Мэта практыкі – аб’яднаць усіх, хто спрычыняецца да арганізацыі дадатковай адукацыі ў Наваполацку, сфармаваць сістэму агульных і спецыяльных ведаў для рэалізацыі інклюзіўнага падыходу ў сістэме дадатковай адукацыі. Мэтавая аўдыторыя практыкі – педагогі дадатковай адукацыі, педагогі-арганізатары, метадысты, загадчыкі аддзелаў Палаца дзяцей і моладзі г. Наваполацка.
Алеся Канцыял – метадыстка Палаца дзяцей і моладзі г. Наваполацка – ажыццявіла праект “Арт-інклюзія#Перазагрузка”, праз які імкнулася зрабіць пазашкольную адукацыю даступнай для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця (АПФР).
У межах праекта было праведзена 7 адукацыйных мерапрыемстваў: інтэрактыўны занятак, хакатон, трэнінгі і семінары-практыкумы, дзе супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі засвоілі прынцыпы рэалізацыі інклюзіўных падыходаў, азнаёміліся з магчымасцямі прымянення спецыяльных ведаў у сваёй прафесійнай дзейнасці. Таксама паслухалі пра досвед замежных калегаў у прымяненні тэхналогій і методык арт-тэрапіі і арт-адукацыі дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.
Вынікам праекта сталі змены ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Палацы дзяцей і моладзі. Дзякуючы праекту была сфармавана каманда спецыялістаў, якая атрымала неабходныя кампетэнцыі для рэалізацыі інклюзіўных падыходаў у сістэме дадатковай адукацыі і гатовая да працы з дзецьмі з АПФР. Удзельнікі праекта цяпер праводзяць заняткі з улікам інклюзіўных падыходаў у межах сваёй прафесійнай дзейнасці; а таксама ладзяць семінары-трэнінгі з мэтай распаўсюдзіць атрыманыя веды і кампетэнцыі сярод зацікаўленых спецыялістаў.
Міні-ініцыятыва была рэалізавана ў межах адукацыйнага курса All Inclusive, які адбыўся ў межах ініцыятывы ALL Inclusive Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» у партнёрстве з Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый і анлайн-часопісам CityDog.by.
Кантакты: Алеся Канцыял, alesja1108@mail.ru
Падзяліцца | Поделиться: