У навагоднім звароце Лукашэнка назначыў 2026-ты Годам беларускай жанчыны. Праз пару тыдняў ён звольніў адзіную жанчыну-міністра (іранічна, што міністарку працы і сацыяльнай абароны), а 21 студзеня выйшла навіна, што ў Беларусі збіраюцца забараніць аборты ў прыватных клініках.
Відавочна, што чарговы тэматычны год — не больш як папулізм і паразітаванне на рэальных праблемах беларусак. Аднак у гэтым артыкуле я хачу пагаварыць пра тое, што павінна быць зроблена ў краіне, каб жыццё беларускіх жанчын палепшылася не толькі на паперы.

Лена
Аўтарка артыкула, феміністка, блогерка
- 1. Не абмяжоўваць доступ да абортаў
- 2. Стварыць фонд па аліментах
- 3. Абараніць цяжарных і жанчын з дзецьмі ад дыскрымінацыі на працы
- 4. Прыняць закон аб хатнім гвалце
- 5. Зменшыць разрыў у аплаце працы паміж мужчынамі і жанчынамі
- 6. Адмяніць спіс забароненых для жанчын прафесій
- 7. Вызваліць палітвязніц і спыніць катаванні ў жаночых калоніях
- 8. Прыняць закон супраць сэксуалізаваных дамаганняў і іншых палавых злачынстваў
- 9. Спыніць увядзенне закона аб адказнасці за «прапаганду» гомасэксуальных стасункаў і бяздзетнасці
- 10. Вырашыць пытанне з даступнасцю пракладак
1. Не абмяжоўваць доступ да абортаў
Цяпер у Беларусі аборт можна зрабіць да 12-га тыдня па жаданні жанчыны, а па сацыяльных і медыцынскіх паказаннях* — да 22 тыдняў. І хоць тыдні без абортаў, якія праводзяцца колькі гадоў, выклікалі трывожнасць, на тле відавочных антыабортных сусветных тэндэнцый беларускае заканадаўства падавала некаторыя надзеі. Але і тут са дна пагрукалі.
* Сацыяльныя паказанні — гэта, напрыклад, цяжарнасць у выніку згвалтавання (і толькі калі яно задакументаванае, то-бок жанчына звярнулася ў міліцыю). Медыцынскія паказанні — гэта цяжкія захворванні і станы, напрыклад сухоты, ВІЧ, анкалогія, цяжкія парокі развіцця плоду і іншыя выпадкі, калі працяг цяжарнасці ёсць сур'ёзнай рызыкай для здароўя або жыцця жанчыны.
Улады кажуць, што забарона абортаў у прыватных клініках абумоўленая тым, што «ў дзяржустановах праводзяць больш эфектыўную перадабортную кансультацыю». Чытаем: у дзяржустановах жанчын больш эфектыўна адгаворваюць ад абортаў. Да таго ж у дзяржавы з’явіўся план «Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу», і такое ўзмацненне рэпрадуктыўнага ціску на жанчын — верагодна, спосаб рэалізацыі гэтага плана.
Намер скараціць тэрмін аборту па жаданні з 12 да 9 тыдняў пацвярджае, што мэта гэтай забароны — зрабіць так, каб жанчына не паспела зрабіць аборт своечасова. Бо звычайна пра цяжарнасць жанчына даведваецца толькі на 4–6 тыдні. А ў новых умовах, калі ў дзяржустановах з ёй будуць весці «прафілактычныя» гутаркі пра цуд мацярынства і адпраўляць па бюракратычных колах, шанцы паспець з легальным абортам будуць невысокія.
Важна адно: забарона абортаў наўрад ці прывядзе да значнага памяншэння іх колькасці — яны проста стануць нелегальнымі і небяспечнымі, а гэта прамое парушэнне правоў жанчын і дзяўчат*.
* Згодна з рэпрадуктыўным правам кожная жанчына мае права на бяспечны доступ да медыцынскіх паслуг, уключаючы перапыненне цяжарнасці, а таксама права самастойна прымаць рашэнні па ўласным рэпрадуктыўным здароўі.
Нельга прымусіць жанчыну хацець дзіця, але можна стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб гэтае жаданне з’явілася. Пра некаторыя з іх я раскажу далей.
2. Стварыць фонд па аліментах
У 2024 годзе амаль 60% усіх разводаў у Беларусі адбыліся ў сем’ях з дзецьмі. Пасля разводу дзеці часцей за ўсё застаюцца з маці, а другі з бацькоў — адпаведна часцей за ўсё бацька — мусіць выплачваць аліменты на ўтрыманне свайго дзіцяці.

Аднак, па-першае, практыкуюцца розныя схемы скарачэння аліментаў. Напрыклад, калі чалавек афіцыйна не працаўладкаваны і фармальна лічыцца беспрацоўным, памер аліментаў разлічваецца як 50% ад бюджэту пражытковага мінімуму на адно дзіця — гэта 245 рублёў (менш за 100 даляраў)*. Відавочна, такіх грошай недастаткова для ўтрымання дзіцяці.
* На стан ад 11.02.2026
Па-другое, многія беларусы ўвогуле пазбягаюць выплаты аліментаў: толькі за студзень–ліпень 2025 года ў Беларусі прымусова спаганялі аліменты ў дачыненні да 95 тысяч даўжнікоў.
Можна запярэчыць: калі бацька не плаціць аліменты, яны могуць быць спагнаныя праз суд. Так, але ў гэтай сітуацыі на жанчыну кладзецца дадатковая нагрузка: разбірацца ў заканадаўстве і марнаваць свае рэсурсы на бясконцыя судовыя цяжбы. І гэта ўсё апроч самога догляду дзіцяці і зарабляння грошай на жыццё.
Сітуацыю мог бы выправіць фонд па аліментах. Ён прыярытызаваў бы абарону дзяцей, а не пакаранне бацькоў-даўжнікоў.
Гэта магло б выглядаць такім чынам: у выпадку нявыплаты аліментаў фонд аўтаматычна выплачвае мінімальна ўсталяваную суму, а спагнаннем запазычанасці з даўжніка займаецца дзяржава, а не былая жонка. Такім чынам дзіця гарантавана атрымлівала б грошы, а не чакала рашэнняў суда і магчымай выплаты, а з жанчын знялася б хоць нейкая частка неаплатнай працы.
3. Абараніць цяжарных і жанчын з дзецьмі ад дыскрымінацыі на працы
На ўзроўні закону для цяжарных жанчын і маці ў Беларусі існуюць розныя сацыяльныя гарантыі. Вось некаторыя з іх:
- цяжарную жанчыну нельга звольніць, а пасля выхаду з дэкрэта — панізіць на пасадзе;
- цяжарныя жанчыны і жанчыны з дзецьмі да трох гадоў не могуць прыцягвацца да звышурочнай працы, працы ў святы і выходныя;
- жанчына, якая чакае дзіця, або жанчына, якая выхоўвае дзіця да 14 гадоў, мае права на няпоўны працоўны дзень або тыдзень, і працадаўца абавязаны пайсці насустрач;
- жанчына, якая выхоўвае дваіх дзяцей да 16 гадоў, мае права на дадатковы вольны дзень на месяц.
Здавалася б, гэтыя сацыяльныя гарантыі павінны бараніць жанчын, аднак на практыцы не заўсёды так адбываецца. Парадаксальна, але сацыяльныя гарантыі + устойлівае ўяўленне, што менавіта жанчына «адказвае» за дзяцей*, нярэдка працуюць супраць саміх жанчын.
* Бо менавіта жанчына часцей сыходзіць у дэкрэт і часцей бярэ бальнічны, калі дзіця хварэе. І хоць мужчыны таксама могуць браць адпачынак для догляду дзіцяці, у Беларусі толькі 1% мужчын карыстаюцца такой магчымасцю — праз гендарныя стэрэатыпы.

Жанчынам з дзецьмі больш складана знайсці працу, бо яны часта ўспрымаюцца як «нявыгадныя» работніцы, з якімі лепш не звязвацца. Нярэдкія выпадкі, калі пасля сумоўя перавага аддаецца кандыдату-мужчыну, а не жанчыне* — пры аднолькавым узроўні адукацыі і вопыту.
* Нават калі жанчына атрымлівае працу, скарыстацца сацыяльнымі адпачынкамі, дадатковымі свабоднымі днямі, перапынкамі на кармленні таксама вельмі складана — працадаўцы часта забараняюць карыстацца гэтымі гарантыямі, пагражаючы звальненнем. Тут можна прыгадаць нядаўні гучны выпадак, калі беларуску тройчы звольнілі з працы з-за частых бальнічных з дзецьмі.
Таму апрача ўсіх сацыяльных гарантый у Беларусі трэба распрацаваць механізмы барацьбы з дыскрымінацыяй, а працадаўцы мусяць адказваць за яе праявы і за парушэнне правоў жанчын.
