«Мужнасць не належыць толькі мужчынам». Гісторыя дрэг-артысткі Метры

ІнклюзіяАсобыГендар
Обложка_История дрэг-артистки Метры
5
(10)
* Пад «мужчынамі» і «жанчынамі» мы тут маем на ўвазе ўсіх людзей, якім пры нараджэнні быў прыпісаны мужчынскі і жаночы пол адпаведна.

Шмат хто чуў пра дрэг-каралеў — мужчынаў*, якія выступаюць на сцэне з артыстычнымі нумарамі ў жаночых вобразах. А вось дрэг-каралі чамусьці застаюцца ў цені, хоць іх мастацтва не меней крэатыўнае і сацыяльна значнае. «ІншыЯ» сустрэліся з Метрай Саберавай — дрэг-артысткай, мастачкай і актывісткай з Латвіі, каб паразмаўляць аб тым, якія ідэі дрэг-кінгі транслююць праз свае перформансы і чаму іх мастацтва важнае для ўсяго грамадства.

З кожным годам дрэг-мастацтва, якое прадугледжвае пераапрананне і гульню з гендарнымі ролямі, атрымлівае ўсё большае прызнанне ў свеце. Яму прысвячаюць шоу і серыялы, яго галоўныя зоркі робяцца іконамі поп-культуры, а тэматычныя фэсты збіраюць натоўпы фаната_к. Аднак усё вышэйсказанае актуальна толькі напалову. Бо паміж рознымі часткамі дрэг-супольнасці ўвага падзяляецца вельмі нераўнамерна. Пакуль каралевы (drag queens) спаборнічаюць у чарговым сезоне рэаліці-шоу з касмічнымі бюджэтамі, каралі (drag kings) змагаюцца за магчымасць выступіць у невялікім клубе.

Шмат хто нават не падазрае пра існаванне дрэг-кінгаў — жанчын*, якія пераўвасабляюцца ў мужчынскія вобразы. Яны рэдка з’яўляюцца на вялікіх платформах і не атрымоўваюць такой жа падтрымкі з боку медыя і грамадства, як дрэг-квіны. Прычына крыецца ў сэксізме і патрыярхальных устаноўках, упэўненая наша гераіня Метра.

«Нават не думала, што аднойчы стану часткай гэтай культуры» 

Метра Саберава, дрэг-артыстка, мастачка і актывістка з Латвіі

— Я дакладна не памятаю, калі ўпершыню пазнаёмілася з дрэг-культурай. Здаецца, мела пра яе нейкае ўяўленне яшчэ да таго, як каля дзесяці гадоў таму паглядзела свой першы эпізод «RuPaul’s Drag Race» (амерыканскае тэлешоу, дзе дрэг-каралева Ру Пол шукае «наступную дрэг-квін — суперзорку Амерыкі». — прым. рэд.). Я закахалася ў шоу з першага позірку: гэта было смешна, ярка і вельмі свежа. Убачыць дрэг на свае вочы ў мяне атрымалася толькі праз некалькі гадоў, калі я пераехала ў Лондан на навучанне.

Гэта было ў 2015 годзе, у гей-пабе Molly Moggs. Я дагэтуль памятаю той вечар: дрэг-квін на сцэне ў яркай сукенцы, смешныя камедыйныя нумары і песні, публіка, якая апладзіруе ў такт музыцы, і мінакі, якія зазіраюць у вокны з усмешкамі на тварах. У нейкі момант на вочы навярнуліся слёзы: так хацелася, каб падобныя шоу можна было ладзіць і ў Латвіі — без страху перад неразуменнем і агрэсіяй з боку навакольных.

Праз два гады я пазнаёмілася з дрэг-каралямі. Гэта адбылося ў іншым лонданскім гей-бары — The Glory. У той вечар я апынулася на адборачным этапе конкурсу «Man Up!» — найбуйнога спаборніцтва дрэг-кінгаў. Вядоўцамі былі Adam All і Apple Derrieres. Гэтыя імёны мне тады ні пра што не казалі, але іх энергія і артыстызм ашаламілі. Я яшчэ не ведала, наколькі легендарныя гэтыя артысты і якую ролю яны адыгралі ў развіцці лонданскай дрэг-сцэны, але ўжо тады адчула, што стала часткай чагосьці значнага.

Я ніколі не бачыла такіх смелых і шчырых выступаў жанчын і небінарных персон. Мяне скарыла іх непрыкрытая квірнасць у спалучэнні з фемінісцкім пасланнем.

Я пачала наведваць усё больш дрэг-шоу, патроху знаёмілася з гісторыяй гэтага мастацтва — але нават не думала, што аднойчы стану часткай гэтай культуры і ўжо не змагу ўявіць сваё жыццё без яе.

«Маё альтэр-эга пачало набываць форму»

— Свой шлях у дрэг я пачала незвычайна — у ролі прадзюсаркі. Тады я ўсё яшчэ жыла ў Лондане, а ў Латвію прылятала на цікавыя мне імпрэзы. Каб нічога не прапусціць, увесь час сачыла за афішай мастацкіх, фемінісцкіх ці квір-івэнтаў. Аднойчы заўважыла, што рыжскі гей-клуб Golden плануе правесці конкурс дрэг-каралёў. Гэта было нешта зусім новае для Латвіі. У анонсе згадваліся Майла — новенькія на мясцовай сцэне перформансу, з якімі мне вельмі хацелася пазнаёміцца. Я напісала ім і даведалася, што конкурс не адбудзецца, калі не набярэцца больш удзельні_ц. Латвія проста не магла прапусціць такі шанец, таму я прапанавала клубу сваю дапамогу ў арганізацыі. Абмяжоўвацца толькі конкурсам не хацела — так нарадзілася ідэя маштабнага фэсту дрэг-кінг-мастацтва.

Атрымаўшы ўхваленне ад клуба, я ўзялася за планаванне: семінары, лекцыі, дыскусіі. І тут новая бяда: клуб нечакана зачыніўся. Але я вырашыла не адступаць. Разам з Майла мы заснавалі некамерцыйную арганізацыю. Знайсці фінансаванне для нашага праекта тады не атрымалася, і я ўклала свае ўласныя сродкі, а таксама заручылася падтрымкай валанцёра_к. У снежні 2019-га першы латвійскі фэст дрэг-кінгаў адбыўся — і гэта быў поспех.

На фэсце прайшлі майстар-класы, якія правялі тыя самыя Adam All і Apple Derrieres, легенды лонданскай сцэны. Менавіта на іх варкшопе я ўпершыню паспрабавала сябе ў ролі дрэг-кінга. Яны расказвалі пра важнасць стварэння персанажа, пра тое, як кожны элемент вобразу — ад касцюма да манеры паводзін — фармуе поўнае пераўвасабленне.

Калі прыйшоў час накладаць макіяж, я адчула, як нешта змяняецца ўсярэдзіне. Я бачыла, як раблюся іншай — больш мужнай, моцнай версіяй сябе.

Гэта быў момант, калі маё альтэр-эга пачало набываць форму.

На конкурсе дрэг-кінгаў я не выступала. Замест гэтага была за кулісамі і дапамагала ўдзельні_цам, таксама я была ў журы, таму што ўжо бачыла жывыя выступы дрэг-каралёў у Лондане і ведала, на што зважаць. У той вечар я надзела просты паласаты касцюм з сэканд-хэнда. Гэта быў мой першы сцэнічны вобраз, які, як і я сама, з часам моцна змяніўся.

Фэст стаў пачаткам нечага большага. Публіка прыняла нас цёпла, а цікавасць да імпрэзы паказала, што ў гэтага руху ў Латвіі ёсць будучыня. Мяне грэла думка пра тое, што мы адкрылі новую платформу для самавыказвання, дзе людзі могуць быць сабой, не хаваючыся, не баючыся асуджэння. З той пары дрэг стаў неад’емнай часткай майго жыцця, а клопат пра людзей, якія прыходзяць у гэта мастацтва, — маім галоўным прынцыпам.

