Падлеткавы ўзрост сам па сабе — перыяд крызісны. Эмоцыі віруюць, цела мяняецца, усё раптам робіцца дзіўным і складаным. А зараз уявіце, што да гэтага ўнутранага хаосу дадаецца яшчэ і вонкавы — эміграцыя. Новая мова, іншая культура, незнаёмыя школа і людзі. Усё звыклае не проста мяняецца, а разбураецца. Даводзіцца адначасова разбірацца ў сабе і прывыкаць да зусім новага свету. Як падлеткі даюць з гэтым рады — «ІншыЯ» распыталі ў іх саміх. А заадно даведаліся ў псіхалагіняў, як можна палегчыць перыяд адаптацыі.
«Трэба было заснуць хутчэй, а я не мог. Адчуваў, што не дома»
Сцяпану — 16. З Беларусі ён з’ехаў трошку больш чым два гады таму. З мамай, сястрой і катом яны падаліся ў Польшчу — да бацькі, які вымушана пераехаў незадоўга да гэтага.
Шлях быў складаны. Спачатку самалёт Мінск — Тбілісі. Пасля некалькі дзён у Грузіі, якія выдаткавалі на пошукі кватэры ў Варшаве. Затым шматгадзінны палёт туды з перасадкай у Стамбуле. Яшчэ і ката давялося пакінуць у багажным адсеку. Сцяпан за яго вельмі турбаваўся: 20 гадоў гадаванцу ўсё ж, дзядок. «Мы прыляцелі ў Варшаву. Ноч. Стаім, каб забраць багаж і ката. Бачым: нясуць яго ў перавозцы. Цэлы і здаровы. Вельмі ўзрадаваўся я, і адразу неяк лягчэй стала», — распавядае Сцяпан.
З аэрапорта да кватэры яны з сям’ёй дабраліся глыбокай ноччу. «Трэба было заснуць хутчэй, а я не мог. Адчуваў, што не дома, а ў чужым месцы. І яшчэ думак столькі розных: што ніколі не вярнуся ў родны горад, што больш не ўбачу сяброў, з якімі столькі перажыў», — дзеліцца хлопец.
Пасля пачаліся тыповыя для эміграцыі клопаты. Сям’я вырашала, як і дзе вучыць польскую, у якую школу адправіць дзяцей, як наладзіць побыт на новым месцы. Сцяпан кажа, што ад гэтай мітусні яму было не па сабе — асабліва ад вучобы, што павінна была пачацца неўзабаве: «Я не хацеў у школу. Там усё па-польску, а я яе ўвогуле не ведаў. Асабліва страшна было знаёміцца з класам. Але падлеткі аказаліся добрымі, прынялі мяне. Дадому пасля першага дня ішоў задаволены».
Нягледзячы на ветлівасць аднакласнікаў, у новай школе Сцяпану давялося цяжка: «Каб хоць нешта разумець, карыстаўся перакладчыкам. Праз гэта вельмі саромеўся. Было складана, напрыклад, папрасіць у каго-небудзь асадку, калі забываўся на пенал дома. Проста сядзеў увесь урок, нічога не запісваў. Настаўнікі гэта заўважалі і прасілі патлумачыць, а я не ведаў, як гэта зрабіць.
Яшчэ ўсе чамусьці вырашылі, што я ўкраінец, і калі нешта перакладалі для мяне, то на ўкраінскую. Яе я таксама не ведаў, таму больш зразумела не рабілася. Сказаць, што я з Беларусі — не мог. Спачатку не ведаў як, потым саромеўся, а там ужо нібыта і позна было нешта тлумачыць. У канцы навучальнага года настаўнікі ўсё ж удакладнілі, адкуль я. Польская ў мяне ўжо была лепшая, таму я ўсё растлумачыў. Няёмка атрымалася».
Самай складанай часткай навучання для Сцяпана сталі іспыты, якія ў Польшчы здаюць пасля восьмага класа. На падрыхтоўку да іх у яго было крыху больш за год. Гэтага часу аказалася недастаткова: Сцяпан атрымаў дрэнныя адзнакі і застаўся на другі год. Каб падцягнуць паспяховасць, хлопец пайшоў на дадатковыя заняткі польскай мовай. Яны сталі карыснымі не толькі для школы, але і для адаптацыі ў новай краіне наогул. «Калі навучыўся спакойна тлумачыць у краме, чаго хачу, то зразумеў: зараз усё будзе нармальна, я асвоіўся», — дзеліцца Сцяпан.
«Часам здаецца, што пераезд у мяне больш забраў, чым даў»
Цяпер Сцяпан вучыцца ў каледжы і амаль увесь свой час аддае вучобе. У вольныя гадзіны гуляе на камп’ютары. Так ён не толькі адпачывае, але і падтрымлівае сувязь з блізкім сябрам, які застаўся ў Беларусі. Часу з ім і іншымі хлопцамі Сцяпану не хапае.
«У Беларусі я ў вольны час гуляць выходзіў, — успамінае хлопец. — Стэлефанаваўся з сябрамі пасля школы — і пайшлі разам катацца на роварах. Збіралася вялікая кампанія, чалавек пяць. Часам накрывае настальгія па тых часах. Асабліва складана зімой, бо з ёй звязана шмат успамінаў. Напрыклад, як мы з сябрам з раніцы да вечара гулялі па раёне і проста дурэлі. То на горку пачнем караскацца навыперадкі, то ў мэблевую краму зойдзем і будзем уяўляць, што купім у нашы кухні і спальні, калі вырасцем. У моманты, калі ўзгадваю ўсё гэта, падаецца, што пераезд у мяне больш забраў, чым даў».
«Новае месца зрабіла мяне разумнейшым, больш дарослым і смелым»
Знайсці сяброў у новай краіне Сцяпану покуль не ўдалося. Галоўная прычына — менталітэт, лічыць ён: «Аднакласнікі-палякі добра да мяне ставяцца, але блізка мець зносіны з імі я не хачу. Не падабаецца, што яны паводзяць сябе як малыя дзеці. Мацюкаюцца на ўроках, дурныя жарты дазваляюць сабе. Праз гэта я ў прынцыпе не маю вялікага жадання мець зносіны з палякамі. Яны зусім інакш сябе паводзяць, і мне ад гэтага некамфортна».
Пазнаёміцца з падлеткамі, якія пераехалі ў Польшчу з рускамоўных краін, Сцяпан не супраць, але не ведае, дзе іх знайсці. Магчымае вырашэнне праблемы хлопец бачыць такім: «Хацелася б схадзіць на нейкія заняткі па інтэграцыі, дзе былі б падлеткі з такім жа досведам, як у мяне. Можа, атрымалася б з кімсьці пазнаёміцца».
Пакуль жа Сцяпан сябруе на адлегласці. У камп’ютарнай гульні пазнаёміўся з хлопцам з Украіны, і гэтым летам той прыехаў у госці. Разам яны гулялі па Варшаве, і Сцяпан злавіў сябе на думцы, што новы горад яму падабаецца куды больш, чым родны Мінск, а пераезд прынёс у яго жыццё шмат добрага: «Новае месца зрабіла мяне разумнейшым, больш дарослым і смелым. У Беларусі я баяўся нават час спытаць у мінакоў на вуліцы, а ў Польшчы перастаў саромецца такіх дробязяў».
Разняволіцца атрымалася дзякуючы сям’і, якая заўсёды побач і гатовая падтрымаць: «Мы разам пачыналі вучыць мову. Усёй сям’ёй хадзілі ў краму, каб прывыкнуць да прадуктаў і коштаў. Заўсёды дапамагалі адно аднаму, калі было складана. У нас так прынята».
Вялікіх планаў ён покуль не мае. Скончыць каледж, а там будзе відаць. «Галоўнае, каб атрымалася купіць машыну сабе і тату. І каб усе сябры жылі са мной у адным горадзе», — марыць Сцяпан.
«Падлеткам у першую чаргу патрэбныя сябры»
Адсутнасць сяброў і складанасці з наладжваннем новых кантактаў — гэта галоўныя «болевыя кропкі» падлеткаў на эміграцыі, адзначае псіхалагіня Наталля Барысёнак. Таму складанасці, з якімі сутыкнуўся Сцяпан, актуальныя для многіх хлопцаў і дзяўчат.
