Што такое гендарная палітыка і навошта яна грамадскай арганізацыі

Гендар
Обложка_гендерые политики
5
(2)

Тэкст падрыхтавала Таня Сяцко. Даследчыца, фасілітатарка і экспертка ў галіне нефармальнай адукацыі. Мае магістарскую ступень у сферы сацыяльных навук, займаецца тэмамі гендарнай роўнасці, інклюзіі і патрэбамі ўразлівых груп.

Ці ёсць у вашай арганізацыі якія-небудзь пісьмовыя правілы — статут, палітыкі, правілы бяспекі ці супрацоўніцтва? Нехта сцвярджальна хітне галавой, а нехта скептычна цыкне. Сапраўды, афіцыйныя паперы і любая бюракратыя часам выклікаюць скепсіс. Навошта нам гендарная палітыка, калі мы і так падзяляем каштоўнасці?

Панятак «гендарная палітыка» (gender policy) мае два значэнні. З аднаго боку, пад ім могуць разумецца афіцыйныя дакументы міжнародных арганізацый, якія змяшчаюць глабальныя рэкамендацыі па паляпшэнні правоў і магчымасцяў дзяўчат і жанчын — гэтыя рэкамендацыі накіраваныя дзяржавам. З іншага боку, маштаб можа быць меншым, тады гаворка будзе ісці пра стратэгічныя дакументы, якія рэгулююць падыходы і прынцыпы, накіраваныя на дасягненне гендарнай роўнасці ў межах асобнай арганізацыі ці ініцыятывы. 

Сутнасна мэта адна — дасягненне гендарнай роўнасці праз стварэнне ўмоў роўнага ўдзелу для людзей рознай гендарнай ідэнтычнасці, а таксама ўлік іх патрэбаў на кожным этапе дзейнасці арганізацыі.

Як з’явіліся гендарныя палітыкі 

Агульны кантэкст з’яўлення канцэпцыі гендарных палітык — развіццё фемінісцкага руху і ўзмацненне ўвагі міжнародных арганізацый да пытанняў гендарнай роўнасці. Першая хваля фемінізму (XIX — першая палова XX ст.) прынесла выбарчае права жанчынам шмат у якіх краінах, аднак глабальна праблему няроўнасці не вырашыла. Другая хваля, пачатак якой датуюць 1960-мі гадамі, значна пашырыла кола патрабаванняў феміністак і ўключыла ў парадак дня роўнасць у працоўнай сферы, доступ да адукацыі і палітычную незалежнасць. У гэты перыяд пачаў фарміравацца сістэмны падыход да гендарных пытанняў. Гэта ўрэшце і прывяло да распрацоўкі афіцыйных дакументаў на ўзроўні як нацыянальнага заканадаўства, так і асобных арганізацый.

1948 год — Арганізацыя Аб’яднаных нацый (ААН) прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Такім чынам пытанне гендарнай роўнасці стала часткай міжнароднага права ў галіне правоў чалавека.

1975 год — у Мехіка адбылася Першая сусветная канферэнцыя па становішчы жанчын. На ёй быў прыняты Сусветны план дзеянняў, які ўключаў забеспячэнне роўнага доступу жанчын да 1980 году да такіх сфер, як адукацыя, занятасць, палітычная дзейнасць, ахова здароўя, забеспячэнне жыллём, харчаванне і планаванне сям’і.

1979 год — прынята Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі адносна жанчын (CEDAW), якая ўстанавіла асноўныя міжнародныя стандарты ў галіне правоў жанчын. 

1995 год — на Чацвёртай Сусветнай канферэнцыі па становішчы жанчын у Пекіне былі сфармуляваныя ключавыя прынцыпы гендарнага мэйнстрымінгу. Гэта таксама прадугледжвала абавязацельствы дзяржаў улічваць гендарны аспект ва ўсіх сваіх дзеяннях.

Бліжэй да 2000-х гендарны мэйнстрымінг стаў абавязковым падыходам для міжнародных арганізацый, што патрабавала распрацоўкі дакладных стратэгій і ўнутраных рэгуляцыйных дакументаў — гендарных палітык. 

Гендарныя палітыкі пачалі актыўна з’яўляцца ў розных сферах, у тым ліку ў экалагічных і гуманітарных арганізацыях, дзе гендарная роўнасць стала разглядацца як скразная каштоўнасць. Рабілася відавочным, што дасягнуць больш справядлівага і ўстойлівага развіцця немагчыма без уліку патрэбаў людзей рознай гендарнай ідэнтычнасці.

Як гендарныя палітыкі прыйшлі ў сектар беларускіх грамадскіх арганізацый?

Беларускі гістарычны кантэкст ХХ стагоддзя быў зусім іншым як на ўзроўні афіцыйнай палітыкі, так і жыцця грамадства. У 1991 годзе СССР разваліўся – грамадскія ініцыятывы атрымалі магчымасць выйсці з падполля, пачалі фармавацца НДА (заў. рэд. — недзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі) заходняга кшталту.

Заснавальні_цы і ўдзельні_цы беларускіх НДА перанялі дэмакратычныя каштоўнасці, так бы мовіць, «пакетам» праз узаемадзеянне з еўрапейскімі НДА, удзел у міжнародных адукацыйных праграмах і супрацоўніцтва з калегамі і каляжанкамі па ўсім свеце.

Свабода, роўнасць і правы чалавека сталі тымі каштоўнасцямі, якія мы падзяляем у НДА-сектары і цяпер.

Аднак тэма гендарных палітык з’явілася ў нас хутчэй «звонку», у якасці патрабавання ад донарскіх і/ці партнёрскіх арганізацый, а не як натуральны працэс рэгулявання прынцыпаў і падыходаў датычна роўных магчымасцяў для людзей розных гендарных ідэнтычнасцяў. 

Магчыма і ваша арганізацыя пачала цікавіцца гэтай тэмай змушана. Вядома, ніхто не любіць лішняй бюракратыі. Таму мая прапанова — паглядзець, а якая практычная карысць стаіць за гендарнай палітыкай, нягледзячы на ​​тое, ці па сваёй ініцыятыве вы яе ствараеце альбо не зусім.

Практычная карысць гендарнай палітыкі для вашай арганізацыі

1. Суналадка і сінхранізацыя каманды

Часам здаецца, што мы разумеем адно аднаго з аднаго слова. Але ці даўно мы ўнутры каманды глыбока абмяркоўвалі нашыя каштоўнасці і тое, як бачым іх рэалізацыю на практыцы ў дзейнасці арганізацыі? Нашы ўяўленні пра справядлівасць і шляхі яе дасягнення змяняюцца, змяняецца і склад нашай каманды, да якой далучаюцца і валанцёр_кі. Стварэнне гендарнай палітыкі — гэта выдатная магчымасць сінхранізавацца з каляжан_камі, а фінальны дакумент — даступная і хуткая магчымасць інтэграваць новых удзельні_ц у агульнае разуменне скразных каштоўнасцей. Гэта дапаможа ўсім чал_іням каманды разумець скразныя каштоўнасці без розначытанняў і эфектыўна ўкараняць прынятыя прынцыпы ў сваёй працы.

2. Шляхі выхаду з канфліктных сітуацый

Гендарная палітыка дапамагае арганізацыям эфектыўна спраўляцца з канфліктамі, звязанымі з дыскрымінацыяй, гендарнымі стэрэатыпамі альбо харасментам. Тут могуць быць і зразумелыя механізмы вырашэння канфліктаў праз загадзя прапісаныя механізмы, і магчымасці іх прадухілення праз зразумелую палітыку супрацоўніцтва і інклюзіўную працоўную атмасферу.

3. Трансляцыя і папулярызацыя каштоўнасцей

Гендарная палітыка становіцца інструментам для замацавання і пашырэння каштоўнасцей роўнасці і інклюзіі, якія распаўсюджваюцца і перадаюцца калегам і каляжанкам з іншых ініцыятыў, вашай мэтавай аўдыторыі. Гэта фармуе культуру павагі і роўнасці ў грамадстве і папулярызуе практыкі, які дапамагаюць гэту культуру падтрымліваць. Апроч таго, наяўнасць палітыкі дапамагае хутка зверыць каштоўнасці пры новых партнёрствах.

4. Празрыстасць для мэтавых аўдыторый

Гендарная палітыка спрыяе даверу паміж арганізацыяй і мэтавай аўдыторыяй. Наяўнасць ясных правілаў і стандартаў дае людзям упэўненасць, што арганізацыя дзейнічае справядліва. Палітыка паказвае, што НДА клапоціцца пра тое, каб іх дзейнасць была даступная да людзей рознай гендарнай ідэнтычнасці, і імкнецца мінімізаваць бар’еры, якія ўсё ж часам узнікаюць. Гэта ўплывае на рэпутацыю — іншыя НДА і мэтавая аўдыторыя бачаць арганізацыю як адказнага і надзейнага партнёра, што ў сваю чаргу ўмацоўвае ўплыў арганізацыі.

5. Улік уразлівасцяў

Гендарная палітыка — гэта паказчык таго, што вы ўключаеце скразныя каштоўнасці ў дзейнасць сваёй арганізацыі. Яна дапамагае адаптаваць актыўнасці з улікам патрэбаў розных уразлівых груп, дае празрысты механізм, як улічваць іх на ўсіх этапах працы над праектам. Гэта спрыяе памяншэнню дыскрымінацыі і змяншае разрыў паміж каштоўнасцямі, якія мы транслюем, і практыкамі, якія выкарыстоўваем.

Як ствараюцца палітыкі і што дапамагае ім не быць забытай pdf-кай?

Аптымальны шлях стварэння гендарнай палітыкі — распрацоўка дакумента з дапамогай знешн_яй эксперт_кі.  Для таго, каб дакумент не быў фармальным пералікам правілаў, трэба каб удзел у распрацоўцы прымалі ўсе ўдзельні_цы арганізацыі (калі яна невялікая) альбо прадстаўні_цы розных кірункаў працы. Таксама на старце трэба сфармуляваць мэту і сферу прымянення — гэта толькі ўнутраны дакумент альбо публічны, ён змяшчае толькі правілы і прынцыпы (су)працы альбо ўключае механізм уліку патрэбаў людзей рознай гендарнай ідэнтычнасці на кожным этапе рэалізацыі праектаў? 

Перад тым, як складаць тэкст дакумента, варта паглядзець, у якім стане вы цяпер знаходзіцеся. Аналіз каштоўнасцей і ацэнка ўнутраных працэсаў падкажа, на што трэба звярнуць увагу ў першую чаргу. Зваротная сувязь каманды і прадстаўні_ц мэтавай аўдыторыі дапаможа пачаць суналадку каманды і сфармуляваць бачанне далейшай дзейнасці з улікам гендарнага фокусу. Для таго, каб дакумент працаваў, варта закласці ў яго механізмы рэалізацыі: як менавіта вы будзеце ўлічваць патрэбы, як будзеце разглядаць канфліктныя сітуацыі і г.д.

Важна знайсці згоду каманды па ўсіх ключавых пытаннях палітыкі, а таксама інтэграваць яе ў дзейнасць. Аналізуйце, ці працуе на справе ваш дакумент, ці не забылі вы пра яго адразу ж пасля напісання. Калі бачыце, што нейкія механізмы не працуюць, падумайце, як варта іх адаптаваць ці цалкам змяніць.

Ці патрэбная гендарная палітыка вашай НДА — вырашаць вам. Да таго ж мы маем і іншыя практыкі стварэння і падтрымання справядлівасці. Напрыклад, палітыка інклюзіўнасці, палітыка недыскрымінацыі альбо этычны кодэкс. Назва можа быць розная, фармулёўка мэты дакумента таксама, самае галоўнае — імкненне вашай арганізацыі працаваць са скразнымі каштоўнасцямі і імкнуцца да справядлівасці на практыцы, а не толькі на словах.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x