Мізагінны слюр: незаўважная нянавісць да жанчын

ВедыГендар
Мизогинный слюр
5
(6)

Як абраза жанчын робіцца штодзённасцю і што мы можам гэтаму супрацьпаставіць?

Лена Авторка статьи, феминистка, блогерка

Пра мізагінныя слюры, іх утоеныя сэнсы і спробы перапрысваення распавядае Лена, феміністка і аўтарка блогу для жанчын

Слюры — гэта словы, якія ўжываюцца для абразы людзей па прыкмеце нацыянальнасці, расы, полу, сэксуальнай арыентацыі, стану здароўя і гэтак далей. Н*гр, п*дар, б*мж, пс*х — гэтыя і падобныя да іх словы лаканічна падмацоўваюць стэрэатыпы ў дачыненні да той ці іншай групы людзей, ствараюць цэтлікі і выпрацоўваюць нянавісць.

Сярод слюраў ёсць група слоў, якой надаецца адчувальна меней увагі адносна іншых — гэта мізагінныя слюры, то бок словы, скіраваныя на абразу жанчын. С*ка, шл*ндра, ц*лка — я ўпэўненая, вы ведаеце шмат падобных, і сам факт наяўнасці такой вялікай колькасці слоў, што зневажаюць жанчын, робіць тэму мізагінных слюраў больш чым вартай абмеркавання.

Нехта скажа: «Гэта проста словы!» — але словы ніколі не былі проста словамі. Словы — неабходны інструмент для камунікацыі паміж людзьмі, інструмент для выказвання думак і перадачы ідэй. Словы ствараюць і ўзнаўляюць існую рэальнасць, а значыць, проста словы мізагінныя слюры ствараюць, выпрацоўваюць і ўзмацняюць мізагінію — сістэмную нянавісць да жанчын.

Што не меней важна, мізагінныя слюры знаходзяцца ў падмурку піраміды феміцыду (пра яе я больш дэталёва пісала ў артыкуле пра феміцыд — наўмыснае забойства жанчын і дзяўчатак паводле полавай прыкметы). Словы папярэднічаюць дзеянню. Мізагінныя слюры дэгуманізуюць жанчын, а, як вядома, «любыя тэрміны, якія дэгуманізуюць іншых, аблягчаюць нам магчымасць ім нашкодзіць».

Калі спытаць чалавека, які называе кагосьці ў інтэрнэце с*кай, ц*лкай ці бл*ддзю, ці выкарыстоўвае ён такія словы ў адрас жанчыны, якую паважае, хутчэй за ўсё, ён скажа: «Не». Відавочна, што падобныя словы зневажальныя і нясуць у сабе толькі негатыўную ацэнку.

Не проста словы: што хаваецца за «гістэрычкай» і «цёлкай»

Перад тым як паглыбіцца ў праблематыку мізагіннага слюра, разбяром, якія сэнсы закладзеныя ў значэнне такога роду слоў і выразаў. Для нагляднасці дамо іх без зорачак.

Слюры, якія замяняюць слова «жанчына» ў розных кантэкстах.

Мэта: абазначыць кабету знарочыста зніжаным, негатыўна зараджаным словам, падкрэсліўшы яе «непаўнавартаснасць».

цёлка

Цёлка — гэта карова, самка жывёлы, але не жанчына. Гэты слюр — прыклад яўнай дэгуманізацыі: называючы жанчын «цёлкамі», іх выводзяць за мяжу панятку «людзі».

баба 

Раней слова несла нейтральны сэнс, але зараз ужываецца выключна ў зневажальным кантэксце. Да гэтага слова набліжаецца «цётка», якое служыць для абазначэння «непрыемнай» жанчыны, але па факце накіраванае на ўсіх немаладых жанчын.

Слюры, скіраваныя супраць жаночай суб'ектнасці, сілы і эмацыйнасці.

Мэта: абразіць жанчын, якія выходзяць за дапушчальныя патрыярхатам рамкі паводзін.

сучка/сука 

Слова «сука» азначае самку сабакі, але ўжываецца ў адносінах да жанчын, якія дэманструюць незалежнасць, уладнасць, самаўпэўненасць — «традыцыйна мужчынскія» якасці. Таксама ўжываецца ў зайздрослівым кантэксце — худая/багатая/паспяховая/маладая сука.

