26 чэрвеня — Міжнародны дзень у падтрымку пацярпелых ад катаванняў. У сувязі з палітычным пераследам людзей у Беларусі катаванні з боку сілавых структур за апошнія гады, на жаль, сталі моцна распаўсюджанымі. Маніторынгам такіх выпадкаў цяпер займаюцца праваабаронцы з Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў. На ўмовах ананімнасці мы ўзялі інтэрв’ю ў адной з чалінь арганізацыі.
Як рэжым выкарыстоўвае гвалт у якасці катаванняў, што перажываюць пацярпелыя, як чулліва і бяспечна з імі камунікаваць — расказваем у артыкуле.
Асаблівае разуменне «нормы»
— Зараз у Беларусі пад ціскам любое іншадумства — усё, што не пападае пад асаблівае разуменне «нормы» сілавікоў. Гэта можа быць усё што заўгодна ад знешняга выгляду да месца працы. Калі ты не з’яўляешся прарэжымн_ай прапагандыст_кай, адпавядаць гэтай норме немагчыма. У найбольшай небяспецы знаходзяцца людзі, якіх затрымліваюць па палітычных артыкулах.
Амаль што кожн_ая сёння сутыкаюцца з ціскам і дыскрымінацыяй у Беларусі. Цяжка назваць тых, хто можа адчуваць сабе ў абсалютнай бяспецы. У дачыненні да ЛГБТК+ супольнасці катаванні набываюць асаблівыя формы. Людзі часта сутыкаюцца з сітуацыямі вымушанага аўтынгу* праз праверку сілавікамі дакументаў, перапісак, фотаздымкаў. Таксама вядомы выпадкі сэксуалізаванага гвалту** ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей пасля таго, як сілавікі даведваліся пра сэксуальную ідэнтычнасць чалавека. Пра гэта гаворыцца ў апошнім дакладзе Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека. У траўні Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі зрабіў справаздачу «Катаванні людзей ЛГБТК+ і гамафобная палітыка рэжыму». У ім распавядаюць пра вядомыя сведчанні гвалту.
Выкарыстанне асаблівых формаў гвалту ў дачыненні да ЛГБТК+ асобаў можа быць звязана з адсутнасцю на афіцыйным узроўні абмеркавання праблемаў, з якімі сутыкаецца ЛГБТК+ кам’юніці. Улады ніколі не рабілі спробы распачынаць такую гутарку. Адначасова з гэтым дыскрымінацыйныя і абражальныя прамовы мы чуем на самых высокіх узроўнях ужо шмат гадоў. Сітуацыя пагоршылася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Беларуская прапаганда пачала паўтараць гамафобныя наратывы расейскай прапаганды. З мінулага году вядзецца гаворка аб прыняцці закону пра забарону прапаганды ЛГБТК+ у Беларусі. З’яўленне такога закону, вядома, толькі падтрымае гамофобныя погляды. Злачынствы ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей зробяцца непакаральнымі.
У якасці адной з мераў пакарання ўлады выкарыстоўваюць «пакаяльныя відэа». Гэта адна з формаў прыніжэння і дыскрэдытацыі затрыманых, знявагі асобы. Часцей за ўсё затрыманыя згаджаюцца на здымкі пад моцным ціскам, нярэдка пад катаваннямі. У відэа на затрыманых часта бачныя сляды гвалту, людзі выглядаюць змучанымі і запалоханымі. Яны гавораць тое, што зусім не жадаюць агучваць. На відэа мы часта бачым аўтынг, выдаванне медычнай таямніцы, сведчанні супраць сабе ці іншых асобаў. Пасля публікацыі такія матэрыялы пачынаюць выконваюць функцыю запалохвання іншадумцаў накшталт «вось што мы з вамі зробім, калі вы не скончыце сваю актыўнасць».
Універсальная юрысдыкцыя як пачатак расследавання катаванняў
— Міжнародны камітэт па расследаванню катаванняў займаецца дакументацыяй злачынстваў, здзейсненых беларускімі сілавікамі. У будучыні дзякуючы гэтым дадзеным вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці. Сёння паўплываць на сітуацыю ўнутры краіны не магчыма. Але за мяжой пачынаць расследаванне катаванняў можна ўжо зараз.
Універсальная юрысдыкцыя — гэта механізм, які дазваляе ў іншай краіне расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў Беларусі. У выпадку Беларусі злачынствамі супраць чалавечнасці з’яўляюцца масавыя катаванні людзей, нязгодных з палітыкай уладаў. Міжнародны камітэт па расследаванню катаванняў выкарыстоўвае ўніверсальную юрысдыкцыю ў Літве — гэта адна з найбуйнейшых справаў па адсочванню і фіксаванню катаванняў у Беларусі.
На жаль, універсальная юрысдыкцыя — адзіны легальны варыянт зараз распачаць расследаванне здзейсненых беларускімі сілавікамі злачынстваў. Аднак такія расследаванні могуць зацягнуцца на гады і хуткіх вынікаў чакаць не трэба.
З якімі праблемамі сутыкаюцца тыя, хто перажылі гвалт?
— Кожная асоба пражывае складаныя сітуацыі па-рознаму. Часцей за ўсё мы назіраем пагаршэнне фізічнага і псіхалагічнага здароўя тых, хто прайшлі праз катаванні. Асабліва пагаршаецца псіхалагічны стан, таму што галоўная мэта катаванняў — зламаць чалавека, яго волю, прымусіць падпарадкавацца. Пасля такога людзям цяжка заставацца ў Беларусі. Людзі могуць цалкам страціць адчуванне бяспекі. Гэта грунтоўнае пачуццё — без яго вельмі складана вярнуцца да нармальнага псіхалагічнага стану. Сітуацыя пагаршаецца небяспекай паўторнага затрымання. Каб пазбегнуць гэтага, чалавек павінен падпарадкавацца правілам, якія дыктуе рэжым. Тыя, хто з’язджаюць, сутыкаюцца з пытаннямі эміграцыі: легалізацыя, пошук працы, вывучэнне новай мовы, адарванасць ад сям’і, сябро_вак, дома. Праз гэта цяжка праходзіць, нават калі міграцыя была запланаванай. Ва ўмовах, калі людзі бягуць амаль што з адным заплечнікам, гэта даецца яшчэ цяжэй. Гэтыя шляхі абодва цяжкія, проста розныя.
Як камунікаваць з тымі, хто перажылі гвалт і катаванні
Парады для блізкіх пацярпелых:
- Важна слухаць людзей і не прымушаць да размовы. Проста будзьце побач з імі. Не трэба распачынаць размову пра самыя траўматычныя падзеі жыцця асобы. Калі асоба захоча ці будзе гатова, то сам_а падзеліцца з вамі сваёй гісторыяй, пачуццямі і эмоцыямі.
- Трэба даць пацярпелым асобам бяспечную прастору і падтрымку для пражывання іх пачуццяў, гора. Псіхалагічныя траўмы ад катаванняў — адныя з самых цяжкіх і аднаўленне можа заняць шмат часу. Гэта цяжка як для пацярпелых, так і для іх блізкіх. Працэс аднаўлення ў пацярпела_й можа ісці хутчэй дзякуючы людзям побач, якія гатовыя слухаць, падтрымліваць, дапамагаць.
- Зрабіце тое, што прыносіць вам радасць — разам. Выпіце кавы ці гарбаты. Схадзіце на шпацыр. Гэта дапаможа змясціць фокус з траўматычных падзей.
- Таксама заўсёды можна параіць задакументаваць выпадак у Міжнародным камітэце па расследаванню катаванняў у Беларусі. Гэта важна зрабіць дзеля таго, каб сведчанні не прапалі. Часта пацярпелыя людзі кажуць, што ад такой размовы ім лягчэй: гэта важная і карысная справа, спроба здзейсніць справядлівы суд.
Парады для тых, хто працуе з пацярпелымі:
- Памятайце, што акрамя працы з цяжкімі кейсамі, ёсць і іншае жыццё. У ім усё яшчэ шмат любові і падтрымкі. Калі кожны дзень сутыкаешся з гісторыямі гвалту, цяжка пераключаць фокус на іншыя сферы. Але гэта патрэбна, часам нават сілай. Інакш можна выгарэць вельмі хутка.
- Падчас размовы размаўляйце з чалавекам максімальна тактоўна і акуратна. Калі, напрыклад, вы дакументуеце выпадкі катаванняў і вам патрэбна даведацца пра дэталі сітуацыі, дапамагайце чалавеку ўспомніць падрабязнасці без ціску, з магчымасцю спыніцца ў любы момант.
- Рабіце перапынкі. Падтрымлівайце. Давайце прастору для болю, які можа праступіць. Важна ўвесь гэты час знаходзіцца побач з чалавекам.
- Прапануйце псіхалагічную падтрымку. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў заўсёды гэта прапаноўвае сваім рэспандэнт_кам.
Усе справаздачы Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі можна знайсці на іх сайце.
Фота: Thiago Matos, Bruno Pires