Нягледзячы на тое, што мы жывём у XXI стагоддзі, у большасці сем’яў менавіта жанчыны па-ранейшаму бяруць на сябе асноўную адказнасць за догляд і выхаванне дзяцей. Яны ахвяруюць целам, сном, кар’ерай, жывуць у рэжыме хранічнай стомленасці і шматзадачнасці, у той час як роля бацькі нярэдка зводзіцца да «дапамогі» — важнай, але ўсё ж другаснай.
Аднак свет змяняецца, і з’яўляюцца пары, якія свядома выбіраюць іншы шлях. Сённяшнія героі — Артур і Маша, беларусы, якія жывуць у ЗША. Іх дзіцяці сем месяцаў, шэсць з якіх у дэкрэце знаходзіцца менавіта тата. Мы пагутарылі з імі пра тое, як яны прынялі гэтае рашэнне, з якімі рэакцыямі сутыкнуліся і як гэты досвед змяніў іх сям’ю.
Чытаць артыкул у Беларусі без VPNПерадгісторыя: пераезд у ЗША і думкі пра бацькоўства
— Калі вы пераехалі ў ЗША і як увогуле прынялі гэтае рашэнне?
Артур: Мы пераехалі амаль шэсць гадоў таму, і гэта не было спантанным рашэннем: мы заўсёды ведалі, што з’едзем з Беларусі. Калі выйгралі грын-карту, вырашылі пераязджаць у ЗША.
Маша: Кар’ера для мяне заўсёды была ледзь не на першым месцы, і пераезд шмат у чым быў звязаны менавіта з гэтым. У медыцыне тут больш магчымасцяў расці, развівацца, працаваць у асяроддзі пастаяннага росту. І я ведала, што пераезд — гэта няпросты шлях, бо мне трэба пацвярджаць кваліфікацыю, у нечым перавучвацца, адаптавацца, змяняцца. Але мне хацелася ісці наперад, я ведала, што дома магчымасці моцна абмежаваныя.
— Чым вы займаліся да нараджэння дзіцяці? Кім працавалі?
Артур: Я працаваў праграмістам, у звыклым для IT рэжыме: праекты, дэдлайны, перапрацоўкі — і так па крузе. Маша заўсёды марыла быць хірургам, чым і займалася. Я мог працаваць з дому, сам планаваць дзень, падладжвацца пад задачы, і гэта моцна адрознівалася ад Машынага графіку, дзе ўсё залежыць ад змен, пацыентаў і кучы іншых фактараў.
— А як падзяляліся вашы ролі ў побыце?
Артур: У нас не было нейкага жорсткага падзелу роляў, і дакладна не было гісторыі, дзе мужчына «здабытчык», а жанчына «захоўвае быт». Мы абодва працавалі і добра зараблялі, але ў Машы быў вар’яцкі графік. Таму я часцей браў на сябе побытавыя рэчы: часам гатаваў або заказваў ежу, часам прыбіралі разам, часам я, часам клінінг. Увогуле скажу так: у побыце канфліктаў значна менш, калі ў пары ёсць грошы. Тады можна проста дэлегаваць любыя справы і не хвалявацца.
— Вы заўсёды хацелі дзіця або вырашылі ўжо ў шлюбе?
Маша: Мы пажаніліся, калі нам абодвум было па 23 гады, і тады здавалася, што шлюб — гэта ўжо сям’я, больш нічога не трэба. Сур’ёзна мы загаварылі пра дзяцей ужо ў ЗША і абодва зразумелі, што гатовыя — і маральна, і фінансава.
Артур: Гэта было, калі мы ўжо абжыліся ў Амерыцы: прайшло гады тры перад тым, як мы пачалі сур’ёзна «працаваць над гэтым пытаннем».
— Ці дапускалі вы тады думку, што ў дэкрэт можа пайсці менавіта тата?
Артур: У тэорыі — так, але гэта не выглядала як рэальны план. Я ўвогуле мала пра гэта думаў: звычайна жанчына ідзе ў дэкрэт, і, напэўна, падсвядома я таксама на гэта разлічваў. Толькі бліжэй да нараджэння дзіцяці мы пачалі гэта абмяркоўваць і зразумелі, што трэба было зрабіць гэта яшчэ да цяжарнасці.
— Маша, ці разглядала ты варыянт кароткага дэкрэту?
Маша: Так. У ЗША гэта вельмі распаўсюджаная гісторыя: ты нараджаеш — і праз два тыдні ўжо зноў на працы. Ніхто тут не сядзіць у дэкрэце тры гады, як у Беларусі. І мая прафесія патрабуе пастаяннага развіцця. Страціць тры гады — ледзь не выкінуць увесь свой прагрэс і дасягненні. Я дакладна ведала, што не буду мамай, якая гадамі сядзіць у дэкрэце.

Не па шаблоне: чаму ў дэкрэт пайшоў тата
— У які момант вы зразумелі, што ў дэкрэт пойдзе менавіта Артур?
Артур: Карцінка складвалася паступова. Мы думалі, як Машы хутчэй выйсці на працу, ці варта ўзяць няню на поўны дзень. Абодва зразумелі, што не хочам пакідаць дзіця з чужым чалавекам з самага пачатку. Маша сказала, што хоча вярнуцца на працу як мага хутчэй, што гэта для яе вельмі важна, і што яна шмат чым ахвяруе дзеля нашага малога, і кар’ера не павінна стаць адной з гэтых ахвяр.
І я сам прапанаваў — спытаў, як ёй такі варыянт: калі я год пабуду дома з дзіцём. Я марыў пра малога, таму быў гатовы прыпыніць сваю працу або рабіць яе часткова. Маша вельмі ўзрадавалася, сказала, што сама хацела прапанаваць, але не ведала, як я адрэагую.
Маша: Калі Артур захацеў пайсці ў дэкрэт, я адчула сябе ў бяспецы, ведаючы, што побач са мной мужчына, які падтрымлівае мяне, а не спыняе. Які гатовы ўключацца і быць паўнавартасным бацькам.
— Ці былі ў цябе думкі, што менавіта ты, як мама, павінна застацца з дзіцём?
Маша: Вядома. Я ледзь не кожны дзень думала пра гэта і вінаваціла сябе: навошта я нараджаю дзіця, калі ў выніку выбіраю кар’еру? Калі не надам яму ўвесь свой час, у якім ён мае патрэбу? Але Артур мяне вельмі падтрымаў, плюс я разбірала гэтую тэму з псіхолагам, і мне стала лягчэй. Мы абодва — бацькі, і мая праца — таксама ўклад у дзіця і яго будучыню. Я ж не кідаю яго, проста праводжу менш часу, чым іншыя мамы. У яго цудоўны тата, які заўсёды побач, таму цяпер я не бачу сітуацыю так, нібыта дзіця чымсьці абдзелена.
— Ці былі сумневы або спрэчкі?
Артур: У мяне было шмат сумневаў у сабе: ці дам рады. Кажуць, што быць татам лёгка, бо звычайна «праца» таты — гэта пагуляць з дзіцём гадзіну пасля працы. Да гэтага падрыхтавацца няцяжка. А вось разумець, што жыццё дзіцяці амаль цалкам на табе, — гэта страшна. І так жывуць мамы, і гэта лічыцца нормай.
Хто зарабляе? Фінансы і баланс у сям’і
— Асноўны даход у сям’ю цяпер прыносіць Маша?
Маша: Так, цяпер асноўны даход — гэта мая праца. У медыцыне графік няпросты, але ён дае стабільнасць, на якую мы можам абапірацца. Гэта частка той мадэлі, якую мы свядома выбралі. Але Артур працуе парт-тайм, у яго цяпер цікавы праект, таму ён таксама зарабляе нядрэнныя грошы.
Я стала лепш разумець мужчын, якія ўтрымліваюць сям’ю. Ведаць, што большая частка выдаткаў на табе, — гэта стрэс, але ў нас ёсць запас грошай, і гэта мяне заўсёды супакойвае. Увогуле, усім раю мець назапашванні, асабліва калі плануеце дзіця.
— Ці ўзнікалі ў вас канфлікты на глебе фінансаў?
Артур: Канфліктаў не было, але часам меркаванні разыходзяцца: на што траціць, як расстаўляць прыярытэты, як планаваць пакупкі. Нядаўна абнавілі машыну, і гэта была мая ініцыятыва. Я больш часу баўлю з дзіцём, ваджу на развівашкі, да ўрачоў, бяру з сабой, калі мне кудысьці трэба. Мне захацелася большую машыну, з вялікім багажнікам. Маша думала, што гэта можа пачакаць, але літаральна некалькіх паездак з вазком ёй хапіла, каб зразумець, як мне было нязручна.
Мы намагаемся чуць патрэбы адно аднаго. Гэта вялікая частка бацькоўства.

Адзін дзень з жыцця таты ў дэкрэце
— Артур, як выглядае твой звычайны дзень з дзіцём?
Артур: Дзень амаль адразу перастае быць «маім»: кожная раніца круціцца вакол дзіцяці. Калі наогул гэтая раніца ёсць. Часам дзіця неспакойна спіць, Маша ў бальніцы, і я магу хіба што задрамаць — і то ўрыўкамі. Кармлю, укладваю спаць, калыхаю, размаўляю з ім, вучу нейкім пацешным гукам. Люблю ўключаць музыку і глядзець, як ён рэагуе.
Яшчэ ў нас цэлая скрыня бразготак і ўсялякай драбязі, якую можна трымаць у руках, гладзіць, якая звініць, пішчыць і гэтак далей. Мы ўжо актыўна поўзаем, цягнем усё ў рот. Карацей, сумаваць не даводзіцца. Два разы на тыдзень ездзім на бэбі-групы — гэта развівашкі для дзяцей да года. І ў нас побач з домам ёсць baby swimming [плаванне для немаўлят. — заўв. рэд.], ходзім раз на тыдзень. Пакуль малы спіць, спрабую нешта прыгатаваць, бо не вельмі люблю амерыканскія дастаўкі. Што да прыбірання — раз ці два на тыдзень выклікаем клінінг.
Некалькі разоў на тыдзень прыходзіць няня. Яна застаецца некалькі начэй на тыдзень, каб я мог паспаць, і адзін поўны дзень, каб я мог зрабіць свае справы і правесці час з Машай без дзіцяці.
— Што аказалася самым складаным у дэкрэце?
Артур: Ставіць чужыя патрэбы вышэй за свае. Вядома, да нараджэння дзіцяці я часам ставіў патрэбы жонкі вышэй за свае, а яна — мае. Але з дзіцём ты заўсёды ў першую чаргу арыентуешся на тое, што трэба яму, каб ён быў у парадку.
Ты забываеш, якім было жыццё раней, калі мог выпіць кавы ў цішыні, убачыцца з сябрамі, калі захочаш. Даводзіцца шмат чым ахвяраваць, але яно таго варта.
— А што стала нечакана прыемным?
Артур: Адчуванне, што ты — тата, гэта проста нешта неверагоднае! Цяпер ты бацька, твая роля — навучыць дзіця ўсяму: ад першых крокаў і слоў. Дзеці змяняюцца кожны дзень, выдаюць нешта новае, рэагуюць па-новаму, і бачыць свой уклад у развіццё маленькага чалавека — гэта ўражвае. Я не быў упэўнены, што дам рады ролі таты, а цяпер разумею, што ўсё менавіта так, як мусіць быць.
Пра рэакцыю навакольных і ўнутраныя змены
— Як адрэагавалі вашы родныя і сябры?
Артур: Рэакцыі былі розныя, але агулам спакойныя. Мае бацькі крыху здзівіліся, але не ў плане «ой, Маша кінула дзіця», а спыталі, ці гатовы я. І я адказаў, што наогул для нас абодвух бацькоўства — гэта нешта новае. Чаму па змоўчанні лепш павінна справіцца Маша? Таму што дзякуючы інстынкту яна павінна ўсё ўмець? Не, жанчыны вучацца па ходу, значыць, і я змагу.
— Артур, ці змянілася тваё адчуванне сябе як мужчыны?
Артур: Часткова, але зусім не ў той бок, пра які я думаў. Мне здаецца, большасць мужчын успрымаюць бацькоўства як нешта жаночае і ледзь не баяцца страціць сваю мужнасць. А для мяне цяпер усё наадварот.
Я — бацька, прыклад для свайго дзіцяці, чалавек, які разумее яго патрэбы і знаходзіцца побач, каб дапамагчы. Ад гэтага я адчуваю сябе значна больш важным і значным, чым раней.
— Маша, а што наконт цябе? Ці змянілася тваё ўспрыманне ролі партнёра?
Маша: Я заўсёды любіла і паважала свайго мужа, але пасля нараджэння дзіцяці гэта памножылася на сто. Яшчэ раз зразумела, што зрабіла правільны выбар: мой муж — сапраўдны бацька, разумны, адказны, чулы. Я магу на яго разлічваць, ведаючы, што ўсё будзе добра. Плюс, калі ты сам не знаходзішся ў гэтым 24/7, складана да канца зразумець аб’ём гэтай працы, і таму я цаню яго ўклад яшчэ больш.

Што дае такі досвед
— Артур, калі ты плануеш вяртацца да працы на поўны дзень?
Артур: Дакладнай даты няма, і пакуль мне падабаецца быць дома і бавіць час з сынам. У нас ёсць няня, і я магу атрымліваць асалоду ад бацькоўства, не ахвяруючы пры гэтым сваім жыццём і захапленнямі. Але на поўны дзень аддаваць дзіця нянi мы пакуль не хочам.
— Ці разглядаеце вы такі фармат у будучыні, калі вырашыцеся на яшчэ адно дзіця?
Маша: Мы пра гэта не думалі, але цяпер дакладна разумеем, што гэта рабочая мадэль. Калі абставіны будуць падобнымі — магчыма. А магчыма, праз нейкі час я супакоюся з кар’ерай, мы пераедзем у большы дом, і я сама захачу пабыць дома з малым, калі надумаем другога. Жыццё пакажа.
— Што гэты досвед даў кожнаму з вас?
Артур: Для мяне гэта пра вельмі глыбокае пагружэнне ў бацькоўства. Я па-іншаму стаў глядзець на клопат, на адказнасць, на час. І лепш зразумеў, колькі нябачнай працы за гэтым стаіць, колькі жанчыны на самой справе робяць і наколькі мужчыны гэтага не цэняць. Гэта не тая праца, за якую плацяць, але тая, якую трэба рабіць штодзень, разумеючы, што ад яе залежыць шчасце і дабрабыт усёй сям’і.
Маша: Гэты досвед даў мне разуменне таго, які ў мяне цудоўны муж, як моцна я палюбіла яго наноў — ужо ў ролі таты.
Яшчэ я зразумела, што бацькоўства можа быць камфортным для абодвух, але для гэтага важна мець добрую фінансавую базу. Я ўпэўненая, што калі б у нас не было няні, Артур бы звар’яцеў адзін дома — без працы, сну і мацоўні. І гэта тое, што патрэбна кожнаму бацьку, які ідзе ў дэкрэт.
— Што б вы сказалі парам, якія думаюць пра падобнае рашэнне?
Артур: Я б параіў быць шчырымі і звярнуць асаблівую ўвагу на нязручныя тэмы: грошы, чаканні, страхі, абавязкі. І яшчэ важна быць гатовымі да таго, што ў працэсе шмат што будзе змяняцца, і ўсё можа аказацца не так, як вы спачатку бачылі і планавалі. Гэта не «раз і назаўжды» прынятае рашэнне, а працэс, дзе важна слухаць адно аднаго.
Маша: Мне было страшна станавіцца мамай, страшна было выходзіць на працу і пакідаць дзіця, хоць я і ведала, што ён з татам і ў бяспецы. Напэўна, я б пачала працаваць з трывожнасцю яшчэ да цяжарнасці, каб менш сябе накручваць у працэсе.
Аўтарка: Martha K.