гістэрычка

Слова на мяжы эйблісцкага, бо раней «гістэрыя» лічылася «жаночым» дыягназам, які тлумачыў любыя «няслушныя» паводзіны жанчыны. Слюр «гістэрычка» паталагізуе эмоцыі і рэактыўнасць жанчын. Звярніце ўвагу, як яго выкарыстоўваюць у адрас мужчын: чалавек хоча абразіць апанента, «абазваўшы» яго жанчынай і надзяліўшы яго «жаночымі» якасцямі, што адразу выдае мізагінныя погляды.

сцерва 

Гэты слюр таксама часта ўжываецца ў адносінах да жанчын з «нязручным» характарам — рэзкім, дзёрзкім, прамалінейным, якія не ўпісваюцца ў рамкі «лагоднай» жаноцкасці.

пікмі («pick me» — даслоўна: «выберы мяне») 

Свежы тэрмін для жанчын, якія паводзяць сябе так, каб дагадзіць мужчынам ці дыстанцыявацца ад іншых жанчын. Можна абмяркоўваць такія паводзіны, але важна памятаць, што гэта вынік унутранай мізагініі і сацыялізацыі ў патрыярхальнай сістэме, а не індывідуальная «хіба» жанчыны.

фемка 

Грэблівае азначэнне феміністак — жанчын, якія адкрыта заяўляюць пра свае правы і нязгоду з патрыярхальнымі нормамі.

Словы, якія стыгматызуюць ці фетышызуюць жаночую сэксуальнасць.

Мэта: абразіць жанчын, якія ярка выглядаюць ці адкрыта выяўляюць свае сэксуальныя жаданні.

бікса 

Слова паходзіць з турэмнага жаргону, і сапраўднае значэнне «біксы» — юная жанчына, уцягнутая ў сэкс-індустрыю [аўтарка тэксту падзяляе разуменне сэкс-індустрыі як інстытута прыгнёту жанчын, не ўжывае панятку «сэкс-працаўніца» і падкрэслівае адсутнасць вольнага выбару ў гэтай сферы. — заўв. рэд.]. «Бікса» часта ўжываецца як аналаг слюра «цёлка», замяняючы слова «дзяўчына/жанчына».

шлёндра, шалава, шкура

Слюры для жанчын з «празмернай», паводле версіі патрыярхату, сэксуальнай актыўнасцю, скіраваныя на кантроль жаночай сэксуальнасці. Пры гэтым «шлёндрай» можна стаць і праз згоду на сэкс, і праз адмову ад яго.

прастытутка

Зняважлівае азначэнне жанчын, уцягнутых у сэкс-індустрыю (мяркуецца, быццам такая жанчына — у адной з самых нізкіх «кастаў» жанчын: яна «брудная», «распусная»). Таксама ўжываецца як абраза ў цэлым — дастаткова, напрыклад, нанесці яскравы макіяж ці апрануць кароткую спадніцу.

мілфа (MILF — «mom i’d like to fuck», «матуля, якую б тр*хнуў») 

Прыклад зычлівага сэксізму. Можа гучаць як камплімент — маўляў, «а ты яшчэ нічога!» — але па сутнасці гэта сэксуалізацыя і дэгуманізацыя жанчын старэйшага ўзросту. Слюр зыходзіць з успрымання жанчыны як прадмета для сэксуальнага задавальнення мужчын і стэрэатыпа пра тое, што з пэўным узростам у жанчын сканчаецца «тэрмін прыдатнасці». Дзіўна, але шмат якім мужчынам усё яшчэ не зразумела, што няма нічога прыемнага ў тым, калі нехта разглядае вас як сэксуальны аб’ект без вашага жадання і цікавасці (тое ж, дарэчы, тычыцца рэйтынгаў у духу «Топ самых сэксуальных жанчын Беларусі»).

Словы, што абражаюць жаночае цела.

Мэта: падсілкаваць пачуццё няўпэўненасці ў сабе ці нават сораму за тое, як выглядаеш.

дошка 

Абраза для жанчын з маленькімі грудзьмі. Грудзі ў цэлым могуць быць апісаныя шматлікімі абразлівымі выразамі — з-за таго, што гэта частка цела вельмі моцна сэксуалізуецца (дастаткова пачытаць каментары ў пастах пра грудное кармленне ў публічных месцах, каб зразумець, наколькі чужыя людзі дагэтуль прэтэндуюць на жаночыя целы).

кабыла 

Часта ўжываецца як абраза для поўных жанчын. Варта нагадаць, што кабыла — гэта самка каня, але ніяк не жанчына. Яшчэ адзін прыклад дэгуманізацыі, даслоўна «жанчына не чалавек».

