Тавары, кампаніі і паслугі часта называюцца экалагічнымі, але ў сапраўднасці такімі не з’яўляюцца. Разбіраемся, што такое грынвошынг, чым ён дрэнны і як не даць сябе падмануць.
Грынвошынг (ад англ. «greenwashing» — «зялёнае мыццё/пранне») — гэта рэкламны прыём, сэнс якога палягае ў тым, каб палепшыць сваю рэпутацыю праз далучэнне да экалагічнага руху. Часта гэта робіцца праз падман, калі спажыў_ніц уводзяць у зман «экалагічнасцю» насамрэч неэкалагічных тавараў або паслугаў. У выпадку грынвошынгу рэальнага клопату аб навакольным асяроддзі няма, ёсць толькі маніпуляцыі праз недасведчаннасць спажыў_ніц.
Якім бывае грынвошынг?
«Адмыванне» ў асноўным бывае двух кшталтаў: рэкламуецца экалагічнасць альбо тавара, альбо брэнда.
Прыкладам першага могуць быць недарэчныя прыстаўкі «эка-» у назвах тавараў і паслуг. Папяровая экашклянка з поліэтыленавай плёнкай, экасалон прыгажосці (без доказаў адпаведнасці экастандартам) — гэта ўсё прыклады выкарыстання «эка»-маркетынгу, дзе ніякага сапраўднага клопату аб навакольным асяроддзі няма.
Яшчэ прыклад: вытворцы часта штучна «азеляняюць» свае тавары, падкрэсліваючы бяспечныя кампаненты ў складзе і хаваючы шкодныя хімікаты, прыдумляючы прыгожыя «эка» значкі, якія нічога не азначаюць. «90% натуральных інгрэдыентаў!» (і 10% невядома якіх), «без парабенаў!» (але з сіліконамі) — спіс можна працягваць доўга.
«Адмыванне брэнда» — гэта рэклама экалагічнай дзейнасці кампаніі, якая сваёй асноўнай дзейнасцю стварае шкоду для навакольнага асяроддзя.
Яскравым прыкладам можа быць Coca-Cola, якая актыўна асвятляе сваю падтрымку экалагічных праектаў, але змоўчвае пра тое, што з’яўляецца лідаркай па колькасці выпрацаванага пластыкавага смецця ў свеце. У 2022 годзе кампанія з’яўлялася фундатаркай Канферэнцыі ААН па зменах клімату COP27, але адначасова з гэтым кампанія штогод вырабляе каля 3 мільёнаў тон пластыка, чым пагаршае кліматычны стан планеты.
Чаму грынвошынг гэта дрэнна?
Першае — самае відавочнае — вас уводзяць у зман праз наўмыснае прадастаўленне некарэктнай інфармацыі. Напрыклад, калі вы не вельмі дасведчан_ая ў экалагічнай тэматыцы, але ўсё ж імкнецеся не шкодзіць сабе і навакольнаму асяроддзю, то, верагодна, вырашыце купіць менавіта экашклянкі (згаданыя раней) для сваёй кавы ці кавярні. Унутры такіх шклянак наклееная тонкая поліэтыленавая плёнка, якая ўжо робіць шклянку непрыдатнай для перапрацоўкі і кампаставання. На гэта можна не звярнуць увагі і трапіцца ў пастку заведама ілжывых сцверджанняў прадаўца.
Другое — падобныя дзеянні кампаній вядуць да таго, што грамадства перастае давяраць любой экалагічнай дзейнасці. Да экалагічнага руху пачынаюць ставіцца скептычна. Грынвошынг абясцэньвае працу экалагічнай супольнасці ў вачах грамадства.
Як не трапіцца на хітрыкі маркетолаг_іняў?
Экашклянкі сапраўды існуюць.
Адказныя вытворцы сапраўды існуюць.
Небяспека (у першую чаргу — для нас з вамі) пластыкавага і хімічнага забруджвання сапраўды існуе.
Эколаг_іні працуюць недарэмна.Беражыце сябе і не забывайцеся клапаціцца пра сябе.
Тэкст: Мая Я.
Фота: Leeloo Thefirst, Brian Yurasits