Моўная фанабэрыя і трасянка, ці Адкуль бярэцца сорам за мову

ІнклюзіяВеды
Трасянка
4.2
(5)

Моўная фанабэрыя — гэта дэманстратыўная непавага да моўных асаблівасцяў іншых людзей ці суполак і спроба падкрэсліць такім чынам сваю перавагу над іншымі.

Такая непавага да моўнай разнастайнасці можа існаваць як на ўзроўні буйных (часта імперскіх) дзяржаў, якія лічаць сваю мову галоўнай, так і ўнутры адной краіны, дзе адны людзі пагардліва ставяцца да моўных традыцый іншых.

У гэтым артыкуле журналістка Дар’я Гардзейчык разглядае прыклады моўнай фанабэрыі і разбірае, чаму варта перастаць кпіць з трасянкі і як тая, наадварот, дапамагае беларускай мове, а не перашкаджае ёй. 

«Беларуская мова — рай для двоечніка па рускай мове» і іншыя прыклады імперскай моўнай фанабэрыі

Моўная фанабэрыя, як і ў выпадку з мовай варожасці, мае некалькі ўзроўняў: ад менш відавочных формаў насмешак да адкрытай непавагі і дэманстрацыі перавагі. Ад падборак смешных слоў на іншай мове да сцверджанняў, што чалавек, які размаўляе на пэўнай мове, менш адукаваны ці нейкім чынам горшы за іншых. Напрыклад, вось адзін з каментароў пад артыкулам аб тым, што ўкраінская мова — штучная (пераклад з рускай мовы наш): «Нават сёння на любым ток-шоу заўважна, што ў сваёй большасці рускамоўны больш адэкватны і лагічны суразмоўца. Як на [украінскай] мове — дурань-дурнем». 

У расейскім сегменце інтэрнэту (а таксама тэлебачання яшчэ з савецкіх часоў) поўна пародый на беларуса_к, украіна_к, зборных «прыбалта_к» і людзей з Цэнтральнай Азіі, якія размаўляюць па-руску з заўважнымі граматычнымі памылкамі ці спецыфічным маўленнем. Украінская і беларуская мовы ўвогуле дагэтуль некаторымі ўспрымаюцца як «перайначаная руская» або яе дыялект, што адлюстроўвае глыбока ўкаранёны імперскі светапогляд і недахоп ведаў пра моўную разнастайнасць. 

Лукашэнка таксама неаднаразова выказваўся пра беларускую мову фанабэрліва (цытату прыводзім у перакладзе):

«Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, не могуць нічога рабіць, акрамя як размаўляць на ёй, таму што па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага. Беларуская мова — бедная мова. У свеце існуе толькі дзве вялікія мовы — руская і англійская».

Пасля пачатку вайны ва Украіне выпадкі моўнай фанабэрыі сталі асабліва заўважнымі. Для многіх людзей вайна стала імпульсам для вяртання да сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і актыўнага выкарыстання родных моў — беларускай, украінскай, якуцкай, удмурцкай і іншых.

Аднак такі працэс часта сутыкаецца з насмешкамі і неразуменнем з боку носьбітаў дамінуючых моў. Фраза «Говорите нормально!» («Кажыце нармальна!») становіцца яскравым прыкладам такой пагарды. Так, вяртанне да роднай мовы ўспрымаецца як палітычны і культурны акт, які вымагае смеласці і пераадолення сораму, які часам падсілкоўваецца падобнымі насмешкамі. 

«Я не пісала, таму што саромелася сваёй якуцкай. Я дагэтуль яе саромеюся. Мая якуцкая — гэта не тая складаная, прыгожая саха тыла (якуцкая мова — рэд.) якуцкай літаратуры, і не тая саха тыла, на якой размаўляюць нашыя бабулі, у ейных складках, што пахнуць сырадоем, любыя рускія словы гучалі сап-сахалыы (вельмі па-якуцку — рэд.): торуой (другі, па-руску второй — рэд.), сэппэрээдэ (сепаратар — рэд.), дорообо (вітаю, сугучна з рускім добро — рэд.). Мова, дзе я адчуваю сябе камфортна — гэта тая самая рогатыгар веревкалаах корова (вядомы ў сучасным фальклоры прыклад змешвання рускіх і якуцкіх слоў — рэд.), мова, з якой усе смяюцца і за якую сарамацяць, але на ёй сахалар (якуты — рэд.) штодзень гавораць пра простыя і знаёмыя рэчы»,

— з інтэрв’ю расійскаму выданню Perito якуцкай пісьменніцы Сардааны Румянцавай.

