Чаму засцерагацца — усё яшчэ «жаночая справа»?

ІнклюзіяГендар
Мужская контрацепция
3
(2)

Чаму дагэтуль няма масава даступных мужчынскіх кантрацэптываў, апроч прэзерватываў і радыкальнай вазэктаміі?

Нягледзячы на правядзенне даследаванняў, большасць распрацаваных мужчынскіх супрацьзачаткавых сродкаў так і не былі выведзеныя на рынак з-за пабочных эфектаў (такіх як дэпрэсія, акнэ ці набор вагі). Парадаксальна, што жаночыя кантрацэптывы з аналагічнымі наступствамі ўжо даўно лічацца нормай. Разам са спецыялісткай па медычнай і малекульнай біятэхналогіі Алісай Сіняўскай мы абмеркавалі, як гендарныя стэрэатыпы ўплываюць на размеркаванне адказнасці за кантрацэпцыю, як працуюць існыя метады і чаго чакаць ад новых распрацовак. Усё гэта — у даступнай форме, зразумелай нават без медычнай адукацыі.

Гендарнае размеркаванне кантрацэпцыйнай адказнасці

У 1960-х гадах стаў даступны першы жаночы аральны кантрацэптыў «Энавід». А пачатак даследаванняў кантрацэптываў для мужчын датуецца 1970-мі гадамі. Чаму гарманальная кантрацэпцыя адразу стала факусавацца на жанчынах, а не на мужчынах?

У грамадскім разуменні адказнасць за нараджэнне дзяцей і, адпаведна, кантрацэпцыю заўсёды неслі жанчыны, таму фокус рынку лекавых сродкаў першапачаткова быў скіраваны на жанчын — як тых, хто мае патрэбу ў засцярозе ад незапланаванай цяжарнасці.  

Статыстычныя апытанні паказваюць моцную зацікаўленасць і жаданне мужчын мець больш варыянтаў кантрацэпцыі, але пытанне выклікае давер жанчын да адказнасці мужчын у прыёме такіх прэпаратаў. Бо ўрэшце менавіта жанчына будзе мець справу з незапланаванай цяжарнасцю. 

Чаму мужчынскія прэпараты развіваюцца настолькі марудней за жаночыя? Якія прычыны замінаюць — біялагічныя, эканамічныя ці недастатковая зацікаўленасць фармкампаній?

* RISUG (Reversible Inhibition of Sperm Under Guidance) — гэта доўгатэрміновы і зваротны метад мужчынскай кантрацэпцыі, распрацаваны ў Індыі. Гель уводзіцца ў насенневыводныя пратокі з дапамогай ін’екцыі, дзе ён фізічна блакуе праходжанне сперматазоідаў. RISUG не ўплывае на працэс эякуляцыі, ён блакуе толькі сперматазоіды, але астатняя насенная вадкасць працягвае вылучацца як звычайна. Метад не адбіваецца на сэксуальнай функцыі ці адчуваннях.

Мне здаецца, усё гэта разам. Біялагічна сапраўды распрацоўка кантрацэпцыйнага прэпарату для мужчын выглядае складанейшай, бо жаночая рэпрадукцыйная сістэма цыклічная і патрабуе ўплыву толькі на працэс авуляцыі, у мужчын жа гэты працэс пастаянны, і патрабуецца пастаянны і працяглы ўплыў прэпарату. 

Распрацоўка новага прэпарату — гэта заўсёды велізарныя выдаткі для фармацэўтычных кампаній, а

раз гістарычна адказнасць за рэпрадукцыю ляжала на жанчынах, то рынак для мужчынскай кантрацэпцыі меншы, а ніша ўжо фактычна занятая жаночымі аналагамі кантрацэпцыі.

Апроч таго, фармацэўтычныя кампаніі не хочуць губляць шматмільённы рынак жаночых кантрацэптываў. Менавіта гэтая незацікаўленасць з’яўляецца асноўнай прычынай нявыхаду на рынак прэпарату RISUG* пасля 40 гадоў клінічных выпрабаванняў, а таксама негатоўнасць мужчын прымаць рэпрадукцыйныя прэпараты з сур’ёзнымі пабочнымі эфектамі. Мужчыны з меншай імавернасцю пагодзяцца на кантрацэптывы з пабочнымі эфектамі, такімі як зніжэнне лібіда, дэпрэсія ці набор вагі.  

Контрацепция

Як працуюць жаночыя і мужчынскія супрацьзачаткавыя. Біялагічныя аспекты і бяспека

Як працуюць жаночыя супрацьзачаткавыя, даступныя зараз на рынку?

Асноўная задача жаночых супрацьзачаткавых — стрыманне авуляцыі, то бок выйсця яйкаклеткі з яечніка ў матку. На дадзены момант ужываюцца прэпараты, што змяшчаюць прагестэрон ці эстраген і прагестэрон. Калі канцэнтрацыя гэтых сінтэтычных гармонаў у арганізме павялічваецца — яны тармозяць вылучэнне ў гіпофізе гармону, які адказвае за паспяванне яйкаклеткі, і гармону, які запускае працэс авуляцыі. Без гэтых гармонаў авуляцыя не пачынаецца, яйкаклетка не выходзіць і не можа быць аплодненая.

Таксама жаночыя супрацьзачаткавыя дадаткова ўплываюць на:

  • згушчэнне цэрвікальнай слізі (уплыў прагестэрону), што фізічна перашкаджае пранікненню сперматазоідаў у матку;
  • змену таўшчыні эндаметрыя (унутранай слізістай абалонкі маткі). У нармальнай сітуацыі ён патаўшчаецца для прымацавання аплодненай яйкаклеткі. Але пад уплывам тэстастэрону ён патанчаецца. У выніку нават аплодненая яйкаклетка не зможа замацавацца. 

Жаночыя прэпараты на грунце этынілэстрадыёлу часта выклікаюць мігрэні, набор вагі ці трамбоз. Якія яшчэ існуюць пабочныя эфекты жаночых супрацьзачаткавых сродкаў? 

На мой пагляд, самы небяспечны пабочны эфект — гэта тромбаўтварэнне і звязаныя з гэтым захворванні сэрцава-судзіннай сістэмы, напрыклад, гіпертанія. Але таксама гэтыя прэпараты нясуць вялікую нагрузку на печань, ад іх могуць балець грудзі, яны могуць выклікаць дэпрэсійныя і трывожныя станы, абвастрэнні скурных праблем, млоснасць, асабліва ў першыя месяцы прыёму, і зніжэнне лібіда. 

Ці вядуцца даследаванні, скіраваныя на зніжэнне пабочных эфектаў жаночых кантрацэптываў?

Так! І ў гэтай сферы ёсць шмат цікавага. Ужо існуюць і ўжываюцца негарманальныя спіралі, што змяшчаюць медзь, у якіх няма пабочных эфектаў, звязаных з гармонамі, аднак у іх таксама ёсць свае магчымыя негатыўныя эфекты, такія як больш моцны крывацёк і падвышаная балючасць у час месячных.

Ёсць даследаванні, што займаюцца распрацоўкай негарманальных прэпаратаў, што стрымліваюць паспяванне яйкаклетак, авуляцыю ці прымацаванне эмбрыёна. 

Калі казаць пра паляпшэнне гарманальных метадаў, то галоўныя распрацоўкі скіраваныя на:

  • зніжэнне дозы гармонаў, што дапамагае зменшыць рызыку пабочных эфектаў;
  • выкарыстанне новых прагестынаў, якія дзейнічаюць кропкава, не парушаючы абмену рэчываў у арганізме;
  • альтэрнатыўныя спосабы ўвядзення актыўных рэчываў. Напрыклад, пластыры дазваляюць раўнамерна вызваляць дзейнае рэчыва, зніжаючы такім чынам нагрузку на печань.