4. Прыняць закон аб хатнім гвалце
«Дур, узятая з Захаду» — такімі словамі ў 2018 годзе Лукашэнка спыніў распрацоўку закона супраць хатняга гвалту. Прайшло 8 гадоў: закон дасюль не з’явіўся, а НКА, якія дапамагалі пацярпелым, былі прызнаныя экстрэмісцкімі і ліквідаваныя.
Дакладная статыстыка па хатнім гвалце невядомая, бо дзяржава яе хавае. Але ў 2023 годзе ў МУС казалі, што кожны год рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленняў аб хатнім гвалце (гэта каля 220 выпадкаў на дзень). Таксама вядома, што жанчыны часта баяцца звяртацца ў міліцыю. Акрамя страху раззлаваць агрэсара яшчэ больш, гэта звязана з тым, што:
- на пацярпелых жанчын ускладаецца ўся адказнасць па зборы доказаў;
- органы ўнутраных спраў надаюць больш увагі палітычнай пазіцыі пацярпелай і яе «добранадзейнасці», чым абароне. Тут можна згадаць, што ўдзел жанчын у падзеях 2020 года нярэдка выкарыстоўваўся мужамі як спосаб шантажу, калі жанчына спрабавала шукаць паратунку ў міліцыі;
- органы апекі пагражаюць забраць дзяцей з сям’і, бо лічаць, што тыя знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы;
- калі жанчыны звяртаюцца па дапамогу, іх часта абвінавачваюць у тым, што яны самі справакавалі гвалт;
- праграм для працы з аўтарамі гвалту амаль няма, а меры па прафілактыцы часта застаюцца фармальнымі і ўсё адно мала што мяняюць.
(Дадзеныя з даклада для ААН у 2025 годзе Кааліцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, ініцыятыў і актывістак Беларусі супраць гендарнага і хатняга гвалту)
Чаму закон важны? Па-першае, таму што апісвае канкрэтныя меры супрацьдзеяння хатняму гвалту, а не пакідае ўсё на ўзроўні агульных слоў. Сёння без дакладных правіл і эфектыўных механізмаў абарона ад хатняга гвалту ў Беларусі застаецца фармальнай і недаступнай.
Па-другое, калі праблема названая, дакладна вызначаная і замацаваная ў законе, яна перастае быць нябачнай. Інакш хатні гвалт як сістэмная гендарная праблема губляецца сярод іншых злачынстваў.
І па-трэцяе, дзейны, абноўлены ў 2022 годзе, закон аб прафілактыцы з’яўляецца неэфектыўным і недастатковым для вырашэння праблемы хатняга гвалту.
5. Зменшыць разрыў у аплаце працы паміж мужчынамі і жанчынамі
У сярэднім беларускі атрымліваюць на 26,8% менш за мужчын — гэта значыць, што больш за тры месяцы ў годзе беларускі працуюць бясплатна ў параўнанні з беларусамі.
Прычыны такой розніцы ў заробках паміж мужчынамі і жанчынамі не ўнікальныя для Беларусі, а ўпісваюцца ў агульнасусветныя тэндэнцыі:
- жанчыны часцей працуюць у нізкааплатных галінах,
- жанчыны радзей займаюць кіраўнічыя пасады (на якія іх радзей прызначаюць з-за гендарных стэрэатыпаў),
- менавіта жанчыны часцей сыходзяць у дэкрэт і бяруць бальнічныя для догляду хворага дзіцяці,
- жанчыны звычайна выконваюць неаплатную хатнюю працу (працу клопату) — даглядаюць дзяцей і пажылых блізкіх,
- жанчыны сутыкаюцца з непразрыстай сістэмай аплаты працы, калі на аднолькавых пасадах атрымліваюць менш і радзей атрымліваюць прэміі.
Больш за тое, у Беларусі гендарная няроўнасць замацоўваецца на ўзроўні дзяржавы: загад Міністэрства аховы здароўя № 879 (2023) увёў паасобныя квоты па поле ў медыцынскай субардынатуры, фактычна абмежаваўшы для жанчын доступ да больш прэстыжных і высокааплатных спецыяльнасцяў.


Што магла б зрабіць дзяржава для паляпшэння сітуацыі? Вось некаторыя прапановы:
- зрабіць аплату працы празрыстай;
- увесці гендарныя квоты для барацьбы са «шкляной столлю» — замацаваць мінімальны адсотак жанчын на кіраўнічых пасадах, у саветах дырэктараў і ва ўрадзе;
- прызнаць праблему неаплатнай хатняй працы; а яшчэ нядрэнна было б улічваць гэтую працу ў эканоміцы;
- змагацца са «штрафам за мацярынства»*;
- развіваць інфраструктуру догляду дзяцей (яслі, дзіцячыя садкі і г. д.), каб мацярынства не азначала страту ў даходзе;
- праводзіць адукацыйныя кампаніі супраць гендарных стэрэатыпаў пры найманні на працу.
