пошук кахання (2016)
Калі пашукаць апісанне да гэтага фільма, хутчэй за ўсё, там будзе нешта такое: «фільм пра сталенне чарнаскурага падлетка ў сучаснай Амерыцы, які спрабуе зразумець і ўсвядоміць сваю сэксуальнасць». Але тэма сэксуальнай і расавай прыналежнасці галоўнага героя — гэта толькі контур сюжэту, а не яго напаўненне. «Месяцовае святло» — гэта, хутчэй, балада, камерная і паэтычная, напоўненая недасказанасцю і каханнем, што ўцякае, як водбліск месяца на вадзе.
Падлетак Шыран жыве ў жорсткім свеце, аднак апавяданне будуецца не на асвятленні актуальных тэмаў, а сыходзіць у медытатыўную рэальнасць, дзе візуальная прыгажосць запаўняе сабой не толькі экран, але і адкрытае сэрца гледача і ставіць перад ім самае галоўнае пытанне: ці ёсць гендар у кахання?
Цікавы факт: Рэжысёр Бары Джэнкінс пастанавіў, што тры акторы, якія гралі ролю Шырана, на здымачнай пляцоўцы не павінны бачыцца. Яму хацелася, каб кожны актор стварыў свой вобраз героя без падсвядомага падладжвання пад ігру іншых. І самае дзіўнае, што нягледзячы на гэта, вобраз галоўнага героя атрымаўся вельмі цэльным.
«Гук металу» (2019) — пра страту і шлях да сябе
Гэтую гісторыю можна было б ператварыць у набор кіношных пафасных клішэ, бо ў ёй ёсць усё для гэтага неабходнае: бубнач, які завязаў з наркотыкамі, але губляе 80% слыху; сяброўка, якая непазбежна пакідае яго, і іх гурт, які прадказальна развальваецца. Але дэбютная карціна «Гук металу» Дарыюса Мардэра (знаёмага шматлікім па сцэнары да фільма «Месца пад соснамі») вельмі зямная, амаль дакументальная гісторыя. Персанаж Рубен спрабуе зрабіць выбар паміж барацьбой і пакорай.
Праз удумлівы рэжысёрскі падыход, дзе няма надрыву і залішняй драматызацыі, а таксама праз выдатную аператарскую працу і неверагодны саўнддызайн перад намі — аўтэнтычная і нетаропкая прытча пра шлях да сябе.
Стваральнікі фільма прыклалі вялікія намаганні, каб зрабіць прадуманы гукавы дызайн, які дазваляе нам адчуць, як гэта — страціць слых і чуць свет праз кахлеарныя імплантаты. Фільм атрымаў некалькі статуэтак «Оскар», раптам вы таксама захочаце аддаць яму свой прыз глядацкіх сімпатый ?
Факт, з якога ўсё пачалося: ідэя сюжэту і персанажы былі падказаныя незавершаным дакументальным фільмам «Metalhead», які расказвае пра бубнача хэві-метал-дуэта, які губляе слых праз пашкоджанне барабанных перапонак і вучыцца жыць у свеце цішыні.
«Аднойчы ў Токіа» (2003) — пра сям’ю, прабачэнне і сацыяльную ізаляцыю
Завяршыць падборку хочацца нечым калядным і ў той жа час культавым. І лепшага варыянту, чым “Аднойчы ў Токіа”, не прыходзіць да галавы. Стваральнік гэтага каляднага апавядання — адзін з самых удумлівых майстроў японскай анімацыі Сатосі Кон.
У сучасным мегаполісе напярэдадні Калядаў трое людзей, якія з-за розных прычын апынаюцца без даху над галавой, знаходзяць у кучы смецця немаўля. Яны, падобна святой тройцы, спрабуюць вярнуць гэты «цуд» у свет. Аднак дзіця робіцца ключом да душы кожнага з іх. У гэтую містычную ноч персанажы будуць занурацца ў сябе, у свае перажыванні і спрабаваць развязаць свае ўнутраныя канфлікты. Павароты сюжэту і шчаслівыя выпадковасці надаюць жвавасці і пяшчоты падчас прагляду. Кажуць, што «Аднойчы ў Токіа» асобна выдзяляюць у фільмаграфіі вялікага мастака Кона, але і сярод усіх калядных класічных падборак вы наўрад ці адшукаеце гэтую карціну. Яна падобная да цуду, які згубіўся ў гэтым штодзённым свеце і чакае вашай увагі.
Цікавы факт. Рэжысёр Сатосі Кон натхняўся ідэямі з фільма «Тры хросныя бацькі» (1948) Джона Форда, дзе трое мужчын даглядаюць немаўля, і змяшаў гэты сюжэт з рэаліямі жыцця бяздомных у сучасным Токіа.
Каб дакладна паказаць жыццё бяздомных, каманда фільма старанна вывучала ўмовы іх існавання і збірала рэальныя гісторыі з сацыяльных праектаў у Токіа.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.