Як мужчынам і жанчынам будаваць дыялог у эпоху фемінізму і гвалту

ІнклюзіяВедыГендарПравы чалавека
4.9
(12)

Брытанскае медыя апублікавала відэа, дзе жанчынам задаюць пытанне: каму яны б аддалі перавагу пры сустрэчы ў лесе — мядзведзю ці мужчыну? Амаль усе жанчыны аддалі перавагу мядзведзю, аргументаваўшы гэта тым, што баяцца мужчын і што мядзведзь не стане нападаць, калі яго не правакаваць.

Так, мужчыны адчуваюць, што жанчыны іх дэманізуюць, а жанчыны спасылаюцца на тое, што адчуваюць пагрозу ад мужчын — факты і статыстыка паказваюць, што іх хваляванні не беспадстаўныя.

Цікава яшчэ і тое, што паводле сведчанняў апошніх сацыялагічных даследаванняў атрымліваецца, што раней людзі аднаго пакалення прытрымліваліся падобнага светапогляду, але ў апошнія гады сітуацыя змянілася: маладыя мужчыны робяцца больш кансерватыўнымі, а жанчыны — ліберальнымі.

У выніку гэтага ўсяго гендарны разрыў расце, таму мужчынам і жанчынам стала яшчэ цяжэй знаходзіць агульную мову. У гэтым артыкуле мы пагаворым пра практыкі і звычкі, якія дапамогуць нам чуць адно аднаго і быць больш адкрытымі.

1. Усведамляйце свае прывілеі і выкарыстоўвайце іх для падтрымання роўнасці, а не для дамінавання

Меркаванне і бачнасць мужчын па-ранейшаму больш істотныя ў многіх сферах жыцця. Даследаванні медыйных крыніц з усяго свету паказваюць, што больш за 70% людзей, якіх мы бачым і цытуем у навінах, — мужчыны. Што тычыцца «экспертных» крыніц інфармацыі, то каля 80% з іх — таксама мужчыны.

Калі жанчын і клічуць у якасці экспертак, то іх эфірны час значна меншы, і найчасцей іх клічуць пракаментаваць пытанні ў галіне адукацыі або культуры.

Днямі канал «Youtube Беларусі» падлічыў, колькі слоў сказала сувядоўца Сяргея Чалага Вольга Лойка ў выпуску пра эканоміку — 60. Да таго ж імя Вольгі нідзе не фігуруе ў апісанні да відэа — як быццам яна і ёсць, але нібыта і няма.

Крыніца: girls.power.belarus

Мужчынам прасцей выказваць сваё меркаванне, бо ім не выстаўляюць патрабаванняў кшалту «не лайся», «будзь ласкавым, пакорлівым і пачцівым».

Аўтарытэт у грамадстве і доступ да медыйнага поля, якія ёсць у мужчын, варта выкарыстоўваць для ўзняцця пытанняў роўнасці — як публічна, так і сярод сяброў_вак і знаёмых.

Таксама мужчынам важна ўмешвацца, калі яны становяцца сведкамі гендарнай дыскрымінацыі або сексізму. Адна справа, калі жанчына «крыўдзіцца» на «жарт» пра сябе, і зусім іншае — калі адзін мужчына адказвае іншаму мужчыну, што гэта не крута.

Кажучы пра  суперсілу прывілеяў для падтрымання роўнасці, успамінаецца Катрын Швіцэр — першая жанчына, якая прабегла Бостанскі марафон. Падчас забегу яе сілай спрабаваў спыніць адзін з арганізатараў Джок Сэмпл, а іншыя мужчыны — спрабавалі яму перашкодзіць.

2. Памятайце, што фемінізм выгадны для ўсіх

Пачнем з самага надзённага: ідэі фемінізму сугучныя антымілітарысцкім рухам, бо яны разам выступаюць супраць вайны.

Калі пачалася вайна і мабілізацыя ў Расіі, феміністкі арганізавалі Фемінісцкі антываенны супраціў (ФАС) і пачалі дапамагаць мужчынам выехаць з краіны, забяспечваць працу антываеннага фонду і падтрымліваць расейцаў, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй праз сваю антываенную пазіцыю.

Ніводная з плыняў фемінізму ніколі не заклікала мужчын у войска і тым больш на вайну. Феміністкі выступаюць за добраахвотную кантрактную службу як для мужчын, так і для жанчын.

Калі казаць пра фемінізм у цэлым, то ён у тым ліку змагаецца са стэрэатыпным стаўленнем, што «мужчына — ваяр, абаронца і здабытчык, які ніколі не плача і не скардзіцца, нават калі яму балюча, дрэнна ці страшна». Наступствы такіх навязаных чаканняў вельмі сур’ёзныя і небяспечныя для мужчынскага здароўя. Менавіта таму мужчыны паміраюць на 10 гадоў раней за жанчын. І менавіта таму найчасцей агрэсарамі з’яўляюцца менавіта мужчыны — перакананне, што эмоцыі трэба душыць, прыводзіць да самаразбурэння або гвалту.

Гэта стэрэатып, што патрыярхат — за мужчын, а фемінізм — за жанчын. Патрыярхат — за гвалт і ўладу любой цаной. Гэта звер, які жарэ ўсіх без разбору: як жанчын, так і мужчын.

Асноўная ідэя фемінізму — гэта не ўзвышэнне жанчын над мужчынамі, а раўнанне ў правах і магчымасцях для стварэння збалансаванага і гарманічнага грамадства. І гэта дзейнічае ў абодва бакі: мужчыны зараз не павінны цягнуць на сабе цяжар стэрэатыпаў кшталту «мужчыны не плачуць». Фемінізм — гэта пра свабоду і роўнасць для ўсіх на сацыяльным, палітычным, фінансавым і эмацыйным узроўнях, а не пра дамінаванне аднаго полу.

Алена Радчанка, інтэгратыўны псіхолаг

3. Падтрымлівайце актыўныя змены ў грамадстве і дапамагайце адно адному змагацца за свае правы

Наколькі гэта магчыма і бяспечна ў той краіне, у якой вы цяпер знаходзіцеся. Жанчыны ў Расіі змагаюцца за вяртанне дахаты незаконна мабілізаваных праз арганізацыю мітынгаў і іншых акцый пратэсту. Мужчыны ЗША ўдзельнічаюць у маршах супраць закону аб забароне абортаў.

У Беларусі нам яшчэ трэба прыняць закон аб хатнім гвалце — і ў гэтым вельмі патрэбна падтрымка мужчын. У ідэале — трэба прыняць закон, які будзе прадугледжваць працу з аўтарамі агрэсіі не па факце здзейсненага гвалту, а загадзя.

Дапамагаючы адно адному, мы робім нашыя ўласныя галасы больш гучнымі, а жыццё — лепшым.

Крыніца. Марш мужчын і жанчын у Тэхасе супраць забароны абортаў

4. Усвядомце гістарычны і сацыяльны кантэкст адно адного

«Раней феміністкі дамагаліся магчымасці галасаваць на выбарах, працаваць і вучыцца. Цяпер юрыдычна гэта ўсё дазволена. За што вы цяпер змагаецеся?»

Так, на паперы ўсе гэтыя магчымасці ў жанчыны ёсць. Яна можа працаваць, але:

* Шкляная столя — гэта з’ява, калі жанчына не можа дасягнуць пэўных кар’ерных вышынь нават з такімі ж кампетэнцыямі і адукацыяй, як і мужчына ў гэтай жа сферы. Таксама ў Беларусі ёсць і “бетонная столя” — гэта спіс забароненых для жанчын прафесій, які тлумачыцца клопатам аб жаночай рэпрадуктыўнай функцыі.
  • «вазьмі “другую змену”, дзе ты будзеш акрамя працы выконваць хатнія абавязкі, гадаваць дзяцей і абавязкова сачыць за сабой, каб добра выглядаць (але не занадта добра, каб іншыя мужчыны цябе захацелі, бо будзеш “сама вінаватая”)»;
  • «прабі “шкляную столю”* і дакажы, што ты маеш каштоўнасць не толькі дзякуючы сваёй рэпрадуктыўнай функцыі, але і як спецыялістка з экспертызай».

Атрымліваецца, што жанчынам далі правы, але і нагрузілі іх яшчэ больш. Здаецца, што ў жанчын усё ёсць і змагацца за правы няма патрэбы. Але гэта не так.

Успомнім лозунг «асабістае — гэта палітычнае», які актыўна выкарыстоўваўся ў 1960-х і 1970-х гадах падчас другой хвалі фемінізму, каб сказаць: праблемы, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў асабістай сферы — хатні гвалт, сэксуальнае дамаганне і дыскрымінацыя на працоўным месцы — адлюстраванне сістэмнай несправядлівасці, якая патрабуе палітычнага рашэння.

АсабістаеПалітычнае
Жанчыны больш уцягнутыя
ў справы па доглядзе
дзяцей і вядзенні хатняга побыту. 
Няма падтрымкі бацькоў, якія працуюць,
і роўнасці на працоўным месцы.
Жанчыны хочуць
мець права рабіць аборт.
Доступ да гэтай паслугі рэгулюецца заканадаўствам
і дзяржаўнай палітыкай. Напрыклад, у Польшчы
ў жанчыны няма рэпрадуктыўнага права:
магчымасці вырашаць нараджаць ці не.

Трэцяя хваля фемінізму, апроч працы з інтэрсекцыйнасцю і разнастайнасцю, змагаецца з эпідэміяй хатняга гвалту. У многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі і Расіі, да гэтага часу няма закона, які б абараніў жанчын ад гвалту ў сям’і. Паводле дадзеных ААН кожныя 11 хвілін адна жанчына ў свеце гіне ад рук членаў сям’і.

Мужчыны выхоўваюцца ў парадыгме таксічнай маскуліннасці

Грамадства, якое мадэлюе патрыярхат, псеўдазручнае для мужчын.

Як мы ўжо пісалі вышэй, таксічная маскуліннасць асацыюе мужчынскія якасці з агрэсіяй, дамінаваннем і эмацыйнай стрыманасцю. Навязванне ролі «здабытчыка і абаронцы» абмяжоўвае асабістыя і прафесійныя выбары мужчыны, што не вядзе да станоўчага выніку.

Так, многія мужчыны, якія лічаць, што іх вызначаюць толькі поспехі ў рабоце, у выпадку няўдачы сутыкаюцца з моцным крызісам, душаць свае пачуцці і не ўмеюць працаваць з агрэсіяй. Таму зараз у некаторых краінах, калі мужчыну затрымліваюць за хатні гвалт, яго абавязваюць прайсці курсы па працы з агрэсіяй, каб ён навучыўся спраўляцца са сваімі эмоцыямі больш экалагічна.

Фемінізм не дзеліць свет на «жаноцкае» і «мужнае», а змагаецца за свабоду ад стэрэатыпаў — каб кожны ў свеце мог не адпавядаць навязаным ролям, а быць сабой і паважаць права іншага чалавека ў гэтым.

5. Не абагульняйце, звяртайцеся да фактаў

Абагульненні кшталту «ўсе мужчыны гвалтаўнікі», «усе жанчыны істэрычкі» не дазваляюць убачыць іншага чалавека і ігнаруюць яго ці яе індывідуальнасць. Такія абагульненні падзяляюць нас на «мы» і «яны», што яшчэ больш узмацняе палярызацыю паміж намі і перашкаджае знайсці агульныя кропкі судакранання.

Таму ў дыялогу факусуйцеся на індывідуальным досведзе суразмоўцы і пазбягайце катэгарычных сцвярджэнняў. Слухайце адно аднога і задавайце адно аднаму адкрытыя пытанні, якія дапамогуць зразумець вопыт і меркаванне суразмоўцы.

6. Памятайце аб прапагандзе і падмене паняццяў

Патрыярхальнай і аўтарытарнай уладзе выгадная разрозненасць, каб мы адно з адным не размаўлялі, не аб’ядноўваліся і, адпаведна, не рабіліся больш моцнымі.

«Усё, што звязана, з гендарам вельмі дэманізуецца. Гэта ўзмацняецца прапагандай: калі чуеш слова “гендар”, значыць, маеш справу з “дрэннымі” заходнімі каштоўнасці і небяспечнай талерантнасцю, якая вось-вось разбурыць славянскі інстытут сям’і! Гэта літаральна рыторыка Аляксандра Лукашэнкі, якая суправаджала неўвядзенне закона аб хатнім гвалце ў 2018 годзе. У выніку мы прыходзім да таго, што частка нашага грамадства гендарна сляпая — мы не можам некаторыя відавочныя праблемы ідэнтыфікаваць як палавыя.

Таццяна Зінякова, праваабаронцаца Human Constanta, у нашым артыкуле «Важнасць гендарнай няроўнасці ў беларус_ак на апошнім месцы — новае даследаванне Фемгрупы»

Як і з любым іншым рухам, у многім людзям характэрна перадузятае стаўленне да пытання і вера ў стэрэатыпы. Самыя папулярныя з іх: «феміністкі жадаюць заняволіць мужчын»; «феміністкамі становяцца толькі нерэалізаваныя жанчыны»; «яны проста жадаюць, каб мужчыны аддавалі ім свае грошы». Ёсць таксама меркаванне, што «феміністкі выкарыстоўваюць свае прынцыпы толькі тады, калі ім зручна». Усё гэта — стэрэатыпы.

Фемінізм, як любы рух, разнастайны, і, вядома, існуе невялікая група людзей з радыкальнымі поглядамі, якія могуць лічыць, што мужчыны павінны быць пакараныя. Але ці азначае гэта, што ўвесь фемінізм такі? Відавочна, што не. У руху ёсць розныя меркаванні: ад скрайніх да цэнтрысцкіх і мяккіх. 

Што з гэтым рабіць? Трэба метадычна займацца асветай, прыводзіць прыклады і тлумачыць, што такое фемінізм насамрэч. Падмена паняццяў існуе ў нашым грамадстве, і тут варта звярнуцца да сацыялогіі. Мне падаецца, што беларускае грамадства ў цэлым схільнае да ідэй роўнасці і раўнапраўя. Я веру, што пры нармальных умовах мы можам дастаткова хутка рушыць наперад у пытаннях фемінізму і барацьбы за правы жанчын. Магчыма, я проста хачу верыць у лепшае, але ў мяне ёсць адчуванне, што мы зможам.

Макс Паршута, блогер і медыямэнаджар

7. Актыўна асуджайце гвалт і ў першую чаргу транслюйце права на бяспеку

Папулярныя ідэі пра тое, як прадухіліць гвалт, не заклікаюць не гвалтаваць, а пераносяць адказнасць на жанчын: «не хадзіце позна», «так не апранайцеся», «так не фарбуйцеся», «вывучыце прыёмы самаабароны». А калі жанчына ўсё ж была згвалтаваная — «сама вінаватая», бо, відаць, нешта з гэтых пунктаў не выканала.

Але жанчыны часцей сутыкаюцца з гвалтам з боку знаёмых (якім яны давяраюць), чым з боку незнаёмцаў (35% супраць 11%). Таму гэтыя парады часцей за ўсё не вартыя ўвагі і адзінае, што можа дапамагчы — гэта пакаранне на заканадаўчым узроўні за парушэнне права чалавека на недатыкальнасць і бяспеку. І, вядома ж, грамадства павінна трансляваць максімальную неталерантнасць да гвалту, а не вучыць чалавека, як яму_ёй абараняцца.

Прычына, паводле якой людзі спрабуюць апраўдаць аўтара гвалту – жаданне вылічыць заканамернасць, калі і чаму гэта адбываецца, каб пазбегнуць такой долі для сябе. Аднак, як паказвае практыка, над людзьмі здзяйснялі гвалт і ў светлых завулках, і нават калі яны былі ў паранджы. Адзіны спосаб сябе абараніць — гэта прызнаць той факт, што такое можа здарыцца дзе заўгодна і з кім заўгодна. Менавіта гэтая ідэя натхняе караць гвалтаўніка, а не вінаваціць ахвяру.

Алена Радчанка, інтэгратыўны псіхолаг

Канструктыўны дыялог можна пабудаваць вакол амаль любых аргумэнтаў. Калі мэта — пачуць адно аднаго, то гэтага можна дасягнуць карыстаючыся любымі прыладамі. Але ў рэальнасці мужчыны часта заходзяць у такія дыялогі з устойлівымі перакананнямі і негатоўнасцю бачыць іншы пункт гледжання. І жанчыны таксама не заўсёды гатовыя да гэтага. Гісторыя пра канструктыўны дыялог заўсёды пра ўзаемны рух. Яго пабудаваць складана, але магчыма. Галоўнае — разумець мэту і быць адкрытым да іншага меркавання.

Макс Паршута, блогер і медыямэнаджар

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.9 / 5. Колькасць галасоў: 12

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x