«Я не хачу змагацца». Наста Базар — пра хэйт як зваротны бок публічнасці

ІнклюзіяАсобыГендарПравы чалавека
Наста Базар — пра хэйт як зваротны бок публічнасці
5
(1)
Наста Б
Фото из личного архива героини

У публічнасці заўсёды ёсць зваротны бок. Так, многія будуць прыслухоўвацца да тваіх думак і цаніць тое, што ты робіш. Але з’явяцца і тыя, хто будуць пераследаваць, пісаць брудныя рэчы, пагражаць. «ІншыЯ» публікуюць шчырую размову пра цану публічнасці з праваабаронцай, феміністкай, квір-актывісткай Настай Базар.

«Такімі рэчамі не жартуюць»: пра гамафобны хэйт у Кіеве

— Першы раз я сутыкнулася з адкрытым гамафобным хэйтам у Кіеве. Мы з сям’ёй пераехалі туды ў 2020 годзе. Я не была адкрытай лесбійкай у Беларусі, але, калі дапамагала ва Украіне і станавілася ўсё больш публічнай асобай, вырашыла: навошта маўчаць?

Беларуская дыяспара ў Кіеве была даволі гамафобная. Мы атрымлівалі пагрозы. У нейкі момант мне сказалі, што мяне шукае чалавек, які не хавае ультраправага настрою. Цытата: «Ищу её три месяца, чтобы ликвидировать». У такі момант ты не разумееш: гэта абы ляпнуць ці гэта праўда? Шукаць мяне не трэба было: я адкрыла ў Кіеве беларускі хаб, яго адрас быў вядомы, у мяне сінія валасы, мяне бачна. Паколькі я контрфабічная [асоба, якая пераадольвае страх актыўна, ідучы ў яго. — заўв. рэд.], то не знайшла нічога лепей за тое, каб дамовіцца з аўтарам гэтых словаў аб сустрэчы. Паклікала яшчэ беларусаў для фасілітацыі працэсу. Мне сказалі, што гэта быў жарт. Але такімі рэчамі не жартуюць.

Ад аднаго чалавека была фраза: «Яе лепш не чапаць — будзе шмат смуроду». І гэта праўда, і гэта пра тое, што публічнасць дапамагае. На маю думку, трэба быць або зусім непублічнай, або публічнай па максімуме.

Неяк нам патэлілі, каб сказаць, што КДБ выслаў спіс з імёнамі 20 актывістаў і актывістак на дэпартацыю, у тым ліку згадваліся я і мая жонка. Але маё прозвішча назвалі не такое, як у пашпарце, з чаго паўстала пытанне: ці КДБ гэта насамрэч? Праверылі: афіцыйнага запыту не было. Мяркую, гэты быў закід ад часткі беларускай супольнасці, каб мы спалохаліся і з’ехалі.

Апошняй кропляй стала смерць Віталя Шышова, якая дагэтуль не расследаваная [гаворка пра старшыню грамадскай арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне», які знік у Кіеве 2 жніўня 2021 года і пасля быў знойдзены павешаным у лесапарку. — заўв. рэд.]. Для мяне гэта дакладна не самагубства, і мне здаецца, гэта ўсім зразумела. Стала відавочна, што трэба з’язджаць, і мы з’ехалі ў Польшчу.

«Вядома, чапляе»: калі пераследуюць «свае»

— У Польшчы я адчуваю сябе крыху больш абароненай, бо тут усім патрэбная легалізацыя і згубіць яе праз тое, што кагосьці паб’еш, наўрад ці хто захоча. Але штогод пасля прайду ідзе шквал паведамленняў пад артыкуламі, маімі пастамі, а таксама ў прыват з маніпуляцыямі кшталту «ці ганарыцца мама такой дачкой?». Пішуць пра тое, у каго на каго не ўстане, і іншае вельмі брыдкае.

Я б хацела сказаць, што мяне гэта не чапляе, але, вядома, чапляе. Праз нейкі час ты разумееш, што не глядзіш у люстэрка ўжо тыдзень. Я не хачу змагацца. Я хачу проста жыць, кахаць, любіць, рабіць дабро.

Мне дзіўна назіраць, што з кожным годам вакол прайдаў расце агрэсія. Летась нехта ва Украіне намагаліся ўгаварыць тых, хто не ва Украіне, на сутычкі ў Вільнюсе і Варшаве. Гэта абмяркоўвалася нават у некаторых адкрытых чатах людзей з іншымі поглядамі. Памятаю каментар: «Кореш, классная идея, только что потом с моей легализацией тут будет?» 

