
Яны пазнаёміліся ўсяго за некалькі месяцаў да эміграцыі, хутка зразумелі, што хочуць быць разам, і адважыліся з’ехаць удвух. Сёння Багдан і Дзяніс адкрыта расказваюць пра свае стасункі ў сацыяльных сетках, нягледзячы на хэйт, блакаванне і неабходнасць па-ранейшаму быць асцярожнымі ў штодзённым жыцці. У інтэрв’ю «Іншым» хлопцы расказалі пра каханне, эміграцыю і прыняцце сябе.
«Магчыма, каханне здарылася з першага позірку»: як пазнаёміліся
— Якім было вашае першае ўражанне адзін пра аднаго?
Багдан: Нас пазнаёміў летась агульны сябар, мы былі разам на начлегу. Дзяніс мне адразу кінуўся ў вочы. Для мяне ён быў незвычайным і вельмі цікавым, але нейкі час мы проста гутарылі, гулялі, весяліліся, не разглядалі адзін аднаго як партнёраў.
Дзяніс: Знешне Багдан мне, вядома, адразу спадабаўся, але пра іншае цяжка было сказаць. У мяне не было нейкага асаблівага першага ўражання, і я ў прынцыпе ніколі пасля першай сустрэчы думку не складаю.
— Калі вы зразумелі, што паміж вамі ўжо не проста сяброўства? Хто зрабіў першы крок?
Багдан: Я ў той момант актыўна рыхтаваўся да пераезду з Беларусі. Квіткі былі практычна на руках, я хацеў толькі скончыць некаторыя справы і таму ведаў, што ніякіх стасункаў мне ствараць нельга. Я ляжаў у абласной лякарні — хацеў прайсці базавы чэкап перад пераездам, бо за мяжой гэта зрабіць цяжэй, — і мы з Дзянісам сталі шмат перапісвацца.
Дзяніс: Пакуль мы кантактавалі, я часта жартаваў, і неяк у перапынках паміж жартамі згадаў, што Багдан мне падабаецца. Прайшло каля двух тыдняў з дня знаёмства, і ў мяне такое было ўпершыню.
Раней у мяне былі стасункі, але я не разумеў, што такое каханне. І вось тады, яшчэ ў тую самую першую сустрэчу, у мяне з’явілася незразумелае пачуццё, якому я спачатку не надаў увагі. Магчыма, каханне здарылася з першага позірку.
Багдан: Тады і я прызнаўся, што ў мяне сімпатыя, стаў высвятляць, ці гатовы Дзяніс кудысьці сарвацца. І ён сказаў, што гатовы. Я прапанаваў яму паехаць разам, і ён пагадзіўся.
— У які момант вы зразумелі, што хочаце будаваць доўгатэрміновыя адносіны?
Багдан: Першапачаткова як толькі мы ўвайшлі ў стасункі, мы нібыта адразу зразумелі, што хочам, каб гэта было назаўжды. Што б там ні было, якія праблемы ні ўзнікалі б — яны ўсе вырашаюцца. І пакуль у нас усё менавіта так. У нас не было ніякіх «мутак», неўразумення — хто мы адзін аднаму, гульняў у «горача-халодна». Мы адразу з’ехаліся, нас атачыў побыт, але ў нас нічога не паламалася.
— Як змяніліся вашыя стасункі з моманту знаёмства да сённяшняга дня?
Багдан: Нібыта з кожным днём усё больш сур’ёзныя і моцныя. Ты мацней кахаеш, дый жыццё робіцца больш дарослым. З’явілася больш абавязкаў, але мы даём рады.
Дзяніс: З часам яшчэ больш адаптуемся да звычак кожнага. Мы сталі вельмі добра разумець адзін аднаго.
«Сваякі штодня заходзяць у нашыя сацсеткі»: пра адкрытасць

— Як вы прыйшлі да ідэі адкрыта расказваць пра свае стасункі ў сацыяльных сетках?
Багдан: Спачатку да гэтага прыйшоў я. Проста люблю весці сацсеткі, мне падабаецца здымаць відэа, і калі я пачаў стасункі, то нібыта хацеў расказаць пра гэта ўсяму свету.
— Ці памятаеце вы момант, калі вырашылі ўпершыню паказаць сябе як пару?
Багдан: Гэта было, калі мы пераехалі. З’явілася адчуванне, што мы знаходзімся хоць у нейкай бяспецы і нам ужо нічога не пагражае: ніякія сваякі, ніякія знаёмыя або іншыя людзі з нашага роднага горада.
Дзяніс: Але я ўсё адно не моцна давяраў свайму месцазнаходжанню. Усё ж я не на іншым кантыненце, не на нейкім востраве.
— Што самае страшнае, калі пачынаеш адкрывацца ў сацсетках?
Багдан: Першыя страхі — яшчэ тыя самыя, падлеткавыя: што забуляць, бацькам скажуць і гэтак далей. Па выніку ўсё, уласна, спраўдзілася: пасты паказалі маім бацькам, усе сваякі пра гэта даведаліся. Але праз год ужо абсалютна ўсё роўна. Сваякі штодзень заходзяць у мае і нашыя сацсеткі. Тыя, якія не прымаюць, ёсць, але я ўжо з іх нагоды нічога не адчуваю. Няма ні страху, ні адчування, што я раблю нешта не так або што я нейкі не такі. Мама мяне прымае, і мне прыемна, што яна зойдзе, паглядзіць відэа, лайкне.
Дзяніс: Маім сваякам я прызнаўся пра сваю арыентацыю яшчэ ў 14 гадоў, так што яны ведалі. Таму мне не страшна было выходзіць у сацсеткі.
— Як на рашэнне адкрыцца ў сацсетках адрэагавалі вашыя блізкія?
Багдан: Для мамы гэта быў пераломны момант, яна некалькі месяцаў працавала над тым, каб прыняць, і дагэтуль працуе. У яе добра гэта атрымліваецца, мы з ёй можам пра гэта размаўляць, але нейкі боль у яе ўнутры яшчэ ёсць на гэты конт.
Дзяніс: Мая мама — незразумелая жанчына, у яе сёння адно, а заўтра іншае. Напрыклад, з нагоды эміграцыі яна сказала, што і сама б так хацела, падтрымала мяне.
Багдан: Калі мама Дзяніса даведалася, што ён гей, яна запіла і стала менш з’яўляцца ў кватэры, дзе яны жылі, практычна жыла на дачы. Але з часам змірылася, пераасэнсавала. Цяпер яна прымае і любіць нас.
— Які кантэнт вы пачалі здымаць першым і як з часам змяніўся ваш блог?
Багдан: Мы здымалі проста лайфстайл, нашае жыццё, побыт і гэтак далей. Мы і цяпер працягваем пра гэта здымаць.
Дзяніс: Праблема ў тым, што нашыя акаўнты ўвесь час блакуюць, таму што на нас кідаюць скаргі. З-за гэтага мы моцна губляем матывацыю і знікаем з блога. Мы набіраем нейкую аўдыторыю — і ўсё, нам выдаляюць акаўнт.
— Ці ёсць у вас мяжа паміж асабістым жыццём і тым, чым вы гатовыя дзяліцца з аўдыторыяй?
Дзяніс: Я проста не хачу ўсім расказваць абсалютна ўсё. Я дазваляю як сабе, так і Багдану выносіць толькі пэўную частку. Ёсць моманты, якія мы аддзяляем і абмяркоўваем, што хочам пакінуць толькі між намі. Вялікая частка момантаў застаецца за кадрам.
«Зайшлі ў гей-клуб, і нас там увогуле ўсе ведалі»: пра папулярнасць і хэйт
— Што вы адчулі, калі відэа сталі набіраць вялікія прагляды?
Багдан: Ніякага ваў-эфекту не было. Мы ведалі, што такі кантэнт чапляе і ўтрымлівае ўвагу гледача. Не так шмат параў ЛГБТК+ з СНД, асабліва з Беларусі, маладых хлопцаў, якія актыўна транслююць гэта. Тых, хто ўсё жыццё знаходзіцца ў страху, нашмат больш, таму людзям падабаецца глядзець, яны падпісваюцца. А вось калі нас пазналі на вуліцы — быў прыемны шок.
Дзяніс: Неяк мы зайшлі ў гей-клуб, і нас там увогуле ўсе ведалі. Але гэта не той жа эфект, як калі чалавек падыходзіць на вуліцы і кажа, што сочыць за нашымі сацсеткамі. Гэта страшэнна прыемна.
— Ці часта вы сутыкаецеся з негатывам або гамафобіяй у каментарах і асабістых паведамленнях?
Багдан: Так, вельмі часта, але цяпер гэтага не так шмат, як было раней, калі мы толькі-толькі пачыналі трансляваць свае адносіны. Як толькі мы запусцілі сацсеткі, хэйт і гамафобія працягваліся, напэўна, паўгода, актыўна і штодня.
Была вялізная колькасць званкоў, знявагаў у асабістыя паведамленні ў тэлеграм-каналах. Было распаўсюджванне нашых відэа з мэтай булінгу, нас высмейвалі.
Цяпер хэйт крыху супакоіўся, але ў каментарах дагэтуль бывае.
— Ці былі сітуацыі, калі хэйт выходзіў за межы інтэрнэту і вы адчувалі рэальную пагрозу?
Дзяніс: Было яшчэ ў Беларусі. Багдан выклаў нашае відэа з пацалункам у тэлеграм-канал, прычым свой прыватны, на 30 чалавек. Нехта з удзельнікаў зліў відэа, і яно абляцела ўвесь горад. Перад ад’ездам, можа, месяц усе казалі мне пра гэтае відэа. Але ўжывую я з гэтымі людзьмі [гамафобамі. — заўв. рэд.] не бачыўся, хаця агалоска была.
— Што для вас больш каштоўна: вялікая аўдыторыя ці гісторыі людзей, якім ваш кантэнт сапраўды дапамог?
Багдан: Нам прыемна і што ў нас вялікая аўдыторыя, і калі я даведваюся, што наш кантэнт некаму дапамагае, матывуе, дазваляе адкрыцца, рабіць нейкія крокі. Я разумею, што я даю грамадству карысць.
— Што асабіста вам даюць сацыяльныя сеткі і магчымасць адкрыта расказваць пра сваё жыццё?
Багдан: Пачуццё спакою і свабоды, што я ўжо вырас і магу рабіць што я хачу, казаць што я хачу і паводзіцца так, як я хачу. Што я магу нікога не баяцца, нічога не хаваць. Цяпер я магу здымаць блог без нейкага страху і жыць без гэтага страху.
Дзяніс: У Беларусі ўсім затыкаюць рот, таму вельмі крута мець магчымасць гаварыць пра сябе, свае адносіны і паказваць, што ты не баішся.
«Была “мода на талерантнасць”»: як мяняецца асяроддзе

— Як вашая сэксуальная арыентацыя паўплывала на вашае жыццё і шлях кожнага з вас? Ці быў складаным працэс прыняцця сябе?
Дзяніс: Я сябе адразу прыняў, не хаваў ад сябе нічога. Я не хаваў і ад іншых, што было памылкай, таму што за гэтым ідзе булінг. Палову падлеткавых гадоў мне даводзілася суіснаваць з хэйтам. Аднойчы я даверыўся не тым людзям. Я тады яшчэ не разумеў, што шмат для каго гэта не норма. Я адкрываюся, людзі гэта распаўсюджваюць, а потым знаходзіцца яшчэ сотня людзей, для якіх гэта не норма. І па выніку я пакутую. Але гэты шлях выхаваў ува мне моцны характар.
У 16 гадоў, калі я ўладкаваўся на працу, я адразу расказаў калектыву, таму што не хацеў ні ад каго нічога ўтойваць, але, вядома, сутыкнуўся з булінгам, у тым ліку ад дарослых людзей.
Багдан: На мяне арыентацыя паўплывала такім чынам, што я разумеў неабходнасць эміграваць. Я пераехаў, і гэта быў даволі вялікі крок: не ўсім гэта дадзена, не ўсе маюць такую сілу волі, не ўсе могуць пакінуць свой дом і сваякоў. Я змог, таму што разумеў: у мяне няма выбару.
Працэс прыняцця сябе быў вельмі складаным, таму што ў мяне даволі гамафобная сям’я. Мне было складана і страшна, мяне атачалі людзі, якія транслявалі гамафобію і сваю нянавісць да такіх людзей, як я. Таму я стараўся пра гэта не гаварыць, стараўся быць «нармальным» паводле іх меркавання. Але праз нейкі час я змірыўся і зразумеў, што сябе не памяняць, што я такі, які ёсць.
— Як вы лічыце, ці стала грамадства больш інклюзіўным да ЛГБТК+?
Дзяніс: Праблем па-ранейшаму шмат, а можа, нават і больш, чым было. Раней, калі я сядзеў у тыктоку ў 2016 годзе, была, так бы мовіць, «мода на талерантнасць», і ўсе стараліся прымаць ЛГБТК+ і даваць адпор тым, хто не прымае. А цяпер нібыта пайшла мода на супрацьлеглае, і людзі, якія прымалі, робяцца гамафобнымі. У мяне вельмі шмат такіх знаёмых.
Багдан: Праблем усё яшчэ шмат, таму што дзяржава не дае нам быць самімі сабой, уводзіць новыя законы адносна «прапаганды». Такіх людзей, як мы, ловяць і саджаюць, так што праблемы ў нашай краіне толькі павялічваюцца.
— Якую параду вы далі б маладым людзям, якія цяпер баяцца прыняць сваю арыентацыю або адкрыцца навакольным?
Багдан: З’язджаць, калі вы знаходзіцеся ў небяспечнай краіне. У любой новай краіне можна стварыць сваё шчасце, так што не варта жыць у страху. Вывучайце сябе і спрабуйце сябе прыняць. А яшчэ — працуйце з псіхолагам, шукайце атачэнне, якое прымае, і не майце зносін з тымі, хто вас не разумее і не падтрымлівае.
Аўтарка: Martha K.