* Штраф за мацярынства — негатыўны ўплыў, які мацярынства можа аказаць на рэалізацыю жанчыны. Выяўляецца праз зніжэнне заробку, абмежаванне кар'ерных магчымасцяў, дыскрымінацыю пры найманні на працу і меншыя пенсійныя выплаты. Працадаўцы могуць успрымаць маці як менш адданых працы, што вядзе да запаволення кар'ернага росту і фінансавых стратаў.
6. Адмяніць спіс забароненых для жанчын прафесій
З папярэдняга пункта лагічна вынікае і такая прапанова дзяржаве — адмяніць спіс забароненых прафесій. У 2022 годзе пералік скарацілі са 181 да 88 пазіцый, а ў 2025-м нават заявілі, што спіс будзе скасаваны (пакуль што, праўда, без змен).
Існаванне гэтага спіса часта тлумачаць клопатам пра жаночае здароўе: маўляў, жанчыны — будучыя маці, і ім небяспечна працаваць ва ўмовах той ці іншай вытворчасці. Аднак, па-першае, не кожная жанчына хоча ці мае магчымасць стаць маці ў будучыні (не кажучы ўжо пра тое, што сам гэты аргумент вельмі сэксісцкі). А па-другое, я б хацела прапанаваць неверагодна інавацыйную думку: у небяспечных для здароўя ўмовах не павінен працаваць ніхто.

Пакуль дзяржава не зацікаўленая ў рэальным паляпшэнні ўмоў працы, яна проста наўмысна скарачае для жанчын магчымасць:
- свабоднага выбару прафесіі
- і атрымання больш высокай аплаты працы (паколькі на небяспечных вытворчасцях аплата вышэйшая).
Пры гэтым жанчыны нярэдка працуюць на тых жа вытворчасцях — напрыклад, на пазіцыях прыбіральшчыц — і атрымліваюць такую ж шкоду здароўю, але істотна меншую аплату.
7. Вызваліць палітвязніц і спыніць катаванні ў жаночых калоніях
Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі Dissidentby, у Беларусі 176 палітзняволеных жанчын (на стан ад 11.02.26). Вызваленне іх усіх — вось што сапраўды адпавядала б Году беларускай жанчыны. Але замест гэтага мы даведваемся чарговыя падрабязнасці бесчалавечнага абыходжання з жанчынамі ў калоніях.
Падобнае абыходжанне з жанчынамі ў беларускай турме — не адзінкавы выпадак, а наўмысная практыка. Пазбаўленне медычнай дапамогі, цяжкая праца, пакаранне «клеткай ганьбы», сэксуалізаваныя дамаганні з боку супрацоўнікаў — з усім гэтым сутыкаюцца жанчыны ў беларускай турме. І ўсё гэта з’яўляецца сістэмным гендарным гвалтам, які павінен быць спынены.
Варта адзначыць, што ў падобных умовах утрымліваюцца і жанчыны, асуджаныя за забойства ці прычыненне цяжкай шкоды здароўю, хаця ў рэальнасці многія з іх абараняліся ад хатняга гвалту. Гэта яшчэ адна прычына, па якой неабходна прыняць закон супраць хатняга гвалту — каб жанчыны не стаялі перад ілжывым выбарам:
быць забітай, таму што дзяржава ніяк не абараняе
⚖️
абараніць сябе і застацца ў жывых, але патрапіць у катавальныя ўмовы беларускай турмы
8. Прыняць закон супраць сэксуалізаваных дамаганняў і іншых палавых злачынстваў
Сюды ж — сталкінг, эканамічны гвалт і феміцыд. Цяпер гэтыя злачынствы ў беларускім заканадаўстве адсутнічаюць. Але гэта не азначае, што яны не здзяйсняюцца — наадварот, з-за адсутнасці адпаведных нормаў пацярпелыя не могуць абараніць сябе. У выніку гвалт адбываецца, але закон яго «не бачыць» і не прадугледжвае адказнасці для агрэсара.