Летась пасля прайду мне напісалі: «Не хвалюйся, мы паклапоцімся пра тваіх дзяцей і выхаваем іх так, каб ім было сорамна за іх псіхічна хворую маці». Я лічу, што гэта пагроза. Па той інфармацыі, якую я знайшла, гэтаму чалавеку забаронены ўезд у Еўразвяз, але я не ведаю, ці праўда гэта. Па-добраму, я б хацела аднесці гэтыя паведамленні ў паліцыю, каб ён, нават калі мае права ўехаць у Еўразвяз, у яго не ўехаў. Ці ўехаў бы, маючы ўвагу да сябе з боку паліцыі.

Брыдкія каментары часцей пішуць не боты, а рэальныя беларусы, у асноўным мужчыны. Спытала пра аднаго ў сацсетках: «Ці ведаеце вы гэтага чалавека?» Мне адказалі, што ведаюць нават асабіста, спыталі, у чым справа. Я сказала, што хачу сабраць яго каментары і пайсці ў паліцыю. Здаецца, яму перадалі, бо ён цяпер не піша, толькі лайкае брыдкія каментары іншых. Але я не пайшла ў паліцыю, таму што параілася з адвакаткай і мне сказалі, што гэта будзе каштаваць € 1500. У мяне няма гэтых грошай.

Фота Насты
Фота з асабістага архіва гераіні

Нядаўна ў фэйсбуку «Беларускае Радыё Рацыя» я ўбачыла спасылку на размову са мной пра падтрымку палітзняволеных. Пад пастом былі брыдкія каментары выключна ад мужчын: два з іх — боты, але астатнія — рэальныя беларусы. Адзін жыве ў Лондане, другі ў Беластоку, трэці ў Варшаве… Яны з’ехалі з Беларусі з-за рэпрэсій, але ў каментарах не было нічога пра падтрымку палітзняволеных — толькі пра тое, якая я вычварэнка.

Журналістка «Радыё Рацыя» выбачылася, але да яе ў мяне не было ніякіх прэтэнзій. Пытанне да тых, хто вядзе сацсеткі: лічы, што гэта адказнасць медыя — калі вы бераце каментар, то такія брыдкія каментары трэба выдаляць. У выніку яны выдалілі гэты пост цалкам.

«Меншасць вырашае за ўсіх»: што фруструе

— Калі брыдкасці піша бот альбо чалавек, які падтрымлівае ўлады Беларусі, гэта хвалюе менш, чым калі ў людзей ёсць жаданне праеўрапейскасці, але неяк выбарачна: «хочам выбары, як у Еўропе, і добрыя заробкі». 

Мы з каляжанкамі-феміністкамі звяртаем увагу на тое, што такі ўзровень дзяржаўнага гвалту ў 2020-м не быў бы магчымы, калі б не культура гвалту, якая прасякае ўсё. Мы ведаем, як набіраюць людзей у розныя сур’ёзныя падраздзяленні, як бяруць хлопцаў з не зусім добрых сямей, з інтэрнатаў, дзе іх прывучаюць да гвалту. Давайце глядзець сюды, каб гэтыя хлопцы жылі не ў інтэрнатах, а ў сем’ях, каб у іх былі таты, якія былі б прыкладам. Пра гэта мне хацелася б гаварыць.

Я ўдзячная кожнай і кожнаму, хто датычныя да палітыкі і прыходзяць на прайды, але за пяць год з афіцыйных каналаў дэмакратычных сілаў ні разу не напісалі пост падтрымкі 17 траўня [Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй. — заўв. рэд.]. Гэта фруструе, гэта балюча, гэта «мы вас бачым, але непублічна». Такім чынам мы дэмакратыю не пабудуем дакладна.

Кажуць пра электарат, які не падтрымае кагосьці, таму што той падтрымае ЛГБТК+. Але ЛГБТК+, жанчыны, самастойныя маці, людзі з інваліднасцю, людзі сталага ўзросту — гэта меншасць толькі як асобныя групы, але разам — большасць. Сапраўдная меншасць — гэта белы цысгендарны мужчына, адукаваны, з умоўна добрым даходам і здароўем. Але гэтая меншасць вырашае за ўсіх.

«Ніхто не кажа пра гэта публічна»: тэма харасменту

— Прэзентаваўшы «Прынцыпы нулявой талерантнасці да сэксуалізаванага харасменту», якія мы рабілі разам з «Прававой ініцыятывай» [дакумент быў распрацаваны з мэтай фарміравання бяспечнага і інклюзіўнага асяроддзя для грамадзянскай супольнасці; раней была падрыхтаваная справаздача пра сэксуалізаваны харасмент у беларускай грамадзянскай супольнасці ў замежжы. — заўв. рэд.], я наўпрост на канферэнцыі сказала, што сыходжу з гэтай тэмы — не таму, што не хачу падтрымліваць жанчын, а таму, што нічога не магу зрабіць.

Падчас працы з тэмай харасменту я атрымала шквал пагроз і перакручванняў. На «Люстэрку» выйшла размова з Андрэем Стрыжаком [былы кіраўнік беларускага фонду салідарнасці BYSOL, які страціў пасаду, таму што дасылаў жанчынам здымкі сваіх геніталій без запыту. — заўв. рэд.], дзе ён казаў, што я збіраю прыватную інфармацыю. Артыкул перадрукавалі іншыя СМІ, без майго каментара і нават без прыпіскі, што я займаюся такімі гісторыямі як праваабаронца.

Я не «збірала інфармацыю». Пасля гвалтоўнай смерці Лізы Герцэн у Варшаве я пачала кампанію «Хопіць гвалціць», і за тую вясну да мяне звярнулася больш за сто жанчын у сітуацыі хатняга гвалту ў міграцыі. Паралельна пачалі з’яўляцца жанчыны з гісторыямі сэксуалізаванага харасменту ў палітычных структурах, у НДА, у медыя. Вось чаму я за гэта ўзялася.

Фота Насты
Фота з асабістага архіва гераіні

І, з аднаго боку, я разумею, чаму пацярпелыя ад харасменту не ідуць у суд: пачынаючы мінімум з € 1500 на адваката і заканчваючы тым, што на цябе ў любым разе выльецца шмат агрэсіі. З другога боку, выйшла так, што я ў гэтай сітуацыі вельмі пацярпела, а з жанчын ніхто выйсці публічна не наважылася. Разумею, чаму, але што я тады магу зрабіць, калі няма доказаў? Цяпер мы зноў гаворым пра тое ж самае, усплываюць тыя ж імёны, але ніхто не кажа пра гэта публічна.

«Хочацца ўявіць жыццё без усяго гэтага»: па-за актывізмам

— Я ўсё далей ад Беларусі. Калі сёлета пасля Manifa [штогадовая фемінісцкая дэманстрацыя ў Варшаве на 8 сакавіка. — заўв. рэд.] зноў пайшлі злыя каментары, я зразумела, што сам факт майго з’яўлення — ужо прычына нянавісці. Не мае значэння, выйшла я са сцягам ці без сцяга [у 2025 годзе ўдзельні_цы прайда ў Вільні атрымлівалі пагрозы за тое, што выйшлі на шэсце з бел-чырвона-белым сцягам. — заўв. рэд.]. Кажу хэйтарам: вы мяне ненавідзіце за тое, што я проста ёсць, але нават калі вы мяне заб’яце, я не перастану быць лесбійкай.

Шчыра, калі ідзе моцная хваля нянавісці, я хачу прынцыпова перейти на русский язык, сказать «Извините, пожалуйста, всё это меня не касается, Беларусь не моя страна, это не мой флаг», толькі не чапайце. Калі нельга сцяг, што яшчэ нельга? Можа, я не магу выкарыстоўваць традыцыйныя арнаменты? Гарлячку? Не магу размаўляць па-беларуску?

Я іду на прайд, таму што гэта маё свята. Я мару пра час, калі прайды будуць непатрэбныя і калі ніхто не будзе вылупліваць вочы, пачуўшы, што ў мяне жонка, а не муж.

Учора быў дзень нараджэння маёй дачкі, я зрабіла пра гэта сторыс, і адзін чалавек напісаў: «Моцы мамам». Кожны раз, калі я чую ў дачыненні да маёй сям’і «мамы», калі важатая ў летніку пытаецца ў маёй дачкі: «Ці пазваніла ты мамам?», я разумею, што дагэтуль, калі нас успрымаюць як дзвюх мам, — гэта выключэнні. Афіцыйна мы ў Польшчы ўсё яшчэ не сям’я.

І мне балюча асэнсоўваць, што ў пазамінулым годзе столькі артыкулаў у медыя пра прайд не было, а ў мінулым было, таму што былі пагрозы і канфлікты. «Калі падыходзіць да гвалту — можам пра гэта гаварыць. Калі да гвалту не падыходзіць — што пра вас скажаш».

У гэтым годзе мне хочацца ўявіць сабе жыццё без усяго гэтага. Я пачынаю мэтанакіравана знаёміцца з людзьмі не з актывісцкага бабла, не з праваабарончага, не з палітычнага. Пачынаю знаёміцца з беларусамі і беларускамі, якія жывуць іншае жыццё, вялікая колькасць якіх не ведае гендарную тэрміналогію, але абсалютна адэкватна да мяне ставіцца і камунікуе.

Я хачу ісці ў бок бізнэсу, каб забяспечваць сваю сям’ю і мець магчымасць са стану насычанасці падтрымліваць іншых. Ведаю, што незамяняльных людзей няма: не я, дык іншыя будуць дапамагаць. Я таксама буду, але трэба ўжо падбаць і пра сябе.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць