Актывіст Поллі ідэнтыфікуе сябе як небінарная персона. Хаця Поллі з дзяцінства разумеў, што не адчувае сябе дзяўчынкай, сапраўдную ідэнтычнасць даводзілася доўгі час прыхоўваць ад самога сябе і людзей навокал.
Пераломны момант здарыўся падчас пратэстаў 2020 года. Як гэта адбылося? Чытайце ў пятым выпуску падкасту «Іншыя Гісторыі» ці слухайце яго на пляцоўках: mave, Cast.box, Spotify, YouTube, Apple Podcasts.
TW: смерць, забойства на глебе нянавісці, гвалт, ментальныя разлады.
19 сакавіка 2024 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь унесла змены ў пастанову, згодна якой парнаграфіяй цяпер лічацца і «нетрадыцыйныя палавыя адносіны і (або) палавыя паводзіны».
Пастанова завецца так (рыхтуйцеся, будзе шмат канцэлярыту):
«Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку выпуску, тыражавання, паказу, пракату, продажу і рэкламавання эратычнай прадукцыі, прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі, гвалту і жорсткасці, прадукцыі па сексуальнай адукацыі і палавым выхаванні, а таксама прадукцыі сексуальнага прызначэння».
Згодна з гэтай пастановай парнаграфіяй цяпер у Беларусі лічыцца яшчэ і тое, што лічыцца «нетрадыцыйнымі палавымі адносінамі і (або) палавымі паводзінамі».
Што ж гэта за паводзіны і (або) адносіны такія?
Акрамя ўсяго астатняга: педафіліі, паліаморыі, садызму, мазахізму, вуарыязму, эксгібіцыянізму і фетышысцкаму трансвестызму — беларускія ўлады ўключылі ў гэты спіс яшчэ і палавыя адносіны паміж людзьмі аднаго полу (гомасексуалізм, лесбійскае каханне), а таксама жаданне жыць і ўспрымацца навакольнымі як асоба супрацьлеглага полу, якое звычайна суправаджаецца адчуваннем дыскамфорту ад свайго анатамічнага пола ці пачуццём недарэчнасці сваёй палавой прыналежнасці (транссексуалізм).
Вось наконт апошняга — што мы, канешне, не будзем называць састарэлым тэрмінам «транссексуалізм», — мы з вамі сёння і пагаворым.
Ад пачатку — трошкі базы
Ёсць такая з’ява біялагічны пол ці анатамічны пол. Гэта набор біялагічных прыкмет, па якіх вызначаецца пол чалавека. Гэты біялагічны пол яшчэ называюць акушэрскім полам, то бок той самы пол, які пасля родаў запісала акушэрка.
А ёсць яшчэ паняцце гендар, то бок сацыяльны пол. Гэта такі канструкт, які існуе ў грамадстве, пра тое, якімі мусяць быць мужчыны і жанчыны. Калі спрашчаць, то мужчыны — гэта моцныя ўпэўненыя людзі ў нагавіцах, якія мусяць зарабляць грошы і ўсіх бараніць. А жанчыны — гэта прыгожыя субтыльныя істоты з доўгімі валасамі, з абцасамі і сукенкамі, якія мусяць быць пяшчотнымі і гадаваць дзяцей.
Чаму мы кажам, што гэта ўсё сацыяльны канструкт? Бо набор храмасом і будова палавых органаў аніяк прыродна не вызначае вопратку, фрызуру і сферы рэалізацыі ў жыцці. Гэта ўсё прыдумала грамадства. І ў розных грамадствах — бываюць даволі розныя погляды на тое, як мусяць выглядаць і паводзіць сябе мужчыны і жанчыны.
Дык вось. Мы з вамі нарадзіліся. Наш пол запісалі ў медычнай картцы. І з гэтых часоў людзі навокал пачынаюць да нас ставіцца па-рознаму, у залежнасці ад таго, ці наш акушэрскі пол жаночы, ці мужчынскі.
Дзяўчынак апранаюць у ружовенькае, хлопцаў — у сіненькае, дзяўчынкам дораць лялек, хлопцам — машынкі. Дзяўчынкам кажуць, што яны не мусяць лазіць па дрэвах і біцца, а хлопчыкам — што яны не мусяць скардзіцца і плакаць.
Калі асобу пры нараджэнні запісалі, напрыклад, дзяўчынкай, і яна адчувае сябе дзяўчынкай — гэта цысгендарная асоба. Бо яе гендарная ідэнтычнасць супадае з акушэрскім полам.
Некаторым асобам усё грамадства кажа: «вы дзяўчынкі». А яны не адчуваюць сябе дзяўчынкамі. Яны адчуваюць сябе хлопцамі. Або не адчуваюць сябе ані дзяўчынкамі, ані хлопцамі. Або ў пэўны перыяд адчуваюць сябе дзяўчынкамі, а потым не адчуваюць.
З асобамі, якім усё грамадства кажа, што яны хлопцы — тая ж самая гісторыя. Яны могуць адчуваць сябе дзяўчынкамі. Могуць не адчуваць сябе ані дзяўчынкамі, ані хлопцамі. Могуць то адчуваць сябе хлопцамі, то не адчуваць, то адчуваць сябе дзяўчынкамі, то не адчуваць.
Карацей, ва ўсіх гэтыя выпадках гаворка ідзе пра транс*гендарнасць.
Гэта парасонавы тэрмін, які апісвае асоб, чыя гендарная ідэнтычнасць не супадае з прыпісаным пры нараджэнні полам.
І сёння я размаўляю з актывістам Поллі. Акрамя ўсяго астатняга, Поллі — акурат такая асоба.
Я Поллі. Бандыт з Палесся. Ідэнтыфікуюся як квір-небінарная персона. Мой займеннік — ён, ад часу да часу выкарыстоўваю займеннік «яны». Больш-менш прымальна стаўлюся да займенніка «яна», але трохі раздражняе, таму, калі ласка, без гэтага.
Трансгендарныя персоны могуць быць гендарна-бінарнымі, а могуць — небінарнымі
Што гэта значыць? Бінарнасць — то бок падвойнасць — гэта такая з’ява, калі ў нас ёсць дзве супрацьлеглыя з’явы, а паміж імі нічога няма. Як у шахматах: ёсць чорныя фігуры і ёсць белыя. І на дошку ніколі не выходзяць аніякія ружовыя, ці блакітныя, ці яшчэ якія заўгодна фігуркі. Дзяленне людзей на жанчын і мужчын — гэта таксама бінарнасць.
Ёсць людзі, якіх пры нараджэнні запісалі хлопчыкамі, а яны ідэнтыфікуюць сябе дзяўчынкамі. І ёсць тыя, каго пры нараджэнні запісалі дзяўчынкамі, а яны ідэнтыфікуюць сябе як хлопчыкаў. Гэта гендарна-бінарныя транс*людзі.
І ёсць яшчэ гендарна-небінарныя транс*людзі — асобы, чыя гендарная ідэнтычнасць не ўпісваецца ў рамкі «мужчына» / «жанчына». Менавіта такая асоба — герой нашай сённяшняй гісторыі.
Што за гісторыя з займеннікамі
З пункту гледжання мовазнаўства, тут гаворка вядзецца не толькі пра займеннікі як такія: ён, яна, яно, яны — а пра граматычны род, які асоба ўжывае датычна сябе.
У беларускай мове мы можам зрабіць выснову, пра чалавека якога гендару вядзецца гаворка:
- па канчатках дзеясловаў — ты сказаў / ты сказала;
- па прыметніках — ты прыгожы / ты прыгожая;
- па лічэбніках — ты першы / ты першая.
У ангельскай мове, напрыклад, канчаткі ва ўсіх гэтых часцінах мовы не змяняюцца ў залежнасці ад таго, пра якую асобу ідзе гаворка. Таму зразумець гендарную ідэнтычнасць той асобы можна толькі па займенніках, калі будзем камусьці расказваць пра гэтую самую асобу — гэта ён ці гэта яна. То бок, калі па аналогіі з англамоўнымі краінамі кажуць: мае займеннікі такія. Але гэта значыць не толькі самі па сабе займеннікі, але і тое, які канчатак трэба абіраць у дзеясловах, прыметніках і лічэбніках пры размове з гэтай асобай.
Але вяртаемся да таго, што пра сябе расказаў Поллі.
Я з гонарам кажу, што я з Мазыра, з беларускага Палесся. Не буду казаць наконт сталіцы, бо ведаю, што гэта можа справакаваць рэзкую рэакцыю ў іншай часткі дыяспары. Пінскія, вам прывітанне!
Мазыр — класны горад троху дзіўнаватых людзей і вялізнай класнай ракі. У мяне суперкласная творчая інтэлігентная сям’я вельмі адукаваных людзей з вельмі крытычным і ўважлівым успрыманнем свету, грамадства, культуры і ўсяго астатняга. Бацькі заўсёды падтрымлівалі мае ўсе магчымыя імкненні праяўляць сябе ў творчасці. Мною заўсёды былі заткнутыя ўсе магчымыя дыры ў мастацкіх і музычных школах. Ні аб чым не шкадую!
Маё атачэнне таксама складалася з прыкладна падобных да мяне, у асноўным, сябровак, якія ідэнтыфікаваліся на той момант як «нефармалкі». Словаў кшталту «квір» у нас яшчэ не было. Трэба разумець, гэта былі суворыя дзвюхтысячныя і дзвюхтысячнадзясятыя. Быў даволі абмежаваны доступ да інфармацыі, якая была насамрэч жыццёва неабходная. У тым ліку наконт ідэнтычнасці і гендару. Мы не ведалі, што гэта такое.
Хаця аняікай інфармацыі аб гендарах і ўсім з гэтым звязаным у Поллі тады не было, ён з дзяцінства разумеў, што нешта не тое… І нават у нейкі момант пачаў выкарыстоўваць займеннік «ён» (то бок мужчынскі граматычны род) датычна сябе.
Гэта пачало адбывацца прыкладна год у 12-13. Хоць, мне падаецца, перадпасылкі да гэтага былі яшчэ і раней. На той момант гэта выкарыстоўвалася хутчэй у якасці жарту. Гэта быў нібыта спецыфічны трэнд у дзясятых: называць сябе як “ён”, ці выкарыстоўваць нейкія спецыфічныя самаабазначэнні, мянушкі. У мяне гісторыя з гэтым займеннікам была звязана з тым, што ў маім Укантакце старонка была падпісаная «Кот-Абармот». Я кот, я — ён. Гэта асяроддзем успрымалася не надта сур’ёзна. Гэта было кшталту гульні. Калі ў пэўны момант гэта перапынілася, я здаў пазіцыі на шмат год, на жаль. Вырашыў, што буду справабаць прымаць сваю жаноцкасць і феміннасць. Бо спробы капаць ці нават глядзець у бок прымання сябе як квір-персоны (на той момант толькі з’явілася разуменне, што існуюць бісексуалы, не толькі геі і лесбіянкі), нават спробы развароту ў гэты бок мяне прывялі да вельмі непрыемных інцыдэнтаў у блізкім асяроддзі. Я сутыкаўся з вельмі агрэсіўным булінгам з боку аднагодкаў, дзяўчынак у тым ліку — наконт сваіх робкіхнясмелых заўваг, што ў мяне ёсць сяброўка, з якой мы сутыкаемсясустракаемся.
Як гэта не банальна будзе гучаць, я даўно пачаў разумець, што трохі адрозніваюся ад некаторых іншых людзей, і мне не падыходзіць патрабаванне ўкладвацца ў пэўныя рамкі. Разам з тым некаторыя рэчы я ўспрымаю нашмат больш чулліва. Напрыклад, пытанні несправядлівасці ці гвалту. Мяне гэта заўсёды абурала, нават да таго моманту, калі я пачаў фармуляваць гэта для сябе, як «так не павінна быць, таму што фемінізм, ЛГБТК+ і так далей». Я дакладна памятаю, што мне хацелася выглядаць прыкладна як я выглядаю зараз. Апранацца ў любую, па маім жаданні вопратку, неабмежавана неяк праяўляцца. Але, вяртаючыся да часу і месца, гэта было і некамфортна, і, можа, нават небяспечна ў маім юнацтве. Бо любыя адрозненні ў знешнім выглядзе маглі справакаваць як мінімум асуджэнне і нейкія канфліктныя выпады збоку дарослых і аднагодкаў, як максімум — дакладна ведаю, што некаторых маіх сяброў білі за доўгія валасы і значкі. Можна было троху адхапіць. Таму, наколькі мог, я ўсё ж сабе дазваляў тыя рэчы, якія, можа, не дазвалялі сабе іншыя «харошыя дзевачкі», але агулам выглядаў даволі гендарна-нарматыўна.
Гендарна-нарматыўна — гэта значыць адпавядаў стандартам, якіх грамадства чакае ад асоб, якія належаць да пэўнага гендару. Памятаеце? Кароткая фрызура і нагавіцы — для мужчын, доўгія валасы і сукенкі — для жанчын.
Але гэта вельмі моцна не суадносілася з маімі адчуваннямі, прыносіла дыскамфорт і пэўную дысацыяцыю. Таму што ў мяне не супастаўлялася тое, як сябе адчуваю, тое, як я выглядаю, тое, як я хацеў бы паводзіць сябе, і тое, як actually паводзіў сябе.
Дысацыяцыя — гэта такі псіхічны феномен, калі чалавек аддзяляецца ад уласных пачуццяў. Гэта можа праяўляцца па-рознаму: асобе можа падавацца, што ўсё гэта адбываецца не з ёй. Або перарываецца кантакт з уласнымі пачуццямі, і чалавек, у якога цякуць слёзы, шчыра не ўсведамляе, што адчувае сум і тугу.
То бок гэта быў стан зацятасці, вельмі моцнага нервовага напружання і адчуванняў у кожны момант ЧАГОСЬЦІ, што штосьці можа адбыцца стромнае і страшнае. Я не ведаў, як прымірыцца з іншымі людзьмі і навакольным сусветам. Карацей, менавіта праз гэты разлад, у мяне вельмі шмат рэсурсаў сыходзіла на тое, каб стабілізавацца і супакоіцца.
Тут хтосьці можа сказаць, што некаторыя цысгендарныя людзі ў падлеткавасці адчувалі, што з імі нешта не так, што яны не такія, як усе, і што яны хочуць выглядаць і паводзіць сябе інакш, чым даводзіцца. Дык ці ў выпадку Поллі гаворка вядзецца менавіта пра гендарную ідэнтычнасць?
Я абсалютна ўпэўнены, што так дагэтуль пераасэнсоўваю шмат якія ўспаміны з майго юнацтва, і адзін з іх — гэта вельмі распаўсюджаны зараз у гэтых вашых ТыкТоках “I want to be her or I want her”.
То бок, я хачу быць ёй ці я хачу яе?
Непасрэдна ў мяне гэта адбывалася з рознымі ролевымі мадэлямі. Менавіта ўмоўна мужчынскімі — з кіно, музыкі… Калі мне вельмі падабаўся пэўны персанаж, але мне не падыходзіла апісанне, што я менавіта ад яго фанацею, хачу абклейваць сцены свайго пакоя плакацікамі. Хутчэй я такі: «О, які класны, незалежны моцны персанаж, хачу быць як ён». Але ў той бок думкі не фармуляваліся, таму заставалася нейкае ўвесь час невырашанае пытанне: «Што я, блін, адчуваю?!».
У падлеткавасці Поллі не ведаў, як назваць тое, як ён сябе адчувае, і як акрэсліць сваю ідэнтычнасць. Праз доўгі час усведамленне і прыняцце ўласнай ідэнтычнасці ўсё ж прыйшло
Для мяне цудоўна падыходзіць канцэпцыя небінарнасці. Небінарная персона — гэта для мяне абсалютна зручна і камфортна, бо не ставіць абмежаванняў. Ёсць цудоўны тэрмін наконт флюіднай гендарнай ідэнтычнасці. Калі персона можа сябе адчуваць сёння адным чынам, а заўтра — другім.
А вось наконт транс*гендарнасці. У мяне доўгі-доўгі час быў стэрэатып, што транс*гендарныя людзі — гэта людзі, якія здзейснілі транс*пераход. То бок зрабілі пэўную хірургічную аперацыю, каб пазбавіцца прыкметаў свайго акушэрскага полу і набыць прыкметы супрацьлеглага акушэрскага полу. Але гэта не так. Зусім не так.
Некаторыя людзі сапраўды прымаюць гарманальную тэрапію або хірургічнае ўмяшальніцтва, і, дарэчы, у Беларусі гэта магчымая, але шалёна складаная працэдура. Людзям даводзіцца на працягу года наведваць сексолага ці сексалагіню і іншых лекараў і лекарак, шпіталізавацца на два тыдні для абследавання (прычым абавязкова ў Мінску), а потым яшчэ прайсці камісію. Называецца яна, дарэчы, так: Міжведамасная камісія па медыка-псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з сіндромам адмаўлення полу. Нават у назве камісіі прыхаваліся састарэлыя дыскрымінацыйныя тэрміны. І вось калі камісія вырашыць, што чалавек, які заяўляе, што яго гендарная ідэнтычнасць адрозніваецца ад акушэрскага полу, не хлусіць і не хварэе на нейкія псіхатычныя разлады, то чалавеку праз больш за год выпрабаванняў дазволяць пачаць транспераход і нават змяніць дакументы.
Праўда, што рабіць небінарнай асобе, калі ў беларускіх пашпартах у графе пол усё адно мусіць быць запісана або «мужчына», або «жанчына»?
Зразумела, што шмат якім людзям, якія ідэнтыфікуюць сябе як транс*людзей гэты сам транс*пераход у медычным сэнсе абсалютна не патрэбны. А некаторым патрэбны, але не вырашае юрыдычных праблем, звязаных з гэтым. А некаторым патрэбны, але праз складанасць працэдуры яны не могуць гэта зрабіць у Беларусі ці ўвогуле нідзе. А некаторыя цалкам нармальна пачуваюцца ва ўласным целе і нават не думаюць ні пра які транс*пераход.
Запытваюся ў Поллі, ці можна тое, што ён апісвае ў сваёй гісторыі, назваць менавіта транс*гендарнасцю?
Думаю, што так. Гэта пра транс*гендарнасць. Гэта не абавязкова прадугледжвае фізічны транс*пераход. Не ўсё ці амаль нічога не дыктуецца тваім акушэрскім полам. Дарэчы, таксама вельмі класная трапная фармулёўка. Яна ёмкая і апісвае, што гэта можа датычыцца медыцынскага фізіялагічнага боку пытання, але ніяк не апісвае тваю ідэнтычнасць. Таму, калі адбыўся пэўны пераход і асэнсаванне, я думаю, што гэта можна апісваць як транс*пераход.
Гендарнае самавызначанне Поллі, як ён сам кажа, на гады сышло ў падсвядомы андэграўнд. І не выходзіла адтуль, пакуль не здарыўся 2020 год
Калі так вось супала вялізная колькасць фактараў з асабістага і грамадскага жыцця, і майго ментальнага стану, што мяне проста пачало прарываць проста наконт жыцця. Я зразумеў, што ўсё, што адбываецца, мне не падыходзіць. Я так больш не хачу, гэта проста нейкая халера. І разам з тым, можа, таму, што я пачаў больш плотна займацца сваім ментальным здароўем, я пачаў капаць інфармацыю ў гэты бок. Я знайшоў блогі асоб з аўтызмам, якія сябе называлі аўтысткамі. І ў гэтых блогах персон, якія былі больш дасведчаныя ў справах ментальных разладаў і асаблівасцяў, я ўпершыню сутыкнуўся з паняткам «гендарная дысфарыя». Пачаў чытаць аб гэтым і зразумеў, што гэта я.
Гендарная дысфарыя — гэта ўвесь той стрэс, які чалавек адчувае з-за несупадзення сваёй гендарнай ідэнтычнасці і акушэрскага полу.
Проста ў пэўныя моманты я адчуваю, што я не ў сваім целе, не на сваім месцы, мне дыскамфортна, мне проста хочацца схавацца. І паступова пачаў вяртацца да гэтай тэмы ўласнай арыентацыі і ўласнай гендарнай ідэнтычнасці. Нават у 2021 годзе мае рамантычныя стасункі пачаліся з таго, што мой партнёр запытаўся наконт майго займенніка і майго гендару. І ўпершыню ў жыцці мае адносіны пачалі будавацца менавіта на тым, што мяне са старту прымаюць як небінарную персону і не навешваюць пэўны шаблон.
З гэтага моманту, з адчування прымання і падтрымкі, я пачаў мацней разварочвацца ў гэты бок. Нягледзячы на тое, што вакол адбываўся татальны гамон, разам з тым у мяне адбывалася цудоўная рэфармацыя, таму што я гэта ізноў знайшоў. Нахалеру я на шмат год проста забіў на гэта і здрадзіў свайму ўнутранаму падлетку? Гэта была памылка, але што зроблена, тое зроблена, таму зараз проста даводзіцца свайго ўнутрана падлетка падтрымліваць і дапамагаць яму самарэалізавацца.
Поллі кажа, што 2020 год стаў такім пераломным, таму што ён сапраўды пабачыў людзей, якія робяць дрэнныя рэчы, у той час як ён і сотні тысячы людзей побач з ім не робяць нічога дрэннага, а проста вымагаюць выканання іх правоў. І гэта перанеслася і на ўласную ідэнтычнасць: чаму хтосьці, хто не мае на гэта аніякага права, можа дыктаваць, як жыць Поллі, які не робіць нічога дрэннага, а проста хоча рабіць тое, на што цалкам мае права?
Як рэагавала блізкае атачэнне Поллі на яго ўсведамленне ўласнай ідэнтычнасці і змены, якія вакол гэтага адбываліся
Маё атачэнне вельмі моцна змянялася. Яно насамрэч змяняецца кожныя некалькі год. Я ўжо ўспрымаю гэта як нейкі нармальны для сябе працэс. То бок, мае чувакі і мае сяструні, якія застаюцца са мной вельмі шмат год, працягваюць прымаць мяне ў незалежнасці ад некаторых аспектаў. У тым ліку ад маёй гендарнай належнасці і таго, як я сябе ідэнтыфікую.
«Хочаш, каб цябе так называлі? Канешне, Полечка, галоўнае, каб ты нармальна сябе адчуваў».
Пэўная колькасць людзей, асабаліва цыс-гетэра мужыкоў, па класіцы, пачалі ўспрымаць гэта як «ой, не дуры галаву, ой паначытаюцца гэтага свайго, і вось пачынаецца». Такія ішлі лесам і дагэтуль працягваюць ісці, бо для людзей не адразу даходзіць, што я не абавязаны згаджацца на непадыходзячыя для мяне ўмовы. Калі такое вельмі простае патрабаванне, як звяртацца да мяне ў пэўным займенніку, для іх невыносна цяжкае, то нахалеру мне ў маім атачэнні такія тупыя людзі? Я лічу, што для персоны дастаткова развітай і дастаткова адукаванай, гэта не нейкае звышцяжкае патрабаванне: ты проста змяняеш канчаткі некаторых слоў. І калі гэта для чалавека так складана, то мне падаецца, гэта нешта кажа пра яго ўзровень ментальных здольнасцяў агулам.
З сям’ёй у мяне вельмі цёплыя і вельмі блізкія адносіны, якія для мяне звышкаштоўныя. Пры гэтым я не адчуваў ніколі патрэбы гэта фармуляваць і наўпрост прамаўляць, таму што ў мяне ўвесь час захоўваецца адчуванне нейкага разумення без слоў у тым ліку. То бок я проста заўважыў, што яны разумеюць. І гэта нейкія ў тым ліку бытавыя дробязі, ці звароты, ці тэмы для размоваў. Я гэта ўсё расцэньваю, як нейкі ўзровень прымання.
Да сваіх аднагодкаў ці маладзей я стаўлюся вельмі патрабавальна ў тэмах роўнасці і інклюзіі, таму што я лічу, што персоны да трыццаці і «трыццаць плюс», як і мае некаторыя цудоўныя сябры «сорак плюс», цудоўна ў гэтым разбіраюцца ці пачынаюць разбірацца. Персоны, якія жылі ў іншым гістарычным сацыяльным нават кантэксце, для іх гэта можа быць вельмі дыскамфортна. І я з вялікім разуменнем і павагай стаўлюся да шчырых прамоваў кшталту: «Прабач, калі ласка, мне гэта ўсё незразумела, я не асуджаю, але мне складана прыняць і асэнсаваць гэтую інфармацыю».
Наўпрост размовы з сям’ёй у мяне не было, бо я не лічу гэта патрэбным. Я і так адчуваю вельмі высокі ўзровень падтрымкі і разумення.
Прычым бабуля і бацькі працягваюць звяртацца да Поллі ў жаночым родзе.
Чамусьці мяне гэта не раздражняе і не каробіць, таму што тут у першую чаргу інтанацыя і пасыл, а ў другую — непасрэдна самі словы. Чамусьці з сям’ёй невярбальны складнік камунікацыі для мяне больш важны, чым нейкія вербальныя фармулёўкі.
Поллі знайшоў паразуменне з сям’ёй і тымі сябрамі і сяброўкамі, якія гатовыя былі прыняць яго ідэнтыфікацыю.
Аднак, як увогуле справы ў беларускім грамадстве? У мяне ёсць інтуітыўнае адчуванне, якое падмацоўваецца рознымі сацыялагічнымі апытанкамі, што беларусы і беларускі не тое, каб вельмі талерантна ставяцца да квір-людзей увогуле і да транс*персон у прыватнасці
Агулам я магу выказаць суб’ектыўныя адчуванні на гэты конт. Мае адчуванні дыктуюцца тым, што я жыву і камунікую ва ўласным інфармацыйным бабле, але я быў сведкам непрыемных жорсткіх грубых сварак у інтэрнэце, і ў некаторых з іх з задавальненнем удзельнічаў, бо наваляць люлей гамафобам ці трансфобам — гэта ж святая справа.
Некаторая частка беларускай дыяспары транслюе ўласную незадаволенасць жыццём, ці, можа, ПТСР і нейкі страх, зліваюць на прадстаўнікоў і прадстаўніц уразлівых груп. І нібыта ў нейкіх суполках гэта лічыцца правілам добрага тону, што «мы як бы за цудоўную Беларусь будучыні, але без вось гэтых вось усіх». Таму што, як нейкі персанаж выказаў у адрас цудоўных актывістак Пашы Джэжоры, «вернешся ў Беларусь — мы табе галаву адрэжам на Плошчы Незалежнасці за абразу нацыянальных сімвалаў». Я гэтаму чалавеку вельмі шчыра паспрабаваў наваляць люлей за такое, бо я лічу такія выказванні абсалютна непрымальнымі.
Я не разумею, як у гэтым можна не заўважаць знявагі руху, да якога ты належыш, ці які ты прадстаўляеш. То бок збоку беларускіх «правакоў» ці тых, хто лічыць сябе ўдзельнікамі дэмакратычнага руху, падобныя выказванні, каментары і заўвагі, я лічу проста глупствам і няздольнасцю прадумваць стратэгію ўласнай грамадскай палітычнай актыўнасці. Такое сабе становішча зараз з таго, што я назіраю.
З нейкіх ілюстратыўных гісторый, я спрабаваў пераадолець уласнае ПТСР, калі толькі прыехаў у Варшаву: папёрся на пэўную палітычную акцыю з ЛБТК+ сцягам і падчас гэтага адчуваў даволі высокі ўзровень напружання. Нічога не было: былі касыя погляды, але не больш за тое. Але тым не менш, я ад беларускіх «правакоў» чакаю больш непрыемнасцяў, чым ад польскіх.
Дарэчы, не магу не пафарсіць цудоўнымі абставінамі майго сённяшняга жыцця: польская дзяржава выдала мне афіцыйны дакумент аб тым, што я квір-персанаж, і праз тое яны мне дазваляюць тут жыць і працаваць.
У той жа час на маёй Радзіме ў Беларусі ўводзяцца нейкія абсалютна жортскія, бесчалавечныя, ганебныя, тупыя, гамафобныя законы. І падчас гэтага людзі, якія называюць сябе змагарамі з нясправядлівасцю, у тым жа накірунку выказваюцца зняважліва ці з нянавісцю да прадстаўнікоў і прадстаўніц уразлівых груп.
І вось у такім кантэксце жыцця, калі польская дзяржава забяспечвае квір-персонам з Беларусі ўцякацтва па прычыне іх належнасці да квір-супольнасці, а некаторыя беларускія актывісты і актывісткі тым часам дазваляюць сябе пагрозы фізічнай расправы над тымі ж квір-персонамі, неяк і жыве беларуская актывісцкая супольнасць з розных бакоў палітычнага спектру.
І ўсе яны робяць вялікую працу, робяць вялікую колькасць мерапрыемстваў і ад часу да часу ў такіх імпрэз бываюць пытаннечкі з пазіцыянаваннем.
Гісторыя з асабістага досведу: мы з Поллі ўпершыню сустрэліся на імпрэзе, да арганізацыі якой я прыклала руку. Калі я перачытала апісанне мерапрыемства, якое ўласна я і напісала, то трошкі паразважала і даставіла зорачкі пасля слова «жанчыны». Гэта я так вырашыла паказаць, што тэма імпрэзы тычыцца не толькі цысгендарных жанчын, але і ўсіх людзей з досведам жаночай гендарнай сацыялізацыі. Дарэчы, пасля гэтага чалавек пяць, якія таксама былі датычныя да гэтай імпрэзы, да мяне падыходзілі з пытаннем, што значыць гэтая зорачка і ці абавязкова яе ўвогуле ставіць.
Я пішу і раблю падкасты пра пытанні гендару і інклюзіі ўжо не першы год. Але перыядычна бываю не настолькі чуллівай, як мне хацелася б быць, і ўспамінаю пра тыя зорачкі, толькі калі перачытваю ўласны анонс.
Як Поллі пачуваецца з тым, што некаторыя патэнцыйна цікавыя яму імпрэзы, курсы і іншыя актыўнасці, пазіцыянуюць сябе менавіта як мерапрыемства для жанчын
А ён не жанчына. Напрыклад, я ўспамінаю, што яшчэ некалькі год арганізоўвала вечар «жаночай паэзіі» — і без усякіх зорачак.
Калі без крыўдаў казаць, мяне гэта не чапляе. Я адчуваю сябе даволі свабодна і спакойна, калі хачу прымаць удзел у мерапрыемстве, дзе як аўдыторыя пазначаныя жанчыны. Я адчуваю, што магу прыйсці на такое мерапрыемства. Можа быць, я з меншай доляй верагоднасці захачу. Таму што гэта для мяне ўсё ж такі даволі важны складнік. Я не буду на такое абражацца і крыўдзіцца, але я заўважаю кожны дробны момант, калі персоны, якія займаюцца арганізацыяй ці публічным асвятленнем імпрэзаў, курсаў, рухаў, навучанняў, гэта ўлічваюць. Для мяне гэта вельмі каштоўна. Але ўзровень чаканняў у мяне не тое, каб надзвычайна высокі, бо я цудоўна разумею, у якіх умовах гэтыя персоны робяць сваю справу. Я вельмі паважаю ўсе ўкладзеныя рэсурсы. Я разумею, што гэта таксама праца ў пастаянным дэфіцыце грошаў, часу, асабістых рэсурсаў, ментальнага здароўя. Таму я не хачу проста да сваіх сясцёр і каляжанак па агульным нейкім класным руху дакалупвацца яшчэ з такімі момантамі.
На жаль, абсалютная большасць гэтага класнага руху зараз апынулася ў вымушанай эміграцыі. Ну, як, на жаль? Лепей, чым у беларускай турме. Вось і я запытваюся ў Поллі:
Калі менавіта Поллі адчуў, што яму ўжо дакладна трэба з’яджаць з краіны
Шчыра кажучы, у 2020 годзе я ідэалістычна прыняў як факт, што не з’еду. Я ўбачыў, што тут адбываецца. Гэта мае людзі, гэта мая краіна. Праз пэўны час я зразумеў, што ідэалы — гэта, канешне, цудоўна, яны павінны быць. Але калі яны ідуць уразрэз з нейкай базавай фізічнай бяспекай, то яны не патрэбныя. Я лічу, гэта дарослы адказны падыход — у першую чаргу апрануць маску на сябе.
Як персона, якая з’ехала ў 2023 годзе, я магу таксама сказаць словы ў абарону тых, хто там застаецца. Вельмі складана ўявіць тым, хто з’ехаў у 2020, 2021 і нават 2022 годзе, што гэта такое — жыць некалькі год у краіне, дзе адбываюцца рэпрэсіі. Складана сабе ўявіць, наколькі глыбока псіхіка можа выстаўляць абарончыя механізмы. Адзін з самых страшных фактараў, які я здолеў заўважыць толькі праз тое, што ў мяне была магчымасць у 2023 годзе выехаць на 2 тыдні з Беларусі — я прызвычаіўся жыць у стане фонавай дэпрэсіі, недахопу рэсурсаў, калі я раблю мінімум намаганняў, таму што ў мяне ізноў жа ёсць мінімум рэсурсаў на свае базавыя жыццёвыя патрэбы. Ні аб якой творчасці, ні аб якім актывізме, размовы нават не ідзе. Людзі, якія застаюцца ў Беларусі і пры гэтым умудрагельваюцца падтрымліваць нейкую сацыяльную ці творчую актыўнасць — гэта проста героі і гераіні. Я ўпэўнены, што тут не можа быць аніякіх пытанняў ці прэтэнзій, бо выехаць бяспечна і своечасова — гэта аграмадны прывілей.
Мне вельмі дапамагла мая партнёрка па рамантычных адносінах. Без яе падтрымкі і без падтрымкі сям’і я б проста не здолеў бы ўсё гэта зрабіць. Насамрэч са жніўня 2020 года, я ўвесь час у галаве трымаў думку, што я буду рабіць пры затрыманні і што я буду рабіць за кратамі. Напрыклад, я пачаў яшчэ актыўней займацца сваёй фізічнай формай, хадзіць на турнікі, таму што зразумеў, што са слабой хворай спінай, я там не працягну і месяца. Я развучваў практыкаванні, якія можна рабіць ва ўмовах маленькай камеры, складаў спісак рэчаў, якія мне спатрэбяцца пры затрыманні. Пры перасячэнні мяжы класічна апранаў дзве пары майткоў адразу, чысціў тэлефон, сацсеткі і ўсё магчымае і немагчымае, хаця па факце нават гэта можа не зберагчы.
Дакладныя абставіны я агучваць не буду дзеля бяспекі тых, хто застаецца ў краіне. Але скажу, што так, калі ты жывеш у 2023 годзе, адчуваеш, як вакол цябе ўвесь час наразаюць такія кругалі галодныя ваўкі ў лесе, і пытанне часу, калі яны да цябе дабяруцца.
Пэўны дакладны момант, калі я асэнсаваў неабходнасць вырашэння ўсё ж такі з’язджаць, быў звязаны з пачаткам распрацоўкі гэтага гамафобнага заканадаўства. Так супала, што ў гэты час я акурат пачаў займацца спробамі самаадукацыі і ўдзелу ў нефармальнай адукацыі, і гэта было звязана менавіта з ЛБТК+ рухам. І вось падчас майго ўдзелу ў цудоўным навучальным курсе адной беларускай ініцыятывы выходзіць закон аб забароне, мне падаецца, сімволікі ЛГБТК+. І я зразумеў, што я ў небяспецы па такой вялікай колькасці фактараў, што далей адкладаць пытанне — гэта ўжо проста глупства і безадказнае стаўленне і паводзіны.
Мы з Поллі сышліся на тым, што заканадаўства ў галіне правоў ЛГБТК+ персон у Беларусі і да 2020 не было файным. Што ж менавіта з гэтым заканадаўствам увесь час было не так
Насамрэч, я памятаю, што яшчэ гісторыя 2010-х з забойствам… зараз не ўзгадаю імя гэтай персоны. Я ўвесь час забываюся, мне падаецца, гэта абарончая рэакцыя псіхікі.
Гаворка вядзецца пра Міхаіла Пішчэўскага. Гэта адбылося 25 траўня каля рэстарана-клуба Underworld у Мінску. Тады нехта Дзмітрый Лукашэвіч раптам пачаў абражаць Міхаіла і сяброў, з якімі быў Міхаіл. Потым пачаў збіваць Міхаіла. Дзмітрый Лукашэвіч быў асуджаны 2 гады і 8 месяцаў зняволення за злоснае хуліганства і нанясенне шкоды здароўю ў выніку неасцярожнасці. У жніўні 2015 года Лукашэвіч быў вызвалены па амністыі. А ў кастрычніку 2015 года Міхаіл Пішчэўскі памёр у шпіталі: ён такі і не даў рады аднавіцца пасля атрыманых траўмаў.
Я дакладна памятаю, што гэты выпадак мяне неверагодна моцна ўразіў. Я на той момант жыў яшчэ ў Мазыры і спрабаваў абмяркоўваць гэта са сваім тагачасным асяроддзем і наткнуўся ў чарговы раз на вялізны ўзровень гамафобіі і непаразумення. Мне адказвалі мае на той час нібыта сябры, кшталту: «Ну так а чо, ён жа гей, ён сам сказаў, што ён підар, а чо он вазмушчаецца, што яго назвалі підарам». Я такі: «Камон, чалавека забілі!».
У 2010-х мне стала абсалютна відавочна, што беларускае заканадаўства і сістэма беларускай дзяржавы ідзе да таго, што ты ніякім чынам банальна не можаш падаць у суд на мянта. Ты можаш паспрабаваць, але спачатку гэта было нізка эфектыўна, потым гэта стала бессэнсоўна, потым чым далей, тым больш рабілася небяспечна. Для мяне гэта былі вельмі відавочныя прадпасылкі, да чаго ўсё ідзе, датычна ўдзельнікаў і ўдзельніц ЛГБТК+ руху. Гэта я хутчэй у якасці мемаса зараз выкарыстоўваю.
Відавочна, што ўсё было дрэнна заўсёды! Я ведаю, што рэпрэсіям падвяргаліся актывісты і актывісткі яшчэ раней 2010-х, закрываліся часопісы, спробы працаваць у медыя і актывізму перасякаліся. Разганяліся грамадскія акцыі. Шчыра кажучы, я жыў настолькі ў шафе, што для мяне гэта ўспрымалася троху нават лагічна. З тым узроўнем цэнзуры, якой я сам да сабе ўжываў, цэнзура збоку дзяржавы ўспрымалася як гамон, але я проста не разумеў, што можа быць па-іншаму. Я яшчэ і таму вельмі ўражаны тым, што адбываецца зараз, што ў Польшчы можна атрымаць міжнародную абарону праз тое, што ты квір-персона. Для мяне гэта проста нейкі зрух па фазе. Я не мог гэта ўявіць яшчэ пару год таму. Для мяне гэта вельмі каштоўна і гэта пазнака таго, што прагрэс адбываецца, як бы пэўным часткам беларускага і польскага грамадства не хацелася ствараць зваротную карціну падзей.
Усё было дрэнна, але я не ўспрымаў гэта як нешта надзвычайнае. Для мяне было відавочна, што мяне магчыма ўсё жыццё будуць зневажаць і хэйціць за тое, хто я ёсць. Вось у такім стане даводзілася жыць.
Тады ўзнікае пытанне: якія змены ў беларускім заканадаўстве маглі б палепшыць сітуацыю?
Не ўпэўнены, што гэта першае па значнасці, але гэта адна з першых рэчаў, якія з’яўляюцца ў мяне ў галаве. Таму што я таксама крыху пазаймаўся самаадукацыяй у галіне правоў чалавека, і для мяне стала відавочна, наколькі ў нас, у беларусаў, і ў мяне асабіста было няправільнае ўспрыманне такога аспекту, як свабода слова і выказвання.
Раней закідоны кшталту, як гэта я не магу назваць «підара» «підарам», ці я маю права крытычна выказвацца пра квір-персон, а калі вы мне забараняеце, то парушаеце маю свабоду слову. Зараз я вельмі добра разумею, якая гэта лухта. У першую чаргу павінна выконвацца права чалавека на годнасць яго персоны, то бок, абсалютна любую персону не павінны ніхто зневажаць, абразліва выказвацца ў яго, ці яе, ці іх бок. Тым больш абсалютна недапушчальныя любыя заклікі да фізічнай расправы і дыскрымінацыі. З улікам таго, што большасць, мне падаецца, дыяспары беларусаў і беларусак, уцягнутыя ў спажыванне кантэнту розных медыя, я лічу, што вельмі важна займацца пытаннем, што яны табе транслююць. Таму што яны ўдзельнічаюць актыўна ў фармаванні нейкай агульнай павесткі.
Па-другое, я ведаю, што існуюць такія механізмы ціску, як грамадскія судовыя працэсы. Я лічу, што на ўсіх трансфобаў, гамафобаў, трансфобак і гамафобак, трэба падаваць у суд, каб усе гэтыя справы разглядаліся, і да іх прыцягвалася вельмі шмат увагі. Канешне, калі гаворка ідзе пра фізічны гвалт, парушэння фізічных межаў, а таксама выкзаванні і тыя ж самыя каментары, трэба, каб было заўважна, што гэта не ок, і каб гэта адкрыта транслявалася. Таму што такія рэчы таксама ўплываюць на свядомасць і стаўленне вялікай групы людзей.
Я б вельмі хацеў мець магчымасць падаваць на кожнага ёлупня, які нешта не так у мой бок кажа.
Перш чым рухацца далей, давядзецца зрабіць зноў невялічкі мовазнаўчы экскурс. На гэты раз пагаворым пра польскую мову
Справа ў тым, што ў польскай мове няма формы ветлівага звароту да адной персоны «на вы». То бок у польскай краме прадавачка ніколі не запытае ў адной асобы: «Што для Вас?». Каб ветліва звярнуцца да асобы па-польску, трэба выкарыстоўваць словы «пан» і «пані». То бок, не «Што для Вас?», а «Што для пані ці пана?». Яшчэ ў польскай мове ёсць слова państwo — тое, што па-беларуску «спадарства». І так у прынцыпе можна звяртацца не толькі да групы асоб, а і да адной нейкай асобы, і тады будзе гендарна-нейтральна. Так ад часу да часу і робяць. Але часцей усё ж такі людзі «на вочка» прыкідваюць гендарную ідэнтычнасць суразмоўцы, і праз гэта здараюцца пэўныя казусы.
Дакладна быў такі выпадак, калі да мяне звярнуліся: «пан, ой, то бок пані». Было відавочна, што чалавек вельмі сумеўся/збянтэжыўся, яму было няёмка, а я проста расквітнеў.
Не зусім дарэчна да тэмы, але скажу, што з іншага боку, той жа мой удзел у грамадскіх акцыях, калі я, напрыклад, са сваім ЛГБТК+ сцягам выходзіў на маніфестацыі на 8 сакавіка, калі я прыпёрся з плакацікам, і мяне сфоткалі проста ўсе журналісты з камерамі, якія там прысутнічалі. Усе падыходзілі і выказвалі падзяку па-ангельску, бо мой транспарант таксама быў напісаны па-ангельску. І адна персона, якая там таксама прысутнічала — полька прыкладна сярэдняга ўзросту — падышла і пачала са мной размаўляць. У нас атрымалася доўгая даволі размова, яна мяне суправаджала і вельмі падтрымлівала. Яна дзякавала, што я прыйшоў падтрымаць полек у іх змаганні з заканадаўствам за права на легальную бяспечную аборцыю. Таму што для іх вельмі важны любы ўдзел. Яна казала за сябе і за сваіх сябровак і каляжанак па руху. Даведаўшыся, што я з Беларусі, таксама казала: «Так, я ведаю, што ў вас там адбываецца, гэта жах, калі ласка трымайцеся, класна, што вы прыехалі, прыходзьце, калі ласка, на такія акцыі, мы вельмі радыя, што вы тут». Карацей, гэта было проста неверагодна кранальна. Я ў той вечар адчуваў сябе проста галоўным персанажам свайго жыцця, калі не ўсёй Варшавы. Таму пакуль мой досвед звязаны з нечым вельмі мілым і кранальным, чым з агрэсіяй у мой бок.
І разам з тым нават у тусоўцы актывістаў і актывістак у галіне правоў чалавеку перыядычна ўзнікаюць пытанне наконт транс*гендарнасці і небінарнасці. Таму ад часу да часу Поллі задаюць пытанні, калі ён знаёміцца з новымі людзьмі
Для мяне вельмі кранальна, калі персоны асцярожна і паважліва з актыўнай згоды пачынаюць: «А можна я запытаюся, а як гэта, чаму?». Клёва зноў жа, калі гэта робіцца паважліва, а не кшталту: «Так, давай мне, калі ласка, бескаштоўную лекцыю, бо я проста хачу, мне проста цікава». Табе цікава — ідзі і чытай Гугл. Наконт праблематычных выпадкаў, акрамя такой зняважлівасці і абыякавасці да таго, што я прамаўляю, бывалі мікравыпадкі з боку каляжанак па цэху феміністак, асабліва, калі яны прамаўляюць сябе як крыху больш радыкальныя. Я разумею, што, магчыма, яны знаходзяцца ў кантэксце другой, можа быць, трэцяй, хвалі.
Гісторыю фемінізму ўмоўна дзеляць на чатыры хвалі.
Хоць некаторыя феміністкі і гендарныя даследніцы крытыкуюць такую класіфікацыю. У прыватнасці, з-за таго, што складана акрэсліць нейкія рамкі і сказаць, што вось тут у феміністак былі вось такія мэты і задачы, і яны з імі далі рады, а зараз пераходзім да наступнай.
Калі вельмі спрашчаць, то феміністкі першай хвалі змагаліся за палітычныя правы. Лозунг феміністак другой хвалі быў: «Асабістае — гэта палітычнае», і яны сцвярджалі, што быццам бы асабістыя пытанні: секс, узаемаадносіны, даступнасць абортаў і хатняя праца — насамрэч сістэмныя, абумоўленыя палітыкай праблемы.
Трэцяя хваля была пра інтэрсексцыйнасць: то бок разуменне таго, што цемнаскурыя жанчыны падвяргаюцца іншай дыскрымінацыі, чым белыя жанчыны, негетарасексуальныя жанчыны — іншай, чым гетерасексуальныя і г.д.
Чацвёртая хваля — тая, якая быццам бы зараз — накіравалася яшчэ і на інтэрнэт-прастору, дзейнічае ў тым ліку праз яе. Памятайма флэшмоб #metoo і #хопіцьгвалціць.
У гэтых хвалях трансфармаваліся і каштоўнасці, і мэты, і патрабаванні руху.
І там было такое стаўленне, кшталту, трэба абавязкова выкарыстоўваць фемінітывы ў дачыненні да сябе. Калі персона з жаночым акушэрскім полам ідэнтыфікуецца як небінарная персона і выкарыстоўвае займенні «ён» — гэта крышачку нібыта як здрада. І выказванні кшталту: «мы дзяўчынкі такія і сякія»… І я нават у такіх выпадках губляюся, бо мне вельмі нечакана чуць ад персоны, якая нібыта накіраваная на зваротнае. Я не дзяўчынкі! Такое часам сустракаецца, і, можа, гэта больш запамінаецца, бо ад сваіх крыху больш крыўдна. Але зноў жа, гэта адзінкавыя выпадкі, проста больш запамінаецца.
Памятаеце, Поллі шмат казаў пра тое, як моцна на яго паўдзейнічаў 2020 год? Таму я запытваюся, якія важныя высновы ён зрабіў для сябе за апошнія некалькі год
Трэба быць шчырым перад сабой і не ісці на нейкія ўступкі, не здаваць назад, але, улічваючы абставіны, калі зараз небяспечна, трэба ў першую чаргу клапаціцца аб тым, каб апынуцца ў бяспечных умовах і тады можа быць распачынаць актыўную дзейнасць.
Але калі ў небяспечных умовах ёсць проста моцны імпульс пачаць дзейнічаць, то трэба дзейнічаць, таму што лепшага часу і месца можа не быць. І вельмі важна не здавацца і не згаджацца на сцвярджэнні, якія можна пачуць, і самому трансляваць, што ты тут адзін такі «дзяўбануты», ты ненармальны, і з табой штосьці не так.
Ніколі нельга здавацца ў пошуках сваіх. Таму што свае абавязкова знойдуцца, абавязкова знойдзецца асяроддзе, якое цябе прыме, і гэта можа апынуцца неверагодна тэрапеўтычным і важным.
Таму напэўна дзве-тры такія высновы: быць шчырым і клёвым і біцца з патрыярхатам, пры гэтым сачыць за сабой і не падвяргаць сябе моцнай фізічнай небяспецы, шукаць аднадумцаў, аднадумак і сваю плынь, каб быць у гэтай плыні шчаслівай небінарнай рыбкай ці жабкай.
Напрыканцы гэтага выпуску я хачу расказаць пра некалькі ініцыятыў, якія ўсё яшчэ працуюць для транс*персон, якія знаходзяцца ў Беларусі
Напрыклад, гэта ініцыятыўная група th*house. Да іх можна звярнуцца па псіхалагічную і гуманітарную дапамогу. Яшчэ ёсць ініцыятыва «Тэндар на Гендар», якая ладзіць мерапрыемствы для ЛГБТК+ супольнасці і перыядычна аказвае бескаштоўную псіхалагічную дапамогу.
Таксама ёсць ініцыятыва «Новыя рэгіёны» — гэта інтэрсекцыйная фем-ЛБТК+ ініцыятыва, і да іх таксама можна звярнуцца па інфармацыйную і іншую падтрымку. Гэтыя ж самыя арганізацыі могуць дапамагчы беларусам і беларускам, якія знаходзяцца ў эміграцыі. Яшчэ можна звярнуцца ў службу «Адно Акно», і яны могуць вас перанакіраваць у профільныя арганізацыі, якія працуюць менавіта ў той краіне і тым горадзе, дзе вы зараз знаходзіцеся. Усе карысныя спасылкі вы знойдзеце ў апісанні.
Падпісвайцеся на наш падкаст, каб не прапускаць іншыя гісторыі Іншых. Пачуемся.