Моўная фанабэрыя — з’ява не толькі рускамоўнага асяроддзя. У англамоўных сацыяльных сетках трапляюцца відэа, дзе носьбіт_кі, напрыклад, амерыканскага варыянту ангельскай мовы жартуюць над брытан_камі праз іх акцэнт, і наадварот. Гэта, аднак, можна палічыць даволі бяскрыўднай гісторыяй, бо абедзве групы — брытан_кі і амерыкан_кі — у сучасным свеце з’яўляюцца прывілеяванымі. Ангельская лічыцца мовай міжнароднай камунікацыі. Прычым і амерыканскі, і брытанскі варыянты распаўсюджаныя ў свеце.

Іншая справа, калі брытан:кі пачынаюць кпіць, напрыклад, з шатланда_к. Дынаміка ўлады тут даволі яўная: Шатландыя была падпарадкаваная англічанамі і стала часткай Вялікабрытаніі. У некаторых шатланда_к сапраўды вельмі спецыфічнае маўленне, нягледзячы на тое, што іх ангельская мова не вывучаная, а родная.

Акрамя таго, кпіны і жорсткія жарты час ад часу скіроўваюцца на людзей, для якіх ангельская мова ўвогуле не родная. Сацыяльныя сеткі поўняцца пародыямі носьбіт_ак ангельскай мовы, якія маюць прывілей ад нараджэння валодаць «міжнароднай» мовай, на людзей, якія мусяць гадамі выдаткоўваюць час, інтэлектуальныя рэсурсы і грошы, каб вывучыць ангельскую на камунікатыўным узроўні.

Аднак моўная фанабэрыя — гэта не заўсёды прыкмета носьбіта_к спецыфічнага «імперскага» (рускага, брытанскага ці любога іншага) светапогляду. Даволі часта моўная фанабэрыя адбіваецца і на беларус_ках з боку сваіх жа суайчынні_ц. Прычым як рускамоўных, так і беларускамоўных. І больш за ўсё дастаецца трасянцы.

Моўная фанабэрыя ад сваіх, ці Хіба трасянка — гэта нармальна?

Трасянка, як і моўная фанабэрыя, — ненавуковы тэрмін, які абазначае такую гаворку, што ўспрымаецца як сумесь беларускай і рускай моў. Чаму мы даем менавіта такое азначэнне? Давайце для пачатку разбяромся, з чаго, уласна, складаецца мова і як яе складнікі могуць змешвацца.

Спачатку трошкі базы: з чаго складаецца мова

Лексіка, граматыка і фанетыка — «тры кіты», на якіх трымаецца любая мова. Менавіта гэтыя тры прадметы на першым курсе вывучаюць студэнт_кі факультэтаў замежных моў. Калі моцна спрашчаць, то лексіка — гэта слоўнікавы запас мовы. Граматыка — правілы, паводле якіх мова функцыянуе. Напрыклад, ці ёсць у мове граматычныя катэгорыі роду, склону і ліку? Калі ёсць, то як словы змяняюцца адпаведна з кожнай граматычнай катэгорыяй? Фанетыка — гэта сістэма гукаў і інтанацый, якія характэрныя для гэтай мовы. Напрыклад, у беларускай мове няма мяккага гука [р’], а ў рускай — няма [ў].

Змешванне моўных сістэм пры іх цесным кантакце — натуральная з’ява. Увогуле, дакладную мяжу, дзе сканчаецца адна мова і пачынаецца іншая, бывае даволі цяжка правесці, паколькі дзяржаўныя межы не заўсёды супадаюць з моўнымі.

Напрыклад, гаворка жыхара_к вёсак польскага Падляшша моцна адрозніваецца ад літаратурнай польскай мовы. Самі жыхар_кі гэтых вёсак кажуць, што гавораць не па-польску, а «па-свойму». Але ці аднесці гэтую мову да дыялекту польскай ці да дыялекту беларускай альбо ўкраінскай моваў (на якія мясцовыя гаворка таксама знешне падобная), розныя навукоўцы вырашаюць па-рознаму.

Гэтак жа сама і з мовай жыхара:к беларускага Палесся, дзе лексіка, фанетыка і граматыка могуць моцна адрознівацца нават у суседніх вёсках. Адно застаецца нязменным: мясцовыя гаворкі маюць супольныя рысы і з беларускай, і з украінскай мовамі і пры гэтым маюць свае яскравыя адметнасці.

Акрамя таго, што правесці дакладныя межы паміж мовамі, якія належаць да адной і той жа моўнай групы, бывае неймаверна складана, мовы нават розных груп пры шчыльным кантакце носьбіта:к узаемаабменьваюцца лексікай, граматыкай і фанетыкай.

У якой прапорцыі мусяць змяшацца руская і беларуская мовы, каб назваць пэўную гаворку трасянкай?

Час ад часу трасянкай называюць гаворку, якая цалкам адпавядае лексіцы і граматыцы рускай мовы, але мае фанетычныя асаблівасці беларускай. Аднак тут зноў узнікае пытанне: якія менавіта гэта мусяць быць фанетычныя асаблівасці, каб назваць пэўную гаворку трасянкай? Амаль люб_ая беларус_ка, як_ая не займа_лася адмыслова тым, каб прывесці сваю мову ў адпаведнасць з рускай літаратурнай нормай, мае пэўныя спецыфічныя маўленчыя рысы.

Нават калі здаецца, што ў вас абсалютна няма аніякага акцэнту, хутчэй за ўсё, вы прамаўляеце [дз’] і [ц’] замест літаратурнага [д’] і [т’], калі размаўляеце па-руску. Тое, што яшчэ больш складана заўважыць непадрыхтаванай асобе, — гэта ступень рэдукцыі (то-бок скарачэння) галосных у літаратурнай рускай мове і ў беларускім варыянце рускай мовы.

Напрыклад, нам можа падавацца, што слова «малако» і ў рускай, і ў беларускай мове прамаўляюцца аднолькава, хаця пішуцца па-рознаму. Насамрэч, гэта не так. Калі запісаць транскрыпцыйнымі знакамі — адмысловая сістэма знакаў, якой карыстаюцца мовазнаўцы, — то рускае «молоко» гэта [мълако́], а беларускае — [малако́]. Калі спрасціць, то па-руску прамаўляецца «млако», а па-беларуску — «малако».

Ці шмат беларуса_к пры гэтым называюць малако «млаком»? Ці ўсе, хто гэтага не робіць, размаўляюць на трасянцы? Хутчэй за ўсё, людзі, якія ўжываюць тэрмін «трасянка» і маюць на ўвазе спецыфіку маўлення, маюць на ўвазе іншыя асаблівасці беларускай мовы. Напрыклад, выкарыстанне цвёрдага [ч] ці невыбухнога [ғ]. Аднак застаецца незразумелым, чаму «гэканне» і «чэканне» лічацца прыкметамі трасянкі, а іншыя прыкметы беларускага маўлення — не.

Некаторыя карыстаюцца іншым «падыходам» і факусуюцца на лексіцы і граматыцы. Тады трасянкай называюць менавіта выкарыстанне адначасова і асаблівасцяў, характэрных для рускай лексікі і граматыкі, і асаблівасцяў, характэрных для беларускай лексікі і граматыкі.

«Мне вельмі ўкусна», «Можа, вам кофе зрабіць?», «Да заўтра трэба адчот завязці».

Прыведзеныя вышэй прыклады паходзяць ад людзей, якія карыстаюцца такога кшталту гаворкай на сталай падставе. Аднак як яны прыйшлі да карыстання менавіта такой гаворкай?

Як з’явілася трасянка

Справа ў тым, што праз дзесяцігоддзі русіфікацыі — працэс насаджэння рускай мовы і культуры з боку ўлады — назвы пэўных прадметаў і з’яў замяніліся ў беларускай мове на рускія адпаведнікі.

У працэсе урбанізацыі, які набраў моц пасля Другой сусветнай вайны і доўжыцца дагэтуль, людзі масава з’язджалі з вёсак у гарады (і з малых гарадоў у буйнейшыя гарады ў сваю чаргу). Беларускамоўныя вяскоўцы мусілі пераходзіць на рускую. На тое было некалькі прычын.

1. Насаджэнне міфу, што беларуская мова — мова неадукаваных «калгаснікаў», а інтэлігентны чалавек, які хоча дасягнуць кар’ернага поспеху ў горадзе, мусіць карыстацца рускай мовай.

Гэты міф існаваў не беспадстаўна. Абсалютная большасць школ у гарадах былі рускамоўнымі, а навучання ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах на беларускай мове ўвогуле не існавала.

2. Імпарт кадраў з Расіі на высокія пасады.

У якасці кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў або на пасады са сферы дзяржкіравання часта прызначалі людзей, якія прыязджалі з тэрыторыі Расіі або з іншых саюзных рэспублік. Гэта была свядомая палітыка савецкага кіраўніцтва, каб пазбегнуць фармавання моцнай прабеларускай эліты.

3. Русіфікацыя праз вайсковыя сем’і.

У Беларусі была вялікая прысутнасць кантынгенту савецкай арміі — вайскоўцаў з сем’ямі, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, але былі выхадцамі з іншых тэрыторый. Дзеці вайскоўцаў былі вызваленыя ад вывучэння «нацыянальных моў» у школе з той жа мэтай савецкага кіраўніцтва: каб у арміі, барані божа, не з’явіўся нацыяналістычны настрой. Чальцы сям’і вайскоўцаў працавалі тым часам на цывільных працах. Таму, напрыклад, каб паразумецца з каляжанкай, якая са сваім мужам-вайскоўцам прыехала працаваць у Беларусь, увесь калектыў мусіў пераходзіць на рускую мову.

У часы незалежнай Беларусі пасля ўздыму на хвалі нацыянальнага адраджэння, у канцы 80-х — пачатку 90-х, сітуацыя з беларускай мовай стала паступова пагаршацца. Змяншалася колькасць беларускамоўных школ. Абсалютная большасць кантэнту, які спажываюць беларус_кі, — рускамоўны. Нават гарадское атачэнне — шыльды і ўказальнікі — пераважна рускамоўныя. Сёння нават у грамадскім транспарце Мінска, дзе раней заўсёды гучала беларуская мова, усё часцей можна пачуць рускую.

Руская мова — адзіная мова справаводства. Прэстыж беларускай мовы няўхільна падае, людзі не бачаць практычнай неабходнасці карыстацца ёй і аддаюць перавагу рускай.

Чаму трасянка так раздражняе

Змешванне беларускай і рускай моваў у Беларусі адбылося праз жорсткую каланізацыю і насаджэнне рускай мовы, знішчэнне нацыянальнай эліты і дыскрымінацыю носьбіта_к беларускай амаль ва ўсіх сферах жыцця.

Менавіта таму трасянка (у любой яе форме) можа выклікаць такі негатыў у нацыянальна арыентаваных беларуса_к, бо яна ёсць жывы помнік таго, як мову (разам з беларускім народам) стагоддзямі вынішчалі.

У той жа час носьбіта_к трасянкі могуць вінаваціць у несвядомасці. Маўляў, хоць яны і размаўляюць яўна не на рускай мове, але не бачаць каштоўнасці ў беларускай і не пераходзяць на яе літаратурны варыянт. 

Для рускамоўных беларуса_к трасянка можа быць і прыкметай нізкага ўзроўню адукацыі. Асацыяцыя з’яўляецца імгненна і часта нават несвядома: калі чалавек не навучыўся выкшталцонай рускай мове, значыць не вучыўся ў рускамоўных установах адукацыі. А паколькі іншых і няма — акрамя рэдкіх беларускамоўных школ у вёсках — значыць, чалавек не атрымаў увогуле аніякай адукацыі, акрамя школьнай.

Адсутнасць прафесійнай адукацыі (як і адсутнасць/наяўнасць чаго-кольвек яшчэ), канешне, не з’яўляецца падставай, каб з кагосьці кпіць і ставіцца пагардліва. І больш за тое, калі чалавек гаворыць на трасянцы, то гэта не значыць, што ён_яна не адукаваны. Часам размаўляць на трасянцы — гэта свядомы выбар.

Акрамя таго, трасянка — калі гаворка вядзецца менавіта пра выкарыстанне фанетычных прыкмет беларускай мовы разам з лексікай і граматыкай рускай мовы — асацыюецца з беларускімі чыноўні_цамі. Шмат хто з іх размаўляе менавіта такой гаворкай, і праз агульнае негатыўнае стаўленне да ўсяго, што з гэтым чынавенствам звязана, гэты негатыў распаўсюджваецца і на трасянку.

Пры гэтым значная частка беларуса_к — асабліва тыя, хто жыве ў вёсках ці малых гарадах — усё яшчэ стала карыстаюцца трасянкай (у розных варыянтах разумення гэтага слова). Пры гэтым яны не маюць анічога супольнага з беларускімі дзяржаўнымі структурамі і могуць таксама негатыўна ставіцца да іх.

Пагарда да трасянкі: чаму гэта праблема?

Тым не менш, як у дыяспары, так і ў межах краіны знаходзяцца людзі, якія адчуваюць для сябе патрэбу пераходзіць на беларускую мову. Пры гэтым без практыкі, пасля дзесяцігоддзяў карыстання рускай мовай, амаль немагчыма адразу перайсці на літаратурную беларускую мову, размаўляць упэўнена і без запінак.

Дык вось, тыя людзі, якія свядома пераходзяць на беларускую мову з рускай у штодзённым жыцці, таксама могуць карыстацца пэўнай гаворкай, у якой беларускія граматыка і лексіка пераплятаюцца з рускай.

Хутчэй за ўсё праз тое, што беларускі слоўнікавы запас у іх пакуль малы, і даводзіцца карыстацца рускай мовай, калі не даюць рады ўзгадаць, як нейкае слова будзе па-беларуску. Таксама можа бракаваць ведаў з беларускай граматыкі, таму, напрыклад, змена слоў па склонах можа адбывацца ў іх у адпаведнасці з рускай, а не з беларускай мовай.

Так, распаўсюджаная рыса ў гаворцы людзей, якія толькі пачынаюць штодзень карыстацца беларускай мовай, — адсутнасць чаргавання [к] і [ц] у давальным і месным склонах: вёска — вёсцы — у вёсцы. Напэўна, вы чулі варыянт «у вёске», які ўзнікае пад уплывам рускай мовы.

Такую гаворку ў пэўным сэнсе таксама можна назваць трасянкай. І нават пачуць заклік ад інфлюэнсара_к «лупіць на трасянцы» для тых, хто саромеецца размаўляць па-беларуску праз брак слоўнікавага запасу ці сорам зрабіць граматычную памылку.

Звезда беларусского TikTok Лиза Ветрова — про мову, войну в Украине, страх выйти на улицу в Беларуси

Праз пагардлівае стаўленне як ад беларускамоўных, так і ад рускамоўных суайчынні_ц, носьбіт_кам трасянкі становіцца складана і сорамна карыстацца той мовай, якая для іх проста натуральная. Яны адчуваюць патрэбу пераходзіць на літаратурную рускую, калі выходзяць са звыклага блізкага кола камунікацыі. Пры гэтым размаўляць на выкшталцонай рускай у іх усё адно не атрымоўваецца, і гэта вядзе да яшчэ большага стрэсу і адчування сваёй недарэчнасці.

Трасянка — карысная?

Мала хто зважае, што трасянка — нават калі пад ёй разумеецца толькі фанетычны складнік — дапамагае захоўваць адметнасці беларускай мовы. 

Дзякуючы трасянцы пры пераходзе на беларускую мову прынамсі ні ў каго не ўзнікае праблем з маўленнем. А калі пад трасянкай разумеюцца яшчэ і граматычныя і лексічныя рысы беларускай мовы, то пераход да літаратурнай беларускай становіцца зусім простым.

Акрамя таго, мы часта звяртаемся да трасянкі нават тады, калі ведаем беларускае слова, каб падкрэсліць іранічнасць сітуацыі, выказаць эмоцыі або пасмяяцца з сябе: «Ну вабшчэ, што за дзярэўня, ашчушчэнія не це». Трасянка — гэта таксама наш спосаб гаварыць пра свае пачуцці і стан.

Міхал Анемпадыстаў казаў, што ў юнацтве менавіта гульня ў трасянку дапамагла засвоіць беларускую мову:

«Мы спачатку проста прыдурваліся, гралі такія ролі — гаварылі на трасянцы, а пазней з цягам часу загаварылі па-беларуску. А трасянка зняла псыхалягічныя бар’еры».

На жаль, у беларускай сітуацыі мы не можам заахвочваць людзей адкрыта пераходзіць на беларускую літаратурную мову ў іх штодзённай камунікацыі, бо гэта робіць іх аб’ектам увагі для сілавікоў і ставіць пад пагрозу рэпрэсій. Аднак мы прынамсі можам адмовіцца ад моўнай фанабэрыі і не «падпіхваць» людзей у бок адмовы ад беларускіх гаворак на карысць рускай мовы.

У час, калі беларуская мова выйдзе з падполля ў краіне і атрымае сваё адмысловае месца ў штодзённым жыцці, ніхто не зможа перайсці ў адну секунду на літаратурны варыянт беларускай мовы. Людзі ў любым выпадку будуць карыстацца рознымі гаворкамі ў адпаведнасці з рэгіёнам, адкуль яны паходзяць і дзе жывуць. 

Таму варта заахвочваць суразмоўцаў карыстацца роднымі гаворкамі, каб працэс камунікацыі быў прыемны, а не маркіраваны моцным стрэсам. Імаверна, паступова па вашым прыкладзе (калі вы карыстаецеся беларускай літаратурнай мовай ці якой-кольвек з беларускіх гаворак) суразмоўца пачне ўжываць больш адметнасцяў з беларускай літаратурнай мовы і так насычаць сваю ўласную гаворку.


Аўтарка: Дар’я Гардзейчык

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.2 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x