У канцы лютага гэтага года ў Вільні адбылася прэзентацыя нашага зборніка рэкамендацый для арганізатара_к мерапрыемстваў «Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства» і наступная дыскусія пад назвай (НЕ)Час для інклюзіі. На сустрэчы абмеркавалі розныя важныя пытанні, з якімі зараз сутыкаюцца арганізатар_кі мерапрыемстваў. Пад час дыскусіі таксама паўстала пытанне пра тое, як праводзіць мерапрыемствы для людзей з посттраўматычным сіндромам.
Якія новыя выклікі з’явіліся для арганізатара_к?
Падчас дыскусіі высветлілася, што актывіст_кам і арганізацыям рознага профілю не хапае ведаў, як працаваць «з новымі ўразлівымі групамі, якія з’явіліся ў сувязі з вайной і эвакуацыяй» — гэта адзначыла Лізавета Шалай, каардынатарка праектаў у CreateCulture Group. Яе словы пацвердзіў Зміцер Лойша, праектны менеджар арганізацы «Актыўнымі быць файна»: «Мы з гэтым сутыкаліся: дзеці, якія прыехалі з Украіны, вельмі моцна рэагуюць на нейкія дзеянні, і мы не разумеем, як з гэтым працаваць. Гэта велізарны выклік».
Гэтую ж праблему, але з іншага боку, падняла і Вольга Гарбунова, актывістка, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях у Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі. Яна адзначыла, што з 2020 года ў Беларусі значна павялічылася колькасць людзей з новымі патрэбамі, якія цяпер трапляюць ва ўразлівае становішча. Гэта ахвяры катаванняў, сведкі гвалту (у тым ліку таго што адбываўся на вуліцы), палітзняволеныя і/ці іх сем’і, ваяр_кі з фронту, якія прыехалі на рэабілітацыю і лекаванне, эмігрант_кі, людзі з досведам бяздомнасці ці ўцякацтва.
Падсумаваўшы агучаныя пытанні, мы вырашылі стварыць цэлы артыкул пра тое, як камунікаваць з людзьмі, што сутыкнуліся з траўматычнымі падзеямі. Праблема, пра якую мы хочам паразмаўляць, вельмі сур’ёзная і ў цяперашніх гістарычных умовах актуальная, як ніколі раней. Гаворка ідзе пра посттраўматычны стрэсавы разлад (засмучэнне) ці посттраўматычны сіндром (далей — ПТСР).
Што такое ПТСР?
ПТСР — гэта цяжкі псіхічны стан, які ўзнікае ў выніку адзінкавай ці паўторных падзей, што аказваюць звышмагутны негатыўны ўплыў на псіхіку чалавека. Траўматычнасць падзей цесна злучана з адчуваннем уласнай бездапаможнасці з-за немагчымасці эфектыўна дзейнічаць у небяспечнай сітуацыі.
ПТСР можа ўзнікнуць у любога чалавека ў любым узросце, але гэта адбываецца не з кожн_ай. Рызыка яго ўзнікнення залежыць ад розных фактараў: цяжкасць траўмы, кантэкст сітуацыі, псіхічная і біялагічная (у тым ліку на генетычным узроўні) схільнасць чалавека. Па сутнасці, ПТСР — гэта страх пасля страху. Калі аднойчы нам давялося перажыць падзею, якая нас траўмавала і выклікала моцны стрэс, то страхі і балючыя ўспаміны аб гэтым могуць трывожыць яшчэ доўгія гады.
Якія сітуацыі выклікаюць з’яўленне ПТСР?
Іх даволі шмат. Мы пералічым тыя, якія часцей аказваюць на людзей моцны ўплыў:
- ваенныя і баявыя дзеянні
- прыродныя і тэхнагенныя катастрофы
- гвалт: фізічны, псіхалагічны, сэксуалізаваны
- катаванні і напады
- прысутнасць пры смерці іншых людзей (у тым ліку гвалтоўнай)
- пасляродавы стрэсавы стан
- транспартныя катастрофы (напрыклад, аўтамабільная аварыя)
Складанасць справы яшчэ і ў тым, што далёка не ўсе людзі могуць самастойна ідэнтыфікаваць і распазнаць свае адчуванні і паводзіны як ПТСР. У гэтага псіхічнага разладу вялікая колькасць сімптомаў. Найбольш характэрныя з іх — падвышаная трывожнасць, моцная дэпрэсія і сталае адчуванне страху. Аднак зрабіць карэктную дыягностыку і прызначыць прыдатны спосаб лекавання можа толькі кваліфікаван_ая лекар_ка.
Як даведацца, што ў чалавека ПТСР?
Пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў трэба ўлічваць важны момант. Можна спланаваць лекцыю, варштат ці канферэнцыю з улікам таго, што ўдзельні_цы могуць мець ПТСР: напрыклад, калі яны прыехалі з небяспечнага рэгіёна. А што рабіць, калі вы пра гэта не ведаеце?
Можна пайсці двума шляхамі: самім спытаць пра гэта ў удзельні_ц ці абапірацца на ўскосныя прыкметы.
Перад мерапрыемствам — і гэта будзе праявай інклюзіўнасці — зрабіце запыт у будучых удзельні_ц пра іх асаблівыя патрэбы. Звычайна пад гэтым разумеюць асаблівасці, звязаныя з харчаваннем, абмежаваннем мабільнасці, наяўнасцю малых дзяцей і неабходнасці няні і г.д. Аднак вы можаце дадаць пункт пра асаблівыя псіхалагічныя ўмовы і папрасіць удзельні_ц адзначыць, ці патрэбна ім дадатковая псіхалагічная падтрымка.