Наколькі біялагічныя адрозненні мужчын і жанчын уплываюць на складанасць распрацоўкі мужчынскіх прэпаратаў?

Складанасць распрацоўкі кантрацэпцыі для мужчын заснаваная на бесперапыннасці і працягласці працэсу сперматагенезу, які складаецца з некалькіх стадый (сперматагоніі, сперматацыты, сперматыды, сперматазоіды) і кантралюецца складаным гармонавым ланцужком. Асноўны гармон, уплываючы на які можна прыглушыць сперматагенез, — тэстастэрон, уплывае на эмацыйны фон, лібіда, эрэкцыю, развіццё цяглічнай масы і іншыя працэсы ў арганізме. Патрабуецца дакладнае дазаванне прэпарату, каб захаваць патрэбныя працэсы і пры гэтым дасягнуць кантрацэпцыйнага эфекту.

Калі жаночы арганізм вырабляе адну-дзве яйкаклеткі за 25-30 дзён, то ў мужчынскім — гэты працэс бесперапынны і пастаянны, працягласцю больш за 70 дзён. Таму каб гарманальна прыглушыць сперматагенез, патрабуецца як мінімум 2-3 месяцы стабільнага прыёму прэпарату. У нармальнай сітуацыі ў кожным мілілітры эякуляту ўтрымліваецца 15-200 мільёнаў сперматазоідаў, колькасць у меней чым 1 мільён лічыцца дастатковай для немагчымасці апладнення. 

Якія існавалі і існуюць распрацоўкі ў сферы супрацьзачаткавых сродкаў для мужчын? Якім чынам працавалі гарманальныя мужчынскія кантрацэптывы, якія даследаваліся раней?

На дадзены момант выбар кантрацэпцыі не вельмі вялікі: прэзерватывы ці вазэктамія.

Вазэктамія — гэта хірургічная працэдура, якая ўжываецца як метад мужчынскай стэрылізацыі для папярэджання надыходу цяжарнасці ў жанчыны. У час аперацыі лекар перакрывае ці выдаляе частку каналаў, па якіх сперматазоіды з яечак трапляюць у насенную вадкасць. Працэдура лічыцца сталай, хоць у некаторых выпадках яе можна паспрабаваць адрабіць.

Вазэктамія не ўплывае на здольнасць да сэксуальнай актыўнасці, эрэкцыю ці ўзровень тэстастэрону.

Звычайна гэта простая амбулаторная аперацыя, якая праводзіцца пад мясцовай анестэзіяй. Пасля вазэктаміі сперматазоіды больш не трапляюць у насенную вадкасць, але арганізм працягвае іх выпрацоўваць, і яны натуральным чынам рассмоктваюцца.
* У насенневыносныя пратокі ўводзіцца адмысловы гель ці ўсталёўваецца прылада, якая перашкаджае праходжанню сперматазоідаў. Сперма ўсё адно вывяргаецца падчас эякуляцыі, але яна не ўтрымлівае сперматазоідаў, таму што іх рух або заблакаваны (у выпадку гелю ці прылады), або яны часова неактыўныя (у выпадку тэрмічнай інактывацыі).
** Метад тэрмічнай інактывацыі сперматазоідаў заснаваны на награванні яечак ці іншых цеплавых уплывах, якія часова зніжаюць актыўнасць ці здольнасць сперматазоідаў да апладнення. Эякуляцыя застаецца нармальнай, але сперма губляе фертыльнасць.

З распрацовак, якія дашлі да больш прасунутых стадый клінічных даследаванняў, гэта таблеткі з сінтэтычнай версіяй гармонаў (тэстастэрон ці прагестын), таксама некаторыя негарманальныя варыянты кантрацэпцыі ў таблетках (напрыклад, якія ўплываюць на рухомасць сперматазоідаў), ін’екцыйныя і гелевыя гарманальныя прэпараты. 

З цікавых негарманальных метадаў — зваротнае блакаванне насенневыводных каналаў з дапамогай адмысловага гелю ці прылады* і тэрмічная інактывацыя сперматазоідаў**. Гелі, якія існуюць на гэты момант, пакуль не вельмі эфектыўныя і паказваюць каля 80% абароны ад апладнення.

У выпрабаваннях гарманальных мужчынскіх кантрацэптываў былі выяўленыя пабочныя эфекты, якія палічылі непрымальнымі. Што гэта за пабочныя эфекты? 

* Андрагены — галоўны прэпарат у гарманальных мужчынскіх супрацьзачаткавых і проста гармон, які ўплывае на працэс сперматагенезу ў арганізме.

Пабочныя эфекты ад прыёму гарманальных кантрацэптываў у мужчын шмат у чым падобныя з тымі, якія назіраюцца ў жанчын. Галоўным чынам, гэта скачкі настрою, зніжэнне лібіда, набор вагі, акнэ, падвышэнне гемаглабіну. Але ўзровень развіцця такіх эфектаў залежыць ад шляху паступлення прэпарату ў арганізм і камбінацыі гармонаў. У большасці выпрабаванняў мужчынскіх кантрацэптываў не было выяўлена нейкіх сур’ёзных наступстваў для здароўя. Аднак застаюцца пытанні наконт доўгатэрміновых наступстваў прыёму андрагенаў*, але гэта стандартная сітуацыя пры ўкараненні новых прэпаратаў на рынак. 

Чаму жаночыя прэпараты з сур’ёзнымі пабочнымі эфектамі лічацца прымальнымі і даступныя на рынку, а мужчынскія — не?

Я думаю, што гэта можа быць звязана з часам выхаду гэтых прэпаратаў на рынак. Зараз узмацняецца жорсткасць патрабаванняў да прэпаратаў і зніжаецца талерантнасць да пабочных эфектаў. Напрыклад, нават звычайны парацэтамол ці аспірын зараз бы не прайшлі клінічных даследаванняў для безрэцэптурнага продажу. Але яны ўжо прадаюцца, таму ёсць на рынку. І тое ж самае па сутнасці з жаночымі гарманальнымі кантрацэптывамі. 

На аснове даступнай інфармацыі нельга сказаць, што пабочныя эфекты мужчынскай гарманальнай кантрацэпцыі, выяўленыя ў клінічных даследаваннях, апынуліся больш непрыемнымі, чым у жаночых таблетак, якія прадаюцца ўжо шмат гадоў.

Таксама вялікае значэнне мае адказнасць за рэпрадукцыйную ролю, якую гістарычна нясуць жанчыны. 

І прыём прэпаратаў з магчымымі сур’ёзнымі пабочнымі эфектамі можа ўспрымацца жанчынай як частка яе рэпрадукцыйнай адказнасці. А мужчына можа не захацець прымаць прэпараты з такімі пабочнымі эфектамі, бо не будзе лічыць гэта сваёй адказнасцю, каб трываць нязручнасці.  

контрацепция

Негарманальныя метады мужчынскай кантрацэпцыі. Паспяховыя прыклады

Апроч гарманальнага падыходу да мужчынскай кантрацэпцыі праводзяцца таксама даследаванні над негарманальнымі сродкамі. Напрыклад, сродак на аснове метаду зваротнага стрымання спермы пад кіраўніцтвам RISUG (Reversible inhibition of sperm under guidance) паказаў эфектыўнасць у даследаваннях, аднак яшчэ не дайшоў да рынку. 

Якім чынам працуюць негарманальныя метады мужчынскай кантрацэпцыі?

Метады фізічнага блакавання праходу сперматазоідаў праз насенневыносны канал з’яўляюцца адзіным негарманальным метадам мужчынскай кантрацэпцыі, які дасягнуў клінічных выпрабаванняў. Гэтыя метады ствараюць часовае фізічнае закаркаванне ў прасвеце насенневыноснага пратока, блакуючы праходжанне спермы, што можа быць зліквідавана ўвядзеннем іншага прэпарату ў тую ж прастору. Метады, якія ў наш час вывучаюцца, — гэта RISUG і Vasalgel, абодва з якіх уводзяцца з дапамогай аднаразовай ін’екцыі.

Ці былі выяўленыя пабочныя эфекты негарманальных мужчынскіх супрацьзачаткавых? 

Гэта мінімальныя пабочныя эфекты, такія як часовае павелічэнне машонкі і лёгкі боль у машонцы і пахвіннай вобласці, які мінаў цягам месяца. І хоць гэты метад выглядае вельмі эфектыўным і не выклікае сур’ёзных пабочных эфектаў, на дадзены момант няма ўпэўненасці ў зваротнасці працэдуры на людзях, хоць яна была прадэманстраваная на мышах, трусах і прыматах.  

Будучыня кантрацэпцыі

Калі мужчынскія кантрацэптывы, такія як Vasalgel, стануць масава даступныя, то, на вашую думку, як гэта зменіць гендарнае размеркаванне адказнасці за планаванне сям’і?

Гэта магло б зменшыць нагрузку на жанчын і даць магчымасць унікнуць пабочных эфектаў гарманальных прэпаратаў, абіраючы метад кантрацэпцыі, грунтуючыся на стане здароўя і асабістых перавагах, не несучы ўсёй адказнасці за кантрацэпцыю. Такія змены маглі б збалансаваць і падзяліць агульны ўзровень турбавання з нагоды кантрацэпцыі. 

Што можа быць галоўным бар’ерам на гэтым шляху?

Супраціў змене роляў: негатоўнасць мужчын узяць на сябе адказнасць за кантрацэпцыю і негатоўнасць жанчын гэту адказнасць аддаць з-за недаверу да мужчынаў у пытанні папярэджання непажаданых цяжарнасцяў. 

Звезды_перебівка

Вывады

Кантрацэпцыя — гэта не толькі пра навуку, але і пра выбар, роўнасць і давер. На жаль, пад уплывам патрыярхату і з улікам відавочных фізіялагічных наступстваў для жанчыны склалася так, што адказнасць за папярэджанне непажаданай цяжарнасці ў асноўным ускладаецца менавіта на жанчыну. Гэта паўплывала і на рынак медычных прэпаратаў, і на развіццё тэхналогій: пакуль для жанчын існуе мноства варыянтаў, для мужчын масава даступныя толькі прэзерватывы і вазэктамія. Але ж пытанне засцярогі тычыцца ўсіх, незалежна ад гендару і формы стасункаў.

Сёння мы бачым, што цікавасць да мужчынскіх (і ў цэлым негарманальных) кантрацэптываў расце. Аднак фармацэўтычныя кампаніі не спяшаюцца інвеставаць у іх распрацоўку: занадта вялікія выдаткі, а грамадскія чаканні ўсё яшчэ дыктуюць, што кантрацэпцыя — «жаночая справа». Апроч таго, ёсць фактар даверу: ці гатовыя партнёры спадзявацца на тое, што іншы чалавек сапраўды прымае кантрацэптывы рэгулярна?

Тым не менш калі мужчынскія супрацьзачаткавыя стануць шырока даступныя, гэта можа змяніць саму дынаміку абмеркавання кантрацэпцыі ў парах і супольнасцях. Людзі змогуць абіраць метад, які лепш падыходзіць менавіта ім, а нагрузка не будзе класціся толькі на адзін бок. Гэта не проста пытанне выгоды — гэта крок да больш справядлівага і ўсвядомленага падыходу да рэпрадукцыйнага здароўя, па-за залежнасцю ад гендарнай ідэнтычнасці і фармату стасункаў. А пакуль нашай задачай застаецца не толькі распрацоўка бяспечных і эфектыўных сродкаў, але і змена грамадскіх установак пра таго, хто павінен несці адказнасць за папярэджанне непажаданай цяжарнасці.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 3 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x