«Падлеткам у першую чаргу патрэбныя сябры, але знайсці іх у новай краіне няпроста, — тлумачыць псіхалагіня. — Некаторыя сыходзяць у анлайн-прастору, іншыя замыкаюцца ў сабе, хтосьці шукае суайчыннікаў ці аднагодкаў, якія размаўляюць на той жа мове».
Асабліва складана падлеткам 11–14 гадоў, якія трапляюць у школы са сталымі калектывамі. Навічкоў у такіх калектывах часта ўспрымаюць насцярожана, а няведанне мовы перашкаджае падлеткам раскрыць свае здольнасці і нават банальна расказаць пра сябе. Праз гэта падлеткі могуць адчуваць сябе ізаляванымі. Бацькі часта звяртаюцца да мяне па дапамогу менавіта з гэтай праблемай».
У такой няпростай сітуацыі два гады таму апынулася Стася. Тады яна, 14-гадовая дзяўчынка, пераехала з сям’ёй у Варшаву. «Спачатку аднакласнікі абражалі мяне праз тое, што я з іншай краіны. Таму прывыкнуць да новага месца было складана», — дзеліцца суразмоўніца.
Булінг спыніўся, калі Стася навучылася ўпэўнена размаўляць на польскай мове. На гэта ёй спатрэбіўся прыкладна год. Увесь гэты час дзяўчынку падтрымлівалі сям’я і новыя сябры. Імі сталі тыя, хто размаўляў са Стасяй на адной мове. Дагэтуль яна мае зносіны ў асноўным з імі: «Такіх хлопцаў і дзяўчат навокал шмат, у тым ліку ў школе, таму я не пачуваюся самотнай. Блізка камунікаваць з палякамі пакуль не магу праз моўны бар’ер. Але, думаю, хутка ён знікне — і я завяду больш сяброў».
Сёння ёй усё падабаецца ў яе новым жыцці. «Нават не сумую па Беларусі і вяртацца не хачу, — дзеліцца дзяўчынка. — Тым, хто збіраецца пераязджаць, раю адразу наладжваць кантакт з тымі, хто будзе атачаць вас у далейшым».
«Нават калі спачатку будзе складана, не здавайцеся»
13-гадовы Кірыл таксама сутыкнуўся з булінгам на эміграцыі: «Крыху больш за год таму я пераехаў з Беларусі ў Польшчу. Па-першае, мама так сказала. Па-другое, каб быць далей ад прапаганды. Памятаю, што вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся пра пераезд. І хоць мама прасіла нікому не казаць, адразу ж прагаварыўся сябрам. Не мог трымаць у сабе, што хутка буду жыць у Еўропе, у краіне, куды ўжо пераехаў мой старэйшы брат, дзе ёсць свабода слова. Пра саму краіну ведаў толькі, што там размаўляюць на польскай і адзначаюць Дзень пончыкаў. Яшчэ думаў, што добра ставяцца да беларусаў і ўкраінцаў, але рэальнасць расчаравала.
Аднакласнікі ў новай школе прыніжалі мяне праз нацыянальнасць і яшчэ праз тое, што я жыў адзін з мамай. Мне і так было сумна ад таго, што брат вучыўся ў іншым горадзе, а тут яшчэ і абразы. Удвая крыўдна, што я вельмі чакаў, калі змагу пайсці ў школу. Думаў, там у мяне з’явяцца сябры. Але не, гэта быў жудасны час: няма з кім сябраваць, няма хобі, нічога не ведаю, аднаму нікуды нельга хадзіць.
Мама падтрымлівала мяне, як магла. Заўсёды пыталася, як мае справы, брала з сабой на прагулкі, вадзіла па музеях і касцёлах. Прапаноўвала нават перайсці на хатняе навучанне, але я адмовіўся: не хацеў аднакласнікам такі «падарунак» рабіць. Дапамагала камунікацыя з братам. Я часта ездзіў да яго ў іншы горад і нават заставаўся нанач.
Улетку стала нашмат лягчэй. Школа скончылася — не трэба было штодзень бачыць аднакласнікаў. Я захапіўся баскетболам і на трэніроўках пазнаёміўся з добрымі хлопцамі. У асноўным гэта беларусы і ўкраінцы, мне з імі прасцей.
У новым навучальным годзе я перайшоў у паралельны клас. Там мяне добра прынялі. Зразумеў тады, што цалкам прывык да новага жыцця. Цяпер мне ў Польшчы нават лепш, чым у Беларусі. Смачная ежа, шмат мерапрыемстваў, на кожным кроку супермаркеты. Беларусы тут больш адэкватныя, чым у Беларусі. Шмат хто размаўляе на беларускай мове — і я сам пачаў часта яе выкарыстоўваць. У школе цікавей, чым у Мінску, і настаўнікі больш добрыя. Увогуле, вяртацца не хачу. Мой дом там, дзе мая сям’я.
Падлеткам, якія збіраюцца пераязджаць, параю знайсці хобі ў новай краіне. Яшчэ знайдзіце сабе спакойны клас. Калі першы не спадабаўся — пераходзьце ў іншы. Не канфліктуйце з мясцовымі, а паспрабуйце наладзіць з імі кантакт. І галоўнае: нават калі спачатку будзе складана, не здавайцеся».
Заўвага: для падлеткаў, якія не могуць інтэгравацца ў клас, дзе вучацца пераважна польскія дзеці, у Варшаве працуе школа пры «Акадэміі Добрай Адукацыі». Яна прапануе хатняе навучанне для беларусаў па польскай праграме, з дадатковымі заняткамі, што накіраваныя на інтэграцыю і падтрымку. Падрабязней тут.
«Крынжаваў з сябе і саромеўся»
З рэкамендацыямі Кірыла згодная псіхалагіня Ганна Таміліна:
«У падлеткавым узросце вельмі важныя сацыяльныя сувязі, і чым больш — тым лепш. Падлеткам трэба прымяраць на сябе розныя ролі, даследаваць свет і сябе праз зносіны. Калі гэта немагчыма праз сацыяльную ізаляцыю, то працэс самапазнання запавольваецца ці скажаецца. Падлеткі пачуваюцца чужымі, а гэта можа весці да трывожных думак або дэпрэсіі».
З такім выпрабаваннем сутыкнуўся Аляксандр, якому сёння 16 гадоў. Два гады таму ён перабраўся з Беларусі ў Польшчу: «Спачатку вымушана з’ехала маці. У мяне быў выбар: адправіцца да яе ці застацца з бабуляй і дзедам. Я абраў з’ехаць — жывем адзін раз, трэба спрабаваць. Перад ад’ездам былі эмацыйныя арэлі. Часам хацелася хутчэй з’ехаць і пачаць новае жыццё, а часам — застацца, каб не кідаць сяброў. Чым бліжэй быў пераезд, тым больш я непакоіўся. Асабліва нервова стала пасля развітання з класам. Гэта было больш падобна на пахаванне. Усе паводзілі сябе так, быццам у апошні шлях мяне выпраўлялі».
У першыя дні на новым месцы Аляксандра накрыла эйфарыя: усё было іншым, цікавым і незвычайным. «Здавалася, я патрапіў у іншы свет. Гэта было нешта!» — успамінае хлопец. Але хутка радасць змянілася трывогай. «Я баяўся нарабіць памылак: у мове, у зносінах з мясцовымі. Праз гэта крынжаваў з сябе і саромеўся. Было вельмі самотна ў той час», — дзеліцца Аляксандр.
Як адзначае Ганна Таміліна, у такія моманты падлеткі часта замыкаюцца, і гэта пагаршае сітуацыю: «Сацыяльная ізаляцыя — гэта замкнёнае кола: чым менш падлетак узаемадзейнічае з новым асяроддзем, тым мацнейшым робіцца пачуццё адчужанасці».
Аляксандр зразумеў гэта на ўласным досведзе. Каб перамагчы адзіноту, ён вырашыў заводзіць размову пры любой магчымасці. «Нягледзячы на жудасную польскую, імкнуўся размаўляць пры любой нагодзе: на вуліцы, у краме, у школе. Гэта дапамагло разняволіцца і падцягнуць мову. Праз паўгода я ўжо мог падтрымаць любы дыялог», — дзеліцца падлетак.
Таксама з адаптацыяй яму дапамог інтэрнэт. З дапамогай блогаў, адукацыйных відэа, кніг і фільмаў ён вывучаў польскую гісторыю, культуру, мову і слэнг. Гэта дапамагло хлопцу зразумець менталітэт мясцовых. Аднак без цяжкасцяў не абышлося: «Аднойчы праз акцэнт ледзь па твары не атрымаў у аўтобусе. Цяпер, калі нехта чапляецца, кажу, што я літоўскі паляк. Іх тут паважаюць, а акцэнты ў нас аднолькавыя. Каб вымаўленне стала ідэальным, імкнуся як мага больш часу бавіць з палякамі. Ужо і сам напалову палякам сябе адчуваю».
«Часам прыемна пасумаваць па радзіме»
Нягледзячы на паспяховую адаптацыю, Аляксандр не забывае пра Беларусь: «Сумую па бабулі з дзедам, па сябрах і котцы, па прадуктах нашых і прыродзе, па сумных панэльках і Менску ў цэлым. Калі галава нічым не занятая, успаміны накрываюць моцна. Калі слухаю музыку на беларускай ці расейскай, гляджу нашыя фільмы, таксама прабірае настальгія».
Гэта натуральная частка адаптацыі, адзначае Ганна Таміліна: «У такія моманты ў падлетках абуджаецца не проста жаданне вярнуцца ў родную краіну, а імкненне здабыць страчанае апірышча». Псіхалагіня дадае, што настальгія не толькі вяртае падлетка да каранёў, але і дапамагае ўсвядоміць змены ў сабе.
Пра гэта кажа і Аляксандр: «Часам прыемна пасумаваць па радзіме. У такія моманты разумею, што вельмі вырас у эміграцыі. Пачаў шырэй глядзець на свет і лепш яго разумець. Даведаўся, што ён можа быць вельмі жорсткім, — і навучыўся гэтаму супрацьстаяць. Мацней заглыбіўся ў сябе».
Яго парада падлеткам, якія рыхтуюцца да пераезду: не баяцца новай мовы і як мага больш размаўляць на ёй, няхай і з памылкамі.
«Дарослыя павінны падрыхтаваць падлеткаў да пераезду»
Псіхалагіні, з якімі мы гутарылі аб падлеткавай эміграцыі, лічаць, што асноўная цяжкасць у тым, што рашэнне пра пераезд прымаюць дарослыя. Падлеткі апынаюцца ў сітуацыі, калі ім даводзіцца адаптавацца да ўмоваў, якія яны не выбіралі.
Ганна Таміліна адзначае: «Падлеткавы ўзрост — час перамен і пошукаў. Змяняецца цела, па-іншаму пачынае працаваць мозг, віруюць гармоны, скача настрой, раздзіраюць пытанні ідэнтычнасці. Нават у звыклым асяроддзі даць рады такому стрэсу складана. А зараз уявіце, што да ўсіх гэтых выклікаў дадаецца пераезд у чужую краіну, рашэнне пра які за падлетка прыняў нехта іншы. Гэта падвойны выклік: трэба адначасова ствараць наноў як сваю асобу, так і сваё асяроддзе».
«Менавіта таму галоўнае, што павінны зрабіць дарослыя, — падрыхтаваць падлеткаў да пераезду. Настолькі добра, наколькі дазваляюць абставіны», — падсумоўвае Наталля Барысёнак.
«Наладжвайце дзяцей на станоўчае: “Мы не бяжым ад цяжкасцяў, а едзем па лепшае жыццё”. Пазнаёмце іх з культурай, мовай, традыцыямі новай краіны — хоць бы збольшага. Падрыхтуйце дзяцей эмацыйна: пытайце пра пачуцці і думкі, якія ў іх выклікае пераезд, адкрыта абмяркоўвайце з імі свае планы, дазвольце ўзяць з сабой любімыя рэчы. Вывучыце сістэму адукацыі ў новай краіне і растлумачце яе дзецям. Калі ёсць магчымасць, знайдзіце для іх новую школу ці іншую навучальную ўстанову да пераезду.
Памятайце, што падлеткі — гэта ўсё яшчэ дзеці.
Нават калі яны ўжо вышэйшыя за вас, ім будзе цяжка развітацца з сябрамі, са стабільным жыццём. На новым месцы стварайце для іх умовы, максімальна набліжаныя да тых, што былі на радзіме. І нічога ад іх не патрабуйце».
«Прывыкла літаральна за колькі месяцаў»
Аліна і Арцём — брат і сястра. Ёй 17, яму 16. Іх гісторыя паказвае, як прадуманы пераезд можа пазбавіць падлеткаў ад шматлікіх складанасцяў, звязаных з эміграцыяй.
У Польшчу яны з сям’ёй перабраліся летась. Як кажуць яны самі, «па свабоду, вучобу і Еўропу». Пераезд каля двух гадоў планавала іх маці. «Увесь гэты час мы рыхтаваліся, — расказвае Аліна, — вучылі польскую, вырашалі, што ўзяць з сабой, маральна настройваліся і падтрымлівалі адзін аднаго. Я вельмі чакала пераезду, бо хацела пачаць новае спакойнае жыццё. Перажывала толькі, што не змагу там знайсці сяброў, што аднакласнікі будуць смяяцца з маёй польскай. Але магчымасці атрымаць еўрапейскую адукацыю і падарожнічаць вельмі натхнялі».
Гэта, мяркуе Аліна, дапамагло ёй хутка асвоіцца на новым месцы: «Прывыкла літаральна за пару месяцаў. Новая школа спадабалася нават больш, чым беларуская: прадметы тлумачаць больш зразумела, клас добры. З аднакласніцамі-беларускамі пасябравала, з полькамі таксама добрыя маю зносіны. Адзінае, з чым узніклі складанасці, — мова. Палякі гавораць так хутка, што часам было цяжка разабраць. Але зараз, праз год, усё разумею».
Арцём кажа, што таксама паспеў настроіцца на пераезд, але, як і сястра, хваляваўся, што будзе адчуваць сябе самотна: «З мясцовымі сапраўды пакуль не пасябраваў. Мне незразумелыя іх паводзіны і менталітэт, асабліва хлопчыкаў-падлеткаў. Але адзін не застаўся: знайшоў сяброў сярод такіх жа беларусаў, якія пераехалі, як я сам. Зносіны з імі, падтрымка блізкіх і проста час дапамаглі прывыкнуць да новай краіны».
«Там жыццё было бесклапотным, а тут трэба вельмі старацца»
Арцём адзначае, што ў Польшчы яго сям’я стала жыць лепш, але ён усё роўна часам сумуе па Беларусі: «Там жыццё было бесклапотным, а тут трэба вельмі старацца, каб нечага дасягнуць. Можа, на радзіме было б гэтак жа, і цяжкасцяў я не заспеў проста таму, што быў маленькі, — але ўспаміны ў мяне такія, і іх не змяніць. Часам праз гэта робіцца сумна. Пашанцавала, што новы горад мне падабаецца: да добрага лягчэй прызвычаіцца. Калі толькі прыехалі сюды, я глядзеў па баках і не верыў, што такое бывае. У параўнанні з Мінскам гэта было нешта з нечым. Нагадваю сабе пра гэтыя эмоцыі, калі складана робіцца».
Тое, што адчувае Арцём, — абсалютна натуральна, кажа псіхалагіня Ганна Таміліна: «Нават калі эміграцыя была запланаваная, падлеткі часта ўспамінаюць мінулае жыццё з настальгіяй. Проста праз тое, што з радзімай у іх звязаныя ўспаміны пра дзяцінства — самы бесклапотны час. Менавіта таму для падлеткаў на эміграцыі так важная падтрымка сям’і. Яна дае пачуццё дома. Дарослым трэба памятаць, што пераязджалі яны дзеля будучыні, а яно — за дзецьмі. Не забывайцеся паклапаціцца пра іх, займаючыся працай і вырашаючы бытавыя праблемы».
Аліна, у адрозненне ад брата, па Беларусі не сумуе: «Мой дом зараз тут. Толькі па сабаку сумую. Яму 13 гадоў, ён занадта стары для пераезду, таму давялося пакінуць яго з бабуляй і дзядулем. Па іх таксама сумую, як і па сябрах, але з імі я магу размаўляць праз інтэрнэт, а вось пагладзіць сабаку ніяк нельга».
Падлеткам, якія рыхтуюцца да пераезду, Аліна і Арцём раяць вучыць мясцовую мову. «Да мяне ў каледж нядаўна прыехалі першакурснікі. Польскай зусім не ведаюць і таму стогнуць. Вучыцеся на чужых памылках!» — заклікае хлопец. «Глядзіце фільмы на мове краіны, куды збіраецеся. Гэта дапаможа зразумець мясцовых», — дадае яго сястра.
«Эміграцыя можа стацца для падлеткаў не толькі выпрабаваннем, але і пунктам росту»
Сёння эміграцыя часта аказваецца вымушаным крокам, а не ўсвядомленым выбарам. Пераязджаць даводзіцца хутка. Калі на падрыхтоўку ёсць некалькі дзён — ужо добра. Як у такіх умовах падрыхтаваць да пераезду падлеткаў, расказвае псіхалагіня Ганна Таміліна: «Важна ўзяць з сабою значныя рэчы: падушку, на якой ён ці яна спалі, лыжку, якую падарыла бабуля, фотаздымкі. Такія дробязі дапамогуць падлеткам захаваць сувязь з мінулым жыццём і стануць апірышчам на новым месцы.
Яшчэ адзін важны момант — кантакты са старымі сябрамі. Перад пераездам трэба пераканацца, што ў падлеткаў ёсць нумары тэлефонаў ці профілі сяброў у сацсетках. Гэта падаецца відавочным, але ў стрэсе ад пераезду падлеткі часта забываюцца на такія рэчы.
Непасрэдна ў эміграцыі важна ўлічваць, наколькі дзіця гатовае да новага жыцця. Калі зусім не ведае мясцовай мовы, не варта адразу аддаваць у школу, дзе ўсё навучанне вядзецца на ёй. Калі такой магчымасці няма, то дапамагайце вывучаць мову і вучыце самі, каб паказаць прыклад».
Наталля Барысёнак раіць практыкі і практыкаванні, якія палегчаць адаптацыю падлеткаў у новай краіне:
«Самае простае — дзённік. Падлеткі змогуць выражаць у ім думкі і пачуцці, калі з нейкай прычыны не атрымліваецца падзяліцца імі з навакольнымі.
Можна завесці яшчэ і дзённік пачуццяў. Туды трэба кожны дзень выпісваць эмоцыі з пазнакамі, якія сітуацыі ці думкі іх справакавалі. Гэта дапаможа падлеткам не заблытацца ва ўласных пачуццях, якія ў гэтым узросце б’юць фантанам.
Фізічная актыўнасць таксама важная. Прасачыце, каб вашыя дзеці не сядзелі на месцы. Калі ў іх шмат энергіі, прапануйце спартовыя секцыі ці спартзалу.
Важная практыка для ўсёй сям’і — рэфлексія дня. Займейце завядзёнку кожны вечар падводзіць вынікі дня. Няхай кожны адказвае на адны і тыя ж пытанні. Напрыклад:
- Што сёння адбылося? Чаму?
- Што я адчува_ла? Пра што дума_ла?
- Што было добрага сёння?
- Пра што новае сёння даведа_лася?
- Што ў мяне сёння не атрымалася? Чаму? Што трэба змяніць?»
«Кожны падлетак патрабуе ўласнага падыходу, — падкрэслівае Ганна Таміліна. — Таму размаўляйце са сваімі дзецьмі, слухайце пра іх перажыванні і падтрымлівайце. Эміграцыя можа стаць для падлеткаў не толькі выпрабаваннем, але і важным досведам. Калі дапамагчы ім захаваць сувязь з мінулым і інтэгравацца ў новае грамадства, гэты перыяд стане для іх пунктам росту».