«Кожны дзень, вярнуўшыся з працы, я сядала перад люстэркам і імкнулася палепшыць вобраз майго дрэг-персанажа»

— Пасля першага фэсту я працягнула працаваць над сваім дрэг-альтэр-эга. Рабіла гэта ў Лондане, але з прыцэлам менавіта на Балтыйскі рэгіён — таму што працаваць і прасоўваць дрэг хацела менавіта там, у сябе дома.

Да выступаў я яшчэ не была гатовая, але пераўвасаблялася ў мужчынскі вобраз дзеля фота для сацсетак фэсту. Там трэба было падтрымліваць актыўнасць, але іншыя дрэг-каралі не выказвалі асаблівай цікавасці — вось таму я ўзяла задачу на сябе. Кожны дзень, вярнуўшыся з працы, я сядала перад люстэркам і імкнулася палепшыць вобраз майго дрэг-персанажа. Я назвала яго Цімі.

Такі нікнэйм не вельмі характэрны для дрэг-сцэны. Па-першае, звычайна выкарыстоўваюць імя і прозвішча. Другое, у іх прынята ўключаць сэксуальныя, сацыяльна-палітычныя і поп-культурныя адсылкі ці каламбуры. Я ж выбрала простае і непрыкметнае імя, грунтуючыся на сваім досведзе працы ў службе падтрымкі кліентаў. На такіх пазіцыях выкарыстоўваюць уніформу, якую падаюць як унісэкс — аднак насамрэч гэта мужчынскае адзенне: у ім няма жаноцкага фасону, прыстасаванага да сцёгнаў, грудзей і стану. Надзяваючы яе, я, са сваёй голенай галавой і без грама касметыкі на твары, рабілася падобнай да хлопца-падлетка, які толькі што ўладкаваўся на сваю першую падпрацоўку. Я ўявіла сабе галівудскі фільм з такім героем — касірам на паўпустой запраўцы, у якога на грудзях вісіць бэйдж з надпісам «Прывітанне, мяне клічуць …». Цімі — прыйшло мне ў галаву.

Спачатку я думала, што ў Цімі павінны быць пазнавальныя, стэрэатыпна мужчынскія характар і рухі. Але потым зразумела, што гэта не пра яго і не пра мяне.

Я пачала займацца дрэгам не для таго, каб выглядаць, як мужчына ці жанчына, а каб дэканструяваць, змяніць уяўленні пра паводзіны і вобразы прадстаўнікоў розных полаў. 

Неўзабаве я заўважыла, што не магу стрымацца ад усмешкі ў вобразе Цімі: пачуваюся занадта шчасліва. Так што сур’ёзны Цімі даволі хутка знік, а шчаслівы, яркі і заўсёды ўсмешлівы працягнуў развівацца.

«Да знаёмства з дрэг-кінг я нават не ўсведамляла ўласную квір-ідэнтычнасць»

— У Латвіі мы з Майла працягвалі працаваць разам. Створаная намі некамерцыйная арганізацыя паслужыла грунтам для Baltic Drag King Collective — супольнасці, якая стала платформай для артыста_к з усяго Балтыйскага рэгіёну. Мы не толькі дапамагаем адно аднаму з арганізацыяй выступаў, але і падтрымліваем эмацыйна, змагаемся за прызнанне нашай працы і фінансавую падтрымку. Падобная кансалідацыя — рэдкасць для квір-супольнасцяў у нашым рэгіёне, і я ганаруся тым, што BDKC здолелі стварыць такую атмасферу.

Асноўная база нашага праекта знаходзіцца ў Рызе, але з моманту запуску ў 2019 годзе мы актыўна супрацоўнічаем з артыст_камі з Літвы і Эстоніі. Геаграфічная блізкасць дазваляе арганізоўваць супольныя івэнты, і гэта дае стымул для развіцця. Як вынік, з кожным годам на сцэне з’яўляецца ўсё больш  новых дрэг-каралёў. І няхай не ўсе застаюцца ў гэтай справе надоўга, кожная новая персона прыўносіць нешта ўнікальнае, і гэта дапамагае нашай сцэне абнаўляцца і развівацца.

Кіраўніцтва НКА дадало мне мноства новых абавязкаў. Часам ім цяжка даваць рады, але я раблю важную справу: дапамагаю дрэг-выканаўцам, актывіст_кам, маста_чкам і арганізацыям. Дзякуючы гэтаму ў маім жыцці з’явілася так шмат выдатных людзей — і гэта бясконца натхняе і матывуе. Дзіўна, але да знаёмства з дрэг-кінг я нават не ўсведамляла ўласную квір-ідэнтычнасць. Дрэг адкрыў мне цэлы свет, у якім я знайшла сваё месца.

«Мой стыль паказвае, што мужнасць можа быць вясёлай і яскравай — а не толькі замкнёнай у саколкі і трэнікі» 

—Спачатку я не думала, што змагу прыўнесці нешта асаблівае ў дрэг-культуру сваім вобразам. Але з часам зразумела: Цімі зусім не абавязкова быць асобнай персонай. Цалкам нармальна, калі ён стане працягам мяне самой і будзе адлюстроўваць мае фемінісцкія каштоўнасці — і ў словах, і ў дзеяннях. Цімі дазваляе мне быць больш смелай, але пры гэтым паказвае, што дрэг-кінгу не абавязкова быць знарочыста сэксуальным ці грубым у адносінах да публікі, каб адпавядаць збітым штампам пра маскуліннасць. Калі мяне папрасілі напісаць біяграфію Цімі, я пазначыла, што ён — чалавек, які ўдзень працуе з табліцамі ў Excel, каб падтрымліваць балтыйскую дрэг-супольнасць, а ўвечары ператвараецца ў харызматычнага артыста, які маскіруе сваю нязграбнасць за энергічнай і жыццярадаснай асобай.

Я галю галаву, таму магу з лёгкасцю ствараць традыцыйны мужчынскі вобраз — але простага надзявання касцюма для мяне недастаткова.

Часта жартую, што як мастачка абавязаная насіць чорнае, але насамрэч маё захапленне — гэта драпіроўкі, гульня тканін і колераў.

Дрэг даў гэтаму захапленню выйсце. У час лакдаўну я пачала шыць касцюмы ўручную па вінтажных выкрайках, эксперыментаваць з аб’ёмам і колерамі. Так вобраз Цімі стаў больш яркім і запамінальным. Гэта вельмі важна, асабліва калі ўлічыць, што дрэг-кінгі часта стаяць поруч з высокімі дрэг-квінамі, якія яшчэ і на абцасах, — наш сілуэт павінен быць даволі кідкім, каб не згубіцца. 

Мне падабаецца, як мой стыль паказвае, што мужнасць можа быць вясёлай і яскравай — а не толькі замкнёнай у саколкі і трэнікі. Дрэг таксама дае магчымасць людзям, народжаным жанчынамі, адчуць сацыяльную моц, якую грамадства традыцыйна звязвае з маскуліннасцю.

Але тут узнікае і адказнасць за тое, як гэту сілу ўжываць: падрываць яе, паказваючы розныя вобразы мужчынскага пачатку, пераўтвараць таксічную маскуліннасць у камедыю, падкрэсліваючы яе разбуральнасць, ці ж не крытыкаваць яе зусім і тым самым падтрымліваць стэрэатыпы.

«Праз камедыю я даношу ідэі, якія ў іншым прачытанні могуць падацца павучальнымі»

— У сваіх нумарах я заўсёды імкнуся расказаць гісторыю. Камедыя — гэта мой інструмент. З яе дапамогай я даношу ідэі, якія ў іншым прачытанні могуць падацца занадта сур’ёзнымі ці нават павучальнымі. Мае нумары часта тычацца тэмаў фемінізму, правоў квір- і транс-людзей, а часам — актуальных палітычных падзей ці асоб.  

Я наўмысна імкнуся запамінаць усе станоўчыя моманты сваіх перформансаў, каб у цяжкія дні знаходзіць у іх апору. Адзін з такіх — выступ на афтэпаці Kaunas Pride у 2021 годзе.

Я выконвала песню Міта Лоўфа «I’d Do Anything for Love», і ў нейкі момант уся аўдыторыя пачала падпяваць, асвятляючы залу ліхтарыкамі тэлефонаў. Гэта так мяне кранула, што я не змагла стрымаць слёз.

Тады я зразумела, як важна абіраць трэкі, якія знаходзяць водгук у людзей, абуджаюць у іх успаміны і эмоцыі.

Дзякуючы такому падыходу мой дрэг-кінг-вобраз стаў больш заўважным, і гэта прыцягнула новую аўдыторыю да маіх мастацкіх праектаў. Усё, што я маю цяпер, — вынік таго шляху, які пачаўся з простага паласатага касцюма на сцэне першага латвійскага дрэг-кінг-фэсту.

«Без сям’і я б не дасягнула нават паловы таго, што атрымалася зрабіць»

— Сям’я ведала пра маё захапленне дрэгам адпачатку і заўсёды падтрымлівала мяне. Без іх дапамогі і падтрымкі я б не дасягнула нават паловы таго, што атрымалася зрабіць. Мама часам дапамагае з паездкамі, калі трэба трапіць на чарговы выступ ці фэст, а сястра і яе муж — афіцыйныя фатографы BDKC ужо на працягу пяці гадоў. Яны зрабілі тысячы здымкаў для нашых сацсетак і асабістага прасоўвання артыстаў. Іх вера ў тое, што я раблю, і пазітыўны настрой дапамагаюць рухацца наперад.

Для мяне гэта вельмі важна, бо праца над дрэг-праектамі патрабуе велізарных выдаткаў: энергіі, часу і фінансаў. Часта яны адцягваюць мяне ад асноўнага занятку — візуальнага мастацтва.

Мастацкая практыка — гэта штосьці глыбока патаемнае, а дрэг — гэта мой унёсак у грамадскую справу. І хоць я вельмі імкнуся гарманічна іх сумяшчаць, атрымоўваецца не заўсёды. Страта балансу паміж асабістым і грамадскім — гэта, пэўна што, адна з галоўных зменаў, якія дрэг прынёс у маё жыццё. Аднак адмаўляцца ад яго я не збіраюся. Упэўненасць, якую я знайшла праз дрэг, і сувязі, якія цяпер сталі неад’емнай часткай майго жыцця, — адны з самых цудоўных рэчаў, якія са мной здараліся.

Дрэг-супольнасць адкрыла для мяне, цысгендарнай жанчыны, шмат якія аспекты жыцця небінарных і транс-людзей, пра якія я і не задумвалася. Гэта зрабіла мяне больш чулай і заахвоціла дапамагаць ім у змаганні за свае правы.

Праз дрэг-шоу, фінансавую падтрымку ці актыўную пазіцыю як публічнага чалавека я заўсёды імкнуся стаць як мага лепшым саюзнікам. Дрэг таксама ўмацаваў маё непрыманне тых, хто не жадае разумець і прызнаваць разнастайнасць людзей. І я бачу ў дрэг-мастацтве велізарны патэнцыял для прасоўвання ідэй інклюзіўнасці праз культуру.

«Наша мэта — узяць маскуліннасць, перафарматаваць яе і падначаліць сабе»

— Асноўныя праблемы, з якімі я сутыкаюся як дрэг-кінг, — гэта патрыярхат і сэксізм, што квітнеюць у індустрыі начных забаў. Мне і маім калегам цяжка дамагчыся роўных з дрэг-каралевамі ўмоў для выступаў і справядлівай аплаты.

Легендарны амерыканскі дрэг-кінг Mo B. Dick (сцэнічнае імя акторкі Мо Фішэр. — прым. рэд.) аднойчы сказаў: «Калі мужчына надзявае сукенку, гэта камедыя. Калі жанчына надзявае касцюм — гэта пагроза. Поп-культура баіцца, што жанчына ўзурпуе мужчынскія прывілеі».

І я цалкам згодна з гэтым сцвярджэннем. Часта дрэг-каралёў няслушна разумеюць, лічачы, што мы імкнёмся стаць мужчынамі. Але насамрэч наша мэта — узяць маскуліннасць, перафарматаваць яе і падначаліць сабе. Бо мужнасць не належыць толькі мужчынам, гэтак жа як жаноцкасць не з’яўляецца выключна жаночай рысай.

На жаль, нават у квір-супольнасці не ўсе гэта разумеюць. З-за сэксізму і патрыярхату дрэг-каралі сутыкаюцца з той жа праблемай, што і феміністкі — шкляной столлю на працы і ў культуры. Але, на шчасце, і моцныя бакі фемінісцкага рухі нам уласцівыя. Мы вельмі згуртаваныя, увесь час супрацоўнічаем адно з адным і ствараем сеткі падтрымкі. Гэта адрознівае нас ад дрэг-каралеў, якія часцяком працуюць у адзіночку.

Калі івэнт арганізуюць дрэг-кінгі, можна заўважыць цікавую заканамернасць: сярод гледачоў апынаецца больш жанчын*, чым на звычайных шоу у гей-клубах ці выступах дрэг-квінаў. Напэўна, справа не толькі ў тым, што дрэг-каралі прыцягваюць сваіх сяброў і прыхільнікаў, але і ў самім падыходзе — мы факусуемся на інклюзіўнасці. Квір-людзі атрымоўваюць задавальненне, калі бачаць на сцэне разнастайныя целы і гендарныя ідэнтычнасці, а не толькі гіперсэксуалізаваных мужчынаў-геяў. Гэта кажа пра рэальны попыт на нашы перформансы і пра тое, што пэўная аўдыторыя ўсё яшчэ недастаткова прадстаўленая на квір-івэнтах.

«На адзін наш выступ прыпадае дзесяць перформансаў дрэг-каралеў»

— За апошнія гады ўвага да дрэг-сцэны значна вырасла, асабліва сярод пакалення зумераў — як у міжнародным маштабе, так і ў краінах Балтыі. Мне падабаецца назіраць, як пашыраецца само разуменне дрэга, як маладыя артысты прыўносяць новы погляд на тое, чым можа быць гэта мастацтва, і пры гэтым убіраюць яго праўдзівы дух — гендарнай свабоды і эксперыментаў.

Пры гэтым я перакананая, што дрэг — гэта не проста шоу ў касцюмах ці клубная эстэтыка. Гэта паўнавартае мастацтва, і каб атрымаць поспех у ім, трэба ўвесь час адточваць сваё майстэрства. Для дасягнення таго ўзроўню, якога я чакаю ад дрэг-кінгаў, патрэбны час. Таму я імкнуся падтрымліваць пачаткоўцаў, быць з імі побач, даваць рэсурсы для рэалізацыі іх крэатыўных ідэй.

На жаль, пашырэнне сцэны не вырашае яе старых праблем. Дрэг-кінгі па-ранейшаму знаходзяцца ў цені, і прычыны гэтага — патрыярхат і сэксізм у індустрыі забаў, медыя і нават унутры кам’юніці. У нас добрыя адносіны з дрэг-квінамі, але не ўсе з іх імкнуцца да інклюзіўнасці. Напрыклад, у Літве на папулярныя дрэг-шоу каралёў амаль не запрашаюць. У Эстоніі справы ідуць лепш: дрэг-квінаў і дрэг-кінгаў на адной сцэне ў прынцыпе можна ўбачыць. У Латвіі мы таксама імкнемся рабіць інклюзіўныя шоу, але нават папулярныя квір-пляцоўкі рэдка даюць месца дрэг-каралям. На адзін наш выступ прыпадае дзесяць перформансаў дрэг-каралеў.

Каралевы таксама часцей атрымліваюць замовы на карпаратывы і дзелавыя вечарыны. Дзяліцца гэтымі магчымасцямі з намі яны не спяшаюцца — хоць арганізатары падобных івэнтаў цалкам адкрытыя для запрашэння каралёў.

На шчасце, нядаўна ў маім любым Kanepes Culture Center стартавала новая серыя вечарын — Dragons. Яны праходзяць раз на два месяцы, і ў іх праграме ёсць дрэг-кінг-шоу. Гэта дазваляе мне і іншым артыст_кам планаваць выступы на месяцы наперад, эксперыментаваць, запрашаць выканаўцаў з іншых краін. Я мару пра падобныя калабарацыі з пляцоўкамі, бо яны дазволяць засяродзіцца на творчасці, а не на арганізацыйных пытаннях.


Ілюстрацыя на вокладцы: Liam Draws Drag

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 10

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x