Слюры, скіраваныя супраць маці.

Мэта: выразна абазначыць «традыцыйную» ролю жанчыны ў мацярынстве і яе месца ў сям’і, перакласці на яе ўвесь груз адказнасці за дзіцё, высмеяць «жаночыя» паводзіны.

развядзёнка з прычэпам 

Абраза для маці-адзіночак, дзе віна за распад сям’і пераносіцца на жанчыну. Калі жанчына сыдзе з сям’і, пакінуўшы дзіцё, для яе таксама знойдзецца слова: «зязюля». Але заўважце: адмысловых слоў для бацькаў, якія пайшлі з сям’і, не існуе.

бэжавая матуля

Адносна новы выраз, які высмейвае маці, арыентаваных на візуальна інстаграмную эстэтыку з яе пастэльнымі адценнямі. Можна спрачацца, ці слюр гэта, але важна адзначыць мізагінны падтэкст выказвання і нагадаць пра класавы ціск на жанчын, абавязаных быць «ідэальнымі».

Мизогинный слюр
Фота A. C. Unsplash

Мізагінныя слюры выкарыстоўваюць паўсюдна і часцяком неўсвядомлена. Нават людзі, якія не хэйцяць жанчын непасрэдна, могуць папросту ляпнуць якую «ц*лку» ці «с*ку», не разумеючы, наколькі такія словы мацуюць патрыярхат. Чаму? Таму што мізагінныя слюры вельмі трывала ўкараніліся ў масавай культуры.

Як масавая культура нармалізуе нянавісць да жанчын  

Масавая культура мае велізарны ўплыў на фармаванне і ўзнаўленне сэнсаў і ідэй. І хоць у наш час паступова з’яўляюцца новыя нормы і прынцыпы, па сваёй сутнасці культура ўсё яшчэ патрыярхальная і працягвае безупынна шырыць мізагінію. Мізагінія нармалізаваная ў культуры праз сэксуалізацыю жанчын у рэкламе і кліпах (нядаўні прыклад — кліп «Mark Farmel» гурту Leibonik, дзе чатыры паўаголеныя дзяўчыны рухаюцца вакол саліста), праз інфантылізацыю жаночых персанажак у фільмах, праз песні пра згвалтаванні («класіка» — «Утрапёнасць» ЛСП & Oxxxymiron), праз парніфікацыю культуры ў цэлым. І, вядома ж, мізагінныя слюры ў маскульце распаўсюджаныя вельмі шырока.

Мізагінны слюр укаранёны ў нашую гаворку і культуру настолькі, што мы часта не звяртаем на яго ўвагі. Гэта кажа толькі пра адно: мізагінія нармалізаваная і паспяхова ўключаная ў нашу штодзённасць.

Мізагінныя слюры проста захапілі музыку: Макс Корж і яго «Где твоя любовь, с*ка», «Нас не интересуют шм*ры, только т*лки с вузов», ЛСП и «Эта с*ка не знает, что в её “спрайте”», «Нужно больше денег, нужно больше т*лок», «С*чка всем дала», «Ляпис Трубецкой» и «Т*лки, т*лки, т*лочки, VIP-овации». Гэта толькі тое, што першым усплыло ў маёй памяці. Варта пачаць адмыслова заўважаць мізагінныя слюры ў песнях — і шляху назад не будзе: стане ясна, што знявага жанчын з’яўляецца ледзь не неад’емнай часткай сучаснай музыкі.

У назвах фільмаў, серыялаў ці тэлешоу знайсці «с*ку» ці «шл*ндру» таксама не складзе вялікай працы, не кажучы ўжо пра тое, наколькі часта гэтыя словы гучаць у гаворцы персанажа_к. Ці моцна гэта палохае? Мяне — так. Таму што мізагінныя слюры літаральна замянілі слова «жанчына», ператварыўшы нас у с*к, шл*ндраў, бл*дзей і ц*лак. 

Але як часта вы чулі публічныя абмеркаванні ці асуджэнне слоў, што зневажаюць жанчын, у параўнанні з іншымі формамі дыскрымінуючых слоў? Дакладных дадзеных няма, аднак мізагінія — сапраўды тэма, якую абмяркоўваюць меней. Людзей усё часцей вінавацяць у расізме, гамафобіі, ксенафобіі — і гэтыя абвінавачанні гучаць сур’ёзна. Абвінавачанні ж у мізагініі або не гучаць зусім, або ўспрымаюцца як штосьці несур’ёзнае ці зусім няіснае.

