Што такое квір-экалогія і як яна пашырае межы «нармальнасці» і «прыроднасці»

ІнклюзіяГендарЭкалогія
Обложка_Квир-экология
4.4
(7)

Гэты артыкул — запрашэнне прыслухацца да сябе і таго, як мы адчуваем стасункі паміж сабой і сусветам. З дапамогай тэорыі квір-экалогіі мы паспрабуем разглядзець, праз якія глыбока ўсталяваныя фільтры праходзіць нашае паўсядзённае ўзаемадзеянне з наваколлем і што мы можам зрабіць, каб падарваць і скінуць такія звычныя культурныя ўзоры панавання і кантролю.

Што такое квір-экалогія

Квір-экалогія — гэта навуковая тэорыя на скрыжаванні квір-тэорыі і экалогіі. Яе мэта — пахіснуць жорсткую і гетэранарматыўную парадыгму разумення прыроды і культуры, якая бескампрамісна падзяляе ўсё вакол на мужчынскае і жаночае.

Слова queer мае нявызначанае паходжанне і ўпершыню ўвайшло ў англійскую мову ў пачатку XVI стагоддзя. Тады яно ў асноўным выкарыстоўвалася ў значэнні дзіўнага, своеасаблівага або эксцэнтрычнага. Зараз выкарыстоўваецца як крытычная і палітычная ідэнтычнасць, якая кінула выклік нарматыўным уяўленням пра сэксуальнасць і гендар. У шырокім разуменні «квір» гэта не толькі пра сэксуальную арыентацыю, але і пра перагляд звыклых рамак, даследаванне розных форм стасункаў з наваколлем. 

Першы раз тэрмін «квір-экалогія» быў выкарыстаны ў 1994 годзе прафесаркай экалагічных даследаванняў Катрыёнай Сэндзілэндс, але такія ідэі ўзнікалі і значна раней у працах акадэмікаў экафемінізму, квір-даследаванняў і палітычнай філасофіі.

У корані квір-экалогіі ляжыць разуменне — і, больш за тое, адчуванне — таго, што жыццё цякучае. Ніводнае прыроднае цела, уключаючы чалавечае, не знаходзіцца ў самастойнай ізаляванай абалонцы. Наадварот, жыццё — гэта няспынныя плыні абмену і сутворчасці. Як выказаўся Уілард Куайн: «Формы жыцця — гэта вадкасць: разглядаць іх як нешта асобнае — усё роўна што ўторкнуць палку ў раку і сказаць: «Вось, гэта адрэзак ракі Х». 

[пераклад аўтаркі]

Ніводны працэс у прыродзе і грамадстве нельга разглядаць у адасабленні ад таго, што адбываецца вакол яго, як нельга палкай падзяліць раку на дзве незалежныя часткі.

Гэта кажа аб тым, што формула бінарнасці, да якой часта па звычцы схіляецца чалавечая свядомасць, не адпавядае рэчаіснасці — зменлівай і шматграннай з’яве. 

Да чаго прыводзіць дыхатамічнае стаўленне да прыроды

Адсутнасць разумення цякучасці жыцця прыводзіць да цалкам катастрафічных уяўленняў дыхатамічнай прыроды, дзе віды жывёл і раслін падзяляюцца на выключна мужчынскія і жаночыя, а іх існаванне зводзіцца да адзінай мэты — рэпрадукцыі.

Падобным чынам такая гендарная бінарнасць навязваецца і соцыуму. Дагэтуль часта сустракаецца меркаванне, што саюз жанчыны і мужчыны павінен прыводзіць да нараджэння дзіцяці. Шматлікія дзяржавы пашыраюць наратыў аб тым, што галоўнае ў жанчыне — гэта яе рэпрадуктыўная функцыя, што ўскосна ці наўпрост прыводзіць да існавання спісу забароненых прафесій, забароны на аборты, нефармальнай «шкляной столі» на працах і г.д.

Дыхатамічнае стаўленне да прыроды прыводзіць да запуску культурнага бумеранга. То бок спачатку мы інтэрпрэтуем прыроду зыходзячы з уласцівых нам прадузятасцяў, а пасля выкарыстоўваем гэтую інтэрпрэтацыю як новы факт, каб абараніць і апраўдаць нашыя прадузятасці. Просты прыклад гэтага феномена — фармаванне паняццяў «прыроднае» і «натуральнае». Мы разумеем «прыроднае» праз нашае, часам ужо прадузятае, меркаванне аб прыродзе, а не праз прыроду саму па сабе. Гэтыя прадузятасці прымушаюць нас бачыць «норму» там, дзе насамрэч існуе значна большая разнастайнасць формаў жыцця і стасункаў.

Абаронцы гетэранарматыўнага ладу жыцця часта прыбягаюць да падобных канструктаў дзеля аргументацыі таго, што ЛГБТ+ — гэта ненармальная, ненатуральная для соцыуму з’ява. Напрыклад, словы Аляксандра Лукашэнкі: «Это за гранью моего понимания, я не воспринимаю это. А если я это и воспринимаю, то крайне негативно, это крайне ненормально». Аднак у корані гэтага аргумента ляжыць памылковае перакананне, што норма прыроды — гэта нешта гетэранарматыўнае і дуальнае, то бок са строгім падзелам на мужчынскія і жаночыя якасці. Такім чынам фільтр нашых культурных прадузятасцяў суправаджае нас паўсюль і прыводзіць да сур’ёзных наступстваў.

Прырода — квір? 

Біяразнастайнасць і гендарная разнастайнасць глыбока ўзаемазвязаныя.

Апошнім часам з’яўляюцца ўсё новыя навуковыя даследаванні, якія разбураюць міф бінарнай прыроды, а таксама міф пра тое, што сэксуальныя стасункі ў прыродзе падпарадкаваныя імператыву выжыць і памножыцца.

Інтымнасць у прыродзе багатая, разнастайная і негетэранарматыўная.

Ад 75 да 90% раслін — гермафрадытныя, то бок валодаюць і мужчынскімі, і жаночымі сэксуальнымі органамі. Шматлікія з іх могуць мяняць пол у залежнасці ад абставін.

Напрыклад, расліна чарвец (Capsella) можа «пераключацца» на гермафрадытны рэжым, калі з-за змены ў навакольным асяроддзі няма пчол, што яе апыляюць.

Квір-экалогія таксама падкрэслівае важнасць супольнасцяў у экалагічных сістэмах. Расліны ўзаемадзейнічаюць не толькі з іншымі раслінамі, але і з жывёламі, мікробамі і іншымі элементамі асяроддзя. Такім чынам, экалагічныя супольнасці ўяўляюць сабой разнастайныя сеткі ўзаемасувязяў, якія адлюстроўваюць не толькі экалагічныя, але і сацыяльныя, культурныя дынамікі.

Сярод жывёл найчасцейшымі ўдзельнікамі медыягісторыі па нейкай прычыне становяцца пінгвіны-геі. Шматлікія заапаркі і акварыумы сусвету публікуюць аповеды пра гомасэксуальных пінгвінаў, якія ўтвараюць пары, праводзяць шлюбныя рытуалы, выседжваюць яйкі (гетэрасэксуальныя пары пінгвінаў часта зносяць больш, чым адно) і пасля клапоцяцца пра нашчадкаў. У гэтай частцы жыцця пол пінгвінаў не мае ніякага значэння, і падзел абавязкаў не залежыць ад асобіны. 

Аднак жа і акрамя пінгвінаў за прыкладамі небінарнай прыроды можна зазірнуць куды заўгодна. У 1999 годзе Брус Бэйджміл апублікаваў «Biological Exuberance», уражлівы кампендыум тысяч назіраных негетэранарматыўных сэксуальных паводзінаў і гендарных неадпаведнасцяў сярод жывёл. Сярод іх жырафы, дзікі і калібры, дэльфіны і вавёркі. У падводным сусвеце каля 500 відаў рыб могуць змяніць свой пол, стаўшы дарослымі. Напрыклад, групы рыб-клоўнаў узначальвае самка. Калі дамінантная самка гіне, адзін з самцоў мяняе пол і становіцца новай самкай для падтрымання балансу ў групе.

Прыкладаў шмат, і навука дзякуючы вызваленню ад путаў гетэранарматыўнасці працягвае ўзбагачацца доказамі таго, што жыццё шматаблічнае і яскравае, без адзінага ўнутранага закона любові і рэпрадукцыі. 

Каб самастойна дазнацца болей, паспрабуйце гульню: сам-насам ці з сябр_оўкамі назавіце любую жывёлу ці расліну, а потым правядзіце асабістае даследаванне «квірнасці» гэтага віду. Зычым шмат цікавостак!

Зубр

Квірнасць беларускай прыроды

Назіраць за сэксуальнай і гендарнай разнастайнасцю прыроды можа быць так жа проста, як выйсці на вуліцу ці ў лес, паназіраць за катамі і аленямі або нават за кляшчамі на скуры. Як пісаў філосаф Цімаці Мортан, калі вам патрэбны квір-помнік, проста азірніцеся навокал («If you need a queer monument, just look around»).

Напрыклад, вядомая фігура зубра на трасе Брэст — Мінск можа ў наступны раз нагадаць вам аб тым, што самцы гэтых сімвалічных жывёл значна часцей спарваюцца паміж сабой, чым з самкамі. Іншы прыклад — слімакі і слізнякі. Яны па сваёй істоце гермафрадыты, гэта значыць, маюць як мужчынскія, так і жаночыя рэпрадуктыўныя органы. Гэтыя віды часта займаюцца спарваннем, у час якога ролі з’яўляюцца гнуткімі, адначасова абменьваючыся спермай і яйцаклеткамі. Вось яна, неканфліктная і простая небінарная рэпрадуктыўная сістэма.

Перспектывы

З дапамогай знаходак квір-экалогіі мы можам паступова браць у звычку думаць шырэй, крытычна і за межамі звыклых стэрэатыпаў: за межамі бінарнасці, чалавечага і нечалавечага, прыроднага і непрыроднага, асэнсоўваючы ўзаемазвязанасць усяго, што нас атачае.

Светапогляд, згодна з якім ландшафт і жывёлы — гэта частка суполкі ці частка сям’і, можа радыкальна змяніць практыкі захавання прыроды, рух кліматычнага актывізму, не кажучы ўжо пра паўсядзённыя думкі і дзеянні. Такі погляд збліжае людзей і прыроду, ператвараючы клопат пра яе ў нешта больш асабістае і значнае, не ставячы ў цэнтр усяго ўтылітарныя выгоды.

Згаданая вышэй заснавальніца тэрміна «квір-экалогія» Катрыёна Сэндзілэндс апісвае гэтую пазіцыю як сутнасна «антыэкстрактыўную» («anti-extractive» — не накіраваную на здабыванне рэсурсаў). А прафесарка Ніколь Сеймур прапанавала тэрмін «аквіраванне хатняй гаспадаркі», абапіраючыся на думку аб тым, што

«квір» — гэта не толькі пра сэксуальную арыентацыю, але і пра даследаванне іншых форм стасункаў з наваколлем. 

Так, напрыклад, у Эквадоры рух за правы прыроды і супраць экстрактывізму натхніў на тое, што ў 2008 годзе краіна — першай у свеце —  афіцыйна прызнала правы прыроды ў сваёй Канстытуцыі.

Такое новаўвядзенне адкрыла магчымасць для судовых іскаў ад імя прыроды супраць праектаў, якія пагражаюць экасістэмам, такіх як здабыча нафты, карысных выкапняў і масавая высечка лясоў. Гэта радыкальна адрозніваецца ад традыцыйных прававых сістэм, дзе прырода разглядаецца як аб’ект для эксплуатацыі і выкарыстання. 

*Абраная сям’я — група людзей, якая абрала клапаціцца, любіць і падтрымліваць адно аднаго ў інтымных адносінах незалежна ад крыві ці шлюбу. 

Практычным прыкладам квір-экалогіі ў хатніх умовах можа быць стварэнне абранай сям’і*.

У гэтым выпадку людзі самі выбіраюць усіх чальцоў сваёй сям’і, часам нават уключаючы тых, хто выконвае для іх ролі братоў, сясцёр, бацькоў і т.д. Гэтая альтэрнатыўная форма падтрымкі і блізкасці асабліва важная для тых, хто аддалены ад сваёй кроўнай сям’і ці не мае з ёй блізкіх адносін з-за рознагалоссяў, непрыняцця ці проста з-за адсутнасці эмацыйнай сувязі.

Іншы прыклад — выхаванне дзяцей з некалькімі людзьмі замест адн_ой рамантычн_ай партнёр_кі, або адсутнасць дзяцей увогуле. Гэта мадэлі, якія, па-першае, не пабудаваныя на індывідуальнай і гетэранарматыўнай мадэлі і па-другое, з’яўляюцца значна больш кліматычна чыстымі

Квір-экалогія кідае выклік не толькі парадыгме маскуліннасці як дамінуючай і феміннасці як непаўнавартаснай, але і таму, што існуе адзін спосаб быць мужчынам або жанчынай. Гэта барацьба з сістэматычным прыгнётам і з устойлівымі нормамі ладу жыцця. Прырода, у тым ліку і чалавек, значна больш разнастайная, чым мы навучыліся думаць. 


Аўтарка: Ева

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.4 / 5. Колькасць галасоў: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x