У кантэксце глабальнага пацяплення мы ўсё часцей чуем пра тое, як важна пераходзіць на чыстую энергію і ўсталёўваць сонечныя панэлі з ветрагенератарамі. Нехта запярэчыць, што ў Беларусі бракуе сонца і ветру, каб вырабляць патрэбную колькасць энергіі. Але на першы пагляд, і ў Літве, Германіі, Швецыі не тое каб даволі такіх натуральных рэсурсаў, а чыстая энергетыка там на ўздыме. Прапануем разам з прадстаўніцай ініцыятывы «Зялёная Сетка» Ірынай Сухій разабрацца, дзе ж праўда і як на шляху да чыстай энергіі Беларусі перашкодзіла адкрыццё АЭС.
Чаму чыстая энергія важная ў сучасным свеце?
Чыстая энергія — тая, якая не спажывае выкапнёвае паліва. Пры яе вытворчасці няма выкідаў CO₂ (вуглякіслага газу). Яна генеруецца з узнаўляльных рэсурсаў, якія не вычэрпваюцца з цягам часу. У сувязі з кліматычным крызісам важна зменшыць выкіды CO₂, і таму пра патрэбу ўзнаўляльнай энергетыкі кажуць усё часцей. Напрыклад, Еўрапейскі звяз паставіў перад сабой мэту да 2050 года цалкам перайсці на вугляродна-нейтральную энергетыку*.
Вугляродна-нейтральная энергетыка — гэта сістэма вытворчасці і спажывання энергіі, пры якой у атмасферу выкідваецца столькі ж вуглякіслага газу (CO₂), колькі паглынаецца ці кампенсуецца, у выніку чаго дасягаецца нулявы вугляродны баланс.
Узнаўляльная энергія бывае рознай.

У сучасным свеце важна пераходзіць на ўзнаўляльную энергетыку, таму што гэта дапамагае спыніць выкарыстанне для вытворчасці энергіі выкапнёвага паліва (газу, нафты), якое пры здабычы стварае велізарную колькасць выкідаў CO₂. Выкіды — адзін з асноўных фактараў, што ўплываюць на змену клімату.
Хто ў свеце ў лідарах па ўзнаўляльнай энергіі?
Больш за ўсё ўзнаўляльнай энергіі па аб’ёме вырабляюць Кітай, ЗША, Бразілія, Канада і Індыя. Аднак краіны, дзе ўзнаўляльная энергетыка складае практычна 100%, — гэта Эфіопія, Бутан, Албанія, Паўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сандвічавы Астравы, Непал, Парагвай, Ісландыя, Коста-Рыка. Пераважна гаворка ідзе пра гідраэнергетыку, аднак для Ісландыі і Коста-Рыкі вельмі важным з’яўляецца таксама геатэрмальны рэсурс (29,6% і 12,7% адпаведна, паводле дадзеных 2021 года).
Скандынаўскія краіны — Швецыя, Фінляндыя, Данія — у лідарах па вытворчасці цеплавой энергіі з разнастайных узнаўляльных крыніц. Па частцы выкарыстання геатэрмальнай энергіі наперадзе планеты ўсей — Ісландыя. Данія пакрывае амаль палову сваіх энергетычных патрэб, ужываючы ветракі, а доля гідраэнергетыкі, якая лічыцца неадназначнай (гл. вышэй), тут усяго 0,05%.
Краіны ЕЗ усё больш і больш укараняюць узнаўляльныя крыніцы энергіі. Зараз яны складаюць 24,5% усёй энергіі Еўразвязу.
А як у Беларусі?
У 2010 годзе ў Беларусі быў прыняты перспектыўны закон, што тычыўся ўзнаўляльнай энергетыкі. Ён прапанаваў стымуляваць вытворцаў узнаўляльнай энергіі і ствараць для іх падатковыя палёгкі. Але потым Беларусь прыняла рашэнне ісці ў бок ядравай энергетыкі*, што практычна спыніла развіццё ўзнаўляльных крыніц. На 2019 год узнаўляльная энергія складала каля 7,1% і была атрыманая збольшага з біямасы.
Зараз у параўнанні з іншымі краінамі ў развіцці ўзнаўляльнай энергіі мы знаходзімся на вельмі нізкім узроўні, бо на ўзроўні дзяржавы гэта ніяк не стымулюецца.
У іншых краінах, напрыклад, у Літве, для людзей ёсць датацыі ад дзяржавы на ўсталёўкі сонечных батарэй. Дзякуючы гэтаму за апошнія некалькі гадоў у Літве ўзнаўляльная энергетыка шырока развіваецца і ўжываецца. Прытым па розных кірунках: на 2021 год доля зялёнай энергіі ў Літве складала 65,6%, з іх 21,5% — гідраэнергія, 26,8% — ветравая, 10,7% — біяэнергія, 3,8% — сонечная (і гэта ў краіне, дзе сонечных дзён на год менш за траціну).
Чаму адкрыццё АЭС — гэта крок назад у развіцці ўзнаўляльнай энергетыкі?
Адкрыццё атамнай электрастанцыі – гэта сур’ёзная перашкода для пераходу на ўзнаўляльную энергію. Раней у нас 62% энергіі выпрацоўвалася за кошт газу. Газавыя станцыі гнуткія, то бок вытворчасць энергіі з імі даволі лёгка павялічыць ці зменшыць. Яны добра спалучаюцца з узнаўляльнай энергетыкай.
Разам з экспертамі мы распрацоўвалі розныя сцэнары, дзе параўноўвалі спалучэнні газавай і атамнай энергетыкі, а таксама газавай і ветравай. Наша даследаванне паказала, што выгадней развіваць узнаўляльную энергетыку, ужываючы вецер і сонца, чым марнаваць шмат грошай і будаваць атамную станцыю. Атамная станцыя нягнуткая. Калі запускаюцца АЭС, адмыслова робяць дадатковыя газавыя станцыі для таго, каб рэгуляваць спажыванне электраэнергіі, якое адрозніваецца днём і ноччу. Удзень працуюць прадпрыемствы, то бок спажываецца больш энергіі. Уначы значна меншае спажыванне. Усе гэтыя пікі трэба рэгуляваць, а з атамнай энергетыкай гэта зрабіць складаней. Калі два рэактары беларускай АЭС будуць працаваць на поўную магутнасць, па ідэі, яны мусяць выпрацоўваць да паловы ўсёй электраэнергіі краіны ў год. У такой сітуацыі рэгуляванне гэтых скачкоў робіцца больш складаным.
Зараз з-за атамнага лобі гэтая энергетыка ўключаная ў спіс нізкавугляроднай [то бок такой энергетыкі, якая ў працэсе ўсяго тэхналагічнага ланцужка вытворчасці і перадачы электраэнергіі імкнецца зменшыць выкід вуглевадародаў. — прым. рэд.]. Аднак падчас працы атамная станцыя выкідвае радыенукліды. З аднаго боку, рызыкі аварыі на АЭС не вельмі высокія, але наступствы магчымай аварыі на атамных станцыях велізарныя. А да чаго гэта прыводзіць, мы, беларусы, добра ведаем з-за наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Навукоўцы казалі, што статыстычна аварыі кшталту чарнобыльскай ці фукусімскай могуць адбывацца раз на тысячу гадоў. Аднак за даволі кароткі перыяд мы ўжо бачым цэлы шэраг сур’ёзных аварый. Мы не заўсёды можам прадбачыць усе рызыкі, якія могуць прывесці да аварый на атамных станцыях.
Калі будавалі Беларускую атамную станцыю, абмяркоўвалася тое, што ёсць рызыкі тэрарыстычных атак. І тады гэта гучала вельмі дзіўна. А цяпер мы бачым, напрыклад, што адбываецца ва Украіне на Запарожскай АЭС. Там увесь час нешта здараецца, што пагражае сур’ёзнай аварыяй. Нягледзячы на тое, што па міжнародных пагадненнях вайсковыя дзеянні каля атамнай станцыі не павінны адбывацца, мы бачым, што гэтыя патрабаванні ігнаруюцца. [Нагадаем, што падчас акупацыі Расійскай Федэрацыяй украінскіх тэрыторый Запарожская АЭС з сакавіка 2022 года знаходзіцца пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, яе рэактары спыненыя, аднак Расія ігнаруе патрабаванні МАГАТЭ дэмілітарызаваць тэрыторыю і выкарыстоўвае яе для абстрэлаў. — заўв. рэд.].
Які від узнаўляльнай энергіі ў Беларусі мае найбольшы патэнцыял развіцця?
Пры ўкараненні ўзнаўляльнай энергіі трэба выкарыстоўваць розныя крыніцы: і біямасу, і ветракі, і сонечныя панэлі. Існуе міф, што ў Беларусі няма ні ветру, ні сонца. Аднак гэта няпраўда. У нас таксама досыць біямасы з адкідаў гаспадарчай вытворчасці. Мы можам выкарыстоўваць і энергію цеплавых помпаў. Узнаўляльная энергетыка дэцэнтралізаваная, таму трэба выкарыстоўваць усе нашыя магчымасці.
Да таго ж яны ў нас не горшыя, чым у Германіі, напрыклад. У нас цалкам параўнальныя ўмовы з кантынентальнай Германіяй, дзе паспяхова развіваюць узнаўляльную энергетыку.
У 2018 годзе «Экадом» разам з нямецкім аэракасмічным агенцтвам рабіў даследаванне пра сцэнары энергетычнай рэвалюцыі ў Беларусі. У ёй разглядаліся два сцэнары. Першы засноўваўся на дзяржаўных стратэгіях, у якіх планавалася ўжываць прыродны газ і павялічваць атамную энергетыку. Другі сцэнар –– «рэвалюцыйны», пры якім развівалася б узнаўляльная энергетыка.
Гэтыя разлікі паказалі, што ў Беларусі хапае патэнцыялу, каб да 2050 года перайсці на ўзнаўляльную энергетыку на 92%. І гэта на момант тэхналогій, вядомых на 2018 год. Тэхналогіі развіваюцца з кожным годам, і магчымасці перайсці на ўзнаўляльную энергію толькі павялічваюцца. Зразумела, што пераход на ўзнаўляльную энергетыку патрабуе сур’ёзных інвестыцый напачатку. У гэтых разліках паказана, што ў доўгатэрміновай перспектыве такі пераход эканамічна больш мэтазгодны, чым сцэнар, які выбрала дзяржава.
Вось і атрымліваецца, што атамная энергія найдаражэйшая, нягледзячы на тое, што ўсіх уводзяць у зман, кажучы пра яе таннасць.
Ці трэба спыняць АЭС, каб перайсці на ўзнаўляльную энергію?
У 2019-м мы падлічылі, што АЭС «танней недабудаваць». У атамнай станцыі тэрмін прыдатнасці прыблізна 60 гадоў. Пасля гэтага яе трэба выводзіць з эксплуатацыі, што каштуе дорага. Таму калі лічыць поўныя цыклы вываду-ўводу ў эксплуатацыю, то атрымліваецца, што на той момант было танней недабудоўваць атамную станцыю, чым дабудоўваць.
Зразумела, немагчыма ўзяць і адразу закрыць АЭС. У перспектыве гэта будзе залежаць ад многіх фактараў. У будучыні трэба рабіць сур’ёзны аўдыт стану гэтай атамнай станцыі і яе бяспекі. Няма ніякай інфармацыі пра тое, што там адбывалася падчас будавання. Зараз яе то ўключаюць, то выключаюць. З’яўляецца ўсё больш і больш сігналаў, што там усё не вельмі добра.
На жаль, Беларусь у атамнай энергетыцы залежыць ад Расіі. У нас расійскае ядзернае паліва. Энергетыка –– гэта хрыбет эканомікі, і ў ёй мы залежым ад Расіі. То бок, калі нашы ўсходнія суседзі захочуць, яны могуць цалкам нам спыніць пастаўкі газу. Паколькі мы знаходзімся з Расіяй у адной энергасістэме, нашу энергетыку даволі складана дыверсіфікаваць.
Што можа зрабіць кожны для пераходу на чыстую энергію?
Зараз у Беларусі нізкія тарыфы на электраэнергію, таму без падтрымкі дзяржавы, як, напрыклад, у Літве ці Польшчы, усталёўваць свае сонечныя батарэі ці свой вятрак нявыгадна.
Аднак веданне таго, як гэта можна зрабіць, павялічвае энергетычную аўтаномнасць пэўнай хатняй гаспадаркі. То бок, вы можаце проста не залежаць ад цэнтральнай электраэнергіі.
Ва Украіне з-за таго, што аб’екты энергетыкі цярпяць ад бамбавання, цяпер адбываюцца частыя адключэнні. Аднак тыя людзі, якія на сваіх дамах маюць сонечныя панэлі, абароненыя ад гэтых адключэнняў, таму што яны самі сабе выпрацоўваюць гэтую энергію.
Можна самім паспрабаваць даведацца, як усталёўваюцца сонечныя батарэі, напрыклад, колькі вам іх можна ўсталяваць і колькі яны будуць выпрацоўваць.
У 2019 годзе ў культурным цэнтры «Корпус» мы рабілі фэст «Дзень ветру», куды запрашалі людзей расказаць пра іх досвед. Там быў адзін чалавек, які расказаў для мяне вельмі натхняльную гісторыю.
Людзі пабудавалі катэдж, і так атрымалася, што калі яны ўжо скончылі будоўлю, сеткі цэнтральнай электраэнергіі яшчэ не падвялі. Яны параўналі, што будзе больш выгадна: калі яны будуць жыць у горадзе і здымаць кватэру, ці калі яны выдаткуюць грошы на сонечныя батарэі і на акумулятары. У выніку выбралі купіць у катэдж усталёўку, якая каштавала прыкладна 5–6 тысяч долараў. Яны паставілі сабе такую сістэму і пераехалі жыць у гэтую хату. Атрымалася, што недзе 7 месяцаў на год сонечныя батарэі выпрацоўвалі дастатковую колькасць энергіі для ўсіх іх патрэб.
Узімку, вядома, так не атрымлівалася. Аднак для зімовага часу яны выкарыстоўвалі бензінавы генератар, на які трацілі ўсяго толькі 20 літраў бензіну за месяц. У выніку яны атрымалі зімой абсалютна аўтаномную сістэму электраэнергіі і перасталі залежаць ад любых адключэнняў.
Аднак найболей эфектыўная сістэма — калі людзі ў сябе ў доме ўсталёўваюць сонечныя панэлі і ўсё гэта падлучаецца ў агульную сетку. Удзень, калі шмат сонца, выпрацоўваецца шмат энергіі. Тады яна аддаецца ў агульную сетку, а ўвечары вы яе спажываеце.
Зазвычай, калі лічыць, то чыстая энергія атрымліваецца бясплатнай. Я нядаўна была ў Латвіі, дзе пагаварыла з людзьмі, якія падлучылі сабе сонечныя батарэі. Яны кажуць, што, безумоўна, за летні перыяд выпрацоўваюць значна больш, чым спажываюць. Аднак узімку яны або выходзяць у нуль, або спажываюць крыху больш, чым тое, што яны выпрацавалі за лета. Такія сістэмы называюцца прасьюмеры (ад ангельскага prosumer), то бок яны вырабляюць энергію і спажываюць яе.
Калі б у Беларусі было магчыма так рабіць, то гэта было б і эканамічна таксама мэтазгодна. Але зараз у нас падлучыцца да сеткі і пачаць аддаваць энергію практычна немагчыма. Гэта адна з перашкод для развіцця дробнай прыватнай вытворчасці электраэнергіі.
У Еўропе таксама развіваюцца энергакааператывы, калі, напрыклад, жыхары аднаго пасёлка знаходзяць месца, дзе ў іх шмат ветру, і ўсталёўваюць вялікі вятрак, які можа выкарыстоўваць вялікая колькасць жыхароў гэтай вёскі.
У Беларусі нешта падобнае можна ўбачыць у Занарачы. Там у нас былі ўсталяваныя першыя ветракі па ініцыятыве перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Яны вырашылі развіваць у сябе чыстую энергію, таму што ўжо пацярпелі ад атамнай. На ўзгорку каля возера Нарач добрыя вятры. Зараз там ужо стаіць тры ветрагенератары, якія выпрацоўваюць 4% неабходнага спажывання ўсяго Мядзельскага раёна.
Такія гісторыі могуць натхняць на праекты па пераходзе на чыстую энергію.
Автор: Ева Л.