Чаму так? Чаму найстаражытнейшая і маштабная (усё ж жанчыны — палова чалавецтва) форма дыскрымінацыі настолькі нябачная? Таму, што ў гэтай групе ёсць толькі жанчыны. А гамафобія, расізм і іншае прызнаюцца ўсё большай колькасцю людзей як сур’ёзныя формы прыгнёту, таму што яны могуць закрануць і мужчын. 

Гэта асабліва заўважна ў праве. У шмат якіх краінах заканадаўства непасрэдна бароніць ад злачынстваў і распальвання нянавісці па прыкмеце расы/этнічнай прыналежнасці і сэксуальнай арыентацыі: паводле дадзеных ILGA-Europe, у 36 краінах законы пра злачынствы на глебе нянавісці ўключаюць як абцяжарвальную прыкмету сэксуальную арыентацыю, а ў 24 краінах — гендарную ідэнтычнасць; пры гэтым толькі ў 8 краінах згаданыя інтэрсэкс/полавыя характарыстыкі. Забойства жанчыны з прычыны нянавісці да яе прызнаецца асобным злачынствам толькі ў некалькіх краінах свету. На жаль, як адзначае Кімберлі Брэйсан: «Нянавісць да жанчын — гэта не паталогія грамадства, а неабходная ўмова існавання сістэмы».

Мизогинный слюр
Фота: Batu Gezer Unsplash

Падманная сіла: чаму няма сэнсу перапрысвойваць «с*ку»

Што мы можам супрацьпаставіць гэтай нянавісці? Прыдумаць новыя «нейтральныя» словы для абразаў, надаць новым сэнсам старыя ці зусім адмовіцца ад іх? Упэўнена абіраючы апошні варыянт, усё ж прапаную закрануць пытанне так званага перапрысваення мізагіннага слюра як альтэрнатывы, якую нам настойліва падсоўвае патрыярхат.

Кажучы пра перапрысваенне мізагіннага слюра, я маю на ўвазе выкарыстанне с*кі, шл*ндры, сц*рвы ці ц*лкі ў нібыта пазітыўным ключы. «Ты такая сучка!» — нібыта камплімент, які жанчыны могуць выкарыстоўваць міжсобку, надзяляючы слова «с*чка» (ці іншы мізагінны слюр) флёрам упэўненасці, прывабнасці ці сэксуальнасці. Можна нават выказаць здагадку, што жанчыны могуць казаць гэта з задавальненнем, але ўспрыманне слюра як чагосьці прыемнага не робіць яго бясшкодным. 

Як адзначаюць даследніцы ў артыкуле «Сука: Як слова наносіць сацыяльную шкоду»:

”Перапрысваенне“ дапускае, што спрадвечна існавала права на выкарыстанне, якое было аднята іншымі. Але мізагінны слюр увесь час і сістэматычна ўжываўся для дэгуманізацыі жанчын. <…> Падначаленая група можа пачувацца лепш, пераймаючы практыкі прыгнятальнікаў, але такія паводзіны не кідаюць выклік сістэме няроўнасці.

Аўтаркі таксама паказваюць, што маладыя жанчыны, ужываючы мізагінны слюр у сяброўчыным кантэксце, пры гэтым працягваюць выкарыстоўваць яго ў варожым значэнні. Такім чынам, без адмовы ад зняваг жанчын шляхам мізагіннага слюра іх «пазітыўнае» выкарыстанне не падрывае патрыярхальнай сістэмы, а толькі ўзнаўляе яе ў прыгажэйшай абгортцы.

Так што, вяртаючыся да пытання пра тое, што мы можам зрабіць з мізагіннымі слюрамі, я бачу толькі адзіны дакладны адказ: адмаўляцца ад яго, каб супрацівіцца патрыярхату, а не патураць яму.

У мове ёсць дастаткова слоў, каб абазначыць жаночую сілу, упэўненасць, незалежнасць ці дзёрзкасць. Не трэба «рабіцца с*кай», «упэўненай сц*рвай» ці «неслухмянай шл*ндрай», каб прадэманстраваць гэтыя якасці.

Я прапаную перастаць адкрыта абражаць сябе, прымаючы гэта за сілу. Колькі новых сэнсаў слюрам ні прыдумляй, гэта ўсё адно застанецца мізагініяй. 


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць