Гісторыя Любы, якая мела досвед спажывання псіхаактыўных рэчаваў y Беларусі, а ў эміграцыі запусціла наркафем ініцыятыву

ІнклюзіяАсобы
Гісторыя Любы – выпускніцы факультэта філасофіі, якая мае досвед спажывання псіхаактыўных рэчываў і ладзіць беларускі наркафемінісцкі праект у вымушанай эміграцыі
4.7
(6)

Увага. Гэты выпуск не прапагандуе спажыванне чаго б то ні была. І, папярэджваем, у выпуску ўзгадваецца спажыванне псіхаактыўных рэчываў, аб’юзіўныя стасункі, сэксуалізаваны гвалт, «бэдтрыпы» і суіцыдальныя намеры. Калі ласка, будзьце акуратныя.

Гэта падкаст «Іншыя Гісторыі» з яго вядучай Дар’яй Гардзейчык. Слухаць падкаст на MaveCast.boxSpotifyYouTubeApple Podcasts.

«На сегодняшний день молодежь сталкиевается со множеством угроз и вызовов. В том числе, с продажей наркотиков через интернет-магазины»

Андрэй Кудрыцкі

У 2022 годзе, калі Гродзенскае Тэлебачанне здымала рэпартаж пра тое як «молодежь втягивают в распространение наркотиков», Андрэй Кудрыцкі быў кіраўніком аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянню таргоўлі людзьмі Крымінальнай міліцыі Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама.

«Для торговли наркотиками бесконтактным способом организаторам Интернет-магазинов необходима сеть распространителей так называемых “закладок”».

У гэтым рэпартажы — затрыманыя падлеткі з заблюранымі тварамі прызнаюцца, што разносілі закладкі з розными рэчывамі. Такога кшталту фільмы нам часта паказвалі ў актавай залі, калі я вучылася ў школе: збіралі ўсю школу пасля ўрокаў, уключалі такое кіно, а потым які-небудзь супрацоўнік міліцыі расказваў, што калі мы будзем распаўсюджваць ці ўжываць спайсы, амфетамін і ўсё астатняе, то нас чакае такі самы лёс, як гэтых няшчасных падлеткаў. 

А яшчэ нам паказвалі фільмы пра людзей, якія ўсё гэта спажывалі.

«Передозировка становится как обыденная вещь». 

«Ну, уже трава пошла у меня, мне стало интересно пробовать что-то другое. Кстати, тогда я соли попробовал». 

«Человеческая психика уже после приёма буквально нескольких доз требует еще».

На ўвесь экран нам дэманстравалі пакуты дыстрафічна худых хлопцаў з чорнымі рукамі і нагамі, якія ляжаць пад кропельніцай у інтэр’еры тыповага беларускага шпіталя. Або гэта былі відэа ў жудаснай якасці, якія здымалі на камеру кнопкавага тэлефона. Там былі маладыя людзі, якія ляжалі на зямлі каля пад’езда, выдавалі нейкія нечалавечыя гукі, і па актавай залі ад усяго гэтага жаху пракатваліся нэрвовыя смешкі. 

Што мы мусілі вынесці з такіх фільмаў? Не ведаю. 

Але мне, напрыклад, пачало падавацца, што ўсе людзі, якія толькі аднойчы паспрабавалі пакурыць штосьці акрамя тытуню, аўтаматычна становяцца залежнымі, губляюць свядомасць і чалавечы выгляд, пачынаюць красці грошы ў родных і рабаваць сталых жанчын у пад’ездах, і усё дзеля таго, каб набыць дозы. Жыццё іх потым скончыцца ў дэпрэсіўных інтэр’ерах пад кропельніцай або ў яшчэ больш дэпэрсіўных інтэр’ерах беларускай турмы. 

«Наркоманы столько не живут. Я в своей практике больше 45 и не встречал, а я работаю уже 26 лет». 

А потым я вырасла, і даведалася, што гэты алгарытм так не працуе. Дакладней, з кімсьці даволі рэдка, ён можа так і спрацаваць, але гэта абсалютна не абавязкова. 

Напрыклад, я даведалася, што адзін хлопчык з маёй школы вырошчваў каноплі, а потым разам з сябрамі весела курыў сушаныя лісты перад дыскатэкай. Ён ужо год дзесяць як сончыў школу і, наколькі я ведаю, жаніўся, працуе на нейкім прадпрыемстве і не мае аніякага дачынення з канабісам. 

Аднак я ведаю і хлопцаў, якія прадавалі спайс у мясцовым студэнцкім інтэрнаце. Іх асудзілі на вялізныя тэрміны. Праўда, ніхто з іх кліентаў і кліентак  быццам бы не стаў шукаць іншых шляхоў спажываць, а проста ўсе згубілі магчымасць купляуць той спайс і зажылі як і раней. 

А яшчэ ў маім жыцці была цёця Эла — дачка нашай суседкі. У цёці Элы быў вельмі мілы пяшчотны голас, і ўвогуле яна была вельмі добрая, любіла котак, а працавала ў хімічнай прамысловасці і часта прыязджала наведаць маці. А потым маці Элы памерла, і ўсе суседкі сталі заўважаць, што Эла стала нейкая дзіўная: па некалькі дзён ходзіць у адной і той жа бруднай вопратцы з бруднымі валасамі, а погляд у яе шкляны, быццам яна п’яная, але спіртам ад яе не пахла. Хутка папаўзлі чуткі, што цёця Эла спажывае нешта такое, за распаўсюд чаго ў Беларусі саджаюць на доўгія гады. Падаецца, потым яе звольнілі з працы, і яна больш не магла нікуды ўладкавацца.  Я была ўжо ў эміграцыі, калі даведалася, што цёця Эла памерла. Ёй было трошкі за 50. 

Калі я аналізавала гэтыя вельмі розныя гісторыі, то разумела, што яны не падобныя да той карцінкі, якую нам малявалі ў школе. Што дакладна, я ніколі не бачыла тых дыстрафічных маладых людзей пад кропельніцамі, якія скончваюць сваё жыццё пасля некалькіх год гераінавай залежнасці. Хаця я не выключаю, што яны існуюць і існавалі. 

Потым я даведалася, што ёсць такія людзі — наркаактывісты і наркаактывісткі. Яны імкнуцца змяніць стаўленне грамадства да людзей, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы. Менавіта для таго, каб за вобразам дыстрафічна худога хлопца, які цягае грошы ў бацькоў, а потым дажывае жыццё пад кропельніцай, не магчыма было прыхаваць рэальныя гісторыі рэальных людзей і наступствы жудаснай рэпрэсіўнай палітыкі датычна тых, каго абвінавацілі ў распаўсюдзе ці захоўванні псіхаактыўных рэчываў. 

Дарэчы, а што такое гэтыя псіхаактыўныя рэчывы? 

У шырокім сэнсе мы пад гэтым можам разумець усё, што змяняе псіха-эмацыйны стан чалавека. 

Гэта Люба. Яна квір-жачына, наркафеміністка і актывістка. Люба жыве ў Варшаве, вучыцца ва ўніверсітэце і займаецца, уласна, актывізмам. 

Гэта можа быць нават цукр. Некаторыя крыніцы адносяць такія рэчы, як цукр да псіхаактыўных рэчываў. Але калі мы ў нейкай грамадскай дыскусіі кажам пра псіхаактыўныя рэчывы – гэта тое, што “ў народзе” называецца наркотыкамі. Толькі трэба сюды яшчэ далічыць алкаголь і нікатын. Мы іх, канешне, не лічым наркотыкамі, але гэта іншае пытанне, чаму мы гэтага не робім, і чаму людзі, якія бухаюць кожны дзень, кураць па тры пачкі, глядзяць неяк дзіўна на людзей, якія пакурылі марыхуану і кажуць: “наркаманы, а ў нашы часы такога не было!”. 

Але чаму ўсё ж такі мы кажам “псіхаактыўныя рэчывы”, а не ўжываем народны тэрмін “наркотык”?

Таму шта па-першае, гэты стыгматызаваны тэрмін, і людзі часта называюць наркаманамі людзей, калі хочуць іх абразіць, прынізіць, аднесці да нейкай “маргіналізаванай сацыяльнай групы”. Па-другое, з пункту гледжання СААЗ (Сусветная арганізацыя аховы здароўя), наркотык — гэта апіёйд. Тое, што ў ангельскай называецца “narcotic” — той самы эфект, супакаення, адцягнення ад болі і праблемаў гэтага свету. З пункту гледжання медычных арганізацый, марыхуана і амфетамін не з’яўляюцца наркотыкамі. І, паколькі мы працуем і заклікаем працаваць у падыходзе зніжэння шкоды, мы хочам карыстацца такімі больш папраўнымі тэрмінамі. 

Падыход зніжэння шкоды

Падыход зніжэння шкоды — гэта такі агульны наркападыход, які з’яўляецца, напэўна, альтэрнатывай класічнаму падыходу. Як класічна ставяцца да праблемы спажывання рэчываў? Кажуць, што гэта вельмі дрэнна, гэта абавязкова залежнасць, гэта разбурае тваю асабістасць, жыццё і здароўе. Адзіны шлях, што з гэтым можна рабіць, – гэта кідаць проста тут і зараз, больш ніколі да гэтага не падыходзіць нават блізка. І сыйсці ў нейкую медычную групу, карыстацца медыкаментамі, хадзіць у “Дванаццаць крокаў”…

“Дваннацаць крокаў” — гэта праграма рэабілітацыі для людзей з рознымі залежнасцямі. Шмат якія псіхіятры і псіхіятаркі па ўсім свеце лічаць яе эфектыўнай і выкарыстоўваюць у працы з пацыентамі і пацыенткамі, якія маюць нейкую залежнасць. 

У нас карысць такога падыхода яшчэ не зраузумелі, хаця ў нас былі праграмы па зніжэнню шкоды. Зніжэнне шкоды — гэта падыход, які спрабуе канцэнтравацца ў першую чаргу на людзях. А людзі могуць быць вельмі рознымі: не ўсе гэтыя людзі хочуць і могуць адразу спыніць спажыванне. Гэты падыход канцэнтруецца на тым, каб чалавеку станавілася лягчэй у незалежнасці ад таго, што адбываецца ў яго жыцці. То бок, мы не заклікаем людзей кінуць, азнаёміцца з тым, як усё дрэнна будзе, калі будзеш спажываць. Мы інфармуем, як розныя рэчывы ўздзейнічаюць на чалавека. Як можна (ці не можна) мяшаць розныя рэчывы, і ўсе гэтыя дробязі, звязаныя з тым, каб спажыванне, калі яно ёсць, было больш бяспечным. А калі чалавек прыняў рашэнне яго кінуць, каб гэта таксама быў нейкі шлях не ў сцяну, а ў нейкую светлую будучыню

Люба сама мае досвед спажывання псіхаактыўных рэчываў. І ведаце, псіхіятры-нарколагі ці псіхіятаркі-наркалагіні, калі працуюць з людзьмі з досведам спажывання, запытваюцца пацыента ці пацыентку пра іх сям’ю. Лічыцца, напрыклад, што асобы, якія выраслі ў сем’ях людзей з залежнасцямі, маюць больш шанцаў таксама захварэць на залежнасць. І што людзі з няпоўных сем’яў больш схільныя да таго, каб пачаць спажываць нешта, ад чаго потым узнікне залежнасць. 

У Любы была інтэлігентная мінская сям’я. Бацька Любы быў ад пачатку незалежным журналістам, а потым заняўся бізнэсам. Маці — была выкладчыцай гісторыі па адукацыі, але, калі Люба нарадзілася, вяла хатнюю гаспадарку. Калі Люба ўжо пайшла ў школу, бацькі развяліся, а мама ўладкавалася на працу акурат настаўніцай гісторыі. Аднак гэта зноў жа не той выпадак, калі дзяўчыну перасталі кантраляваць, бо сыйшоў бацька, і яна адразу звязалася з дурной кампаніяй. Не, хутчэй наадварот.

Я не пачала бухаць у 13 год. Я ў прынцыпе была такой добрай прыкладовай дзяўчынкай, прыкладовай вучаніцай. Я слухалася маму, і ў нас у прынцыпе быў добры кантакт. Яна мне не забараняла захапляцца рок-музыкай ці вешаць плакаты. Пры гэтым мяне не асабліва цягнула да нейкіх такіх “маргінальных” заняткаў, у мяне не было аніякай дрэннай кампаніі: у мяне доўгі час увогуле не было аніякай кампаніі. Я сядзела дома, чытала Урсулу Легуін, слухала рок, глядзела анімэ.

І канешне ў Любы як у любой беларускай школьніцы рэгулярна былі такія самыя лекцыі пра шкоду спажывання псіхаактыўных рэчываў, як і ў мяне ў свой час амаль кожны тыдзень.

Я з’яўляюся светным прыкладам таго, што гэта не працуе, бо ў нас, на шчасце, не паказвалі такіх фільмаў кожны тыдзень, але ў мяне ёсць траўма сапраўдная, звязаная акурат з такім фільмам. Я была класе ў пятым, то бок я была  маленькай дзяўчынкай, калі нам прыйшлі паказваць фільм пра гераінавую залежнасць. Там быў нейкі падвал, нейкія шпрыцы, якія ўтыкаліся ў шыю падлеткаў, і потым гэтыя падлеткі паміралі ў гэтых падвалах. І мне снілася гэта потым даволі доўгі час у кашмарах. Але я ўсё адно прыйшла да спажывання рэчываў і атрымала нейкі свой досвед з гэтым звязаны. 

І так першы раз кантраляваныя рэчавы Люба пакаштавала год у 16.

Гэта было прыблізна ў мае 15-16 год, я была вельмі захопленая такой альтэрнатыўнай культурай. Заўсёды мне хацелася ўспрымаць гэтае жыццё праз мастацкую прызму, праз нейкія нетыповыя падыходы. Я пачала чытаць Кастанэду, бітнікаў. Стасавалася з людзьмі, якія таксама былі захопленымі эзатэрычнымі тэмамі. Я ніколі не была моцна веруючай, але мне было заўсёды цікава, што ёсць нейкі тып досведу, недасяжны і забаронены. А я падлетка. Мне хочацца спрабаваць нешта забароненае. І я ў пэўны момант вырашыла, што гэта мой шлях, бо я не змагу жыць, не ведаючы, як яно. У гэтым мая гісторыя не тыповая: я пачала не з марыхуяны за домам, а з салей. Не тое, каб я неяк свядома абірала спайсы, мне проста хацелася пакаштаваць нешта менавіта псіхадэлічнае, і ў мяне не было сувязяў з людзьмі, якія б былі ў гэтым “прашараныя”. Гэта была кампанія людзей прыблізна майго ўзроста, якія сказалі: “калі хочаш стаць псіханаўтам, то вось табе спайс”. А гэта былі яшчэ тыя часы, калі спайсы прадаваліся ў такіх зіп-локах з намаляваным вочкам, і гэта ўсё асэнсоўвалася як позірк у нешта недасяжнае… І гэта быў бэд-трып, гэта было вельмі дрэнна, я нікому не раю каштаваць гэтыя рэчывы. 

Бэд трып — то бок «дрэннае падарожжа» — гэта такі стан псіхікі, які можа ўзнікаць праз прыём пэўных псіхаактыўных рэчываў. Ёсць яшчэ сінанімічны слэнгавы выраз “злавіць ізмену”. У такім стане ў людзей часта пачынаецца моцная паніка, ім можа падавацца, што яны “сыходзяць з розуму”, што б гэта не значыла, або што яны паміраюць. У некаторых могуць нават пачацца галюцынацыі. Яшчэ змяняецца пачуццё часу: секунды падаюцца гадзінамі. Мая знаёмая, якая гэта перажывала, казала, што гэта як панічная атака, толькі падаецца, што яна ніколі ў жыцці не скончыцца. 

Я спачуваю ўсім, хто ў “дзясятыя” гады каштавоў гэтыя рэчывы. Спайсы былі значна папулярнымі ў тым ліку з-за таго, што яны не былі неяк нармаванымі. У іх формуле было вельмі лёгка замяніць нейкі элемент, каб тэхнічна гэта была іншая формула, і ўжо як бы легальна іх можна было прадаваць. Ты ніколі не ведаў, што з табой мусіць здарыцца ад кожнага канкрэтнага спайсу. Часам, гэта можа быць эфект набліжаны да “травы”: ты будзеш сядзець, “заліпаць” на траўку, табе будзе цёпленька, добранька і весела. Іншы раз можа быць, што ты гэта ўдыхнеш і праз дзве хвіліны будзеш паўзці пад лаўкай, мычаць як карова і ванітаваць. 

Памятаеце, Люба расказвала, што хацела паспрабаваць нешта для пашырэння свядомасці, бо яе прыцягваў нейкі загадкавы іншы свет. Ці наблізілася ў выніку да сваёй мэты?

А  тут уступае ў гульню рэлігійная траўма, бо мая маці была веруючая, таму я доўгі час хадзіла ў касцёл, наведвала нядзельную школу. Зразумела, што ў мяне была рэлігійная траўма наконт граху, наконт здрады Богу і ўсяго такога. Першая мая такая спроба скончылася бэд-трыпам, бо мяне паглынула пачуццё віны перад мамай, перад Богам. І мне здавалася, што я трапіла ў пекла, дзе мяне бясконца караюць, і вось я малю Бога, каб ён мяне прабачыў. Па ўнутраным гадзінніку гэта цягнулася, напэўна, тры вечнасці, па рэальным – хвілін пяць. 

Хаця Люба, як яна сама кажа, па адчуваннях пабывала на экскурсіі ў пекле, пасля гэтага выпадку яна працягнула спажываць. 

Я працягнула, не магу сказаць, што гэта было неяк сістэмна,  маўляў, з гэтага моманту рэгулярна нешта ўжывала. Я прызнаюся, што яшчэ некалькі разоў ужывала спайсы. Тут нават такі сацыяльны момант: мне хацелася далей тусавацца з гэтымі прыкольнымі людзьмі, якія былі ў гэта “псіханаўтынчай” кампаніі і, калі яны прапанавалі нешта, я магла на нешта згадзіцца. Але ўжо не было такога трэшу: я ўжо ведала, што можа быць вельмі дрэнна. І калі я згаджалася, то згаджалася толькі на “па чуць-чуць”, і ўжо не заўсёды было прыкольна, але некалькі разоў было нармальна. Потым даволі доўгі час я ўвогуле нічога не спажывала: мне не хацелася, нават не праз траўму, проста… спайсы могуць фармаваць залежнасць, але не з некалькіх спробаў такога спарадычнага спажывання. Таму ў мяне не было залежнасці, у мяне не было, дзе дастаць, бо гэта не было проста ў Беларусі аніколі, нават тады, калі гэта не было яшчэ так жорстка, як зараз. Недзе да першага-другога курса ўніверу я нічога не спажывала. 

Прычым Люба праз свае цікавасці да спазнання паступіла на спецыяльнасць «Філасофія» у БДУ. 

Ну «адхада» мацнейшыя ад БДУ, бо калі ты вучышся на бюджэце, яны ў цябе потым два гады доўжацца. Ні ад аднога рэчыва такіх доўгіх «адхадоў» не бывае. 

У наступны раз Люба паспрабавала іншыя псіхаактыўныя рэчывы ўжо не ў кампаніі аматараў эзатэрыкі, а ў іншай тусоўцы.

Я доўгі час гуляла ў «Што? Дзе? Калі?». Чалавек, які нават знаходзіцца ў спажыванні рэчываў, можа весці абсалютна нармальнае сацыяльнае жыццё, абсалютна нармальнае навуковае жыццё. Ён не абавязаны вам выглядаць як маргінал — гэта могуць быць самыя розныя людзі. У мяне там склалася таксама кампанія людзей. Там быў хлопец, які пачаў зарабляць на покеры вельмі вялікія грошы. І вось ён вырашыў каштаваць розныя рэчывы, але рабіць гэта не ў самоце, а з прышпільнымі хлопцамі і дзяўчынкамі, якіх ён добра ведаў. Ён накупіў усяго. У яго была такая скрынка ў лядоўцы. Ён проста клікаў: «го на «фен», го на «2C-B»». Фен — гэта амфетамін. Чысты стымулятар, чым у вельмі разведзенай форме лекуюць СДУГ. 

«2C-B»— гэта ніяк не расшыфроўваецца, гэта “кіслата”, у якой псіхадэлічны і эмпатычны эфект. То бок, ты такі ў кіслотным трыпе, але табе хочацца быць з людзьмі і абдымацца. 

«Меф» — гэта мефедрон, тое, што называць сабачым кайфам. Вельмі моцны эмпатыка-эйфарычны эфект. 

Яшчэ мы з гэтай кампаніяй пакаштавалі ЛСД. Цікава, нам яго сябры ў цягніку з Берліна правозілі ў нейкай сметніцы.

 Ля году цягнуўся гэты час такога несістэматычнага, але рэгулярнага спажывання з гэтай тусоўкай. Чаму я кінула ў той момант? Я нават не ведаю да канца, як гэта для сябе растлумачыць, але ў мяне ёсць тэорыя. Маё ўлюбёнае рэчыва — гэта, як я казала, уласна амфетамін. Гэта стымулятар без дадатковых нейкіх эмпатыка- эфектаў, то бок у цябе можа скакнуць адрэналін, дафамін, ты будзеш больш радосная, але гэта не звязана непасрэдна з эфектам рэчыва. Гэта звязаны з тым, што ён стымулюе вырабатку адрэналіна, і гэта можа ўплываць на настрой. І я яго доўга карыстала, у нейкі момант я перастала рабіць гэта для рэкрэацыі, то бок каб паразмаўляць на тусоўках, не спаць некалькі содняў. Я пачала яго “мікрадозіць”: я мела грам ці два дома на руках, я патрошку мікрадозіла, пісала навуковыя працы для ўнівера, слухала музыку, глядзела фільмы. І гэта была ў такіх невялікіх дозах, што я нават спаць потым клалася. Канешне, я спала не шмат у той перыяд, не вельмі добра, але не настолькі гэта было жорстка, каб я не магла спаць. Калі гэта нейкая тусоўка, і ў цябе няма “толеру”, то гэта можа быць два грамы на адзін нос. І гэта шмат. І гэта ўсё адно ўплывае на фізічны стан, нават, калі цябе не “торкае” так моцна. А калі ты можаш спаць, то гэта вельмі малыя дозы. 

Некаторы час Люба працягвала “тусавацца” з гэтай кампаніяй, дзе можна было пакаштаваць разнастайныя рэчывы. Тут я б адзначыла слова «толер» і выраз «два грамы на адзін нос». «Толер» — то бок талерантнасць — гэта такая асаблівасць арганізму, што ён з часам спажываання прыстасоўваецца да рэгулярнага прыёму прэпарата. Таму патрэбная ўсё большая доза, каб дасягнуць жаданага эфекту. 

А яшчэ мне спадабаўся выраз «два грамы на адзін нос». 

Гэта не тое, каб спецыфічны жаргон, гэта проста літаральнае апісанне сітуацыі, бо найчасцейшай амфетамін ужываецца ў так званых «дарогах»: ён нюхаецца, то і пакутуе ў першую чаргу твой нос. 

Гучыць гэта ўсё так, быццам Любе было даволі проста адмовіцца ад псіхаактыўных рэчываў, проста ў нейкі момант ёй гэта як быццам самой надаела. Таму я задаюся пытаннем, як яна ацэньвае, ці пачало ў яе выпрацоўвацца нешта кшталту залежнасці ў той перыяд.

Гэта насамрэч складанае пытанне, бо чалавеку самому даволі цяжка адказаць, ці ёсць у яго залежнасць. Прытым,  гэта асобным чынам цяжка, калі ты ўжо не ў спажыванні. Я думаю, што ў мяне дакладна сфармавалася эмацыйная залежнасць. Я думаю, што яна ўсё яшчэ ў мяне ёсць. Але я б не казала аб гэтым, як аб чымсьці вельмі страшным. Заўсёды ёсць такія аўтаматычныя думкі, калі нам неяк дрэнна ці сумна, ці наадварот вельмі класна, і мы адразу думаем: зараз бы яшчэ сырок з’есці, і было б агулам заябісь. І гэта прыблізна тое ж самае: часам мяне даганяюць такія думкі, што зараз нейкі такі стан, у якім, я ведаю, што калі б я “прыняла” з чалавекам, у якога я закахалася, то было б больш заябісь. Я б проста не ўспрымала гэта  як нейкую вельмі дрэнную рэч. Гэта тое, што называюць цягай, яна ёсць у людзей, якія даволі доўгі перыяд спажывалі, але гэта не заўсёды нешта такое, што немагчыма пабароць. Гэта проста яшчэ адна рыса тваёй асабістасці, што хтосьці ў такія моманты спецыфічныя думае пра каву, пра сэкс, а ты думаеш аб спажыванні. Я перастала, калі я перайшла на такое сола-спажыванне. У мяне проста ў нейкі момант выпрацаваўся “толер”, і тут некалькі фактараў. Па-першае, у мяне не было грошаў, каб увесь час падвышаць дозу, па-другое, мне проста стала не прыкольна. Я казала, што, напрыклад, табе хочацца нейкага эфекту. Табе раней трэба было 0,1 грама рэчыва, зараз — 0,5. Эйфарыя ці канцэнтрацыя — тая ж самая, але твайму целу будзе значна горш ад 0,5. Напрыклад, зубы пачнуць шкрыпець, суставы пачнуць балець. І мне гэта неяк было ўжо не прышпільна… Я нават скажу так: я вырашыла прыпыніцца, я ніколі ў жыцці дагэтуль не прымала рашэнне спыніць спажыванне канчаткова, але ў той момант, я вырашыла менавіта прыпыніць спажыванне. І мне, па праўдзе, гэта так лёгка далося. Я зрабіла гэта ў адзін дзень: набыла тое, што было, і доўгі час гэтага не рабіла. Доўгі час – каля году, ці кшталту таго.

Тут як трывожная асоба, якая да таго ж вырасла ў рэпрэсіўнай беларускай дзяржаве, я дзіўлюся, што Люба не баялася проста захоўваць тыя рэчывы дома. Хаця за гэта крымінальная адказнасць. Прынамсі, у яе не было апасенняў, што бацькі могуць штосьці знайсці, аб нечым даведацца, бо яна ўжо жыла асобна ад маці. Але няўжо ў іх кампаніі не здаралася нейкіх гучных затрыманняў, і не было такога страху, што нейкі прыяцель раскажа сілавікам, што Люба між іншым таксама спажывае, у яе таксама штосьці можа быць у хаце. 

Гэта вось былі 2015-2016, калі адбывалася гэтая хваля затрыманняў, адбывалася пагаршэнне наркапалітыкі нашай улады, і большасць знакамітых спраў па затрыманні людзей з рэчывамі ў Мінску, атрымалася менавіта з тымі, каго я ведала. Можа не ўсіх асабіста, але праз адну руку прынамсі. Мы проста гэта так не ўспрымалі. Па-першае, мне было 19, я была дурнейшая, чым зараз, і не пужаная. Здавалася, што мы ўсё гэта неяк прыхавана робім, што мы малайцы, мы трымаем твар, і ўсё будзе ў парадку. Зараз я трошкі ахуеваю, калі ўспамінаю, як несла ў кішэні пакецік рэчываў проста ў метро, побач з «апоркай», штосьці праносіла. І не тое, каб я не думала, што можа здарыцца нешта дрэннае. Я проста была ўпэўнена, што са мной нічога не здарыцца.

І так яшчэ адзін стэрэатып з майго дзяцінства аб тым, што беларускія сілавікі, якія ўсё ведаюць і ўсё бачаць, быў разламаны. У Любы за час спажывання ні разу не было праблем з міліцыяй. Потым, як мы памятаем, яна год  увогуле не спажывала аніякіх кантраляваных рэчываў, а што ж здараецца праз год?..

Ой, здараецца вельмі дрэнная рэч: я выходжу замуж. І гэта насамрэч дрэнная гісторыя — пра аб’юзіўныя адносіны з нарцысам, стэрэатыповым як з кніжак. І гэта таксама чалавек з досведам спажывання. Нават з досведам продажу. І гэта быў вельмі цёмны перыяд майго жыцця, дзе мне выебалі мозг, трошкі зламалі псіхіку, дзе таксама адбывалася сумеснае спажыванне. І гэта не было весела, бо калі чалавек апрыёры цябе шантажуе, пагражае, ламае тваю псіхіку і спрабуе праманіпуляваць табой, то гэта можа вельмі моцна паўплываць, калі гэта робіцца пад нейкімі рэчывамі, калі твой стан псіхічны больш падатлівы, нейкі гнуткі. Я думаю, гэта на мяне вельмі моцна паўплывала. У тым ліку таму, што адбывалася сумеснае спажыванне. Не ўпэўнена, што гэта заўсёды быў менавіта мефедрон, бо ён тады не быў такі супер-папулярны ў Беларусі. 

Як мы разумеем,  аб’юзіўныя стасункі — гэта само па сабе жах , а на Любу яе партнёр псіхалагічна ціснуў, калі яна была ў такім уразлівым стане. Тое, якой моцы гэта быў ціск на псіхіку, цяжка нават уявіць.

Я таксама не ўяўляю, як гэта я вывезла. Зноў пашчасціла, што я такі чалавек эгаістычны. Напэўна, у добрым для мяне сэнсе, я заўсёды была трошкі зацыкленая на сваім ўнутраным сусвеце, мне было важна, што я перажываю, мне была важна мая творчасць і было важна неяк праяўляцца ў свеце. Таму я вельмі-вельмі моцна супрацьстаяла спробам абмежаваць маю асабістасць і маё жыццё. Чалавек спрабуе выкрэсліць тваіх сяброў і хобі з твайго жыцця, каб ты больш ні з кім не стасавалася, каб сядзела толькі з ім. У кожнага чалавека ёсць нарцысічныя рысы, кожнаму чалавеку трэба ў некаторай ступені нарцысічна праяўляцца. Камусьці больш, камусьці менш. Мне трэба вельмі. Я ішла напаваду, але занадта павольна, і чалавек ужо сам пачаў псіхаваць. Я думаю, ён сам у канцы прыйшоў да высновы, што ад мяне можа лепей адмовіцца, знайшоў сабе шаснаццацігадовую дзяўчынку, якая згадзілася вельмі хутка кінуць сям’ю, пераехаць у іншы горад і гэтак далей. Спачуваю дзяўчынцы, спадзяюся, у яе ўсё ў парадку. 

Люба зразумела, што не гатова адмаўляцца ад свайго жыцця. Да таго ж яе сябры і сяброўкі падтрымлівалі выбар Любы: у дзень, калі яна сыйшла нават зрабілі невялічкае свята. І хаця, як гэта часта бывае ў аб’юзіўных стасунках, яна адчувала вельмі шмат віны да свайго партнёра, думала нават, што яна здраджвае яму са сваімі хобі, Люба выйшла з гэтых стасункаў. І разам з тым, выйшла з сумеснага спажывання мефедрону. 

Ну, па-першае, у нас з ім не было частага спажывання. На шчасце, у нас не было грошаў. Хаця, каб грошы былі, ведаючы гэтага чалавека, гледзячы з вышыні досведу, я думаю, мы бы часта спажывалі. Мне не было цяжка адмаўляцца, я ўвогуле не думала пра рэчывы ў той перыяд. Я ніколі ў жыцці не спажывала анічога ад нейкай скрухі і смутку. Я хацела заўсёды «ўштырыцца», «разагнацца», «падняцца». Я проста вельмі смутная дзяўчынка па жыцці, я не хачу, каб мне станавілася яшчэ смутней.

І тут успамінаю сваю размову з адной псіхатэрапеўткай, якая працавала ў аддзяленні рэабілітацыі для людзей з залежнасцямі. Па яе назіраннях людзі даволі часта прыходзяць да спажывання ці алкаголю, ці іншых псіхаактыўных рэчываў, таму што ім проста падабаецца гэты стан, гэта проста весела. Але ёсць і тыя пацыенты і пацыенткі, якія спажываюць рэчывы, каб неяк даць рады з сумам, нудотай, сорамам ці іншымі эмоцыямі, з якімі чалавек не ведае, як даць рады па-іншаму. Я гэта метафарычна называю затыканнем эмацыйнай дзіркі ў душы. 

Магчыма, любое больш-менш сістэматычнае спажыванне можа быць у нейкім сэнсе спробай заткнуць гэтую дзірку, але ў кожнага дзірка свая. Я таксама думаю, што да мяне ў нейкія моманты жыцця да спажывання прыводзіла мая ўласная дзірка, але гэта дзірка — дзірка самарэалізацыі і самаацэнкі. То бок, мне падабалася, што я магу прыняць сваё цела, любавацца сабой, адчуваць сябе сэксуальна, танчыць і не тое, каб я гэтага ніколі не магла рабіць у іншыя часы. Але мне заўсёды гэта было складана. Мне і зараз гэта складана, просто я з гэтым працую.

А зараз будзе момант, які, канешне, не трэба ўспрымаць як заклік да спажывання, як прапаганду чагосьці. Давайце паглядзім на тое, над чым раздумвае Люба, як на адну з навуковых медычных гіпотэз. 

Я веру ў псіхатэрапію, у сэнсе, драг-тэрапію. Я упэўненая, што гэта варта даследаваць, што мы забываемся, што вось гэтыя забароненыя рэчывы — гэта ўсё яшчэ хімія, якая можа ўплываць на мозг, і не можа быць адназначна дрэннага ўплыву. Гэта могуць быць спецыфічныя эфекты, якія мы можам выкарыстоўваць па-рознаму. Я думаю, што чалавецтва губляе вельмі шмат вось гэтай агульнай заабаронай, бо ёсць не проста тэорыя, ёсць доказы, што розныя рэчывы могуць вельмі-вельмі эфектыўна дапамагаць ад гэтых разладаў і захворванняў. Ёсць псіхадэлічная тэрапія, я на жаль не вельмі добра памятаю лічбы, але я была на лекцыі, дзе была жанчына з Украіны, якая працуе над рэабілітацыяй мужчынаў, якія павярнуліся з фронту. Яны там зараз выбіваюць на ўласна псіхадэлічную тэрапію. Ім дазволілі праводзіць даследаванні на людзях у перадсуіцыдальным стане, то бок людзі, на якіх ужо нічога не спрацавала, яны гатовыя забіць сябе проста зараз, і там эфектыўнасць была нешта каля 80 адсоткаў. То бок 8 чалавек з 10 выказалі значнае паляпшэнне свайго стану пасля гэтай псіхадэлічнай тэрапіі. Там грыбы былі. Пад назіраннем. То бок 80% людзей перастаюць хацець забіць сябе нават пасля аднаго сэансу тэрапіі пад назіраннем. На гэтай сэсіі абавязкова прысутнічаюць медычныя супрацоўнікі і куратары, якіх спецыяльным чынам рыхтуюць . Рыхтуюць і самога чалавека, яму расказваюць, што з ім будзе адбывацца. Усё адбываецца ў сяброўскай атмасферы. Іншая тэрапія — гэта МДМА для людзей з трывожным разладам. Яна таксама афігенна працуе. Калі ў цябе трывожны разлад, аўтаматычныя трывожныя думкі, і табе трэба выбудаваць новый нейронныя сувязі накшталт «я зараз не знаходжуся ў нейкай сітуацыі, а звыкла трывожуся аб чымсьці, але зараз я паспрабую зрабіць інакш, і нічога не здарылася, ніхто не памёр, усё скончылася добра». Гэта гучыць вельмі проста, але гэта абсалютна не проста зрабіць самой. Гэта можна зрабіць у псіхатэрапіі, і гэта вельмі складана і цяжка, а гэта можна рабіць з дапамогай МДМА. Калі ў людзей праблемы з самаадзнакай, яны не пачуваюцца камфортна ў сабе, яны сабе не падабаюцца, ім здаецца, што яны не падабаюцца нікому іншаму, то ўжыванне эйфарэтыкаў пад назіраннем працуе. Я не заклікаю самалекавацца, але ёсць шмат досведаў людзей, якія рабілі гэта самі, і кажуць, што ім гэта дапамагло. І я ў ліку тых людзей, каму гэта дапамагло. Ты можаш ужываць гэтыя эйфарэтыкі, пад іх патагенамі, ты будзеш адчуваць сябе вельмі эмпатычнай, вельмі адкрытай сусвету, ты будзеш адчуваць, што ўсе любяць цябе, ты любіш усіх, тваё цела самае цудоўнае, як і цела таго, хто побач. Цікава, што людзі рэдка займаюцца сэксам пад эйфарэтыкамі, бо гэта немагчыма, але амаль заўсёды распранаюцца, бо скідваецца гэты бар’ерняёмкасці са сваім целам. Гэта фармуе сувязь, што тваё цела могуць абажаць, што ты не нейкая нязграбная. І ты таксама потым ужо без спажывання можаш у думках вятрацца да таго пачуцця, бо ты яго запамінаеш. Гэтую нейронную сувязь можна крывёю і потам будаваць на тэрапіі, а можна за некалькі сэсій спажывання пэўнага рэчыва. 

Тут я магу толькі падзяліцца, што я са сваім Генералізаваным Трывожным разладам лекавалася з дапамогай кагнітыўна-паводзінавай тэрапіі і антыдэпрэсантаў. Гэта дапамагае. Не за адзін раз, але з кожным тыднем становіцца ўсё лягчэй дакладна. 

Не заклікаю людзей пачаць неяк актыўна спажываць, я ўвогуле не заклікаю ані кінуць, ані пачаць. Проста кажу, што ёсць мойная стыгма ў грамадстве і капіталістычных палітык (бо для тых, хто зарабляе на алкаголі, не карысна пускаць на рынак МДМА ці яшчэ нешта), і праз гэта губляецца магчымасць дапамагчы вялікай колькасці людзей. Гэта магло б быць слушнай медычнай справай. 

Зразумела, усе гэтыя веды і погляды Люба набыла не ў адзін момант. Мы з вамі спыніліся на тым, дзе яна сыходзіць ад мужа і прыпыняе спажываць мефедрон. У той момант яна яшчэ не займаецца аніякім наркаактывізмам. Як жа Люба да гэтага прыйшла ў выніку?

З аднаго боку даволі рандомна, з іншага боку — зусім не рандомна. Я насамрэч актывізмам як актывісцкай працай занялася толькі ў 2022 годзе, я да гэтага працавала ў офісе на фултайме на менеджарскай пазіцыі. Я выпалілася, сыйшла і планавала некаторы час не працаваць, але мне хацелася штосьці рабіць. У мяне былі знаёмыя, якія ўжо займаліся актывізмам. Я запыталася, каму трэба дапамога. Мне далі кантакты… Першапачаткова прыйшла ў квір-ініцыятыву і дапамагала арганізоўваць фестываль як тэхнічная менеджарка. Там мы шмат размаўлялі з каляжанкай, якая потым стала сузаснавальніцай нашай наркафемініцыятывы. Мы абмяркоўвалі фемінізм, досвед спажывання і пачалі натыкацца на такія вострыя вуглы, што жаночае спажыванне не асвятляецца амаль ніяк у беларускім актывізме. У жанчын, якія знаходзяцца ў спажыванні, ёсць даволі спецыфічныя праблемы, пра якія ніхто не кажа, нават паміж сабой дзяўчынкі часта саромяцца гэта абмяркоўваць праз стыгму, самастыгму і пачуццё віны. Цікава, мы зараз ладзім групы падтрымкі для жанчын з досведам спажывання, і мы прыйшлі да высновы, што стыгматызацыя з большага паходзіла на мужчын унутры супольнасці. Маўляў, «мы ўсе спажываем, а ты не». Ці «а чаму такая маленькая доза, ты што, баішся?». Часцей за ўсё на жанчын, якія знаходзяцца ў сітуацыі спажывання, ціснуць мужчыны, якія знаходзяцца побач. Канешне, ёсць там праблемы з цыклам, але ніхто не размаўляе, як даць з гэтым радам, бо да гінекалагіні ў Беларусі з гэтым не пойдзеш. Ёсць праблемы з рэпрадуктыўнымі правамі: калі стане вядома, што жанчына нешта спажывае ці нават спажывала, у яе могуць забраць дзяцей. Аднак стыгматызацыя часта сыходзіць ад людзей, якія знаходзяцца з табой у адным полі.

І тут я ўспомніла гісторыі сваіх знаёмых (знаёмых мужчын) якія доўгі час знаходзяцца ці знаходзіліся ў сістэмны спажыванні алкаголю. Побач з імі амаль заўсёды былі нейкія жанчыны (партнёркі, маці, дочкі, сёстры), якія іх падтрымлівалі, лячылі, клапаціліся. Пры гэтым жанчыны часта застаюцца сам на сам у сваім спажыванні. Бываюць выключэнні, канешне, але як часта мы іх бачым?

Дарэчы, частая гісторыя, калі жанчына заходзіць у спажыванне, таму шта яе партнёр спажывае. Можа, таму, што яна хоча зблізіцца ці падтрымаць яго. Гэта можа быць нейкі ціск, што партнёр не хоча ці не можа займацца сэксам без рэчываў. Неяк на яе цісне, маўляў, каб яны разам былі ў гэтым кайфе. Ну і зразумела, што сэксуальны гвалт рознага роду — гэта вельмі страшная і распаўсюджаная праблема. Людзі схільныя ўступаць у сэксуальныя сувязі пад уплывам чаго заўгодна, калі яны аказваюцца ў адным пакоі і падабаюцца адно аднаму. Трэба разумець, што гэта зменены стан свядомасці, і не заўсёды чалавек можа адказаць, ці хоча ён сэксу. Не кажучы ўжо пра тое, што чалавека ў такім стане лягчэй «прагнуць» на штосьці, і я лічу, што калі цябе «прагнулі» — гэта таксама гвалт. І, на жаль, большасць жанчын гэта таксама перажывалі ў той ці іншай форме. 

Як бачым, жанчыны, якія маюць досвед спажывання псіхаактыўных рэчываў маюць вялізную колькасць разнастайных спецыфічных праблем. Таму наркафемініцыятыве тэарытычна можна заняцца шмат якімі вузкімі напрамкамі дзейнасці. Але я хачу даведацца ў Любы, як менавіта яна сама бачыць сваю місію, чаго б яна хацела ў ідэале дасягнуць. 

Я хачу дэстыгматызаваць усю гэтую гісторыю для жанчын, я хачу дапамагаць жанчынам. Я суперфемка, і я хачу, каб жанчынам было трошкі лепей. Я наркаактывістка, і мяне вельмі крыўдзіць і бянтэжыць тое, колькі дагэтуль у нас ёсць стыгмы. Дарэчы, гэта цікава, што некаторыя кажуць: «у 16 год гэта яшчэ нармальна, а ў 30 год — гэта ўжо дзіўна». Я б падсумавала, што ў мяне ёсць практычная і тэрытычная часткі місіі. Практычная — я хачу зрабіць свет для жанчын цалкам і для жанчын з досведам спажывання трошкі лепш, а тэарытычная — я б хацела адвакаваць за змену наркапалітыкі ў Беларусі будучыні, бо ў нас, відавочна, будуць з гэтым вялікія праблемы, нават калі прыйдзе дэмакратыя. 

Але дэмакратыя ў Беларусі ўсё яшчэ не здарылася, і актывістам і актывісткам даводзіцца ўвесь гэты час прасоўваць інтарэсы людзей з досведам спажывання ў аўтарытарнай краіне. Як выглядаў наркаактывісці рух у Беларусі апошнія гады, то бок якраз, калі Люба пачала займацца наркаактывізмам?

Калі мы кажам пра наркаактывістаў Беларусі, мы ў першую чаргу кажам пра легалайз Беларусь. Я з імі «тусавалася», але выключна ў сэнсе «тусавалася», але ніколі не ўдзельнічала ў дзейнасці. Толькі ў мінулым годзе з’ездзіла на іх школу наркаактывізма. Але агулам я магу сказаць, што да 2020 года ўлада прыкрывала вочы на любы актывізм, пакуль ён не станавіўся палітычным рухам. 15 чалавек, якія малююць дзіўныя плакаты «За легалайз» — ну няхай сабе, толькі бы ў палітыку не лезлі. Гэтыя людзі доўгі час выходзілі з пікетамі, і ўсё было ў парадку. Эмігравалі яны толькі тады, калі і ўсе мы.

Гэта пры тым, што ў Беларусі надзвычай жорсткая наркапалітыка. Чым яна жорсткая? Ну гглядзіце. У 2023 арганізацыя Legalize Belarus разам з моладзевым блокам прэзентавалі вялікую справаздачу па наркапалітыцы ў Беларусі. 

Па-першае, У Рэспубліцы Беларусь ні заканадаўства, ні правапрымяняльная практыка не служаць эфектыўнаму размежаванню паміж дзеяннямі, звязанымі з ужываннем, і дзеяннямі, звязанымі з камерцыйным збытам для мэт узбагачэння. Груба кажучы, калі чалавек гандлюе гераінам гуртом — гэта збыт. І калі чалавек паліў марыхуану і перадаў касяк сябру — гэта таксама часта кваліфікуюць як збыт. А калі чалавек не аднаму сябру перадаваў касяк, а сяброў сабралася некалькі ў пакоі, і яны перадавалі касяк па коле — то гэта збыт, здзейснены групай асоб. Абсурд? А тэрміны зусім не абсурдныя за так званыя «незаконныя дзеянні без мэты збыту» наказваюцца абмежаваннем волі (то бок хіміяй) або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці год. І гэты датычыцца ўсіх кантраляваных рэчываў. Якога заўгодна аб’ёму: мінімума няма. За пыл ад высахлай марыхуаны, якая неяк патрапіла ў кішэню, чакае ў найлепшым выпадку, два гады хіміі. 

І ведаеце, колькі за адзін толькі 2020 год, людзей, якія фактычна проста мелі, а нават не гандявалі псіхаактыўнымі рэчывамі, прыцягнулі да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле 1 344. 250 чалавек былі пазбаўленыя волі ў якасці пакарання. 

А што, калі хтосьці прадасць ці падарыць пэўнае рэчыва чалавеку, які ці якая праз гэта памрэ? Ад 12 да 25 гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без яго.

Можа, гэта прынамсі эфектыўна? Ну траціна ўсіх зняволеных у Беларусі сядзяць менавіта па наркатычных артыкулах. Калі мэта гэтых вялізарных тэрмінаў была ў тым, каб людзі напужаліся і ні ў якім разе не сталі нават дакранацца да кантраляваных рэчываў, то чаму ж гэта колькасць людзей у турмах па гэтых артыкулах такая вялізарная? 

Ці, можа, такая рэпрэсіўная палітыка кагосьці ад чагосьці спыніць? 

Кагосьці ад чагосьці — так, але агулам, ці спыняюць яны наркаспажыванне? Не. Нейкі адсоткаў людзей запужае, але гэта зноў гісторыя пра тое, што я там кашмары сніла цягам дзесяці год, а потым усё адно пачала спажываць.

Што яшчэ прыдумала беларуская дзяржава для працы са спажываннем кантраляваных рэчываў? Можа, нейкі эфектыўны алагарытм лекавання людзей з залежнасцю? Лекаваннем людзей з залежнасцямі ў Беларусі займаюцца псіхіятры-нарколагі. Такой спецыяльнасці няма ў Заходняй Еўропе: там залежнасць лічыцца адным з псіхічных разладаў, якім, суадносна, займаецца псіхіятр ці псіхіятарка, і няма аніякага сэнсу выносіць залежнасці ў нейкую асобную галіну медыцыны і прыдумляць нейкую асобную медычную спецыяльнасць. У Беларусі ж у спадчыну савецкай сістэмы аховы здароўя засталася такая наркалогія. У савецкім саюзе нарколагі і наркалагіні, у асноўным, займаліся лячэннем алкагалізму шляхам прымянення прымусовых мер медыцынскага характару, працатэрапіяй напрыклад, каб людзі працавалі і не думалі пра рэчывы. Пацыенты тады стыгматызаваліся нароўні са злачынцамі. 

«Ну, граждане алкаголікі, хуліганы, тунеядцы». Памятаеце гэту сцэну са знакамітага фільма «Аперацыя Ы»? А можаце сабе ўявіць нейкую такую фразу датычна людзей з іншымі псіхічнымі хваробамі? Напрыклад, ну што, дэпрэсіўнікі і хуліганы, хто хоча сёння папрацаваць?». 

Абсурд, праўда? 

А беларуская сістэма лячэння залежнасці недалёка сыйшла ад гэтага абсурду. Калі нават лекары і лекаркі намагаюцца прыўнесці ў сваю працу нейкія больш эфектыўныя метады лекавання, гэта ўсё разбураецца праз тое, як увогуле функцыянуюць беларускія ўстановы аховы здароўя. Люба, напрыклад, аднойчы апынулася ў Минскім гарадскім клінічным цэнтры псіхіатрыі і псіхатэрапіі. 

На зломе 14-15 года я трапіла на Бехцерава ў аддзел няўрозаў. Я трапіла туды па прычынах не звязаных напрамую са спажываннем, хаця тады я ад часу да часу курыла траву. У мяне былі стрэсы, звязаныя з мужыком і першай у жыцці сэсіяй. Да таго, што я проста трапіла на Бехцерава, у мяне спыталі, ці вы ўжывалі што-небудзь калі-небудзь, і я ў тым ліку распавяла пра свой бэдтрып. Я зараз не раю нікому расказваць пра такі досвед беларускім медыкам. Паклапаціцеся аб сваёй будучыні. Яны апісалі, але не запісалі, што я схільная да залежнасці і не паставілі на наркалагічны ўлік, хаця яны могуць гэта зрабіць. Тое, што сістэма савецкая? Ну так, яна савецкая. Калі ты трапляеш з нейкай псіхічнай хваробай, цябе проста кладуць у палату. Большая частка твайго лекавання — ты проста ляжыш і п’еш лёгкія антыдэпрэсанты. З табой не працуе псіхатэрапеўт, у якога па тры хвіліны на кожнага чалавека. Адзінае, што там было з больш-менш таго, што я ўхваляю — гэта група падтрымкі. Мне яна не спадабалася, я ў яе не хадзіла. Зараз, калі мы праводзім групы, я зацаніла групавую дынаміку, тады я яе неяк не зацаніла. Можа, і шкада. Больш там было абсалютна нечага рабіць. Чамусьці там была адчыненая калітка, і я хадзіла гуляць у лес. Адзін раз я нават пайшла ў нейкую краму, набыла вадзяры і сока, і мы з нейкімі хлопцамі-прызыўнікамі пайшлі бухаць. 

Акрамя таго, Люба бачыць праблему не толькі ў тым, што лекары і лекаркі не могуць надаць пацыентам і пацыенткам дастатковую колькасць увагі, бо маюць каласальную загрузку, выгаранне і дробязныя заробкі пры гэтым. 

У Любы таксама ёсць пытанні і да Дванаццаці Крокаў — праграмы рэабілітацыі для людзей з залежнасцямі, якую прапануюць большасць псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў у Беларусі. 

Я разумею, чаму гэта можа працаваць, і я ведаю, што ёсць значная колькасць людзей, якім гэта дапамагае. Але мне не падабаецца любая рэабілітацыя, якая звязаная з рэлігійнасцю. 

Напрыклад першы крок праграмы фармулюецца так: «Мы прызналі, што мы бяссільныя перад нашай залежнасцю, прызналі, што нашы жыцці сталі некіравальнымі». 

А трэці крок гучыць так: «Мы прынялі рашэнне даручыць нашу волю і наша жыццё Богу».

Ты бяссільны, ты залежны, ты не маеш моцы вырашыць гэта самастойна, ты мусіш перадаць сваё жыццё ў рукі бога. Я ведаю, што больш сучасныя людзі, якія прытрымліваюцца «12 крокаў», кажуць, што бог — гэта неабавязкова праваслаўны ці каталіцкі бог, а гэта проста сіла жыцця, нейкая воля да жыцця, вітальнасць свету. Але большасць гэтага не робяць і проста зацягаюць людзей у слабым стане ў рэлігію. Я супраць, я ведаю, што пасля гэтага значная частка людзей становяцца рэлігійнымі фанамі. Шмат хто ідзе ў манастыры, трапляе ў секты. І я, канешне, думаю, што гэта вельмі хісткая апора для станаўлення асобы. Калі будзе нейкі крызіс веры, чалавек можа вярнуцца ў дрэннае месца свайго жыцця. Па-другое, мне проста не падабаецца, калі людзей зацягваюць у секты. 

Так Люба пахістнула яшчэ адно маё перакананне пра свет псіхаактыўных рэчываў. Я была ўпэўнена, што 12 крокаў — гэта вельмі файная навукова абгрунтаваная схема лекавання, дзе ўсё міла і этычна. Падаецца, што не. І не для ўсіх. А яшчэ падчас нашай размовы з Любай, я ўсвядоміла нешта такое відавочнае, але моцна зацёртае антынаркатычнымі фільмамі з актавай залі маёй школы. Не ўсе людзі, якія спажывалі ці спажываюць псіхаактыўныя рэчывы, маюць залежнасць. Урэшце, ведаю ж я некаторую колькасць людзей, якія весела курылі марыхуану ў студэнцкія гады, а потым не курылі яе ніколі. Ну, то бок, я канешне не сачыла за імі 24/7, можа і курылі потым, але цалкам сабе вядуць сацыяльна прымальны лад жыцця, працуюць, маюць сем’і. Карацей, не падобныя на рок-зорак у актыўным спажыванні, якія перажываюць па некалькі клінічных смерцяў з-за перадазовак гераіну. І, урэшце, не ўсе людзі, якія нават маюць залежнасць, пакутуюць ад яе. Як у маёй любімай казцы пра Пэпі Доўгуюпанчоху, якая заходзіць у касметычную краму, дзе на дзвяры вісіць шыльда «Вы пакутуеце на канапушкі», а Пэпі заходзіць у краму і абвяшчае, што «не, не пакутую!». Канапушкі ёй вельмі нават падабаюцца. Пакуль чалавек не бачыць праблемы ў сваім ладзе жыцця, якім бы ён не быў, і не перашкаджае нікому, то ўрэшце як пра яго ці яе можна сказаць «пакутуе на залежнасць»? 

Мне ў прынцыпе не падабаецца, што ёсць паняцце «наркотыкі», у якое мы кідаем проста ўсё, і мы гэта ўсё ўспрымаем аднолькава. І мне здаецца, гэта вельмі шкодны стэрэатып. Няма нейкай даступнай інфармацыі, асабліва, калі не ведаеш ангельскую. Ты можаш трапіць у сітуацыю, калі прымеш не тую дазіроўку, ці проста нешта не тое змяшаеш. Па-другое, у вачах грамадства,  ты наркаман, без розніцы, што, колькі і з якімі мэтамі ты ўжываў. Трэба разбіраць кожны выпадак асобна, бо ўсе людзі розныя. Ведаеце, ёсць такі лозунг: ні слова пра нас без нас. Але тут без нас робіцца суцэльная палітыка дзяржавы. 

На гэтым можна было б і скончыць гэты выпуск, бо Люба агучыла акурат тое, што мы падзяляем як каштоўнасць, і было б файна скончыць менавіта тут, але я яшчэ не запыталася тое, што рэлевантна для шмат якіх беларусаў і беларусак зараз: як гэта быць асобай з досведам спажывання ў вымушанай эміграцыі? 

Большую частку гісторый, якія я чула, кажуць, што шанец даволі высокі, што чалавек, які прыехаў з Беларусі, схільны атрымаць да ўсіх іншых праблемаў яшчэ і праблемы са спажываннем. Па-першае, гэта стрэсовы перыяд. Па-другое, калі мы прыязджаем з краіны, дзе ўсё забаронена і знаходзімся ў Еўропе, дзе ўсё гэта лёгка дастаць, то ёсць шанец пачаць рабіць гэта ўсё неасэнсавана і бескантрольна, і гэта можа нанесці шкоду. Ёсць такая рызыка, што ты пачнеш «занюхваюць» і «закурваць» свае спажыванні.

А што датычыцца асабіста Любы? Што было б, калі б у яе не было досведу спажывання, як бы выглядала яе жыццё ў вымушанай эміграцыі? 

Магчыма, я б не была наркаактывісткай, а гэта значная частка майго жыцця, бо ўласна ў эміграцыі мы пачалі развіваць свой праект, праводзіць сустрэчы. Напэўна, я б займалася нечым абсалютна іншым. Але мне складана адказаць на гэтае пытанне, бо я ўжо жанчына з досведам спажывання, і не ўяўляю сябе без гэтага досведа, бо тады б 12 год майго жыцця павінна было б не быць. 

А напрыканцы я прашу ў Любы сказаць нешта на развітанне слухачкам і слухачам… 

Я хачу пазычыць вам клапаціцца пра сябе, што б гэта для вас не значыла. Не азірайцеся так уж моцна на нейкія рамкі грамадства, на ідэі аб тым, што такое клопат аб сябе. Проста клапаціцеся пра сябе, няхай вам шчасціць. 

Гэта была гісторыя Любы — сузаснавальніцы наркафемініцыятывы «Дарэчывы». 

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.7 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x