Зразумела, што далёка не кожн_ая пазначыць нешта накшталт ПТСР, але калі вы ўжо сфарміравалі давер да сваёй аргкаманды ці вядучых мерапрыемства і эксперт_ак — гэта магчыма.
Другі шлях — ускосныя прыкметы. Звярніце ўвагу на наступныя моманты, якія характарызуюць, што чалавеку цяжка:
Будзе вельмі добра праявіць клопат і ўважлівасць да патэнцыйных удзельні_ц яшчэ на этапе падрыхтоўкі анонса мерапрыемства і адразу мець на ўвазе магчымасць удзелу людзей у розным ментальным стане. У тым ліку гаворка ідзе пра наяўнасць бяспечнай прасторы для імпрэзы. Зразумела, што немагчыма прадугледзець усе нюансы і моманты, але як мінімум варта папярэджваць удзельні_ц пра фармат мерапрыемства і пры неабходнасці прапісваць трыгер ворнінгі.
Якія фарматы працы з асобамі з ПТСР можна параіць?
Ёсць даволі шмат рэкамендацый і парад, як дапамагчы чалавеку з ПТСР, як выбудоўваць даверныя зносіны, працаваць з агрэсіяй і ў які момант патрэбна звяртацца за медыцынскай дапамогай. Але ўсё гэта прасцей сказаць, чым зрабіць, бо кожны раз мы сутыкаемся з чалавечым фактарам і немагчымасцю ахапіць усё і адразу. Асабліва, калі гаворка ідзе пра мерапрыемствы з удзелам розных людзей з разнастайнымі патрэбамі. Аднак ёсць некаторыя ўніверсальныя парады, якія могуць дапамагчы.
Арганізацыя прасторы на мерапрыемствах для людзей з ПТСР
Тое, на што абавязкова трэба звярнуць увагу, — гэта прастора, у якой будзе праходзіць ваша мерапрыемства. Яна павінна быць бяспечнай для ўдзельні_ц — што гэта азначае? Мы прапануем наступнае вызначэнне з нашых рэкамендацый:
Таксама карыснай будзе наяўнасць зоны адпачынку і/або ціхага пакоя. Гэтая прастора — з канапамі, крэсламі, фатэлямі-грушамі — дасць магчымасць адпачыць ад шуму мерапрыемства, інтэнсіўнай камунікацыі і ўзаемадзеяння з прысутнымі. Ціхі пакой асабліва важны пры арганізацыі мерапрыемстваў для людзей з псіхічнымі разладамі і ментальнымі асаблівасцямі. У гэтым выпадку важна прадугледзець асобныя месцы для адпачынку, па магчымасці аддзеленыя шырмамі або перагародкамі, каб людзі маглі застацца сам-насам.
Фарматы працы на мерапрыемствах для людзей з ПТСР
Зыходзячы з таго, што людзі з ПТСР могуць адчуваць неспакой у вялікіх натоўпах людзей, дарэчнымі фарматамі могуць быць індывідуальныя мерапрыемствы ці праца ў малых групах. Так удзельні_цы будуць адчуваць сябе менш трывожна.
Таксама дапаможа супакоіцца тэхніка дыхальных практыкаванняў, медытацыя ці рэлаксацыя. Для выканання такіх практыкаванняў можна запрасіць асобн_ую спецыяліст_ку.
Вельмі карысным фарматам падчас працы з людзьмі з ПТСР будзе магчымасць дадаць так званыя «працоўныя элементы». Тэрапію працоўнага ўдзелу даволі часта прымяняюць для лекавання ПТСР. З аднаго боку, яна ўключае ў сябе фізічную працу, а з іншага, патрабуе інтэлектуальнага напружання. Гэта дазваляе на пэўны час максімальна сканцэнтравацца на нейкай карыснай дзейнасці, падняць настрой і самаацэнку ад стварэння чагосьці цікавага сваімі рукамі, умацаваць сацыяльныя сувязі з іншымі людзьмі. Так мы зможам паменшыць пачуццё трывожнасці і ізаляцыі ў нашых удзельні_ц. Што гэта можа быць? Напрыклад, розныя віды рамёстваў: ганчарства, выцінанка, пляценне з саломкі, травы ці нітак, стварэнне простых габеленаў і г.д.
Мерапрыемствы на прыродзе і фізічная актыўнасць — вельмі добры варыянт! Прырода мае заспакаяльны эфект і дапамагае справіцца з трывожнасцю і напругай. Да гэтага можна дадаць фізічную актыўнасць: шпацыр, хайкінг, бег, вандроўкі на ровары ці паездкі ў фармаце лагера. Фізічная актыўнасць мае велізарную карысць для фізічнага і псіхічнага здароўя — і дасць магчымасць пераключыцца з трывожных думак.
Вельмі важна, каб удзельні_цы праводзілі час за тым, што дае ім задавальненне, дапамагае адчуць бяспеку і наладзіць камунікацыю з іншымі. У такіх умовах адной з дадатковых задач арганізатара_к і кіроўцаў мерапрыемстваў будзе адсочванне зменаў у паводзінах удзельні_ц і гатоўнасць змяняць фарматы актыўнасцей, зыходзячы з наяўнай сітуацыі.
Тэкст: Марыйка Арлова
Фота: Roman Friptuleac, cottonbro studio