Паказальны прыклад — гісторыя з рассыланнем дыкпікаў Андрэем Стрыжаком: пры адсутнасці закона адсутнічае і адказнасць. Тым часам законы супраць кіберфлэшынгу (рассылання непажаданых інтымных выяў) ужо дзейнічаюць, напрыклад, у Даніі, Аўстрыі і Вялікабрытаніі.
Хачу падкрэсліць, што як асобнае злачынства ў заканадаўстве Беларусі трэба замацаваць і феміцыд — падрабязна гэтую тэму я ўжо разбірала ў артыкуле «Што такое феміцыд і чаму гэта не проста забойства».
9. Спыніць увядзенне закона аб адказнасці за «прапаганду» гомасэксуальных стасункаў і бяздзетнасці
Улетку 2025 года стала вядома, што ў беларускім адміністрацыйным кодэксе з’явіцца артыкул «Прапаганда гомасэксуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі».
У сукупнасці з заявай аб забароне абортаў у прыватных клініках пакаранне за «прапаганду» бяздзетнасці выклікае асаблівую трывожнасць. Як і ўсё астатняе. Выглядае, што лесбіянства жанчынам Лукашэнка больш не «даруе», цяпер ён прыраўноўвае арыентацыю і ідэнтычнасць да педафіліі і выкарыстоўвае іх як дадатковы рычаг ціску ды запалохвання.
Калі вярнуцца да пакарання за «прапаганду» бяздзетнасці — пакуль незразумела, як яно будзе здзяйсняцца. Ці азначае гэта вяртанне падатку на бяздзетнасць і пераслед уладамі жанчын з пазіцыяй чайлд-фры? Што будзе лічыцца прапагандай: адкрытая чайлд-фры-пазіцыя, жаданне зрабіць аборт ці інфармаванне* аб наступствах цяжарнасці і родаў?
* Жанчыны ўсё больш актыўна дзеляцца ў сацсетках сваім досведам цяжарнасці і родаў. Часта такія публікацыі называюць «процізачаткавымі», бо яны развенчваюць прыгожыя міфы і паказваюць рэальнасць без прыкрас: праблемы са здароўем, пасляродавую дэпрэсію, адсутнасць падтрымкі і гэтак далей.
Рэпрэсіі і ціск за рэпрадуктыўны выбар недапушчальныя не толькі ў Год жанчыны, і, вядома, укараненне гэтага закона трэба спыніць.
10. Вырашыць пытанне з даступнасцю пракладак
Завяршу пералік прапаноў тэмай, блізкай і зразумелай кожнай: цэнамі на пракладкі і іншыя сродкі менструальнай гігіены. Імклівы рост цэн на жаночыя сродкі гігіены быў зафіксаваны яшчэ ў 2022 годзе: тады яны падаражэлі больш як удвая. Гэта адбылося на фоне пачатку вайны ва Украіне і абмежавання паставак шэрагу брэндаў.
Нягледзячы на тое што рэзкі рост цэн пасля спыніўся (МАРГ увёў рэгуляванне), праблема даступнасці менструальных сродкаў па-ранейшаму застаецца актуальнай. Жаночыя сродкі гігіены — гэта базавая неабходнасць, а не прадмет раскошы. Як адзначае эканамістка Кацярына Барнукова, «у Беларусі існуе кампенсацыя выдаткаў на памперсы для маламаёмных, аднак у дачыненні да сродкаў жаночай гігіены такой падтрымкі няма».
Што можна зрабіць? Увесці льготную стаўку падатку на дадатковую вартасць на сродкі менструальнай гігіены або забяспечыць імі бясплатна найбольш уразлівыя групы жанчын. У ідэале — прызнаць менструальныя сродкі прадметамі першай неабходнасці і зрабіць іх бясплатнымі для ўсіх.
Замест вываду
Калі б была рэалізаваная хаця б палова з гэтых прапаноў, думаю, гэта быў бы добры год для беларускіх жанчын. На жаль, гэтага не адбудзецца, таму застаецца спадзявацца на іх ажыццяўленне ўжо ва ўмовах будучай дэмакратыі.
А яшчэ важна памятаць: падобныя пытанні не вырашаюцца аўтаматычна пасля змены ўлады. Дыскрымінацыя і прыгнёт жанчын існуюць у Беларусі не праз дыктатуру (хоць яна, безумоўна, пагаршае сітуацыю), а праз патрыярхат — сістэму, якая працягвае дыскрымінаваць і прыгнятаць жанчын у кожнай краіне свету. Таму змены патрабуюць не толькі палітычнай волі, але і глыбокай трансфармацыі грамадскіх норм і каштоўнасцяў.



